Бу́да-Кашалёва
Горад, цэнтр Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці. Знаходзіцца за 48 км на паўночны захад ад г. Гомель, за 256 км ад Мінска, чыгуначная станцыя Буда-Кашалёўская (на лініі Мінск — Гомель), аўтадарогамі горад звязаны з г. Чачэрск і аўтамагістраллю Мінск — Гомель.
У 1938–1971 гг. гapадскі пасёлак.
У 1939 г. у Буда-Кашалёве было 3,4 тыс. жыхароў.
Буда-Кашалёва акупіравана 15 жніўня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў гарадскім пасёлку і раёне 1 238 чалавек, у т. л. 200 ваеннапалонных і 485 яўрэяў з гета ў Буда-Кашалёве (расстраляныя 27 снежня 1941 г.).
У гарадскім пасёлку і раёне дзейнічалі Буда-Кашалёўскі падпольны райкам КП(б)Б і Буда-Кашалёўскі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада 1‑я Буда-Кашалёўская, партызанская брыгада 8‑я Рагачоўская, партызанская брыгада 10‑я Журавіцкая, партызанская брыгада імя В. І. Чапаева (Гомельскай вобласці), партызанская брыгада імя М. А. Шчорса (Гомельскай вобласці), партызанскі атрад 108‑ы імя Р. І. Катоўскага; выдавалася падпольная газета «Ленінскі шлях», орган Буда-Кашалёўскага падпольнага райкама КП(б)Б.
Буда-Кашалёва вызвалена 27 лістапада 1943 г. воінамі 4‑й стралковай дывізіі (палкоўнік Д. Д. Вараб’ёў) 25‑га стралковага корпуса (генерал-маёр І. В. Хазаў) і 231‑га асобнага танкавага палка (падпалкоўнік Ф. М. Кавалёў) 11‑й арміі Беларускага фронту ў ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 г.
У Буда-Кашалёве знаходзяцца:
брацкія магілы савецкіх воінаў, магіла Героя Савецкага Саюза Э. В. Лаўрыновіча, магіла ахвяр фашызму (на пахаваннях пастаўлены помнікі);
мемарыяльны комплекс на брацкай магіле савецкіх воінаў, партызан і ахвяр фашызму;
мемарыяльны комплекс «Курган Славы»;
помнік двойчы Герою Савецкага Саюза генерал-маёру авіяцыі П. Я. Галавачову;
помнік віцэ-адміралу В. П. Дразду;
Алея Славы.