Дата стварэння: 31.10.2024 14:18:27
Дата змены: 07.07.2025 11:15:16
Малары́та
Рака ў Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці. Даўжыня 30,5 км.
Левы прыток ракі Рыта.
Пачынаецца каля аўтадарогі Арэхава — Олтуш за 2 км на поўнач ад аграгарадка Арэхава і з’яўляецца працягам канала Сярэдні Роў (раней выцякала з возера Арэхаўскае, але ў выніку меліярацыйных работ выток ракі быў засыпаны). Працякае па Брэсцкім Палессі. Вусце за 2 км на паўночны ўсход ад вёскі Замшаны.
Плошча вадазбору 602 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 2,5 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,2 ‰.
Даліна невыразная. Схілы спадзістыя, зарослыя лесам і разараныя, прарэзаны сеткай меліярацыйных каналаў.
Пойма двухбаковая, нізкая, асушаная, шырынёй да 1–1,5 км.
Рэчышча па ўсёй даўжыні ракі каналізаванае, шырыня яго ў межань 6–8 м. Берагі выраўнаваныя, стромкія, вышынёй да 2 м.
Лясістасць тэрыторыі вадазбору 25 % (пераважаюць мяшаныя лясы, зрэдку забалочаныя).
На перыяд вясновага разводдзя прыпадае 38 % гадавога сцёку. Максімальны ўзровень разводдзя ў пачатку 3‑й дэкады сакавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 1,3 м.
Летня-восеньская межань працяглая, парушаецца дажджавымі паводкамі.
Замярзае ў канцы снежня, ускрыццё ў сярэдзіне сакавіка.
Прымае сцёк сеткі меліярацыйных каналаў.
Назіранні за рэжымам ракі вядуцца на гідралагічным пасту горада Маларыта.
На рацэ размешчаны горад Маларыта.