Інфармацыйная прастора
- Агульная характарыстыка
- Друкаваныя СМІ
- Інфармацыйныя агенцтвы ў сістэме СМІ. БелТА ў сістэме інфармацыйнага рынку
- Радыёвяшчанне
- Беларускае тэлебачанне
- Лічбавая журналістыка
- Кнігавыдавецтва і паліграфія
- Інстытут сувязей з грамадскасцю
Кнігавыдавецтва і паліграфія
Дата стварэння: 23.07.2024 11:32:03
Дата змены: 23.07.2024 15:00:05
Рэспубліка Беларусь — краіна з традыцыйна высокай кніжнай культурай. Кнігавыданне — дзяржаўны прыярытэт і адзін з найважнейшых складнікаў нацыянальных інтарэсаў.
Выдавецкая дзейнасць у рэспубліцы рэгламентуецца законамі Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах», «Аб рэкламе», «Аб сродках масавай інфармацыі», «Аб выдавецкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб ліцэнзаванні асобных відаў выдавецкай дзейнасці» і іншымі нарматыўнымі актамі.
Задачы, якія стаяць перад беларускімі дзяржаўнымі выдавецтвамі, былі выкладзены ў Праграме развіцця галіны друку і сродкаў масавай інфармацыі на 2010–2020 гады. Галоўныя з іх — выпуск якаснай, запатрабаванай, сацыяльна значнай літаратуры; карэнная перабудова маркетынгавай палітыкі, накіраваная на перспектыўнае планаванне і аператыўную рэалізацыю выпушчанай прадукцыі; паляпшэнне фінансава-эканамічнай сітуацыі ў выдавецка-паліграфічным комплексе.
Агульнае кіраўніцтва выдавецкай і паліграфічнай дзейнасцю ажыццяўляе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Цэнтрам дзяржаўнага статыстычнага ўліку друкаванай прадукцыі з’яўляецца Нацыянальная кніжная палата Беларусі, якая выконвае функцыі нацыянальнага цэнтра па стандартнай нумарацыі кніг і брашур і прысвойвае ідэнтыфікатары выдавецтвам і выдаўцам. У 1993 г. Рэспубліка Беларусь зарэгістравана Міжнародным агенцтвам міжнароднай стандартнай нумарацыі кніг як незалежная дзяржава з самастойным ідэнтыфікатарам выданняў (ISBN 985–000–000–0).
Нацыянальная кніжная палата рыхтуе і выдае статыстычны зборнік «Друк Беларусі», Нацыянальная бібліятэка — бюлетэнь «Новыя кнігі».
Выдавецка-паліграфічны комплекс Беларусі склаўся ў 1990‑я гг. Для яго, як і для іншых галін і міжгаліновых комплексаў, характэрна многаўкладнасць: функцыянуюць прадпрыемствы дзяржаўнай, прыватнай і змешанай форм уласнасці.
У 2018 г. выдавецкую дзейнасць ажыццяўлялі 511 зарэгістраваных суб’ектаў гаспадарання, у т. л. 182 дзяржаўнай формы ўласнасці, 244 — прыватнай, 55 індывідуальных прадпрымальнікаў, 20 рэлігійных арганізацый і 10 грамадскіх аб’яднанняў. Большасць дзеючых у Рэспубліцы Беларусь выдавецкіх арганізацый складаюць сярэднія і дробныя прадпрыемствы, што адлюстроўвае агульную тэндэнцыю развіцця ў сферы кніжнага прадпрымальніцтва не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах свету. Здзяйсняецца пераход ад масавага маркетынгу, арыентаванага на ўсярэднены і безасабовы попыт, да групавога і індывідуальнага.
Вялікую падтрымку развіццю кнігавыдавецкай справы ў Беларусі аказвае дзяржава. Часткова або цалкам фінансуецца выпуск асобных сацыяльна значных выданняў, прадастаўляецца шэраг ільгот і прэферэнцый. У ліку такіх выданняў — кнігі розных тэматычных напрамкаў на беларускай і рускай мовах, а таксама кнігі прадстаўніцкага характару (выяўленчая і фотапрадукцыя), якія выпускаюцца ў рамках дзяржаўных праграм, літаратура для папаўнення фондаў публічных бібліятэк.
Істотную канкурэнцыю кнізе пачалі складаць электронныя выданні. Адбываецца інтэграцыя паліграфічнай прадукцыі з электроннымі дакументамі, што нясе практычныя выгады. Алічбоўванне забяспечвае захаванасць унікальных кніжных выданняў, напрыклад пісьмовых помнікаў старажытнасці, дазваляе ствараць электронныя базы даных.
Выкарыстанне ў выдавецкай практыцы новых інфармацыйных тэхналогій дазволіла цалкам перабудаваць рэдакцыйна-выдавецкі працэс, зрабіць яго высокатэхналагічным, арганізаваным і эфектыўным. Значна павысілася якасць выдавецкай падрыхтоўкі і паліграфічнага выканання выданняў.
Станаўленне ў краіне рыначных адносін прывяло да змены мадэлі кніжнага выпуску. Колькасная мадэль, характэрная для 1990‑х гг., калі колькасць найменняў кніг і брашур, што выпускаюцца, была практычна нязменнай, а рост выдавецкай прадукцыі ішоў галоўным чынам за кошт павелічэння тыражу, саступіла месца якаснай мадэлі, пры якой развіццё кнігавыдання ажыццяўляецца пераважна шляхам пашырэння тэматыкі і мэтавага прызначэння выданняў. Калі ў пачатку 2000‑х гг. лідарам чытацкага попыту былі літаратурна-мастацкія творы, у асноўным любоўныя раманы, фантастыка і дэтэктыў, то ў цяперашні час назіраецца рост сацыяльна значных відаў літаратуры. Вырасла колькасць вучэбнай літаратуры ў сукупным аб’ёме выпуску: у 2018 г. — 49,5 % у агульнай колькасці прадукцыі і 72,4 % у сумарным тыражы (у 2017 — 50,9 і 76,2 %; у 2016 — 51,4 і 76,1 %; у 2015 — 48,4 і 65,5 % адпаведна). Па колькасці найменняў павялічыўся выпуск навуковых, навукова-папулярных, літаратурна-мастацкіх выданняў, кніг для дзяцей і юнацтва. Вырас тыраж афіцыйных, навукова-папулярных і дзіцячых выданняў. Знізіўся выпуск вучэбна-метадычных (па колькасці назваў), даведачных, інфармацыйных і вытворчых выданняў. Больш стала выдавацца сацыяльна значнай літаратуры. Выйшлі працы да юбілеяў Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, кнігі пра Беларусь, на беларускай і замежных мовах, выданні краязнаўчай, экалагічнай тэматыкі, творы класікаў нацыянальнай літаратуры.
У 2022 г. у Беларусі было выдадзена 8 586 кніг і брашур агульным тыражом больш за 20,1 млн экзэмпляраў. Сярэдні тыраж адной кнігі склаў 2 344 экзэмпляры. На беларускай мове за гэты перыяд выдадзена 1 067 кніг і брашур тыражом 2,82 млн экзэмпляраў. Сярэдні тыраж адной беларускамоўнай кнігі склаў 2 645 экзэмпляраў. На долю беларускамоўных выданняў у агульным патоку кніг прыпадае 12,4 % колькасці выданняў і 14 % тыражу.
У параўнанні з 2021 г. паказчыкі кнігавыдання некалькі знізіліся. Колькасць выданняў зменшылася на 5,2 %, тыраж — на 7,8 %, колькасць друкаваных лістоў-адбіткаў — на 6,7 %.
Па стане на 1 студзеня 2023 г. у Дзяржаўным рэестры выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў у якасці выдаўцоў зарэгістравана 565 суб’ектаў гаспадарання: у т. л. 198 (35,1 %) суб’ектаў гаспадарання дзяржаўнай формы ўласнасці, 277 (49 %) — прыватнай формы ўласнасці, 59 (10,4 %) — індывідуальных прадпрымальнікаў, 20 (3,5 %) — рэлігійных арганізацый і 11 (2 %) — грамадскіх аб’яднанняў.
У Брэсцкай вобласці зарэгістравана 28 суб’ектаў гаспадарання, якія ажыццяўляюць выдавецкую дзейнасць, у Віцебскай — 30, Гомельскай — 33, Гродзенскай — 20, Магілёўскай — 16, Мінскай — 27 і ў г. Мінску — 411 суб’ектаў гаспадарання.
Паводле даных дзяржаўнага статыстычнага ўліку, у 2022 г. выдавецтвамі і выдаўцамі-арганізацыямі розных форм уласнасці, зарэгістраванымі ў Беларусі, выпушчана 8 586 найменняў кніг і брашур агульным тыражом 20,13 млн экзэмпляраў.
Паказчык выпуску кніг і брашур у разліку на душу насельніцтва склаў 2,2 кнігі на аднаго жыхара (у 2021 — 2,3; у 2020 — 2,2).
Сярэдні тыраж адной кнігі — 2,35 тыс. экзэмпляраў (у 2021 — 2,4).
Доля кніг у агульным асартыменце назваў кніжнай прадукцыі ў параўнанні з папярэднім годам павялічылася і склала 79,4 % (75,3 % у сукупным тыражы), адпаведна брашур — 20,6 % (24,7 % у агульным тыражы).
На беларускай мове ў 2022 г. выпушчана 1 067 найменняў кніг і брашур тыражом 2,83 млн экзэмпляраў. Найбольш тыражнай у беларускамоўным сегменце з’яўляецца вучэбная літаратура, якая адносіцца да катэгорыі «сацыяльна значная».
На беларускую мову кнігі перакладаліся (усяго 100 назваў тыражом 168,4 тыс. экзэмпляраў) з рускай (35), польскай (17), нямецкай (10), англійскай і шведскай (па 6), кітайскай (5), украінскай (3), арабскай, іспанскай і італьянскай (па 2), казахскай, армянскай, галандскай, дацкай, ісландскай, нідэрландскай, персідскай, сербскай, французскай, японскай (па 1) і іншых моў.
У кніжным патоку 2022 г. зафіксавана больш за 30 моў народаў свету, якія з’яўляюцца арыгіналамі для гэтых перакладаў.
На долю 24 выдаўцоў-лідараў, якія выпусцілі за год больш за 100 назваў кніжнай прадукцыі, прыпадае значная частка айчыннага кнігавыдання. У 2022 г. лідары забяспечылі 48,2 % выпуску кніг па назвах і 69,6 % па тыражы; 24 выдаўцы з рэйтынга — гэта толькі 8,9 % выдаўцоў, якія выпускалі ў свет у 2022 г. кніжную прадукцыю.
У разрэзе тэматычных напрамкаў па-ранейшаму відавочная пераважная доля выпуску вучэбнай літаратуры — яна займае 54,1 % у агульнай колькасці выпушчанай прадукцыі і 80,6 % у сумарным тыражы (55,2 і 81 % у 2021).
У 2022 г. выдадзена 972 найменні мастацкай літаратуры тыражом 1,13 млн экзэмпляраў, пры гэтым сярэдні тыраж аднаго выдання склаў 1,16 тыс. экзэмпляраў. Мастацкая літаратура склала 11,3 % ад усяго выпуску кніжнай прадукцыі па назвах (для дарослых — 6,7 %, для дзяцей — 4,7 %), па тыражы — 5,6 %.
Для дзяцей і юнацтва ў 2022 г. выдадзена 564 кнігі агульным тыражом 1 495,7 тыс. экзэмпляраў. У агульнай колькасці назваў дзіцячай літаратуры пазнавальная літаратура займае 29 %, літаратурна-мастацкія выданні — 71 %. Сярэдні тыраж аднаго выдання дзіцячай кнігі склаў 2,7 тыс. экзэмпляраў.
Паводле даных статыстычнага ўліку, у 2022 г. дзяржаўнымі выдавецтвамі сістэмы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, у т. л. РВУ «Выдавецкі дом “Звязда”», выпушчана 414 найменняў кніг і брашур (без уліку электронных выданняў, выяўленчых і фотаальбомаў, ліставой прадукцыі і паштовак) тыражом 1,52 млн экзэмпляраў.
У агульным аб’ёме выпушчанай у краіне прадукцыі кнігі падведамных Мінінфарму выдавецтваў займаюць 4,8 % у агульнай колькасці найменняў і 7,6 % у сукупным тыражы.
З прыцягненнем бюджэтных субсідый выдавецтвамі сістэмы Мінінфарма, а таксама РВУ «Выдавецкі дом “Звязда”», РУП «Выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”», РУП «Выдавецкі дом “Беларуская навука”» выпушчана 110 найменняў тыражом 268,3 тыс. экзэмпляраў.
З мэтай выканання даручэння Кіраўніка дзяржавы, дадзенага на сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, працягнуты выпуск літаратурна-мастацкіх твораў сучасных аўтараў для мэтавай пастаўкі ў публічныя бібліятэкі — выдадзена 14 кніг агульным тыражом 5,9 тыс. экзэмпляраў. Згодна з гэтым даручэннем, усяго пачынаючы з 2012 г. выдадзена і пастаўлена ў бібліятэкі 150 найменняў кніг з творамі сучасных беларускіх аўтараў тыражом 164,2 тыс. экзэмпляраў.
Для бязвыплатнай мэтавай пастаўкі ў бібліятэкі ўстаноў адукацыі працягнуты выпуск кніг серыі «Школьная бібліятэка». У 2022 г. выдадзена 6 найменняў кніг агульным тыражом 142,9 тыс. экзэмпляраў. Усяго пачынаючы з 2009 г. у гэтай серыі выпушчана 164 найменні кніг агульным тыражом 3 310,5 тыс. экзэмпляраў.
У рамках падпраграмы 4 «Беларусы ў свеце» Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2021–2025 гады ў 2022 г. скамплектаваны 15 бібліятэчак кніг беларускіх аўтараў. Бібліятэчкі былі перададзены Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі. Акрамя таго, у рамках названай падпраграмы ў серыі «Адрасы Беларусі ў свеце» выпушчаны твор М. І. Чаргінца «Цяжкія дарогі жыцця» ў дзвюх кнігах.
Па заказе Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь УП «Народная асвета» выпушчана 12 найменняў падручнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі тыражом 809,5 тыс. экзэмпляраў, 2 найменні для ўстаноў спецыяльнай адукацыі тыражом 1,43 тыс. экзэмпляраў і 2 найменні падручнікаў шрыфтам Брайля ў 17 кнігах тыражом 480 экзэмпляраў. Выдавецтвам «Вышэйшая школа» — 12 падручнікаў па замежных мовах тыражом 110,22 тыс. экзэмпляраў.
Выдавецтвам «Народная асвета» працягнуты выпуск кніг серыі «Школьная бібліятэка» шрыфтам Брайля для дзяцей — інвалідаў па зроку. У 2022 г. выпушчана 6 найменняў у 37 кнігах агульным тыражом 888 экзэмпляраў. На гэтыя мэты ў 2022 г. па падпраграме 2 «Даступнае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб» Дзяржаўнай праграмы «Сацыяльная абарона» на 2021–2025 гады накіравана 295 тыс. руб.

54‑ы Нацыянальны конкурс «Мастацтва кнігі». Рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў М. Баразна ўручыў узнагароду галоўнаму рэдактару выдавецтва БелТА Г. Галаватай. Люты 2015 г.

Нацыянальны стэнд Беларусі на кніжным фестывалі «Красная плошча» ў Маскве. У калектыўную экспазіцыю беларускіх выдавецтваў увайшло 1 397 найменняў кніг, выдадзеных у 2014–2016 гг. Чэрвень 2016 г.
Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь штогод праводзіць нацыянальны конкурс «Мастацтва кнігі». Узнагароджанне пераможцаў конкурсу праходзіць у рамках Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу.
Паліграфічная прамысловасць з’яўляецца дынамічнай галіной, якая бурна развіваецца ў свеце. Новыя магчымасці выпуску друкаванай прадукцыі адкрылі лічбавыя тэхналогіі. Для паліграфічнага прадпрыемства гэта азначала поўную перабудову вытворчага працэсу, засваенне новай тэхнікі.
Аснову паліграфічнай прамысловасці Рэспублікі Беларусь у 2010‑х гг. складалі 48 прадпрыемстваў дзяржаўнага сектара, падведамных Міністэрству інфармацыі, у т. л. 7 прадпрыемстваў рэспубліканскага значэння. Пазней Полацкае РУП «Спадчына Францыска Скарыны» было перададзена ў камунальную ўласнасць, ААТ «Чырвоная зорка» — рэарганізавана шляхам далучэння да ААТ «Паліграфкамбінат імя Якуба Коласа». Прадпрыемствамі Міністэрства інфармацыі ААТ «Паліграфкамбінат імя Якуба Коласа», РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А. Ц. Непагодзіна» і ААТ «Чырвоная зорка» ў першым паўгоддзі 2018 г. было выпушчана 531 млн фарбаадбіткаў друкаванай прадукцыі, што склала 107 % у параўнанні з папярэднім годам.
У Дзяржаўным рэестры выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў Рэспублікі Беларусь (у частцы выдаўцоў) у 2023 г. зарэгістравана 566 суб’ектаў гаспадарання, у Дзяржаўным рэестры выдаўца, вытворцы, распаўсюджвальніка друкаваных выданняў (у частцы распаўсюджвальнікаў) — 2 091, у частцы вытворцаў — звыш за 200.
Шырокую вядомасць набыла Мінская міжнародная выстава-кірмаш. Яна з’яўляецца свайго роду справаздачай працы кнігавыдаўцоў Беларусі.
Беларусь мае значную базу для падрыхтоўкі кадраў і навуковы патэнцыял у гэтай галіне. Спецыялістаў для выдавецкай сферы рыхтуюць БДУ, БДТУ, Мінскі паліграфічны каледж.