Інфармацыйная прастора
- Агульная характарыстыка
- Друкаваныя СМІ
- Інфармацыйныя агенцтвы ў сістэме СМІ. БелТА ў сістэме інфармацыйнага рынку
- Радыёвяшчанне
- Беларускае тэлебачанне
- Лічбавая журналістыка
- Кнігавыдавецтва і паліграфія
- Інстытут сувязей з грамадскасцю
Інфармацыйныя агенцтвы ў сістэме СМІ. БелТА ў сістэме інфармацыйнага рынку
Дата стварэння: 23.07.2024 11:13:20
Дата змены: 23.07.2024 14:56:13
На 1 сакавіка 2023 г. у Рэспубліцы Беларусь было зарэгістравана 7 беларускіх інфармацыйных агенцтваў: БелТА, Агенцтва фінансавых навін (АФН), «Экапрэс», агенцтва Уладзіміра Граўцова, «Мінск-Навіны», «Прайм-ТАСС» і «ЛБЛ-Ньюс».
Функцыянуюць таксама карпункты агенцтваў «ІТАР-ТАСС», «Союз-инфо», «Асашыэйтэд Прэс», «Рэйтэр», мультымедыйнае агенцтва навін «Sputnik Беларусь» (раней падраздзяленне РІА «Навіны»).
У 2021–2022 гг. спынілі працу агенцтвы БелаПАН і «Інтэрфакс-Захад».
Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Беларускае тэлеграфнае агенцтва» (УП «БелТА») — вядучае інфармацыйнае агенцтва суверэннай Рэспублікі Беларусь, найбуйнейшае з інфармацыйных агенцтваў, найбольш аўтарытэтная і дакладная крыніца аператыўнай інфармацыі аб дзейнасці вышэйшых органаў улады.

Гран-пры XIV Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая Літара» ўдастоены праект БелТА «Мінск і мінчане» да 950‑годдзя сталіцы Беларусі. Генеральны дырэктар БелТА І. Акуловіч падчас уручэння ўзнагароды. Май 2018 г.

Фотакарэспандэнт БелТА А. Хітроў — пераможца Рэспубліканскага конкурсу Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро» ў намінацыі «За лепшую працу ў галіне фотажурналістыкі». 5 мая 2014 г.
Пасля абвяшчэння суверэннай Рэспублікі Беларусь у 1992 г. было скасавана Беларускае тэлеграфнае агенцтва пры Савеце Міністраў і створана Беларускае інфармацыйнае агенцтва ў сістэме Міністэрства інфармацыі — Белінфарм, правапераемнік БелТА. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі ад 10 кастрычніка 1995 г. № 413 агенцтву была вернута назва БелТА.
БелТА мае статус цэнтральнага дзяржаўнага агенцтва, яму прадастаўлена права першачарговага атрымання і распаўсюджвання звестак аб дзейнасці Кіраўніка дзяржавы і яго Адміністрацыі, Савета Міністраў і Савета Бяспекі, Нацыянальнага сходу і іншых органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама вышэйшых службовых асоб.
БелТА — гэта штодня 200 інфармацыйных паведамленняў і больш за 100 фатаграфій пра жыццё краіны. БелТА працуе ў рэжыме рэальнага часу, рыхтуе і распаўсюджвае інфармацыйныя паведамленні аб найважнейшых падзеях у палітычным, сацыяльна-эканамічным, культурным, спартыўным жыцці Беларусі, дзейнасці вышэйшага кіраўніцтва і іншых структур улады, міжнародных сувязях і кантактах на ўласным інтэрнэт-сайце на рускай, беларускай, англійскай, нямецкай і іспанскай мовах. У агенцтва звыш за 700 спажыўцоў інфармпрадуктаў у многіх краінах свету.
Беларускае тэлеграфнае агенцтва выдае газету «7 дней», часопіс «Беларуская думка», штоквартальны часопіс «Экономика Беларуси. Economy of Belarus». Акрамя таго, функцыянуюць выдавецтва і сучасная вэб-студыя.
Галоўны інфармацыйны прадукт агенцтва — аператыўная стужка навін, агульныя і тэматычныя падборкі навін і аналітычнай інфармацыі аб Беларусі і свеце, даступныя як у рэжыме падпіскі, так і ў агульным доступе на сайце агенцтва.
Ключавы медыяпрадукт БелТА — Інфармацыйная стужка, што забяспечвае паступленне падпісчыкам у рэжыме рэальнага часу паведамленняў, якія фарміруюць найбольш поўную і дакладную карціну дня.
Выходзіць «Каляндар дат і падзей», які прадастаўляе інфармацыю пра знамянальныя даты і падзеі ў Беларусі і свеце на наступны месяц, звесткі пра юбіляраў — ураджэнцаў Беларусі, іншых выдатных асоб.
Фотахроніка БелТА, акрамя стужкі навін і фатаграфій, якія перадаюцца падпісчыку ў рэжыме анлайн, прадастаўляе інфармацыйныя і тэматычныя фотападборкі, мастацкія і дакументальныя фотавыставы. Архіў БелТА — гэта больш за 200 тыс. фатаграфій, каля 50 тыс. негатываў. Фонд штогод папаўняецца на 30 тыс. кадраў.
Дастаўка інфармацыйных прадуктаў БелТА ажыццяўляецца ў зручным для падпісчыка выглядзе — электронным і (або) друкаваным, па факсе. Значная частка матэрыялаў размяшчаецца ў агульным доступе на сайце агенцтва, і гэта дазваляе давесці да карыстальнікаў сеткі інфармацыю пра падзеі ў Беларусі і за яе межамі.
У апараце БелТА працуюць 70 журналістаў, дзейнічаюць уласныя карпункты агенцтва ў Стакгольме, Вільнюсе і Маскве.