ОЛЬСА, рака ў Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці, у Клічаўскім і Кіраўскім раёнах Магілёўскай вобласці
pdf

ОЛЬСА

Дата стварэння: 07.08.2025 15:06:14

Дата змены: 29.12.2025 11:10:27


О́льса

Рака ў Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці, у Клічаўскім і Кіраўскім раёнах Магілёўскай вобласці. Даўжыня 92 км.

Левы прыток ракі Бярэзіна (басейн ракі Дняпро). Асноўныя прытокі: Дулебка, Сушанка, Суша (злева); Нясета (справа).

Плошча вадазбору 1690 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9,3 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,3 ‰.

Пачынаецца за 3,4 км на паўночны ўсход ад вёскі Каменны Барок Бярэзінскага раёна, вусце за 5 км на захад ад аграгарадка Любонічы Кіраўскага раёна. Цячэ ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Лясістасць 57 %.

Даліна пераважна невыразная, каля горада Клічаў, вёскі Ваевічы і паміж аграгарадкамі Бацэвічы і Заполле Клічаўскага раёна трапецападобная, шырынёй 0,8–1 км.

Схілы спадзістыя, вышынёй 2–7 м, месцамі слаба парэзаныя; правы — адкрыты, разараны, левы — на ўсім працягу зарос мяшаным лесам.

Пойма двухбаковая (шырынёй 0,6–1,5 км), ніжэй ад горада Клічаў чаргуецца па берагах, нізкая, месцамі забалочаная; ад вусця Сушы да вёскі Заполле Клічаўскага раёна перасечана меліярацыйнымі каналамі.

Рэчышча каналізавана на працягу 10 км (3,4 км на ўсход ад вёскі Каменны Барок — 3 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Мацевічы), ніжэй — шырыня ракі ў межань 12–18 м.

Берагі ў вярхоўі нізкія, забалочаныя, паміж вёскамі Ваевічы і Заполле Клічаўскага раёна спадзістыя, ніжэй — да вусця — стромкія і абрывістыя.

Максімальны ўзровень веснавога разводдзя ў ніжнім цячэнні ў канцы сакавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 1,2 м. Замярзае ў 1‑й дэкадзе снежня, крыгаход у 3‑й дэкадзе сакавіка.

Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных каналаў. На рацэ сажалкі каля аграгарадка Бацэвічы і горада Клічаў, зона адпачынку Ганчанка.