Дата стварэння: 20.08.2025 11:51:10
Дата змены: 29.08.2025 10:24:48
Град
Атмасферныя ападкі, якія выпадаюць у цёплую пару года з магутных кучава-дажджавых воблакаў у выглядзе часцінак шчыльнага лёду, часам вельмі буйных.
Град часта выпадае пры навальніцы, звычайна разам з ліўнем. Градзіны маюць дыяметр ад некалькіх міліметраў да 10 см і больш. Ападкі ў выглядзе граду не заўсёды дасягаюць зямной паверхні, часам град можа цалкам растаць у паветры, і тады выпадае ліўневы дождж. Град у некаторых выпадках можа ўтвараць на зямной паверхні покрыва вышынёй да 20–30 см. У адрозненне ад ледзяных круп град мае значна большую шчыльнасць лёду — 0,7–0,9 г/см³.
На тэрыторыі Беларусі ў адным і тым жа месцы град выпадае ў сярэднім 6–7 гадоў з 10 (часцей позняй вясной і ў пачатку лета). З красавіка па кастрычнік адзначаюцца 1–2 дні з градам, у сярэднім адзін раз у 10 гадоў можа быць 4–8 дзён з градам за сезон. Слой граду на зямлі звычайна не перавышае некалькі сантыметраў, дыяметр градзін — 0,5 см. У сярэднім адзін раз у 40–50 гадоў у асобным пункце адзначаецца асабліва небяспечны град (вялікай інтэнсіўнасці або з дыяметрам градзін 2 см і больш). За год на Беларусі адзначана 4–5 дзён з такім градам (у 1967–23 дні, у 1974 — граду не было).
Град максімальных памераў (8–10 см) назіралі 11 ліпеня 1953 г. у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Тут разам з пашкоджаннем збожжавых на вялікіх плошчах таксама былі адзначаны і выпадкі гібелі дробнай рагатай жывёлы, свіней, птушак.