Ча́шнікі
Горад, цэнтр Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці, на р. Ула. За 95 км на паўднёвы захад ад г. Віцебск, за 187 км ад Мінска, 3 км ад чыгуначнай станцыі Чашнікі (на лініі Орша — Лепель); аўтадарогамі звязаны з гарадамі Лепель, Сянно, Новалукомль.
У 1938–1966 гг. гарадскі пасёлак.
У 1939 г. у Чашніках было 3 505 жыхароў.
Чашнікі акупіраваны 5 ліпеня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў Чашніках і раёне 3,5 тыс. чалавек. У гарадскім пасёлку было створана гета, пры яго ліквідацыі ў лютым 1942 г. гітлераўцы знішчылі 1 805 чалавек.
У Чашніках і раёне дзейнічалі: Чашніцкае пapтыйнае падполле, Чашніцкі падпольны райкам КП(б)Б і Чашніцкі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада 1‑я Смаленская, партызанская брыгада 2‑я Беларуская імя П. К. Панамарэнкі (2‑га складу), партызанская брыгада 2‑я імя К. С. Заслонава, партызанская брыгада Багушэўская (2‑га складу), партызанская брыгада «Граза», партызанская брыгада М. П. Гудкова, партызанская брыгада імя А. Ф. Данукалава, партызанская брыгада Лёзненская, партызанская брыгада Сенненская, партызанская брыгада Чашніцкая «Дубава», партызанскі полк Смаленскі, партызанскі атрад Ц. Я. Ермаковіча; выдавалася падпольная газета «Сцяг соцыялізма», орган Чашніцкага падпольнага райкама КП(б)Б.
Партызаны Чашніцкай брыгады «Дубава» ў студзені 1943 г. у выніку трохдзённых баёў знішчылі льнозавод і пякарню. У час Лепельскай аперацыі 1943 г. байцы Смаленскага партызанскага палка вялі жорсткія баі супраць гітлераўскага гарнізона (гл. Чашніцкія баі 1943 г.).
Чашнікі вызвалены 27 чэрвеня 1944 г. воінамі 357‑й стралковай дывізіі (камандзір генерал-маёр А. Г. Кудраўцаў) 1‑га стралковага корпуса 43‑й арміі 1‑га Прыбалтыйскага фронту пры ўзаемадзеянні з партызанамі брыгады Чашніцкай «Дубава» (камандзір Ф. Ф. Дуброўскі) у ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 г.
У Чашніках знаходзяцца:
дзве брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму (на пахаваннях пастаўлены помнікі);
помнік у гонар вызвалення горада і раёна;
помнік землякам;
Алея Герояў;
мемарыяльная дошка на сярэдняй школе № 1 яе былым вучням — Героям Савецкага Саюза Л. У. Буткевічу, Я. Г. Навіцкаму, С. Ф. Пшоннаму і кавалеру ордэна Чырвонага Сцяга А. П. Церашкову.
За 4 км ад горада, каля в. Зарэчная Слабада, знаходзіцца магіла ахвяр фашызму — вязняў гета ў Чашніках, на якой пастаўлены помнік.