Дата стварэння: 22.10.2024 14:52:18
Дата змены: 20.06.2025 10:36:14
«Цэнтр»
Група армій, аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне сухапутных войск нацысцкай Германіі, якое дзейнічала на цэнтральным участку савецка-германскага фронту (у т. л. на тэрыторыі Беларусі) у 1941–1945 гг. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Створана ў 1940 г. для нападу на СССР, першы камандуючы — генерал-фельдмаршал Ф. фон Бок.
З’яўлялася найбольш моцнай з трох нямецкіх груп армій («Цэнтр», «Поўдзень», «Поўнач»), задзейнічаных для выканання плана «Барбароса». Першапачаткова аб’ядноўвала дзве палявыя (9‑ю і 4‑ю) арміі і дзве танкавыя (3‑ю і 2‑ю) групы, у якіх было 50 дывізій і дзве матарызаваныя брыгады. Групу армій падтрымліваў 2‑і паветраны флот — 1 680 баявых самалётаў.
У непасрэдную задачу групы ўваходзіла акружэнне і знішчэнне злучэнняў Чырвонай арміі на тэрыторыі Беларусі, стварэнне ўмоў для наступлення на Маскву.
Пачала наступленне 22 чэрвеня 1941 г. на фронце 500 км ад г. Го́лдап (Германія, цяпер у складзе Польшчы) да г. Улада́ва (Польшча), перайшоўшы заходнюю граніцу СССР на ўсім яе беларускім і часткова літоўскім участках.
Выкарыстоўваючы фактар раптоўнасці, панаванне нямецкай авіяцыі ў небе, лепшую арганізаванасць і больш якасную ваенную тэхніку нямецкіх танкавых і матарызаваных часцей, група армій «Цэнтр» здолела да канца чэрвеня 1941 г. нанесці цяжкае паражэнне войскам савецкага Заходняга фронту, акружыўшы большую частку яго злучэнняў у заходніх абласцях Беларусі (гл. Абарончая аперацыя на Беларусі 1941 г., Навагрудскі кацёл) і захапіўшы яе сталіцу г. Мінск. Аднак шматдзённая гераічная барацьба савецкіх войск у акружэнні, у т. л. Брэсцкай крэпасці абарона 1941 г., Мінска абарона 1941 г., наступныя баі на Бярэзіне каля Барысава і Бабруйска, Віцебска абарона 1941 г., Магілёва абарона 1941 г., Гомеля абарона 1941 г., контрудары каля Лепеля, Рагачова і Жлобіна (гл. Лепельскі контрудар 1941 г., Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1941 г.) і ў іншых месцах, нягледзячы на іх няўдалы вынік (да пачатку верасня 1941 акупіравана ўся тэрыторыя рэспублікі) — усё гэта затрымала прасоўванне варожых войск, садзейнічала зрыву гітлераўскага плана «маланкавай вайны». У выніку Смаленскай бітвы 1941 г. савецкія войскі ў пачатку верасня 1941 г. прымусілі групу армій «Цэнтр» часова перайсці да абароны на ўсход ад г. Смаленск (Расія).
У верасні 1941 г. 2‑я танкавая група са складу групы армій «Цэнтр» удзельнічала ў акружэнні галоўных сіл савецкага Паўднёва-Заходняга фронту ў Левабярэжнай Украіне.
Для наступлення на Маскву нямецкае камандаванне сцягнула амаль палову ўсіх сіл і баявой тэхнікі, якія знаходзіліся на савецка-германскім фронце. У пачатку кастрычніка 1941 г. група армій «Цэнтр» мела 1 800 тыс. чалавек, больш за 14 тыс. гармат і мінамётаў, 1 700 танкаў, яе падтрымлівалі каля 1 390 самалётаў. У Маскоўскай бітве 1941–1942 гг. група армій «Цэнтр» пацярпела паражэнне, камандуючы Ф. фон Бок быў заменены генерал-фельдмаршалам Г. фон Клюге.
У выніку наступлення Чырвонай арміі летам і ўвосень 1943 г. група армій «Цэнтр» панесла вялікія страты ў Курскай бітве 1943 г., Смаленскай аперацыі 1943 г. У кастрычніку 1943 г. яе камандуючым прызначаны генерал-фельдмаршал Э. Буш.
У ходзе Беларускай аперацыі 1944 г. (23.6–29.8.1944) група армій «Цэнтр» пацярпела сакрушальнае паражэнне ад савецкіх франтоў і была вымушана пакінуць тэрыторыю Беларусі; 17 яе дывізій і 3 брыгады былі цалкам знішчаны, 50 дывізій страцілі больш за палову свайго саставу. Камандуючымі групай армій прызначаны: 28 чэрвеня 1944 г. генерал-фельдмаршал В. Модэль, 15 жніўня 1944 г. — генерал-палкоўнік Г. Г. Рэйнгарт, у студзені 1945 г. — генерал-палкоўнік Л. Рандуліч.
Група армій «Цэнтр» 26 студзеня 1945 г. перайменавана ў групу армій «Поўнач», а група армій «А» — у групу армій «Цэнтр» (камандуючы генерал-палкоўнік, з 5 красавіка 1945 генерал-фельдмаршал Ф. Шорнер), якая была разгромлена Чырвонай арміяй падчас Вісла-Одэрскай, Берлінскай і Пражскай аперацый 1945 г.