Дата стварэння: 31.10.2024 14:19:19
Дата змены: 07.07.2025 11:20:02
Мухаве́ц
Рака, у верхнім цячэнні рака называецца канал Мухавец.
У Пружанскім, Кобрынскім, Жабінкаўскім і Брэсцкім раёнах Брэсцкай вобласці. Даўжыня 112,6 км.
Правы прыток ракі Заходні Буг. Асноўныя прытокі: Дахлоўка, Жабінка (правыя), Дняпроўска-Бугскі канал, Трасцяніца, Асіпоўка, Рыта (левыя).
Пачынаецца ў сутоках (зліцці рэк) Муха і Вец каля горада Пружаны, цячэ па Прыбугскай раўніне (вярхоўі) і Брэсцкім Палессі. Вусце ў межах горада Брэст. З’яўляецца часткай Дняпроўска-Бугскага воднага шляху.
Плошча вадазбору 6 600 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 34,9 м³/с. Лясістасць тэрыторыі вадазбору 25 %.
Даліна ў вярхоўі невыразная, далей трапецападобная, у сярэднім цячэнні шырынёй 400–600 м, у ніжнім — 1,5–2 км. Схілы ўмерана стромкія, вышынёй 4–8 м (у ніжнім цячэнні 3–6 м), адкрытыя, месцамі разараныя або парослыя лесам.
Пойма двухбаковая, нізкая, прарэзана старыцамі і меліярацыйнымі каналамі, месцамі забалочаная да вёскі Шэбрын Брэсцкага раёна, яе шырыня 200–400 м, ніжэй — 1–1,5 км. У час разводдзя і паводак затапляецца на глыбіню 0,2–0,8 м у вярхоўі і да 1–2 м у ніжнім цячэнні. Максімальны ўзровень разводдзя ў сярэдзіне сакавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 1,5–2,4 м.
Рэчышча каналізаванае па ўсёй даўжыні ракі.
Берагі нізкія, вышынёй 0,5–2 м, абрывістыя, ніжэй ад ўпадзення Рыты разбураюцца, на суднаходным участку абвалаваныя. Ад горада Кобрын да горада Брэст рака зарэгулявана; шырыня ў межань у верхнім цячэнні 4–8 м, ніжэй ад ўпадзення Дняпроўска-Бугскага канала 20–35 м, у вусці 60–70 м.
На перыяд вясновага разводдзя прыпадае 45 % гадавога сцёку.
Замярзае ў сярэдзіне снежня, ускрыццё ў 2‑й палове сакавіка.
Суднаходная ад горада Кобрын (64 км ад вусця), працягласць навігацыйнага перыяду 230–240 сутак.
У рацэ водзяцца шчупак, лешч, гусцяра, верхаводка, карась залаты і сярэбраны, язь, плотка, мянтуз, краснапёрка, карп, пячкур, лінь, сом, акунь, ёрш звычайны.
На рацэ размешчаны гарады Брэст (порт пры ўпадзенні Мухаўца ў Заходні Буг), Пружаны (у вытоку), Жабінка (пры ўпадзенні ракі Жабінка), Кобрын; санаторыі «Буг», «Надзея», аздараўленчы цэнтр «Сасновы бор» у Жабінкаўскім раёне, дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Колас», база адпачынку «Салют» у Кобрынскім раёне, дзіцячы аздараўленчы цэнтр «Журавінка», цэнтр аздараўлення «Сонечны» ў Брэсцкім раёне, санаторый Брэсцкага аддзялення чыгункі ў Брэсце.