pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 61‑я

Дата стварэння: 17.08.2023 13:53:44

Дата змены: 11.09.2024 15:14:24

Партыза́нская брыга́да 61‑я (партыза́нскі атра́д 61‑ы)

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Клічаўскага, Бялыніцкага, Шклоўскага, Быхаўскага, Кіраўскага і Магілёўскага раёнаў Магілёўскай вобласці.

Пачынаючы з ліпеня 1941 г. на станцыі Мілое Клічаўскага pаёна дзейнічала партызанская група Р. К. Паўлава, якая склалася з савецкіх воінаў, што не выйшлі з варожага тылу; 22 мая 1942 г. група ўвайшла ў Клічаўскі аператыўны цэнтр як атрад 61‑ы. З лістапада 1942 г. атрад уваходзіў у партызанскую брыгаду 5‑ю Клічаўскую, з мая 1943 г. дзейнічаў самастойна, з ліпеня 1943 г. — асобны атрад Магілёўскай ваенна-аператыўнай групы (раённай).

Партызаны наносілі ўдары па варожых камунікацыях на ўчастках Орша — Жлобін, Магілёў — Мінск, Магілёў — Бабруйск. Вялі бой супраць карнікаў 9 жніўня 1942 г. (гл. Кучынскі бой 1942 г.). Удзельнічалі ў разгроме варожых гарнізонаў у г. п. Клічаў (гл. Клічаўскія баі 1942, 1943 гг.), в. Дручаны Бялыніцкага раёна ў красавіку 1943 г., в. Дашкаўка Магілёўскага pаёна ў жніўні 1943 г. (гл. Бялыніцкія аперацыі 1943 г.), в. Ермалавічы Бялыніцкага раёна ў кастрычніку 1943 г. (гл. Ермалавіцкі бой 1943 г.). У аперацыі «Рэйкавая вайна» падарвалі больш за 800 рэек. Разам з 1‑м батальёнам 121‑га партызанскага палка 20 чэрвеня 1944 г. вялі бой з падраздзяленнямі нямецкай мотамеханізаванай дывізіі, раскватараванымі ў в. Ямніца Магілёўскага раёна (гл. Ямніцкі бой 1944 г.). Да падыходу Чырвонай арміі ўтрымлівалі пераправу цераз р. Друць.

Атрад злучыўся з Чырвонай арміяй 30 чэрвеня 1944 г., у ім налічвалася 568 партызан. Пасля злучэння Беларускі штаб партызанскага руху вызначыў 61‑ы атрад як брыгаду ў складзе трох атрадаў з кастрычніка 1943 г.

Камандзір Р. К. Паўлаў; камісары: Ф. Ц. Кальчук, А. А. Хачатран, П. Я. Гаро, Д. Ф. Вайстроў; начальнікі штаба: Г. А. Цывін, В. П. Белабародаў, М. Ф. Мірановіч.