КЛЯВА, рака ў Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласці і ў Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці
pdf

КЛЯВА

Дата стварэння: 07.08.2025 14:59:52

Дата змены: 29.12.2025 10:41:32


Клява́

Рака ў Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласці і ў Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці. Даўжыня 80 км.

Левы прыток ракі Бярэзіна (басейн ракі Дняпро). Асноўны прыток — Клявіца (справа).

Плошча вадазбору 498 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,5 .

Выцякае з возера Заазерскае (з паўднёвага захаду) каля вёскі Заазер’е ў Бялыніцкім раёне, вусце на паўднёвы ўсход ад вёскі Чырвоны Бераг у Бярэзінскім раёне.

Цячэ па паўднёва-ўсходніх схілах Беларускай грады і Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Лясістасць тэрыторыі вадазбору 62 %.

Даліна трапецападобная, шырынёй 600–800 м, у нізоўі на працягу 6 км слаба выражана. Схілы умерана стромкія, слабапарэзаныя, вышынёй 5–8 м.

Пойма пераважна двухбаковая, шырынёй 200–300 м. У разводдзе затапляецца вадой на глыбіню 1 м на 10–15 сутак.

Рэчышча каналізаванае на працягу 19,2 км: ад вытоку да 1,5 км на паўночны захад ад вёскі Карытніца Бялыніцкага раёна (17 км); ад вусця Клявіцы да вёскі Вяззе Бярэзінскага раёна (2,2 км). На астатнім працягу шырыня ракі ў межань 6–8 м.

Берагі вельмі стромкія і абрывістыя.

На перыяд веснавога разводдзя прыпадае каля 53 % аб’ёму гадавога сцёку. Падчас разводдзя максімальнае перавышэнне ўзроўню вады над межанным 3,1 м.

Замярзае ў 1‑й дэкадзе снежня, крыгалом у канцы сакавіка. Веснавы крыгаход 4 сутак.

На рацэ Гарэніцкае вадасховішча.

У Бялыніцкім раёне на левабярэжнай частцы вадазбору размешчаны гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння «Заазер’е».