ПАД’ЯВАРКА, рака ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці
pdf

ПАД’ЯВАРКА

Дата стварэння: 31.10.2024 14:20:02

Дата змены: 29.12.2025 13:25:52


Падя́варка

Рака ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Даўжыня 35 км.

Правы прыток ракі Шчара (басейн ракі Нёман). Асноўныя прытокі — рэкі Скупа і Хлеўня (злева).

Выток на ўсходзе ад вёскі Явар. Цячэ па заходняй ускраіне Навагрудскага ўзвышша і Нёманскай нізіне, вусце вышэй ад ракі Чарняўка на паўночны захад ад вёскі Вялікая Воля. У сярэднім і ніжнім цячэнні працякае сярод лясных масіваў.

Плошча вадазбору 226 км². Сярэдні ўхіл воднай паверхні 3,4 ‰. Лясістасць тэрыторыі вадазбору 41 %.

Даліна трапецападобная, шырыня 0,5–0,8 км, месцамі да 1,5 км. Схілы на значным працягу ўмерана стромкія і спадзістыя, у ніжнім цячэнні абрывістыя, пясчаныя і супясчаныя вышынёй ад 5 да 10 м, парослыя лесам.

Рэчышча каналізавана на працягу 4,5 км.

Азёры на вадазборы агульнай плошчай каля 0,03 км².

Берагі ўмерана стромкія, месцамі абрывістыя, вышыня 0,5–1 м.

Пойма двухбаковая, забалочаная, куп’істая, шырыня 50–150 м.

На перыяд вясновага разводдзя прыпадае 45 % абʼёму гадавога сцёку.

Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм.

Створана сажалка каля вёскі Мядзвінавічы (плошча 0,09 км²).