Дата стварэння: 14.10.2024 10:25:08
Дата змены: 11.08.2025 10:19:54
Антыцыкло́н
Вобласць павышанага атмасфернага ціску з замкнёнымі канцэнтрычнымі ізабарамі на ўзроўні мора.
Утварэнне і развіццё антыцыклону цесна звязана з цыклонамі. У нізкім антыцыклоне (халодным) ізабары застаюцца замкнёнымі толькі ў самых ніжніх слаях трапасферы (да 1,5 км), а ў сярэдняй трапасферы павышаны ціск наогул не выяўляецца. Высокі антыцыклон (цёплы) захоўвае замкнёныя ізабары з антыцыкланічнай цыркуляцыяй нават у верхняй трапасферы.
Часам антыцыклон бывае шматцэнтравым. Паветра ў антыцыклонах у Паўночным паўшар’і рухаецца, абгінаючы цэнтр па гадзіннікавай стрэлцы (г. зн. адхіляецца ад барычнага градыента направа), у Паўднёвым паўшар’і — супраць гадзіннікавай стрэлкі.
Для антыцыклонаў характэрна перавага яснага або малавоблачнага надвор’я. З прычыны ахаладжэння паветра ад зямной паверхні ў халодную пару года і ноччу ў зоне антыцыклону магчыма ўтварэнне прыземных інверсій і нізкіх слаістых воблакаў і туманаў. Летам над сушай магчыма ўмераная дзённая канвекцыя з утварэннем кучавых воблакаў, якая назіраецца таксама і ў пасатах на звернутай да экватара перыферыі субтрапічных антыцыклонаў. Пры стабілізацыі антыцыклону ў нізкіх шыротах узнікаюць магутныя высокія субтрапічныя антыцыклоны. Стабілізацыя антыцыклону адбываецца таксама ў сярэдніх і ў палярных шыротах. Высокія маларухомыя антыцыклоны, якія парушаюць агульны заходні перанос паветраных мас сярэдніх шырот, называюцца абмежавальнымі (адбываецца з’ява блакіравання антыцыклону).
Узнікаюць антыцыклоны штодня, часцей за ўсё ў субтропіках (Азорскі антыцыклон) і над кантынентамі (Антарктычны антыцыклон, Азіяцкі антыцыклон і інш.).
Па тэрыторыі Беларусі на працягу года праходзяць 15–16 антыцыклонаў, якія вызначаюць надвор’е каля 150–160 сутак.