Дата стварэння: 09.10.2024 09:55:10
Дата змены: 21.10.2024 09:20:59
Бярэ́зінская во́дная сістэ́ма
Былы штучны водны шлях з басейна ракі Дняпро ў басейн ракі Заходняя Дзвіна ў Докшыцкім і Лепельскім раёнах Віцебскай вобласці.
Пошук месца будаўніцтва канала паміж Дняпром і Заходняй Дзвіной вёўся на працягу 1778–1779 гг. Мясцовасць была складанай, балоцістай. Таму ў такіх умовах было цяжка знайсці аптымальную трасу воднай сістэмы. Будаўніцтва воднай сістэмы пачалося ў 1798 г. і завяршылася ў 1805 г. На будаўніцтва было выдзелена недастаткова сродкаў. Выдаткі павялічыліся з 330 тыс. да 1,4 млн залатых руб.
Асновай для будаўніцтва служылі шляхі «з варагаў у грэкі», ці так званыя старажытныя валокі. Розныя варыянты злучэння гэтых рэк прапаноўвалі дэ Лубрас і генерал Дэжэдэрас. У 1784 г. месца будучай сістэмы разглядаў князь Вяземскі, пазней інжынер Тузсон. У 1796 г. граф Чацкі звярнуў увагу, што лес з вярхоўяў ракі Бярэзіна праз возера Палік паступае на суднабудаўнічыя верфі ў г. Рыга (Латвія) толькі на трэці год. У 1797 г. для агляду месца будаўніцтва быў пасланы інжынер Герман. Але распрацаваны праект быў страчаны. Выпадкова быў знойдзены польскі праект злучэння Дняпра з Заходняй Дзвіной. Інжынеры Бярэзінскай воднай сістэмы: І. К. і Ф. І. Герарды, М. І. Фрэйганг, Я. Э. дэ Вітэ, Ф. П. Дэвалан.
Бярэзінская водная сістэма дзейнічала да канца XIX ст. Сплаў лесу спыніўся ў 1950 г.
Сістэма брала пачатак на рацэ Бярэзіна, праходзіла па Сергуцкім канале, рацэ Сергуч і возеры Плаўна, затым — праз Бярэзінскі (раней называўся Злучальны) канал (даўжыня 8 км); злучала азёры Плаўна і Бярэшча, далей — па рэках Бярэшча, Эса (праз возера Лепельскае) і Ула ўпадала ў Заходнюю Дзвіну. Вялікая лукавіна Улы каля горада Чашнікі была выпрастана і прадстаўлена ў выглядзе канала.
Агульная даўжыня воднай сістэмы 169 км. Мела 4 плаціны, 5 каналаў, 14 шлюзаў і 3 прыстані, уключала сістэму азёр і рэк.
У цяперашні час на Бярэзінскім канале захаваліся рэшткі гідратэхнічных збудаванняў, водападводы, вартаўнічыя будкі. Рэчышчы каналаў заглеіліся і змялелі. Для падтрымання гідралагічнага рэжыму на месцы старых плацін і шлюзаў збудаваны жалезабетонныя плаціны; у насыпах драўляныя вадазлівы заменены трубамі.
Участак ад Бярэзіны да Плаўна знаходзіцца ў межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Частка каналаў па-за запаведнікам выкарыстоўваецца турыстамі.