Дата стварэння: 12.05.2023 10:26:02
Дата змены: 11.09.2024 15:18:06
Беласто́ка абаро́на 1941 г.
Абарончыя баі савецкіх войскаў супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў 22–27 чэрвеня падчас Вялікай Айчыннай вайны. Вялася войскамі 10‑й арміі (генерал-маёр К. Д. Голубеў, штаб у г. Беласток) і іншымі злучэннямі Заходняга фронту
ў ходзе абарончай аперацыі на Беларусі 1941 г.
Першымі ў бой з ворагам на т. зв. Беластоцкім выступе ўступілі пагранічнікі 87‑га Ломжынскага лінейнага атрада (падпалкоўнік І. М. Гарбацюк), воіны 66‑га Асавецкага ўмацаванага раёна і 86‑й стралковай дывізіі (палкоўнік М. А. Зашыбалаў). Найбольш жорсткія баі разгарнуліся на поўдні і поўначы ад Беластока на брэсцкім (гл. Брэста абарона 1941 г., Брэсцкай крэпасці абарона 1941 г.) і гродзенска-сувалкскім напрамках (гл. Гродзенскія абарончыя баі 1941 г.), дзе германскія войскі наносілі галоўныя ўдары авіяцыйнымі, танкавымі і механізаванымі злучэннямі.
Становішча злучэнняў 10‑й арміі (6‑ы і 13‑ы механізаваныя, 6‑ы кавалерыйскі, 1‑ы і 5‑ы стралковыя карпусы), дыслакацыю якой Маршал Савецкага Саюза Г. К. Жукаў пасля вайны прызнаў «памылковай», ускладнілася пасля атрымання Дырэктывы наркама абароны і Генштаба Чырвонай арміі № 3 ад 22 чэрвеня 1941 г. Дырэктыва патрабавала арганізаваць контрнаступленне супраць нямецка-фашысцкіх войскаў. У адпаведнасці з загадам камандуючага Заходнім фронтам генерала арміі Д. Р. Паўлава ў штаб 10‑й арміі прыбыў 1‑ы намеснік камандуючага фронтам генерал-лейтэнант І. В. Болдзін. Планавалася, што ў конна-механізаваную групу, якую ён узначаліў, павінны ўвайсці: 6‑ы механізаваны (генерал-маёр М. Г. Хацкілевіч), 6‑ы кавалерыйскі (генерал-маёр І. С. Нікіцін) карпусы 10‑й арміі і 11‑ы механізаваны корпус (генерал-маёр Д. К. Маставенка) 3‑й арміі. Аднак пастаянныя ўдары авіяцыі праціўніка і іншыя цяжкія абставіны не дазволілі І. В. Болдзіну своечасова перадыслацыраваць злучэнні 10‑й і 3‑й армій і стварыць моцную ўдарную групу войскаў. Мэты контрудару не былі дасягнуты.
У падначаленні камандуючага 10‑й арміяй заставаўся 13‑ы механізаваны корпус (генерал-маёр П. М. Ахлюсцін; загінуў 28.7.1941 у г. п. Прапойск, цяпер г. Слаўгарад), які наносіў удар у паўночна-ўсходнім напрамку. У гэтым злучэнні гераічна змагаліся танкісты 31‑й танкавай дывізіі (палкоўнік С. А. Каліховіч) і воіны 208‑й механізаванай дывізіі (палкоўнік У. І. Нічыпаровіч). Мястэчка Браньск на галоўным напрамку контрудару двойчы пераходзіла з рук у рукі. Пры адсутнасці ўстойлівай сувязі (правадная сувязь была выведзена са строю дыверсантамі ў ноч на 22 чэрвеня 1941 г., радыёсувязь не была забяспечана па тэхнічных прычынах) некаторыя злучэнні 10‑й арміі, напрыклад 7‑я танкавая дывізія (генерал-маёр С. В. Барзілаў; загінуў 28.9.1941), якая мела на ўзбраенні 368 танкаў, у т. л. 150 Т‑34, у першы дзень вайны ў асноўным вялі разведку боем.
Становішча 7‑й танкавай дывізіі і ўсяго 6‑га мехкорпуса, у які яна ўваходзіла, істотна ўскладнілася пасля пачатку контрудару ў напрамку Беласток — Гродна. На канец 24 чэрвеня ў 7‑й танкавай дывізіі пасля масіраваных удараў авіяцыі праціўніка засталося толькі 3 танкі. Такім самым чынам складвалася сітуацыя і ў іншых злучэннях 10‑й арміі: яны панеслі вялікія страты і ў асабовым саставе. Сярод тых, хто загінуў, былі многія военачальнікі, у т. л. камандзір 6‑га мехкорпуса М. Г. Хацкілевіч. Пасля таго як значная частка войскаў 6‑га і 13‑га механізаваных карпусоў была разбіта, а часці 1‑га стралковага корпуса (генерал-маёр Ф. Д. Рубцоў; загінуў 19.9.1941) апынуліся ў акружэнні, злучэнні 10‑й арміі 23–24 чэрвеня ўсё ж працягвалі весці цяжкія баі на захад і паўночны захад ад Беластока. Загад камандуючага Заходнім фронтам аб вывадзе войскаў на лінію Ліда — Слонім — Пінск быў дастаўлены І. В. Болдзіну 25 чэрвеня. Аднак войскі 10‑й арміі, якія страцілі ў баях ўсю тэхніку і патрапілі ў акружэнне, не змаглі ў поўным аб’ёме выканаць гэты загад.
Часці 42‑га нямецкага корпуса і іншыя злучэнні праціўніка, захапіўшы 27 чэрвеня Беласток, пачалі наступ у напрамку Ваўкавыск — Зэльва (занятыя ворагам адпаведна 28 чэрвеня і 1 ліпеня). У гэтым раёне яшчэ каля тыдня ішлі жорсткія баі разрозненых часцей і падраздзяленняў 10‑й арміі з нямецка-фашысцкімі войскамі, пра што сведчыў нямецкі генерал Ф. Гальдэр (запісы 28.6–1.7.1941): «Рускія ўсюды змагаюцца да апошняга чалавека, пакуль іх не заб’юць». Многія савецкія воіны змагаліся гераічна. Прыкладам можа быць подзвіг экіпажа танкістаў братоў Крычаўцовых (Канстанцін, Елісей і Міна), якія здзейснілі агнявы таран. Падобныя подзвігі здзейснілі і іншыя воіны 31‑й танкавай дывізіі палкоўніка С. А. Каліховіча. Частка дывізіі выйшла з акружэння (камандзір загінуў 12.7.1941). Апошнія абаронцы заходніх рубяжоў краіны, адыходзячы, імкнуліся нанесці максімальныя страты праціўніку і выйсці з акружэння (гл. Навагрудскі «кацёл»). Многія воіны вялі партызанскую барацьбу, удзельнічалі ў дыверсіях у тыле ворага. Невялікая група афіцэраў штаба 10‑й арміі (тыя, хто кіраваў абаронай у Беластоцкім выступе) у ліпені — жніўні выйшла з акружэння (генерал-маёр К. Д. Голубеў быў прызначаны камандуючым 13‑й арміяй Заходняга фронту). У «лясной дывізіі», якую генерал І. В. Болдзін стварыў разам з палкоўнікам І. С. Стральбіцкім (камандзір 8‑й артылерыйскай брыгады супрацьтанкавай абароны), у канцы чэрвеня — пачатку ліпеня налічвалася каля 5 тыс. чалавек. У пачатку ліпеня гэта злучэнне спрабавала вызваліць Мінск, а частка яго асабовага саставу (звыш 1 тыс. чалавек) працягвала адступленне і выйшла з акружэння ў раёне г. Смаленск. Большасць воінаў 10‑й арміі загінула або трапіла ў палон, значная частка засталася ў партызанах, да канца выканаўшы свой воінскі абавязак. Дзякуючы іх мужнай і гераічнай барацьбе рух праціўніка на ўсход быў значна запаволены.