Інфармацыйная прастора
- Агульная характарыстыка
- Друкаваныя СМІ
- Інфармацыйныя агенцтвы ў сістэме СМІ. БелТА ў сістэме інфармацыйнага рынку
- Радыёвяшчанне
- Беларускае тэлебачанне
- Лічбавая журналістыка
- Кнігавыдавецтва і паліграфія
- Інстытут сувязей з грамадскасцю
Беларускае тэлебачанне
Дата стварэння: 23.07.2024 11:27:12
Дата змены: 23.07.2024 15:35:10
З абвяшчэннем дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі рэспубліканскія тэлерадыёцэнтры выводзіліся са складу Дзяржтэлерадыё СССР, якое ліквідавалася. У верасні 1991 г. Дзяржаўны камітэт БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні (Дзяржтэлерадыё БССР) быў перайменаваны ў Дзяржаўны камітэт Рэспублікі Беларусь па тэлебачанні і радыёвяшчанні (Дзяржтэлерадыё Рэспублікі Беларусь). У 1993 г. Дзяржтэлерадыё ўвайшло ў Еўрапейскі вяшчальны Саюз (ЕВС). У жніўні 1994 г. на базе Дзяржтэлерадыё была створана Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь (НДТРК).
У 1992 г. «Беларуская праграма», якая існавала з 1956 г., была перайменавана ў «Тэлевізійны беларускі канал» (ТБК) і да 1996 г. заставалася адзіным беларускім тэлеканалам у рэспубліканскім эфіры (акрамя яе ў краіне трансліраваліся расійскія ГРТ, РТР, НТБ, «Культура» і ТВЦ). У 1996 г. канал перайменаваны ў «Беларускае тэлебачанне» (БТ).
1990‑я гг. — перыяд ломкі традыцый і станаўлення прынцыпова новай сістэмы вяшчання, развіцця тэлевізійнага рынку. Упершыню разам з дзяржаўным тэлебачаннем у Беларусі з’яўляюцца недзяржаўныя тэлевізійныя каналы ў рэгіёнах і гарадах (у 1‑й палове 1990‑х гг. іх налічвалася каля 150).
Далейшае тэхнічнае пераўзбраенне тэлебачання дазволіла значна пашырыць аб’ём вяшчання, у т. л. мадэрнізаваць інфармацыйную службу, павялічыць долю забаўляльных праграм. Змены закранулі і структуру навін БТ. Творчае аб’яднанне інфармацыйных праграм у 1995 г. было пераўтворана ў Агенцтва тэлевізійных навін (АТН). Раней выходзілі 2 выпускі навін і адзін выніковы.
У маі 2000 г. БТ змяніла назву на «Першы нацыянальны тэлеканал».
У 2001 г. быў створаны канал СТБ («Сталічнае тэлебачанне»), вяшчальны дзень якога складаўся з праграмнага пакета расійскага канала РэнТБ і ўласнай прадукцыі. У 2002 г. адкрыўся тэлеканал АНТ («Агульнанацыянальнае тэлебачанне»), які быў створаны на базе расійскага канала ГРТ і будаваў працу паводле прынцыпу «Не замест, а разам».
У 2002 г. створаны тэматычны недзяржаўны «Першы музычны тэлеканал», арыентаваны на маладзёжную аўдыторыю, у аснове яго вяшчання — відэакліпы і ўласныя забаўляльныя праграмы.
У 2003 г. на частаце расійскага тэлеканала «Культура» пачаў вяшчанне новы канал Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь «Лад» — першы сямейны канал у Беларусі.
Уласнае вяшчанне на краіны СНД і Балтыі адкрыла тэлерадыёкампанія «Мір» (яе заснавальнікі — 10 краін СНД). Жыхары Беларусі ўбачылі новы канал у поўным аб’ёме ў снежні 2004 г.
У 2005 г. быў створаны новы міжнародны спадарожнікавы дзяржаўны тэлеканал «Беларусь-ТБ». Яго перадачы былі прызначаны для замежных гледачоў (сетка вяшчання складалася на аснове сеткі Першага нацыянальнага тэлеканала). На 1 студзеня 2006 г. вяшчанне «Беларусь-ТБ» было арганізавана ў кабельных сетках 12 краін (з 20 краін, дзе была магчымасць прыёму сігналу). Тэлеканал маглі глядзець тэлегледачы ў 151 горадзе далёкага і блізкага замежжа.
З 2005 г. праводзіцца Нацыянальны тэлевізійны конкурс «Тэлевяршыня».
У 2006 г. Першы нацыянальны тэлеканал пазіцыянаваў сябе як галоўны інфармацыйны тэлеканал краіны. На 1 сакавіка 2005 г. у зоне яго вяшчання пражывала 99,5 % насельніцтва Беларусі, аб’ём вяшчання — 18–19 гадзін у суткі, арыгінальнага вяшчання — да 12 гадзін, г. зн. аснову эфіру складала ўласная прадукцыя Белтэлерадыёкампаніі.
У 2006 г. была прынята Канцэпцыя тэлерадыёвяшчання Рэспублікі Беларусь. Пачаўся перавод тэлевяшчання на новае, лічбавае абсталяванне (сервернае вяшчанне) у сувязі з рэалізацыяй Дзяржаўнай праграмы ўкаранення лічбавага тэлевізійнага і радыёвяшчання ў Рэспубліцы Беларусь да 2015 года, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 снежня 2005 г. № 1406.
У 2006 г. важнай падзеяй стала ўкараненне ў эфір нацыянальнага тэлебачання вядомага расійскага ТБ-брэнда: на тэлеканале «Лад» стартаваў праект «Белорусское времечко» (з 2014 «Белорусское времечко» выходзіць у эфіры «Беларусь 1»).
Па-ранейшаму ўсе каналы рэтранслявалі расійскія перадачы. У ліпені 2006 г. на беларускіх частотах, дзе з 1990‑х гг. вяшчаў расійскі тэлеканал НТБ, пачаў трансляцыю «НТБ-Беларусь».
У 2007 г. пачала тэставае вяшчанне Тэлерадыёвяшчальная арганізацыя (ТРА) Саюзнай дзяржавы, з 2008 г. яна выйшла на рэгулярны рэжым, а ў 2009 г. вывела эфірны дзень на 24 гадзіны ў суткі. У 2017 г. канал змяніў назву на «БелРос», было перафарматавана інфармацыйнае вяшчанне, выпушчаны новыя выніковыя праграмы «Союзинформ. Итоги» і «Беларусь. Главное», а таксама аналітычныя, пазнавальныя, культурна-асветніцкія і забаўляльныя тэлепраекты.
У ліпені 2008 г. пачаў вяшчаць тэлеканал «РТР-Беларусь». Кантэнт запазычваўся ў расійскага міжнароднага канала «РТР-Планета».
Працягваліся работы па ўкараненні лічбавага тэлебачання. У 2008 г. Міністэрствам інфармацыі вызначаны пералік праграм для трансляцыі ў лічбавым фармаце: «Першы канал», «Лад», «НТБ-Беларусь» (Белтэлерадыёкампанія); «Агульнанацыянальнае тэлебачанне» (ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал»); «Сталічнае тэлебачанне», «РТР-Беларусь» (ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне»); «Мір» (Нацыянальнае прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Рэспубліцы Беларусь); «Першы музычны тэлеканал» (ТАА «Дабрабачанне»); «8 канал» (ЗАТ «8 канал»).
Рэалізоўвалася дзяржаўная праграма развіцця спадарожнікавага тэлевізійнага вяшчання ў Рэспубліцы Беларусь. У 2009 г. спадарожнікавую трансляцыю ажыццяўлялі «Беларусь-ТБ» (Белтэлерадыёкампанія), СТБ (ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне»), ВТБ (ТАА «Дабрабачанне»), +ТБ (ТДА «Белвіясат»), «Мір» (МТРК «Мір») і ТРА (ТРА Саюза). У 2011 г. «Першы нацыянальны» быў перайменаваны ў «Беларусь 1», «Лад» — у «Беларусь 2».
З 2013 г. новую назву атрымаў міжнародны тэлеканал «Беларусь-ТБ», пачаў выходзіць як «Беларусь 24». Рэдакцыяй тэлеканала было забяспечана кругласутачнае вяшчанне і дубліраванне выпускаў навін на англійскай мове бягучым радком, з 2016 г. пачалася вытворчасць асобных англамоўных праграм.
У 2013 г. упершыню выйшаў у эфір культуралагічны канал «Беларусь 3» з вяшчаннем у асноўным на беларускай мове.
З 2013 г. у структуры Белтэлерадыёкампаніі пачаў працу тэлеканал «Беларусь 5» — першы тэматычны канал аб спорце, закліканы фарміраваць нацыянальную самасвядомасць з дапамогай прапаганды здаровага ладу жыцця, а таксама дасягненняў айчыннага спорту.
У 2015 г. запушчаны рэгіянальны тэлеканал «Беларусь 4», які кампенсуе недахоп кантэнту з рэгіёнаў. У кожнай з абласцей ён атрымаў сваю версію: «Беларусь 4. Магілёў», «Беларусь 4. Гомель», «Беларусь 4. Віцебск», «Беларусь 4. Гродна», «Беларусь 4. Брэст».
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13 мая 2015 г. № 407 быў зацверджаны пералік тэлепраграм, якія ўваходзяць у абавязковы агульнадаступны пакет тэлепраграм, вызначаны парадак і паслядоўнасць (чарговасць) іх распаўсюджвання. У яго ўвайшлі тэлепраграмы, якія набылі найбольш масавую аўдыторыю гледачоў: «Беларусь 1», «Агульнанацыянальнае тэлебачанне», «Сталічнае тэлебачанне», «Мір», «Расія-Беларусь», «НТБ-Беларусь», «Беларусь 2», «Беларусь 3», «Беларусь 5».
Да 2016 г. Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь уключала 7 рэспубліканскіх каналаў: «Беларусь 1», «Беларусь 2», «Беларусь 3», «Беларусь 4», «Беларусь 5», «Беларусь 24» і «НТБ-Беларусь».
Актуальныя для далейшага развіцця нацыянальнага тэлевяшчання пытанні тэхнічнага перааснашчэння. У 2016–2019 гг. тэхнічнае развіццё Белтэлерадыёкампаніі праходзіла ў адпаведнасці з Канцэпцыяй тэхнічнага развіцця на 2016–2020 гады, закуплялася абсталяванне для забеспячэння трансляцый маштабных падзей і вяшчання канала «Беларусь 5», тэлевізійнае і тэхналагічнае абсталяванне для Агенцтва тэлевізійных навін, вяшчальныя серверы для «Беларусь 1», «Беларусь 2», «Беларусь 3», «Беларусь 5», «Беларусь 24», «НТБ-Беларусь», камеры ТЖК, станцыі нелінейнага мантажу і графічнага дызайну і інш.
Было таксама закуплена і заменена тэхналагічнае абсталяванне ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» і ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне». ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» запушчана новая высокатэхналагічная смарт-студыя для запісу праграм «Наше утро», «Новости. Утренний выпуск», «Метеогид». Абноўлена студыя грамадска-палітычнага ток-шоу «Наша жизнь». ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» набыло 6 новых камер, пераведзеных у фармат HD, дадатковыя мантажныя комплексы, мадэрнізавала ПТС пад фармат HD.
З 2018 г. рэспубліканскія тэлеканалы, якія ўваходзяць у абавязковы агульнадаступны пакет, пачалі транслявацца ў сетках аператараў электрасувязі ў HD-фармаце. Прагляд тэлепраграм у гэтым фармаце стаў даступны гледачам практычна на ўсёй тэрыторыі рэспублікі з дапамогай паслугі інтэрактыўнага тэлебачання РУП «Белтэлекам», а таксама ў сістэмах лічбавага кабельнага тэлебачання найбуйнейшых аператараў электрасувязі СТАА «Космас ТБ», ТАА «Аксіёма-сэрвіс», ААТ «МТІС», УП «Вэлком» і інш.
Асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускага тэлебачання ў 2016–2019 гг. адносна зместу вяшчання — паляпшэнне якасці кантэнту, рэалізацыя праектаў па прыярытэтных дзяржаўных інфармацыйных напрамках, сярод якіх праграмы навін, палітычнай, сацыяльнай тэматыкі, дзіцячыя і маладзёжныя перадачы.
Міністэрствам інфармацыі сумесна з Белтэлерадыёкампаніяй, ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» і ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» вялася работа па рэалізацыі мерапрыемстваў падпраграмы «Безбар’ернае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб» Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і занятасці насельніцтва на 2016–2020 гады ў частцы павелічэння гадзін тэлекантэнту для асоб з парушэннямі слыху. Значнасць гэтай працы ўзрасла ў сувязі з далучэннем Рэспублікі Беларусь у кастрычніку 2016 г. да Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў. У 2017 г. Белтэлерадыёкампанія ўвяла ў эксплуатацыю серверы вяшчання з падтрымкай функцыі схаванага субцітравання (рэалізуецца шляхам выкарыстання спецыяльнай функцыі на пульце тэлевізара), што дазволіла значна павялічыць аб’ём кантэнту, адаптаванага для гледачоў з парушэннямі слыху. Каб рэалізаваць правы такіх гледачоў, забяспечваючы ім даступнасць інфармацыі, ажыццяўляе вяшчанне спецыялізаваны тэлеканал «Жэст».
Перад тэлекампаніямі была пастаўлена задача забяспечыць у сетцы вяшчання 30 % беларускага (нацыянальнага) кантэнту. З гэтай мэтай на тэлеканале АНТ былі істотна абноўлены дзеючыя праграмы: забаўляльныя — «Наше утро», «Наши новости. Утренний выпуск», ток-шоу «Наша жизнь», перадача- расследаванне «Репортёр», з’явіліся новыя — крымінальная «Тревожная кнопка», праект-інтэрв’ю «Марков. Ничего личного».
Тэлеканал СТБ папоўніўся рэаліці «Деревня. Live», гутарковай перадачай «В обстановке мира», цыклам дакументальных фільмаў «Тайны Беларуси», праектам-інтэрв’ю «В людях» і інш. З’явіліся новыя рубрыкі ў ранішнім вяшчанні — агляды міжнародных непалітычных навін, аўтамабільны дайджэст, зорныя інтэрв’ю, аўтарскія сняданкі. Канцэптуальна змяніліся «Погода», «Обзор прессы» і «Техно». У эфіры тэлеканалаў Белтэлерадыёкампаніі створаны новыя праграмы.
У 2020 г. у сувязі з абвастрэннем інфармацыйнай вайны тэлевізійны кантэнт быў прадстаўлены пераважна інфармацыйна-аналітычным вяшчаннем. Сталі набіраць папулярнасць аўтарскія рубрыкі «Накипело», «Не гладко», «Антифейк» і інш. Глядач імкнуўся атрымаць усебаковую інфармацыю аб бягучай грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне і свеце. Асаблівую ролю ў рэалізацыі інфармацыйных задач дзяржавы сталі іграць праекты «Клуб редакторов», «Понятная политика», «Марков. Ничего личного», «ОбъективНо», «Тайные пружины политики» і інш. Актывізавалася развіццё аўтарскай журналістыкі.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў ХІ Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу «Тэлевяршыня» адбылася 21 мая 2015 г. І. Пазняк — лепшы вядучы інфармацыйна-аналітычнай праграмы («Неделя», ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне»)
У 2021 г. беларускія тэлеканалы таксама ўзялі курс на вытворчасць новых забаўляльных тэлепраектаў. Так, на АНТ было запушчана шоу «Народный повар», у якім гледачы змаглі ўбачыць 15 кулінарных баталій простых беларусаў і даведацца пра больш за 100 новых рэцэптаў. На тэлеканале РТР-Беларусь стартавала трэвэл-шоу «Медовый месяц», якое вядуць маладыя пары, што вандруюць па родных гарадах падчас свайго першага адпачынку. Восенню 2021 г. з поспехам стартаваў маштабны конкурс талентаў «Х-фактор Беларусь» на тэлеканале «Беларусь 1», які штотыднёва збіраў найбольшую колькасць тэлегледачоў на працягу 4 месяцаў. У 2022 г. праект атрымаў Гран-пры Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу «Тэлевяршыня». У новым сезоне праект атрымаў працяг пад брэндам «Фактор.by».
Нягледзячы на поспех забаўляльных праграм, справаздача аб тэлепраглядзе паказала, што інфармацыйныя і аналітычныя праграмы ў 2022 г. былі па-ранейшаму запатрабаваныя ў гледача Беларусі.
Згодна з гадавой справаздачай ЗАТ «МедиаИзмеритель» у Беларусі ў 2022 г. былі найбольш папулярныя 10 вяшчальнікаў: «РТР-Беларусь», «НТБ-Беларусь», АНТ, «Беларусь 1», «Мір», СТБ, «ТНТ-International», «Беларусь 2», «Беларусь 3» і «Беларусь 5».
На 1 чэрвеня 2023 г. у медыйным полі дзейнічалі 94 беларускія тэлепраграмы — 41 дзяржаўная і 53 недзяржаўныя. У кабельных сетках распаўсюджваецца 225 замежных тэлепраграм.
Беларускае тэлевяшчанне за гады незалежнасці здабыло характэрныя рысы нацыянальнай унікальнасці. Яно паказала рост прафесіяналізму, адаптавалася ў канвергентным медыяасяроддзі, вытрымала канкурэнцыю з боку сеткавых рэсурсаў. Сфарміравалася нацыянальная школа тэлевытворчасці, якая дазваляе не толькі паспяхова рэалізоўваць дзяржаўную інфармацыйную палітыку, але і аператыўна адаптавацца да запытаў розных аўдыторый.