Ко́брын
Горад, цэнтр Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці, прыстань на р. Мухавец пры яе зліцці з Дняпроўска-Бугскім каналам. За 46 км на ўсход ад г. Брэст, за 299 км ад Мінска. Чыгуначная станцыя (на лініі Брэст — Гомель); вузел аўтадарог на гарады Брэст, Мінск, Пінск, Маларыта і Ковель (Украіна).
З 1940 г. цэнтр раёна.
У 1939 г. у Кобрыне было 15,3 тыс. жыхароў.
На другі дзень вайны, 23 чэрвеня 1941 г., на паўночны захад і паўночны ўсход ад Кобрына вяла баі з фашыстамі 22‑я танкавая дывізія (генерал-маёр В. П. Пуганаў).
Кобрын акупіраваны 23 чэрвеня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў горадзе і раёне 8 038 чалавек (з іх у Кобрыне 6,9 тыс. мірных жыхароў), у т. л. 105 ваеннапалонных; знішчылі каля 30 % жылога фонду.
У ліпені 1941 г. каля в. Патрыкі Кобрынскага раёна гітлераўцы расстралялі 200 яўрэяў, захопленых у час аблавы на вуліцах горада. Яшчэ 180 кобрынскіх яўрэяў былі забіты ў жніўні 1941 г. каля в. Імянін Кобрынскага раёна. Восенню 1941 г. у Кобрыне было створана 2 гета. У пачатку чэрвеня 1942 г. частка непрацаздольных вязняў (1,8 тыс. чалавек) была вывезена і загублена на Броннай Гары. У час ліквідацыі гета ў кастрычніку 1942 г. на паўднёвай ускраіне горада было расстраляна 4,5 тыс. чалавек.
На тэрыторыі раёна дзейнічалі: Кобрынскі падпольны райкам КП(б)Б і Кобрынскі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада імя І. В. Сталіна (Брэсцкай вобласці), партызанская брыгада імя В. І. Чапаева (Брэсцкай вобласці), партызанская брыгада «Савецкая Беларусь» (Брэсцкай і Пінскай абласцей, камандзір М. У. Бабкоў), партызанская брыгада 150‑я імя Ф. М. Языковіча, партызанская брыгада «За Радзіму» імя А. К. Флегантава, партызанская брыгада імя Я. М. Свярдлова, партызанскі атрад імя Р. І. Катоўскага (1‑га складу), партызанскі атрад імя Р. І. Катоўскага (2‑га складу), партызанскі атрад імя С. М. Будзённага (Брэсцкай вобласці, камандзір А. Р. Жураўлёў), партызанскі атрад імя К. Я. Варашылава (Брэсцкай вобласці, камандзір Б. М. Міхайлоўскі), партызанскі атрад імя С. М. Кірава (Брэсцкай вобласці), партызанскі атрад «Сокалы», партызанская група «Іскра».
Кобрын вызвалены 20 ліпеня 1944 г. войскамі 1‑га Беларускага фронту ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 г. У вызваленні горада ўдзельнічалі 12‑я Пінская гвардзейская (палкоўнік Д. К. Малькоў) і 212‑я Крычаўская (палкоўнік У. Г. Кучынёў) стралковыя дывізіі 9‑га гвардзейскага стралковага корпуса 61‑й арміі пры падтрымцы часткай сіл 271‑й начной бамбардзіровачнай авіяцыйнай дывізіі (падпалкоўнік К. I. Расказаў) 16‑й паветранай арміі. Яны фарсіравалі Мухавец, з поўдня і ўсходу ўварваліся ў Кобрын і пасля 4‑гадзіннага бою выбілі ворага з горада.
У баях за горад вызначылася 12 часцей фронту, якім загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 25 ліпеня 1944 г. прысвоена ганаровае найменне «Кобрынскія» (гл. Кобрынскія вайсковыя часці); 12‑я гвардзейская і 212‑я стралковыя дывізіі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.
У Кобрыне знаходзяцца:
брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан [у скверы імя В. П. Пуганава (сярод пахаваных — Герой Савецкага Саюза А. І. Марозаў і генерал-маёр В. П. Пуганаў), а таксама на гарадскіх могілках і паўночна-ўсходняй ускраіне горада]; магіла каталіцкіх святароў Я. Вольскага і У. Грабельнага, расстраляных гітлераўцамі за дапамогу яўрэям; магілы ахвяр фашызму (на пахаваннях пастаўлены помнікі);
помнік воінам 22‑й танкавай дывізіі ў скверы імя Герояў-танкістаў;
помнік партызанам (героям «Рэйкавай вайны» на тэрыторыі Кобрынскага раёна);
помнік Вызвалення (у гонар 40‑годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне);
помнік савецкім воінам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну і пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане;
мемарыяльныя дошкі Герою Савецкага Саюза У. М. Кірмановічу, партызану С. Я. Ягораву, лётчыку-знішчальніку І. А. Заморыну, падпольшчыкам, танкістам (на ўвекавечанне памяці воінаў 22‑й танкавай дывізіі), каталіцкім святарам Я. Вольскаму і У. Грабельнаму, ахвярам фашызму (на ўшанаванне памяці жыхароў Кобрыншчыны, закатаваных на пл. Свабоды), на будынку былой турмы.