Лічбавая журналістыка

Інфармацыйная прастора

Лічбавая журналістыка

Дата стварэння: 23.07.2024 11:29:49

Дата змены: 23.07.2024 14:58:27


Вядучыя беларускія СМІ прадстаўлены ў інтэрнэце ўжо не столькі ў якасці вэб-версій газет, колькі ў выглядзе новых лічбавых рэсурсаў у сацыяльных сетках і месенджарах. Многія рэспубліканскія і рэгіянальныя СМІ сталі інтэграванымі рэдакцыямі, праца журналістаў у іх прадугледжвае ўменне працаваць адразу для некалькіх платформ.

Першыя медыйныя праекты пачалі з’яўляцца ў беларускім сегменце інтэрнэту ў сярэдзіне 1990‑х гг.

Развіццю лічбавай журналістыкі ў Рэспубліцы Беларусь спрыяла масавае распаўсюджванне паслугі камутаванага беспарольнага доступу ў інтэрнэт, якая была прапанавана Белтэлекамам 1 лютага 1999 г. і напачатку магла абслугоўваць да 15 тыс. абанентаў у месяц.

За перыяд 1998–2002 гг. колькасць карыстальнікаў інтэрнэту ў краіне вырасла ў 40 разоў. Акрамя таго, 28 лютага 2000 г. юрыдычныя асобы атрымалі магчымасць рэгістраваць даменныя імёны ў зоне by. Фізічным асобам такое права было прадастаўлена ў жніўні 2002 г. Дзякуючы гэтаму стала магчымым стварэнне сайтаў СМІ ў нацыянальнай даменнай зоне.

У 2001 г. пачалі прадастаўляцца паслугі шырокапалоснага доступу на базе тэхналогіі ADSL, што спрыяла развіццю мультымедыйных сэрвісаў на сайтах інтэрнэт-выданняў.

У 2006 г. Белтэлекам запусціў маштабную рэкламную кампанію з мэтай прасоўвання новай гандлёвай маркі byfly для шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт. Пасля ўкаранення ў Беларусі стандарту мабільнай сувязі 3G пачаў імкліва набіраць папулярнасць мабільны інтэрнэт.

Станаўленню лічбавай журналістыкі дапамагала правядзенне спецыялізаваных канферэнцый, семінараў і форумаў. У прыватнасці, пачынаючы з 2003 г. штогод арганізуецца конкурс «Інтэрнэт-прэмія ТІБО».

Працэс лічбавізацыі значна паўплываў на медыясістэмы як у нацыянальным, так і ў глабальным кантэксце. Інтэрнэт выступае асноўным каналам для атрымання навін і прасторай для зносін. Пастаянна з’яўляюцца новыя сэрвісы і платформы, змяняюцца паводзіны аўдыторыі, расце патрэба ў медыяпісьменнасці. Для Беларусі, як і для многіх краін, застаюцца актуальнымі праблемы лічбавай няроўнасці, інфармацыйнай перагрузкі, фэйкавых навін і інш.

Станаўленне і развіццё лічбавай журналістыкі ў Рэспубліцы Беларусь прайшло некалькі этапаў.

Першы этап (1996–1999) быў адзначаны з’яўленнем сайтаў-візітак або інтэрнэт-версій друкаваных выданняў. Піянерам у засваенні беларускага сегмента інтэрнэту сярод друкаваных СМІ стаў «Вечерний Минск». Сайт газеты newsvm.com пачаў працаваць 24 ліпеня 1996 г. Першым беларускім парталам быў Open.by, ён пачаў працу 15 ліпеня 1999 г. і даў усім магчымасць завесці электронную пошту.

Другі этап (2000–2005) характарызаваўся паступовым засваеннем сеткі журналістыкай. У інтэрнэце ствараліся вэб-версіі рэспубліканскіх друкаваных СМІ. Гэта былі ў асноўным «клоны» газет. Сталі развівацца класічныя інтэрнэт-рэсурсы. З’явілася некалькі буйных інтэрнэт-парталаў, адным з якіх быў Onliner.by, які пачаў працу 14 лютага 2001 г. Гэта быў перыяд станаўлення і першых эксперыментаў у лічбавым асяроддзі. У лютым 2005 г. быў створаны сэрвіс YouTube, што азначала старт новай мультымедыйнай эры.

Трэці этап (2006–2010) быў адзначаны высокім тэмпам асваення інтэрнэту. Свае сайты былі ўжо не толькі ў рэспубліканскіх, але і ў некаторых рэгіянальных газет. Журналісты пачалі рыхтаваць кантэнт спецыяльна для інтэрнэт-рэсурсаў. На сайтах стаў з’яўляцца аўдыё- і відэакантэнт. Пляцоўкі друкаваных СМІ ў інтэрнэце пачалі ператварацца ў самастойныя мультымедыйныя рэсурсы. Былі запушчаны таксама новыя версіі сайтаў тэлеканалаў. А высакахуткасны інтэрнэт стаў даступны для ўсіх жадаючых. Сур’ёзна заявілі пра сябе сацыяльныя сеткі. Пачалося станаўленне мабільнай журналістыкі.

Чацвёрты этап (2011–2016) характарызаваўся значнымі трансфармацыямі медыярынку. Газеты сталі губляць аўдыторыю. Пачаліся змены ў звычках медыяспажывання. У гэтыя гады многія друкаваныя СМІ ў інтэрнэце ператварыліся ў самастойныя мультымедыйныя рэсурсы са значнай доляй кантэнту, створанага спецыяльна для сайтаў. У медыяхолдынгах былі заснаваны канвергентныя (мультымедыйныя) рэдакцыі. Значных поспехаў дасягнулі рэгіянальныя анлайн-медыя.

Лаўрэаты прэміі «Дэбют», якая ўручалася на VI Форуме маладых журналістаў «Агульны погляд у будучыню. Інтэрнэт-журналістыка сёння і заўтра» 29–30 лістапада 2018 г. у Гродне

Лаўрэаты прэміі «Дэбют», якая ўручалася на VI Форуме маладых журналістаў «Агульны погляд у будучыню. Інтэрнэт-журналістыка сёння і заўтра» 29–30 лістапада 2018 г. у Гродне

Выпускнікі факультэта журналістыкі БДУ пасля ўрачыстага ўручэння дыпломаў аб вышэйшай адукацыі. 27 чэрвеня 2008 г.

Выпускнікі факультэта журналістыкі БДУ пасля ўрачыстага ўручэння дыпломаў аб вышэйшай адукацыі. 27 чэрвеня 2008 г.

У час V Міжнароднай летняй школы маладых журналістаў краін СНД у Мінску прайшлі стажыроўку каля 60 студэнтаў. Удзельнікі школы наведалі Інстытут журналістыкі БДУ. Чэрвень 2010 г.

У час V Міжнароднай летняй школы маладых журналістаў краін СНД у Мінску прайшлі стажыроўку каля 60 студэнтаў. Удзельнікі школы наведалі Інстытут журналістыкі БДУ. Чэрвень 2010 г.

Будынак факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Будынак факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Пяты этап (з 2017) адзначаны радыкальнай трансфармацыяй журналістыкі пад уплывам лічбавых тэхналогій. Аўдыторыя пачала сыходзіць з сайтаў СМІ ў сацсеткі, месенджары, Telegram-каналы, на YouTube. Смартфон стаў адзінай платформай для доступу многіх карыстальнікаў у інтэрнэт. У 2022 г. атрымалі развіццё чат-боты са штучным інтэлектам, а таксама нейрасеткі для генерацыі малюнкаў, якія выкарыстоўваюцца ў лічбавай журналістыцы.

Паводле даных Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, з развіццём сетак электрасувязі ў нашай краіне пастаянна расце працэнт долі насельніцтва, якое карыстаецца інтэрнэтам. У 2022 г. доля інтэрнэт-карыстальнікаў склала 89,5 %.

Развіццё лічбавых медыя выклікала патрэбу ў прафесійных кадрах для працы ў галіне вэб-журналістыкі. У 2008 г. у БДУ пачалася падрыхтоўка спецыялістаў для лічбавых СМІ па напрамку спецыяльнасці 1–12 01 08–03 «Журналістыка (вэб-журналістыка)». Першы выпуск спецыялістаў адбыўся ў 2013 г.

На факультэце журналістыкі БДУ з 2009 г. дзейнічае навучальны інтэрнэт-рэсурс «Вэб-журналіст». З 2019 г. на кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі БДУ працуе студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя «Лічбавая журналістыка».

Значнае развіццё атрымала таксама сістэма дадатковай адукацыі ў сферы лічбавай журналістыкі. Арганізуюцца перападрыхтоўка галоўных рэдактараў выданняў і журналістаў, павышэнне кваліфікацыі, курсы, семінары, майстар-класы. З 2009 г. БДУ штогод праводзіць павышэнне кваліфікацыі па праграме «Суправаджэнне інтэрнэт-СМІ». Актыўна вядуцца навуковыя даследаванні ў галіне лічбавай журналістыкі: праводзяцца міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі.

Апублікаваны артыкулы, выдадзены кнігі, у якіх прадстаўлены распрацоўкі па лічбавай журналістыцы. Выйшлі манаграфіі «Современная веб-журналистика Беларуси» (2013), «Региональные медиа в цифровой среде» (2020), навучальныя дапаможнікі «Сетевая пресса в системе СМИ» (2005), «Основы интернет-журналистики» (2012), «Основы творческой деятельности веб-журналиста» (2019), «Цифровая журналистика» (2021) (усе А. А. Градзюшкі), вучэбна-метадычны дапаможнік «Социальные медиа» (2020; У. А. Сцяпанаў).

Лічбавая журналістыка ў Рэспубліцы Беларусь стала самастойным кампанентам сістэмы СМІ. У сістэму лічбавай журналістыкі ўваходзяць анлайн-версіі традыцыйных СМІ; класічныя лічбавыя выданні; інфармацыйныя агенцтвы; інфармацыйныя парталы; агрэгатары навін і рэкамендацыйныя сэрвісы. Беларускія медыя актыўна займаюцца пошукам і ўкараненнем новых стратэгій дыстрыбуцыі кантэнту на лічбавых платформах.

Прыход большасці рэспубліканскіх друкаваных СМІ Беларусі ў інтэрнэт пачаўся ў пачатку 2000‑х гг. Сайт газеты «СБ. Беларусь сегодня» sb.by быў створаны ў 2000 г. Першапачаткова, як і ўсе вэб-рэсурсы ў тыя гады, ён уяўляў сабой «кальку» друкаванага выдання. У 2012 г. у рэдакцыі было створана ўпраўленне інтэрнэт-праектаў. Журналісты працуюць на сайце ў некалькі змен. Кожны дзень яны размяшчаюць больш за 100 навін. У снежні 2018 г. выдавецкі дом «Беларусь сегодня» зарэгістраваў першае ў рэспубліцы сеткавае выданне sb.by. Сайт sb.by штодзённа наведваюць больш за 350 тыс. чалавек.

Асноўная інтэрнэт-пляцоўка рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом “Звязда”» — сайт zviazda.by. Супрацоўнікамі рэдакцыі суправаджаецца сайт сеткавага выдання Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі «Союзное вече» souzveche.ru.

Пад уплывам тэхналагічных фактараў трансфармуецца таксама рэгіянальная медыясістэма Рэспублікі Беларусь. У 2018–2019 гг. па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ва ўсіх абласцях былі арганізаваны семінары «Рэгіянальныя СМІ ў эпоху лічбавізацыі: новыя фарматы і канкурэнтаздольнасць на медыярынку», што спрыяла развіццю рэгіянальных медыя з улікам новай лічбавай рэальнасці.

Вылучаюцца дзве ключавыя стратэгіі развіцця сайтаў у лічбавым асяроддзі. У першым выпадку электронная версія ўяўляе сабой толькі лічбавы аналаг друкаванага выдання. У другім выпадку сайт развіваецца да ўзроўню самастойнага інтэрнэт-СМІ, які прапануе арыгінальныя, адрозныя ад базавага выдання кантэнт-тэксты. Сёння беларускія СМІ працуюць ва ўмовах канвергенцыі і шматплатформеннасці, вырабляюць кантэнт для сацыяльных сетак і месенджараў.

Працэс лічбавізацыі змяніў таксама прынцыпы арганізацыі працы рэдакцыі: у пачатку 2010‑х гг. у буйных беларускіх СМІ пачалі стварацца аддзелы інтэрнэт-версій, кіравання інтэрнэт-праектаў і інш. Журналісты сталі пісаць матэрыялы спецыяльна на сайт. З’явілася такое паняцце, як канвергентная (або мультымедыйная) рэдакцыя — гэта зліццё розных СМІ на базе адной рэдакцыі для сумеснай вытворчасці кантэнту для розных медыя, якія аб’яднаны адной медыяструктурай (газета, сайт, радыё, сацсеткі і інш.) і яго распаўсюджвання на розных медыяплатформах.

Вядучым айчынным інфармацыйным брэндам у інтэрнэце з’яўляецца Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА). Агенцтва застаецца галоўнай крыніцай афіцыйнай інфармацыі і навін краіны і свету. Яно працуе ў рэжыме рэальнага часу, штодня размяшчаючы больш за 200 інфармацыйных матэрыялаў на сайце belta.by.

Шырока прадстаўлена ў нацыянальным сегменце інтэрнэту айчыннае тэле- і радыёвяшчанне. Сайты дзяржаўных тэлерадыёкампаній Беларусі сёння ўяўляюць сабой паўнавартасныя мультымедыйныя пляцоўкі. У сваёй працы яны выкарыстоўваюць спалучэнне анлайн-вяшчання і магчымасць прагляду тэлеперадач з архіва.

Пачатак заканадаўчаму рэгуляванню інтэрнэту паклаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 лютага 2010 г. № 60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт». У прыватнасці, быў прадугледжаны пераход СМІ на выкарыстанне хостынгу беларускіх правайдараў (размяшчэнне сервераў у Рэспубліцы Беларусь).

У рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» з 1 снежня 2018 г. пашыраны паняційны апарат закона аб СМІ — ён дапоўнены тэрмінамі «сеткавае выданне», «уладальнік інтэрнэт-рэсурсу», «інтэрнэт-рэсурс» і інш.

На 1 чэрвеня 2023 г. у Рэспубліцы Беларусь зарэгістравана 49 сеткавых выданняў — 41 дзяржаўнае і 8 недзяржаўных.

Сур’ёзным крокам у абароне беларускай інфармацыйнай прасторы стаў шэраг навацый, прадугледжаных у Законе Рэспублікі Беларусь ад 24 мая 2021 г. № 110‑З «Аб змяненні законаў па пытаннях сродкаў масавай інфармацыі», якія накіраваны на рэгуляванне праваадносін у інтэрнэт-прасторы.