Дата стварэння: 14.10.2024 10:26:23
Дата змены: 15.07.2025 11:13:38
Во́блачнасць
Сукупнасць воблакаў на небасхіле ў месцы назірання або над пэўнай тэрыторыяй.
Воблачнасць — складаны аб'ект для назіранняў на метэаралагічнай станцыі. Гэта галоўны сінаптычны аб'ект, па якім мяркуюць аб будучым надвор’і.
Характарызуецца колькасцю і формай аблокаў. Вызначаецца візуальна па 10‑бальнай шкале (у дзясятых долях пакрыцця неба) або ў працэнтах. Пры воблачнасці, роўнай 0–2 балы, неба лічыцца ясным, 3–7 балаў — напалову ясным, 8–10 балаў — пахмурным.
Акрамя візуальнага метаду, на некаторых метэаралагічных станцыях прымяняюцца інструментальныя назіранні.
Для вызначэння колькасці і формы аблокаў выкарыстоўваюцца розныя прылады і інструменты: воблакамеры (хмарамеры), нефелометры, аэралагічныя зонды, спадарожнікі і радары, а таксама фатаграфічныя метады.
Адрозніваюць:
воблачнасць агульную (колькасць аблокаў без падраздзялення па ярусах);
воблачнасць ніжнюю (аблокі ніжняга яруса, аснова якіх знаходзіцца ніжэй за 2 тыс. м ад паверхні зямлі).
Над тэрыторыяй Беларусі пераважае ніжняя воблачнасць (у Мінску ў сярэднім за год складае каля 80 %). У сярэднім за год па краіне агульная воблачнасць змяняецца ад 6,3 да 7,6 бала, ніжняя ад 4,4 да 5,8 бала; максімум у лістападзе — снежні (больш за 8 і больш за 7 адпаведна), мінімум у маі — жніўні (5–6 і 3–4 адпаведна).
Сярэднегадавая воблачнасць крыху памяншаецца ў напрамку з паўночнага захаду (170 пахмурных дзён) на паўднёвы ўсход (130 пахмурных дзён). У лістападзе і снежні налічваецца максімальная колькасць пахмурных дзён (у сярэднім каля 20 ад агульнай воблачнасці), у маі — жніўні мінімальная (ад 4 да 11 у месяц).
Сярэднясутачная воблачнасць характарызуе дзень — пахмурны ці ясны. У халодны перыяд года максімальная воблачнасць назіраецца раніцай і ў 1‑й палове дня, мінімальная — увечары; у цёплы перыяд года максімальная воблачнасць назіраецца днём, мінімальная — ноччу.
Восенню і зімой пераважаюць слаістыя формы аблокаў, вясной і летам — кучавыя і перыстыя.
Воблачнасць памяншае сонечную радыяцыю (у Мінску за год у сярэднім на 35 %, у лістападзе на 60 %, чэрвені — на 30 %), узімку і ноччу не дае выстуджацца зямной паверхні і прыземнаму слою паветра, улетку і днём — паслабляе награванне зямной паверхні сонечнымі промнямі.