Інфармацыйная прастора
- Агульная характарыстыка
- Друкаваныя СМІ
- Інфармацыйныя агенцтвы ў сістэме СМІ. БелТА ў сістэме інфармацыйнага рынку
- Радыёвяшчанне
- Беларускае тэлебачанне
- Лічбавая журналістыка
- Кнігавыдавецтва і паліграфія
- Інстытут сувязей з грамадскасцю
Інстытут сувязей з грамадскасцю
Дата стварэння: 23.07.2024 11:33:02
Дата змены: 23.07.2024 11:33:02
Здабыццё Рэспублікай Беларусь незалежнасці і пераход ад планавай эканомікі да рыначнай, якія суправаджаліся перабудовай і дэмакратызацыяй грамадскага жыцця і палітычнай сферы, сфарміравалі патрэбу ў эфектыўнай камунікацыі і ў кіраванні патокамі сацыяльнай інфармацыі. Менавіта на мяжы 1980–90‑х гг. і затым з 1991 г. станаўленне суверэннай беларускай дзяржавы спрыяе станаўленню новага віду дзейнасці — сувязей з грамадскасцю, камунікацыі ў палітыцы, бізнесе, дзяржаўнай, камерцыйнай і грамадскай сферах.
Інстытут сувязей з грамадскасцю (або паблік рылейшнз, PR, паводле першапачатковага англамоўнага тэрміну) узнікае ў Беларусі з прычыны неабходнасці выбудоўваць эфектыўную камунікацыю паміж сацыяльнымі суб’ектамі — дзяржаўнымі, камерцыйнымі, грамадскімі арганізацыямі і іх аўдыторыямі. Гаворка ідзе не проста аб распаўсюджванні сацыяльна значнай інфармацыі, але і аб тэхналогіях камунікацыі з улікам узмацнення ўздзеяння грамадскай думкі на працэсы ў сучасным соцыуме.
Ужо ў 1980‑х гг. у рэспубліцы з’яўляюцца першыя арганізацыі і структурныя падраздзяленні ўстаноў, для якіх ключавой функцыяй становіцца наладжванне ўзаемадзеяння са сродкамі масавай інфармацыі і грамадскасцю, устанаўленне парадку інфармавання грамадскасці аб сацыяльна значных працэсах, падзеях і дзейнасці. Часам гэта функцыя яшчэ не мела афіцыйнага абазначэння. Так, у Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь 19 верасня 1984 г. быў адкрыты прэс-цэнтр. А ў 1991 г. створана першае прэс-бюро ў складзе штаба МУС ужо суверэннай Беларусі.
У развіцці сувязей з грамадскасцю даследчыкі вылучаюць некалькі этапаў: даінстытуцыянальны, першаснай інстытуцыяналізацыі, другаснай інстытуцыяналізацыі і сучасны этап, які вылічваецца з уключэння пасады «спецыяліст па сувязях з грамадскасцю» ў Агульнадзяржаўны класіфікатар пасад Рэспублікі Беларусь.
Даінстытуцыянальны этап (1989–1993). Першыя арганізацыі і структурныя фарміраванні па працы са СМІ і грамадскасцю з’явіліся, прычым першапачаткова ў сферы палітыкі і дзяржаўнага кіравання, у Вярхоўным Савеце, Савеце Міністраў, Сакратарыяце Савета Бяспекі, Генеральнай пракуратуры, Камітэце дзяржаўнага кантролю, у шэрагу міністэрстваў і ведамстваў.
У перыяд першаснай інстытуцыяналізацыі (1993–2006) сфарміраваўся рынак PR-паслуг і іх вытворцаў як сістэмы суб’ектаў, якія выбудоўваюць адносіны з грамадствам у выніку сваёй прафесійнай дзейнасці, забяспечваючы працэсы двухбаковай камунікацыі ў соцыуме. PR-агенцтвы, аддзелы і ўпраўленні па інфармацыі і сувязях з грамадскасцю афіцыйна ствараліся ў дзяржаўных і камерцыйных арганізацыях. З 1993 г. вядучай дзяржаўнай арганізацыяй у галіне грамадскіх сувязей стаў Нацыянальны прэс-цэнтр Рэспублікі Беларусь, які паўплываў у цэлым на развіццё інстытута сувязей з грамадскасцю ў нашай краіне.
Гэты перыяд быў часам стварэння новых структур і будаўніцтва цэласнай сістэмы камунікацыйнай дзейнасці. Так, на базе Дома прэсы ў 1995 г. утвораны «Міжнародны цэнтр інтэграцыйнай інфармацыі. Грамадскі прэс-цэнтр Дома прэсы».
Беларуская асацыяцыя па сувязях з грамадскасцю (БАСГ) зарэгістравана 26 снежня 1993 г.; устанавіла кантакты з Міжнароднай асацыяцыяй паблік рылейшнз (IPRA), Еўрапейскай канфедэрацыяй па грамадскіх сувязях (CEPR), Расійскай асацыяцыяй па сувязях з грамадскасцю (РАСГ), іншымі калегамі з краін блізкага і далёкага замежжа. У 1996 г. па ініцыятыве БАСГ была прынята першая дэкларацыя прафесійных і этычных прынцыпаў у галіне паблік рылейшнз.
Развіццё сістэмы прафесійнай падрыхтоўкі было звязана з адкрыццём у 1996 г. на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта спецыяльнасці «інфармацыя і камунікацыя» ў супрацоўніцтве з праектам еўрапейскай адукацыі TEMPUS. Яна стала галоўнай пляцоўкай падрыхтоўкі кадраў для новай прафесіі. З 1997 г. адукацыю па аналагічнай спецыяльнасці можна атрымаць на факультэце філасофіі і сацыяльных навук БДУ, з 2001 г. — па напрамку «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (сувязі з грамадскасцю)» у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. У 1998 г. праграма перападрыхтоўкі на базе вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці «менеджмент у сферы грамадскіх сувязей» была адкрыта ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
У гэтыя гады на навуковых канферэнцыях быў пакладзены пачатак пазіцыянаванню новага віду дзейнасці як сацыяльна значнага напрамку ў масавай камунікацыі, актыўныя даследаванні ў галіне паблік рылейшнз дапамагалі сфармуляваць асаблівую сацыяльную місію гэтай дзейнасці. Публікаваліся першыя артыкулы і кнігі, якія ўтрымлівалі беларускія распрацоўкі ў гэтай галіне. У 2002 г. І. М. Сакалоў абараніў у рамках спецыяльнасці «журналістыка» першую ў Беларусі дысертацыю па новым напрамку даследаванняў, па прыкладной навуковай дысцыпліне, сацыяльнай інфармацыйна-камунікацыйнай навуцы (піяралогіі) на тэму «Структурная модификация общественных связей (паблик рилейшнз) в системе социальной коммуникации».
Беларуская асацыяцыя па сувязях з грамадскасцю сумесна з кансалтынгавай кампаніяй Institute PR, Belarus у 2004–2011 гг. праводзіла штогадовую канферэнцыю «PR-чытанні»; акрамя такога абмену вопытам быў таксама заснаваны нацыянальны конкурс у галіне паблік рылейшнз.
Стваралася прававая база для рэгулявання PR-дзейнасці. Гэтыя пытанні былі адлюстраваны ў законах «Аб друку і іншых СМІ», «Аб рэкламе», «Аб грамадскіх аб’яднаннях», «Аб абароне правоў спажыўцоў», у палажэннях шэрага дакументаў («Аб парадку прадастаўлення інфармацыі аб дзейнасці органаў дзяржаўнай улады для асвятлення СМІ», «Аб прэс-службе Прэзідэнта Беларусі», «Аб Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь», аб прэс-службах органаў дзяржаўнага кіравання).
На этапе другаснай інстытуцыяналізацыі (2006–2013) інстытут сувязей з грамадскасцю набываў такія сацыяльна значныя функцыі, як асветніцтва і папулярызацыя, стымуляванне найлепшага вопыту, пацвярджэнне сацыяльнай ролі і значнасці новай прафесіі для постіндустрыяльнага, інфармацыйнага грамадства.
Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 лютага 2009 г. № 65 «Аб удасканаленні работы дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый са сродкамі масавай інфармацыі» стаў прынцыпова важным сведчаннем прызнання дзяржавай сувязей з грамадскасцю як механізму стварэння даверу і ўзаемаразумення ў грамадстве. Акрамя таго, ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 лютага 2010 г. № 60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт» утрымліваецца патрабаванне адкрытасці і камунікацыі з грамадскасцю. Для гэтага органам дзяржаўнага кіравання, іншым дзяржаўным арганізацыям і гаспадарчым суб’ектам з пераважнай доляй дзяржаўнай уласнасці ў статутных фондах загадана размяшчаць інфармацыю аб сваёй дзейнасці на афіцыйных сайтах, забяспечваць іх эфектыўнае функцыянаванне і сістэматычнае абнаўленне.
Істотнае значэнне для стымулявання дзейнасці па сувязях з грамадскасцю мелі законы Рэспублікі Беларусь ад 10 мая 2007 г. № 225‑З «Аб рэкламе», ад 17 ліпеня 2008 г. № 427‑З «Аб сродках масавай інфармацыі», ад 10 лістапада 2008 г. № 455‑З «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі», ад 17 мая 2011 г. № 262‑З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах», ад 18 ліпеня 2011 г. № 300‑З «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб».
Далейшае развіццё атрымала сістэма адукацыі па сувязях з грамадскасцю. На факультэце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДУ адкрываюцца праграмы павышэння кваліфікацыі: «Сучасныя PR-тэхналогіі ў СМІ» (2009), «Сучасная прэс-служба» (2011), «Спартыўная прэс-служба» (2013). У 2011 г. створана двухгадовая праграма перападрыхтоўкі «Камунікацыя ў сферы грамадскіх сувязей».
З 2011 г. спецыяльнасць «інфармацыя і камунікацыя (тэхналогіі камунікацыі)» адкрыта ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.
У гэты перыяд на новы ўзровень выйшлі навуковыя даследаванні ў галіне камунікацыі і паблік рылейшнз, пашырылася тэматыка навуковых канферэнцый. Заходні вопыт пазіцыянавання краіны ў свеце асвойваецца і ўжываецца для пабудовы камунікацыйнай стратэгіі беларускай дзяржавы за мяжой.
Асаблівую актуальнасць тэма развіцця стратэгіі па прасоўванні эканамічнага, інвестыцыйнага і навуковага патэнцыялу краіны за мяжой набыла пасля снежня 2008 г., калі выйшла распараджэнне Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб стварэнні міжведамаснай рабочай групы для выпрацоўкі плана дзеянняў па развіцці краінавага маркетынгу Рэспублікі Беларусь». Былі падрыхтаваны рэйтынгі Беларусі і прадстаўлены падыходы да пазіцыянавання краіны.
У 2010–2014 гг. Цэнтрам стратэгічнага развіцця «Маркетынгавыя сістэмы» пры ўдзеле Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь і Мінгарвыканкама праводзіўся міжнародны форум «Імідж Рэспублікі Беларусь: пазіцыянаванне і прасоўванне гарадоў і рэгіёнаў». Яго мэтай стала выпрацоўка стратэгічных шляхоў стварэння іміджу тэрыторый. У цяперашні час гэта тэматыка актыўна развіваецца на рэгіянальным узроўні, пра што сведчаць мясцовыя фестывалі, святы, іншыя мерапрыемствы, якія прыцягваюць увагу шырокай аўдыторыі як унутры, так і па-за межамі краіны.
З 2007 г. кафедрай тэхналогій камунікацыі БДУ рэалізуецца матывацыйна-адукацыйны праект «Школа PR», прызначаны для знаёмства студэнцкай моладзі Мінска з дзейнасцю па сувязях з грамадскасцю.
Чацвёрты этап развіцця беларускай сістэмы сувязей з грамадскасцю быў адзначаны прызнаннем гэтага віду дзейнасці з боку дзяржавы. Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 1 лістапада 2013 г. № 106 у Адзіны кваліфікацыйны даведнік пасад служачых (АКДП) была ўнесена пасада «спецыяліст па сувязях з грамадскасцю». І 1 лістапада адзначаецца прафесіяналамі як Дзень беларускіх PR-спецыялістаў.
Удасканальваецца сістэма прафесійнай падрыхтоўкі. Асаблівасцю беларускай PR-адукацыі ў адрозненне ад заходнееўрапейскіх і амерыканскіх аналагаў з’яўляецца тое, што яна развівалася не ўслед за прафесіяй, а адначасова з ёй, у некаторых пытаннях (пытанні этыкі, сацыяльная адказнасць, значэнне для бізнес-стратэгіі, тэхналогіі паблік рылейшнз і брэндынгу тэрыторый і інш.) нават апярэджваючы практыку.
На якасна іншы ўзровень выйшаў праект «Школа PR»: у 2014 г. яна пераўтворана ў Акадэмію камунікацыі, заняткі ў якой праходзяць у фармаце «роўны навучае роўнага». Сёння яго традыцыя атрымала развіццё і ахапіла старэйшых школьнікаў, заўтрашніх абітурыентаў у фармаце «Школы юнага камунікатара».
У красавіку 2014 г. на факультэце журналістыкі БДУ прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Актуальныя пытанні падрыхтоўкі спецыялістаў у сферы сувязей з грамадскасцю і рэкламы», прысвечаная 15‑годдзю навучання ў БДУ спецыялістаў па інфармацыі і камунікацыі. Рэгулярна арганізуецца Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Карпаратыўныя стратэгічныя камунікацыі» (прайшла ў 2016, 2018, 2020). Былі апублікаваны калектыўныя манаграфіі «Технологии и модели GR в Беларуси и России: сравнительный анализ» (2015), «Ресурсы массовой коммуникации в формировании страновых имиджей» (2016), «Государственный PR и Government Relations в России и Беларуси: основные тенденции» (Сыктывкар, 2015). З 2014 г. праводзіцца Міжнародны практычны форум па маркетынгу і сувязях з грамадскасцю «PR-пятніца», мэта яго — вывучэнне вопыту работы вядучых кампаній свету.
Эвалюцыя да карпаратыўных стратэгічных камунікацый стала важнай перспектывай развіцця сувязей з грамадскасцю. Умовы для гэтага кірунку адкрыў Закон Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2015 г. № 345‑З «Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве», у аснову якога закладзены прынцыпы сацыяльнай накіраванасці эканамічнай дзейнасці, прыярытэту грамадскіх інтарэсаў, раўнапраўя дзяржаўнага і прыватнага партнёраў, захавання балансу інтарэсаў і рызык паміж імі.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 лютага 2017 г. № 40 было зацверджана «Палажэнне аб прэс-сакратары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Прэс-сакратар Прэзідэнта ў сваёй рабоце падпарадкоўваецца непасрэдна Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, уваходзіць у структуру Адміністрацыі Прэзідэнта і па пасадзе прыраўноўваецца да памочніка Прэзідэнта.
PR-дзейнасць усё больш перамяшчаецца ў інтэрнэт-прастору, узрастае доля і эфектыўнасць лічбавага, дыджытал-піяру, для якога характэрна выкарыстанне інтэрнэт-тэхналогій у рэальнай прасторы.
У цяперашні час структуры па сувязях з грамадскасцю ў органах дзяржаўнага кіравання ўжо не пасрэднікі паміж арганізацыямі і СМІ (грамадствам), а паўнавартасныя суб’екты інфармацыйнай прасторы. Яны ўдзельнічаюць у фарміраванні карпаратыўнай камунікацыйнай стратэгіі і з дапамогай яе рэалізацыі ўплываюць на інфармацыйныя патокі, а праз іх — на грамадства ў цэлым.