Капатке́вічы
Гарадскі пасёлак у Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці, на р. Пціч. За 37 км на паўночны ўсход ад г. Петрыкаў, за 179 км ад г. Гомель, за 244 км ад Мінска, 18 км ад чыгуначнай станцыі Пціч (на лініі Калінкавічы — Лунінец); аўтадарогамі звязаны з Петрыкавам, Акцябрскім і аўтамагістраллю Гомель — Брэст.
Да 1938 г. мястэчка.
У 1924–1931 гг. і 1935–1962 гг. цэнтр Капаткевіцкага раёна.
У 1939 г. у Капаткевічах было 2 417 жыхароў.
Капаткевічы акупіраваны 1 жніўня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі зруйнавалі гарадскі пасёлак; загубілі ў раёне 2 869 мірных жыхароў і 28 ваеннапалонных, у т. л. у Капаткевічах 112 чалавек, з іх 12 яўрэяў, якія былі спалены зажыва ў сакавіку 1942 г. на яўрэйскіх могілках.
У раёне дзейнічалі Капаткевіцкі падпольны райкам КП(б)Б і Капаткевіцкі падпольны райкам ЛКСМБ; партызанская брыгада 25‑я імя П. К. Панамарэнкі, партызанская брыгада 121‑я імя А. Ф. Брагіна, партызанская брыгада 123‑я Акцябрская імя 25‑годдзя БССР, партызанская брыгада 125‑я Капаткевіцкая, партызанская брыгада 210‑я Капаткевіцкая; партызанскі атрад I. С. Губіна, партызанскі атрад А. Ф. Сарафанава, партызанскі атрад Штабны; выдавалася падпольная газета «Большэвік», орган Капаткевіцкага падпольнага райкама КП(б)Б.
Партызанскія атрады А. I. Далідовіча і «Чырвоны Кастрычнік» 17 студзеня 1942 г. разграмілі ў Капаткевічах варожы гарнізон (гл. Капаткевіцкі бой 1942 г.).
Капаткевічы вызвалены 30 чэрвеня 1944 г. воінамі 76‑й гвардзейскай стралковай дывізіі (генерал-маёр А. В. Кірсанаў) 114‑га стралковага корпуса (генерал-маёр Д. Я. Красільнікаў) 70‑й арміі 1‑га Беларускага фронту ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 г.
У Капаткевічах знаходзяцца:
магіла ахвяр фашызму, на якой пастаўлены помнік;
помнік землякам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.