Інфармацыйная прастора
- Агульная характарыстыка
- Друкаваныя СМІ
- Інфармацыйныя агенцтвы ў сістэме СМІ. БелТА ў сістэме інфармацыйнага рынку
- Радыёвяшчанне
- Беларускае тэлебачанне
- Лічбавая журналістыка
- Кнігавыдавецтва і паліграфія
- Інстытут сувязей з грамадскасцю
Агульная характарыстыка
Дата стварэння: 23.07.2024 11:01:04
Дата змены: 05.12.2024 16:32:01
Станаўленне ў Рэспубліцы Беларусь дзяржаўнасці і сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі адбылося ў значнай ступені дзякуючы сродкам масавай інфармацыі (СМІ). Таму гісторыя суверэннай Беларусі — гэта шмат у чым гісторыя беларускай журналістыкі. Адбылася трансфармацыя традыцыйных медыя, створаны новыя, фарміруецца дэмакратычная філасофія інфармацыйнай дзейнасці.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка ў выступленні ў рамках Жэнеўскага этапу Сусветнай сустрэчы на вышэйшым узроўні па пытаннях інфармацыйнага грамадства пазіцыянаваў Беларусь як «краіну з высокаразвітым патэнцыялам у галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, якая ўжо выпрацавала сваю стратэгію пераходу да інфармацыйнага грамадства».

Журналісты на прэс-канферэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі для цэнтральных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі Беларусі. 30 снежня 2009 г.
Змены ў арганізацыі нацыянальнай сістэмы СМІ былі абумоўлены дзвюма прычынамі. У першую чаргу гэта ліквідацыя манаполіі КПСС, якая вызначала асноўны змест савецкага друку. Замест медыя, якія знаходзяцца пад кантролем адной партыі, узніклі СМІ, заснавальнікамі якіх выступілі органы дзяржаўнага кіравання, палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі, журналісцкія калектывы, прыватныя асобы. Па‑другое, распалася адміністрацыйна-камандная сістэма кіравання. Знікла жорсткая цэнтралізацыя СМІ, пачала развівацца сістэма, у аснове якой ляжыць функцыянаванне самастойных медыя, якія канкурыруюць, але пры гэтым узаемадзейнічаюць. Змяніліся ідэйныя парадыгмы і інфармацыйнае поле, у адпаведнасці з якімі будуецца змястоўная творчая дзейнасць беларускіх журналістаў, абнавіліся прынцыпы арганізацыі працы рэдакцый СМІ.
Інфармацыйны рынак Беларусі прайшоў перыяд станаўлення ў 1992–2002 гг. Поруч з буйнымі дзяржаўнымі медыяарганізацыямі з’явіліся СМІ недзяржаўнай формы ўласнасці. Фарміраванне рэкламна-інфармацыйнага рынку ў 1990‑я гг. прывяло да камерцыялізацыі СМІ, а айчынны медыярынак стаў сегментам агульнанацыянальнага таварнага рынку.
Лічбавая трансфармацыя беларускай медыясістэмы развіваецца ў рэчышчы глабальных тэндэнцый, ствараючы магчымасць праз віртуальны свет задавальняць матэрыяльныя і сацыяльныя патрэбы людзей у рэальным свеце.

Больш за 500 журналістаў вядучых сусветных СМІ працавалі на сустрэчы кіраўнікоў «нармандскай чацвёркі» ў Мінску. 12 лютага 2015 г.

Журналісты ў час сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ. Мерапрыемства прайшло ў фармаце пад агульнай назвай «Вялікая размова з Прэзідэнтам». Студзень 2017 г.

Беларускі саюз журналістаў (старшыня А. Лемяшонак) і Саюз журналістаў Расіі (старшыня В. Салаўёў) падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. 21 лютага 2019 г.
Адбыўся працэс фінансавага аздараўлення СМІ, узаемазвязаны з якасным развіццём, мадэрнізацыяй зместу і афармлення выданняў, фарматаў тэле- і радыёпраграм. Галоўная задача заснавальнікаў і рэдакцый — павышэнне канкурэнтаздольнасці айчыннага медыякантэнту і яго долі на рынку.
Дзяржаўная інфармацыйная палітыка Рэспублікі Беларусь накіравана на фарміраванне такой сістэмы адносін улады і грамадства, якая будзе садзейнічаць сацыяльна-эканамічнаму развіццю і забеспячэнню нацыянальных інтарэсаў краіны. Прыярытэтнымі напрамкамі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца:
ва ўнутранай палітыцы:
-
забеспячэнне канстытуцыйнага права грамадзян на інфармацыю, у т. л. права на абарону ад інфармацыі, якая негатыўна ўплывае на фізічнае, псіхічнае, інтэлектуальнае, духоўнае і маральнае развіццё асобы;
-
далейшая інфарматызацыя органаў дзяржаўнай улады, арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў і развіццё нацыянальнай інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры;
-
эфектыўнае выкарыстанне нацыянальнага сегмента інтэрнэту; развіццё сістэмы прадастаўлення інфармацыйных паслуг; павышэнне ролі СМІ ў рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, развіццё сеткавых і электронных СМІ;
-
забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі асобы, грамадства і дзяржавы;
у знешняй палітыцы:
-
забеспячэнне інфармацыйнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь;
-
прасоўванне нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь у еўрапейскай і сусветнай інфармацыйнай прасторы;
-
фарміраванне станоўчага іміджу Беларусі на міжнароднай арэне;
-
фарміраванне і развіццё адзінай інфармацыйнай прасторы і супрацоўніцтва ў галіне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі краін СНД, Еўразійскага эканамічнага саюза.
Функцыі дзяржаўнага рэгулявання ў галіне перадачы і распаўсюджвання масавай інфармацыі, рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы СМІ, кнігавыдання, паліграфіі, распаўсюджвання друкаванай прадукцыі ажыццяўляе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Міністэрства выступае пераемнікам Дзяржаўнага камітэта па справах друку і Дзяржаўнага камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні, якія існавалі ў СССР. Гістарычна склалася так, што былі створаны 2 міністэрствы, якія рэгулююць інфармацыйны рынак на дзяржаўным узроўні: Міністэрства сувязі і інфарматызацыі і Міністэрства інфармацыі. Міністэрству інфармацыі падведамныя такія сектары, як рынак неперыядычных выданняў, друкаваных і электронных СМІ (з улікам таго, што ад Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь функцыі дзяржаўнага рэгулятара тэлебачання і радыё былі перададзены Міністэрству інфармацыі).
Прававыя асновы інфармацыйнай палітыкі Беларусі закладзены ў палажэннях Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і законах, якія рэгулююць інфармацыйную прастору.
Асноватворным для дзейнасці СМІ з’яўляецца Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» ад 17 ліпеня 2008 г. № 427‑З (у рэдакцыі ад 24 мая 2021 № 110‑З), а таксама Закон Рэспублікі Беларусь ад 10 лістапада 2008 г. № 455‑З «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі» (у рэдакцыі ад 24 мая 2021 № 111‑З).
Грамадскія адносіны, звязаныя з рэкламнай камунікацыяй, былі вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь ад 10 мая 2007 г. № 225‑З «Аб рэкламе» (у рэдакцыі ад 4 студзеня 2021 № 82‑З).
Этапнымі дакументамі з’явіліся пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 9 жніўня 2010 г. № 1174 «Аб Стратэгіі развіцця інфармацыйнага грамадства ў Рэспубліцы Беларусь на перыяд да 2015 года і плане першачарговых мер па рэалізацыі Стратэгіі развіцця інфармацыйнага грамадства ў Рэспубліцы Беларусь на 2010 год» і Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 лістапада 2011 г. № 515 «Аб некаторых пытаннях развіцця інфармацыйнага грамадства ў Рэспубліцы Беларусь (у рэдакцыі ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 красавіка 2013 № 157, ад 11 студзеня 2014 № 17, ад 15 сакавіка 2016 № 98).
Законам ад 17 ліпеня 2008 г. вызначаны: парадак заснавання і дзяржаўнай рэгістрацыі (перарэгістрацыі) сродкаў масавай інфармацыі; распаўсюджванне прадукцыі СМІ; асаблівасці распаўсюджвання друкаваных СМІ; асаблівасці дзейнасці тэлевізійных і радыёвяшчальных СМІ; прававы статус суб’ектаў праваадносін у сферы масавай інфармацыі; адносіны гэтых суб’ектаў з дзяржаўнымі органамі, іншымі юрыдычнымі і фізічнымі асобамі; міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы масавай інфармацыі; адказнасць за парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб СМІ. Закон аб СМІ гарантуе грамадзянам свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выяўленне. У Рэспубліцы Беларусь забаронена цэнзура СМІ. Дзеянне закона распаўсюджваецца і на інфармацыйныя рэсурсы, размешчаныя ў інтэрнэце. Закон надзяляе інтэрнэт-рэсурсы магчымасцю рэгістрацыі ў якасці СМІ — сеткавых рэсурсаў, што дае ім правы і абавязкі традыцыйных СМІ. Адзначаны правы і абавязкі ўладальніка інтэрнэт-рэсурсу, уладальніка сеткавага выдання.
Дзейснасць СМІ і праца дзяржаўных органаў са СМІ. На фоне інтэнсіўнага фарміравання медыйных структур актуалізавалася пытанне аб канструктыўнасці і дзейснасці іх выступленняў. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 снежня 1997 г. № 630 «Аб рэагаванні службовых асоб на крытычныя выступленні ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі» ўстанавіў нормы такога рэагавання, правы СМІ ў адносінах з аб’ектамі крытыкі, садзейнічаў росту аўтарытэту СМІ на многія гады.
Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 лютага 2009 г. № 65 «Аб удасканаленні работы дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый са сродкамі масавай інфармацыі» (у рэдакцыі ад 24 студзеня 2014 № 49) актывізаваў узаемадзеянне з медыясферай з боку органаў дзяржаўнага кіравання. Усе дзяржаўныя органы і іншыя дзяржаўныя арганізацыі маюць у сваёй структуры падраздзяленні, адказныя за працу са СМІ (прэс-службы ці адпаведныя службовыя асобы).
Рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на свабоду атрымання і распаўсюджванне інфармацыі таксама спрыяла пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 кастрычніка 2008 г. № 1625 (у рэдакцыі ад 26 студзеня 2012 № 90) «Аб стварэнні грамадскага каардынацыйнага савета ў сферы масавай інфармацыі».
У Беларусі на працягу ўсіх гадоў незалежнасці захоўваецца дзяржаўная падтрымка традыцыйных СМІ. Прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 г. № 192 «Аб падтрымцы асобных сродкаў масавай інфармацыі і некаторых арганізацый» (у рэдакцыі ад 31 ліпеня 2018 № 299). Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь штогод зацвярджаецца пералік друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, рэдакцыям якіх аказваецца падтрымка з рэспубліканскага бюджэту.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка на сустрэчы «Вялікая размова з Прэзідэнтам» з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ. Мінск, сакавік 2019 г.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка правёў сустрэчу з прадстаўнікамі найбуйнейшых сродкаў масавай інфармацыі. Мінск, ліпень 2020 г.
Прынцыповае значэнне для развіцця беларускай інфармацыйнай прасторы набывае інфармацыйная бяспека. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 лістапада 2010 г. № 575 зацверджана Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Яна вызначае паняцце інфармацыйнай бяспекі як стан абароненасці збалансаваных інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы ад знешніх і ўнутраных пагроз у інфармацыйнай сферы, фармулюе нацыянальныя інтарэсы ў інфармацыйнай сферы, унутраныя і знешнія крыніцы пагроз, асноўныя напрамкі іх нейтралізацыі.
Пастановай Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь ад 18 сакавіка 2019 г. зацверджана Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, у якой указваецца на неабходнасць на дзяржаўным узроўні прадпрымаць меры па павышэнні аб’ёму, разнастайнасці і якасці нацыянальнага кантэнту, хуткасці яго прадастаўлення, даверу насельніцтва да афіцыйнай інфармацыі і дзяржаўных СМІ, адаптацыі форм распаўсюджвання інфармацыі да першачарговых інфармацыйных патрэб грамадзян, а таксама да дасягнення балансу інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы.
Дзяржаўная праграма «Масавая інфармацыя і кнігавыданне» на 2021–2025 гады (прынята пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 18 студзеня 2021 № 21) вылучае мэту «павелічэння ўплыву СМІ на фарміраванне пазітыўнай грамадскай думкі». Прапануецца падтрымка стварэння «якаснага інфармацыйнага і выдавецкага прадукту» за кошт асваення лічбавых медыяплатформ, актыўнасці ў сацыяльных сетках і месенджарах. Пры гэтым «дзяржаўныя СМІ павінны выступіць у якасці галоўнага суб’екта інфармацыйнага процідзеяння дэструктыўнаму ўплыву ў новых інфармацыйных асяроддзях». Рашаць задачу прапануецца за кошт стварэння новых дзяржаўных сеткавых выданняў, а таксама дадатковых каналаў распаўсюджвання традыцыйных СМІ.