ІПУЦЬ, рака ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці; у Добрушскім і Гомельскім раёнах Гомельскай вобласці
pdf

ІПУЦЬ

Дата стварэння: 31.10.2024 14:32:14

Дата змены: 11.11.2024 11:15:39


ІПУЦЬ, рака ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці; у Добрушскім і Гомельскім раёнах Гомельскай вобласці

Рака Іпуць.

ІПУЦЬ, рака ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці; у Добрушскім і Гомельскім раёнах Гомельскай вобласці

Рака Іпуць.

ІПУЦЬ, рака ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці; у Добрушскім і Гомельскім раёнах Гомельскай вобласці

Рака Іпуць.

І́пуць

Рака ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці, Добрушскім і Гомельскім раёнах Гомельскай вобласці Беларусі; Смаленскай і Бранскай абласцях Расіі. Даўжыня ракі 437 км, у межах Беларусі 110,33 км.

Левы прыток ракі Сож. Асноўныя прытокі ў Беларусі: Няцёша, Хорапуць (левыя), Ачоса (правы).

Пачынаецца за 1,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Пожар Клімавіцкага раёна, цячэ па тэрыторыі Смаленскай, Бранскай і Гомельскай абласцей, упадае ў Сож на паўночна-ўсходняй ускраіне горада Гомель. Вярхоўе ракі на Аршанска-Магілёўскай раўніне, прывусцевы ўчастак на тэрыторыі Гомельскага Палесся.

Плошча вадазбору 10 900 км². Сярэднегадавы расход вады ў горада Добруш (31 км ад вусця) 43,7 м³/с (максімальны — 179, мінімальны летні — 14,3, мінімальны зімовы — 26,6). Агульнае падзенне ракі 84,9 м. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,2 ‰.

Даліна трапецаідальная, шырыня ў вярхоўі 1–1,5 км, ніжэй — 2,5–3,5 км, на ўчастку ад горада Сураж Бранскай вобласці да вусця — 4–8 км.

Схілы спадзістыя, радзей стромкія, вышыня 10–30 м.

Пойма пераважна двухбаковая, месцамі чаргуецца па берагах, у нізоўі перасечана старымі рэчышчамі і старыцамі, шырыня 1,5–2 км.

Рэчышча звілістае (шырыня ў вярхоўі 1,5–12 м, на астатнім працягу 20–50 м), каналізавана ў 1960 г., 1978 г. і 1981 г. на працягу 24,3 км ад вытоку да мяжы з Расіяй.

Берагі вышынёй 0,5–2 м, стромкія і абрывістыя.

Вясновае разводдзе доўжыцца з сярэдзіны сакавіка да пачатку мая. На перыяд вясновага разводдзя прыпадае каля 48 %, на летне-асеннюю межань — 30 %, зімовую — 22 % аб’ёму гадавога сцёку. Максімальны ўзровень разводдзя ў красавіку. Сярэдні ўзровень над самай нізкай межанню 3–4 м. Сярэдняя вышыня над межанным узроўнем ад 1,8 м у вярхоўі да 2,4 м у ніжнім цячэнні. На перыяд вясновага разводдзя прыпадае 50 %, на летне-асеннюю межань — 30, зімовую — 20 % аб’ёму гадавога сцёку.

Замярзае ў 1‑й палове снежня, ускрыццё ракі ў канцы сакавіка — пачатку красавіка.

Вясновы крыгаход 4–6 сутак.

Рэжым ракі вывучаецца з 1925 г. (у Беларусі з 1930), назіранні вядуцца на гідралагічным пасту горада Добруш (з 1991). За 0,5 км вышэй ад Добруша і за 1,7 км ніжэй ад Добруша размешчаны пункты назіранняў за станам паверхневых вод па гідрахімічных і гідрабіялагічных паказчыках.

У рацэ водзяцца шчупак, гусцяра, верхаводка, карась сярэбраны, пячкур, ялец, плотка, галавень, краснапёрка, лінь, ёрш, акунь.

Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм. На рацэ каля вёскі Цімошкі Клімавіцкага раёна плаціна і сажалка, каля Добруша — плаціна; зоны адпачынку мясцовага значэння.