pdf
ЛАГОЙСК, горад

Помнік на магіле ахвяр фашызму ў горадзе Лагойск.

ЛАГОЙСК, горад

Помнік на брацкіх могілках савецкіх воінаў і партызан у горадзе Лагойск.

ЛАГОЙСК, горад

Мемарыяльная дошка медыцынскім работнікам у горадзе Лагойск.

ЛАГОЙСК, горад

Мемарыяльная дошка Герою Савецкага Саюза А. М. Меркушаву ў горадзе Лагойск.

ЛАГОЙСК

Дата стварэння: 14.04.2023 11:10:46

Дата змены: 16.09.2024 10:56:39


location Google location Yandex

Лагойск (брацкая магіла)


Лаго́йск

Горад, цэнтр Лагойскага раёна Мінскай вобласці, на р. Гайна. За 40 км ад Мінска, 30 км ад чыгуначнай станцыі Смалявічы (на лініі Мінск — Орша); аўтадарогамі звязаны з гарадамі Мінск, Смалявічы і Вілейка, г. п. Бягомль.

У 1938–1998 гг. гарадскі пасёлак.

У 1939 г. у Лагойску было 3,4 тыс. жыхароў.


У гады Вялікай Айчыннай вайны

Першыя баі з фашысцкімі захопнікамі пад Лагойскам пачаліся 28 чэрвеня 1941 г. Больш за суткі пасёлак абаранялі 288‑ы стралковы полк (падпалкоўнік Р. П. Кучмісты) 64‑й стралковай дывізіі і часова падначаленыя яму 2 батальёны 331‑га стралковага палка 100‑й стралковай дывізіі, якія знаходзіліся пад агульным камандаваннем капітана В. Р. Бабія.

Лагойск акупіраваны 2 ліпеня 1941 г. Гітлераўцы загубілі ў райцэнтры і раёне 3 906 мірных жыхароў і 18 ваеннапалонных, у т. л. 30 жніўня 1941 г. ва ўрочышчы Іванаўшчына 1,2 тыс. яўрэяў з Лагойска і в. Гайна (цяпер аграгарадок у Лагойскім раёне). У верасні 1941 г. у гэтым месцы было расстраляна яшчэ 100 яўрэяў, а таксама ў 1941–1943 гг. 300 чалавек іншых нацыянальнасцей, у т. л. ваеннапалонных.

У раёне дзейнічалі: Лагойскі падпольны райкам КП(б)‌Б і Лагойскі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада «Жалязняк» (Мінскай вобласці), партызанская брыгада 1‑я Антыфашысцкая, партызанская брыгада імя М. І. Калініна (Мінскай вобласці, камандзір З. І. Нянахаў), партызанская брыгада «Дзядзькі Колі», партызанская брыгада імя М. В. Фрунзэ, партызанская брыгада Лагойская «Бальшавік», партызанская брыгада «Народныя мсціўцы» імя В. Т. Варанянскага, партызанская брыгада «Смерць фашызму» і партызанская брыгада «Штурмавая», партызанскі атрад «Мясцовыя»; выдавалася падпольная газета «За Совецкую Беларусь», орган Лагойскага падпольнага райкама КП(б)‌Б.

У ноч на 23 снежня 1942 г. партызаны брыгады «Штурмавая» правялі аперацыю па разгроме ў Лагойску нямецка-фашысцкага гарнізона (гл. Лагойскі бой 1942 г.).

Лагойск вызвалены 2 ліпеня 1944 г. воінамі 11‑й гвардзейскай стралковай дывізіі (генерал-маёр М. Г. Цыганаў) 16‑га гвардзейскага стралковага корпуса 11‑й гвардзейскай арміі 3‑га Беларускага фронту і партызанамі Лагойскай партызанскай брыгады «Бальшавік» (камандзір Л. Л. Марозаў) у выніку Мінскай аперацыі 1944 г.

У Лагойску знаходзяцца:

  • брацкія могілкі савецкіх воінаў і партызан, магіла былога жыхара в. Хатынь Лагойскага раёна І. І. Камінскага, магілы ахвяр фашызму (на пахаваннях устаноўлены помнікі);

  • помнік партызанцы Н. Я. Харчанка;

  • памятны знак ахвярам фашызму ва ўрочышчы Іванаўшчына (за 1,5 км на паўночны захад ад горада);

  • мемарыяльныя дошкі ў гонар вызвалення Лагойска і ў гонар партызанскай брыгады «Штурмавая», медыцынскім работнікам Лагойшчыны, Герою Савецкага Саюза А. М. Меркушаву.