pdf

ЛІДА

Дата стварэння: 14.04.2023 11:12:03

Дата змены: 12.11.2024 09:06:06


location Google location Yandex

Ліда, брацкая магіла


ЛІДА, горад

Мемарыяльны комплекс на магіле ахвяр фашызму — вязняў гета, каля горада Ліда.

ЛІДА, горад

Магіла ахвяр фашызму — вязняў гета, расстраляных 8 мая 1942 г., на ўскраіне горада Ліда.

ЛІДА, горад

Помнік на магіле ахвяр фашызму — яўрэяў Ліды і Вільнюса, загубленых у 1942–1943 гг., на ўскраіне горада Ліда.

ЛІДА, горад

Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў і мірных жыхароў, якія загінулі ў першыя дні вайны, у горадзе Ліда.

ЛІДА, горад

Мемарыяльны комплекс на брацкай магіле савецкіх воінаў у горадзе Ліда.

ЛІДА, горад

Курган Бессмяротнасці ў горадзе Ліда.

ЛІДА, горад

Помнік на месцы расстрэлу падпольшчыкаў і партызан на ўскраіне горада Ліда.

ЛІДА, горад

Помнік «Звон» на брацкай магіле падпольшчыкаў і партызан у горадзе Ліда.

ЛІДА, горад

Помнік камсамольцам-падпольшчыкам у горадзе Ліда.

ЛІДА, горад

Помнік у гонар воінаў 3‑га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса ў горадзе Ліда.

ЛІДА, горад

Помнік воінам-чыгуначнікам у горадзе Ліда.

Лі́да

Горад, цэнтр Лідскага раёна Гродзенскай вобласці, на р. Лідзея. За 100 км на паўночны ўсход ад г. Гродна, за 160 км ад Мінска. Вузел чыгунак і аўтамабільных дарог на гарады Гродна, Вільнюс (Літва), Маладзечна і Баранавічы.

З 1940 г. цэнтр раёна.

У 1940 г. у Лідзе было 36 тыс. жыхароў.


У гады Вялікай Айчыннай вайны

У першыя дні вайны ў раёне Ліды ў бой з гітлераўцамі ўступілі злучэнні 21‑га стралковага корпуса 13‑й арміі Заходняга фронту. На рубяжы Воранава — Ліда жорсткія баі з танкамі праціўніка вялі 37‑я і 17‑я стралковыя дывізіі, 8‑я асобная процітанкавая артылерыйская брыгада (палкоўнік I. С. Стральбіцкі). Асабліва ўпарта змагаліся артылерысты. Заняўшы рубеж па р. Дзітва 24 чэрвеня, яны ўтрымлівалі свае пазіцыі да 27 чэрвеня. На паўночны ўсход ад Ліды (у раёне в. Трабы) гераічна змагаліся воіны Самара-Ульянаўскай Бярдзічаўскай Жалезнай стралковай дывізіі, якая была там разбіта.

Ліда акупіравана 27 чэрвеня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў горадзе і раёне 13 148 чалавек, у т. л. 830 ваеннапалонных. У гета ў Лідзе загінула каля 8 тыс. яўрэяў, у т. л. 5 670 (па іншых звестках, 6 700) чалавек у час акцыі знішчэння 8 мая 1942 г. Пасля ліквідацыі гета 18 верасня 1943 г. вязні былі дэпартаваны ў лагеры смерці Майданэк і Сабібор (абодва ў Польшчы). У горадзе было знішчана 75 % жылых дамоў.

У Лідзе і на тэрыторыі раёна дзейнічалі: Лідскае партыйна-камсамольскае падполле, Лідскі падпольны міжрайпартцэнтр і Лідскі падпольны міжрайцэнтр ЛКСМБ, Лідскі падпольны гаркам-райкам КП(б)‌Б і Лідскі падпольны гаркам-райкам ЛКСМБ, Лідскае партызанскае злучэнне, а таксама партызанская брыгада імя К. Я. Варашылава (Баранавіцкай вобласці) і партызанскі атрад «Громава», якія не ўваходзілі ў злучэнне; выдавалася падпольная газета «Уперад», орган Лідскага падпольнага гаркама-райкама КП(б)‌Б.

Ліда вызвалена 8 ліпеня 1944 г. воінамі 5‑й гвардзейскай (генерал-маёр М. С. Чапуркін), 6‑й гвардзейскай (генерал-маёр П. П. Брыкель) і 32‑й (генерал-маёр I. П. Калюжны) кавалерыйскіх дывізій 3‑га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса (генерал-лейтэнант М. С. Аслікоўскі) пры ўдзеле часцей 1‑й паветранай арміі 3‑га Беларускага фронту ў ходзе Вільнюскай аперацыі 1944 г. Да світанку 9 ліпеня ў горадзе і ваколіцах працягваліся баі з дробнымі групамі разбітых падраздзяленняў ворага. Войскам, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Ліды, 9 ліпеня загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага аб’яўлена падзяка, у іх гонар у Маскве быў дадзены салют 12 артылерыйскімі залпамі з 124 гармат.

У баях за горад вызначыліся 3 часці і адно злучэнне, якім прысвоена ганаровае найменне «Лідскія» (гл. Лідскія вайсковыя злучэнне і часці).

У Лідзе знаходзяцца:

  • брацкія магілы савецкіх воінаў; савецкіх воінаў і мірных жыхароў, якія загінулі ў першыя дні вайны ў час бамбардзіроўкі горада і пасажырскіх цягнікоў; падпольшчыкаў і партызан; адзіночныя воінскія пахаванні 1944–1950 гг. на тэрыторыі праваслаўных могілак, у т. л. савецкіх воінаў і партызана, якія загінулі ў ліпені 1944 г. пры вызваленні Ліды і Лідскага раёна; магілы ахвяр фашызму (на пахаваннях пастаўлены помнікі);

  • мемарыяльны комплекс на магіле ахвяр фашызму — вязняў гета;

  • мемарыяльны комплекс на брацкай магіле савецкіх воінаў;

  • помнік у гонар воінаў-вызваліцеляў і партызан Лідскай зоны;

  • помнік у гонар воінаў 3‑га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса;

  • помнік на месцы расстрэлу падпольшчыкаў і партызан;

  • помнік воінам-чыгуначнікам, якія прымалі ўдзел у вызваленні Ліды;

  • помнік рабочым і служачым абутковай фабрыкі, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны;

  • помнік камсамольцам-падпольшчыкам;

  • помнік землякам — воінам, партызанам, партыйна-савецкаму актыву, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны і пры ўсталяванні савецкай улады ў Лідзе і Лідскім раёне;

  • Курган Бяссмяротнасці з магілай невядомага салдата;

  • капліца-помнік у памяць абаронцаў Айчыны ад фашысцкіх захопнікаў (усталявана ў гонар 70‑годдзя вызвалення Ліды);

  • мемарыяльныя дошкі падпольшчыкам.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2009 г. № 355 горад Ліда ўзнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».

Помнік у гонар воінаў-вызваліцеляў і партызан Лідскай зоны ў горадзе Ліда.
Помнік у гонар воінаў-вызваліцеляў і партызан Лідскай зоны ў горадзе Ліда.
Помнік рабочым і служачым абутковай фабрыкі, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, у горадзе Ліда.
Помнік рабочым і служачым абутковай фабрыкі, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, у горадзе Ліда.
Помнік землякам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны і пры ўсталяванні савецкай улады, у горадзе Ліда.
Помнік землякам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны і пры ўсталяванні савецкай улады, у горадзе Ліда.
Капліца-помнік у гонар абаронцаў Айчыны ад фашысцкіх захопнікаў у горадзе Ліда.
Капліца-помнік у гонар абаронцаў Айчыны ад фашысцкіх захопнікаў у горадзе Ліда.


Літаратура
  1. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1986.

  2. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.

  3. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 4: Кадэты—Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1997.

  4. Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя: у 10 т. Т. 9. Кн. 2: Гродзенская вобласць / Рэдкал.: У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2016.

  5. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ліды і Лідскага раёна / Рэдкал.: В. Г. Баранаў [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2004.

  6. Памяць. Беларусь. Рэспубліканская кніга / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1995.

  7. Памяць Беларусі. Рэспубліканская кніга / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2005.

  8. Справочник о местах принудительного содержания гражданского населения на оккупированной территории Беларуси, 1941–1944 / сост.: В. И. Адамушко [и др.]. – Минск: Гос. ком. по арх. и делопроизводству Респ. Беларусь, 2001.

  9. Свидетельствуют палачи: уничтожение евреев на оккупированной территории Беларуси в 1941–1944 гг.: документы и материалы / сост.: В. И. Адамушко, И. П. Герасимова, В. Д. Селеменев. Минск: Национальный архив Республики Беларусь, 2009.

  10. Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гродненская область: Сборник архивных документов и материалов / Редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. – Минск: Национальный архив Республики Беларусь; – Москва: Фонд «Историческая память», 2021.

  11. Холокост в Беларуси: трагедия и память: документы и материалы / сост.: В. Д. Селеменев (руководитель) [и др.]. – Минск: Колорград, 2022.

  12. Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944) / А. Л. Манаенков (руководитель) [и др.]. – Минск: Беларусь, 1983.

  13. Шомоди В. Э. Маршрутами народной славы: учебное пособие для педагогов и воспитателей. – Минск: Университетское, 2001.

  14. Ботвинник М. Б. Памятники геноцида евреев Беларуси. – Минск: Беларуская навука, 2000.