Дата стварэння: 17.08.2023 13:57:21
Дата змены: 22.08.2025 11:28:19
Партыза́нскi атра́д 345‑ы
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бярэзінскага, Быхаўскага, Шклоўскага, Бялыніцкага, Клічаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці і Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці.
Створаны ў маі 1942 г. на базе групы партызан на чале з С. А. Яроцкім, 12 чэрвеня 1942 г. уключаны ў склад Клічаўскага аператыўнага цэнтра як атрад 345‑ы, з 27 лістапада 1942 г. галаўны атрад партызанскай брыгады 3‑й Бярэзінскай, з 20 мая 1943 г. асобны атрад, з 5 жніўня 1943 г. у складзе Бярэзінскай ваенна-аператыўнай групы. У кастрычніку — снежні 1943 г. па распараджэнні Беларускага штаба партызанскага руху атрад здзейсніў рэйд з Бярэзінскага раёна ў Бярозаўскі і 10 студзеня 1944 г. быў уключаны ў склад Брэсцкага партызанскага злучэння як асобны.
Партызаны атрада, дзейнічаючы самастойна і ў складзе 3‑й Бярэзінскай брыгады, зрывалі транспартныя перавозкі, у маі — ліпені 1942 г. знішчылі каля 20 мастоў, разграмілі гарнізоны ў вёсках Дулебы (25.9.1942), Журавок (13.4.1943), Старая Машчаніца. У «Рэйкавай вайне» на чыгуначным участку Магілёў — Быхаў 3 жніўня 1943 г. падарвалі 690 рэек. У жніўні 1943 г. разам з партызанскім палком 208‑м імя І. В. Сталіна, партызанскімі атрадамі 277‑м (гл. Партызанскі полк 277‑ы) і 120‑м (гл. Партызанская брыгада 120‑я) каля в. Мацевічы разбілі варожы батальён.
Партызаны за час рэйду з Бярэзінскага ў Бярозаўскі раён у кастрычніку — снежні 1943 г. прайшлі больш за 600 км, правялі 4 сустрэчныя баі. У красавіку 1944 г. удзельнічалі ў Здзітаўскай абароне 1944 г. У чэрвені 1944 г. на чыгуначным участку Бяроза Картузская — Косава Палескае падарвалі больш за 350 рэек. У пачатку ліпеня 1944 г. адрэзалі шляхі адступлення разрозненым нямецкім часцям на дарогах Старыя Пескі — Рачыца, Старыя Пескі — Стрыгінь.
Атрад злучыўся з Чырвонай арміяй 12 ліпеня 1944 г., на той момант у ім змагаліся 263 партызаны.
Камандзіры атрада: С. А. Яроцкі, В. М. Буры; камісары: К. А. Баранаў, В. М. Яроцкі; начальнікі штаба: Ф. I. Казаноўскі, I. М. Казюкін.