Інфармацыйная прастора
- Агульная характарыстыка
- Друкаваныя СМІ
- Інфармацыйныя агенцтвы ў сістэме СМІ. БелТА ў сістэме інфармацыйнага рынку
- Радыёвяшчанне
- Беларускае тэлебачанне
- Лічбавая журналістыка
- Кнігавыдавецтва і паліграфія
- Інстытут сувязей з грамадскасцю
Радыёвяшчанне
Дата стварэння: 23.07.2024 11:21:31
Дата змены: 23.07.2024 11:21:31
Узнікненне і развіццё беларускага радыёвяшчання
Днём нараджэння беларускага радыё прынята лічыць 15 лістапада 1925 г., калі ў Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё шырокавяшчальнай радыётэлефоннай станцыі РВ‑10 імя Саўнаркама БССР, а ў 18 гадзін 30 хвілін у эфіры ўпершыню прагучалі словы: «Гаворыць Мінск!..» Да гэтага часу ўжо дзейнічала Гомельская вяшчальная радыёстанцыя, якая рэтранслявала маскоўскую праграму, а ў 25 раёнах рэспублікі па пастанове Саўнаркама былі абсталяваны гучнагаварыльныя ўстаноўкі. Гэты час быў складаным для Савецкай Беларусі. Любое новае прадпрыемства ў перыяд нэпа ацэньвалася з пункту гледжання прыбытковасці. Радыё ж, як лічылася, нічога акрамя асветы і выхавання даць не магло. Але нятанны па тых часах праект (25 тыс. руб.) быў рэалізаваны. Калі радыёстанцыя запрацавала, кантрольныя званкі па тэлефоне ў Віцебск і Полацк пацвердзілі: чутнасць выдатная. Беларускае радыё было чуваць нават у Смаленску.
У ХХ ст. беларускае радыёвяшчанне прайшло няпросты шлях развіцця, уключаючы аднаўленне пасля Вялікай Айчыннай вайны.
І ў 1960‑я гг. была завершана поўная радыёфікацыя Беларусі. Знамянальнай падзеяй стаў пераезд у 1963 г. Дома радыё з вуліцы Рэвалюцыйнай, 3 на вуліцу Чырвоная, 4 (яго будаўніцтва пачалося ў 1957) у Мінску. Новы Дом радыё быў абсталяваны сучаснай для тых гадоў апаратурай.
Беларуская дыктарская школа ў свой час справядліва лічылася адной з найлепшых у Савецкім Саюзе. Яшчэ ў 1949 г. на Беларускае радыё прыйшоў, бадай, самы легендарны яго работнік — Ілья Курган, які ўзначаліў спецыяльнае падраздзяленне — аддзел дыктараў. Унікальнасць майстэрства найлепшых прадстаўнікоў гэтай прафесіі ацэньвалася па заслугах. Так, званне «Заслужаны дзеяч культуры БССР» насіла Л. Я. Бацвіннік, званнем «Заслужаны артыст БССР» былі адзначаны Л. Я. Стасевіч (1965), І. Л. Курган (1968), Г. Ф. Сядзельнікава (1975), М. М. Чырык (1991).
З сярэдзіны 1960 г. Беларускае радыё стала працаваць па новай сетцы. З’явіліся новыя радыёстанцыі: «Беларусь» (1962), якая забяспечыла рэгулярнае вяшчанне на замежныя краіны, «Белорусская молодёжная» (1963), «Сельская жизнь» (1964). Была адкрыта кафедра тэорыі і практыкі радыёвяшчання і тэлебачання на факультэце журналістыкі БДУ з мэтай падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў.
У 1970‑я гг. на тэрыторыі Беларусі працавалі 22 радыёвяшчальныя станцыі. У гэты перыяд ажыццёўлены пераход на трохпраграмнае правадное вяшчанне, сфарміравана стэрэавяшчанне на ультракароткіх хвалях. Калектыў рэспубліканскага радыё ў 1960–70‑я гг. папоўніла плеяда таленавітых журналістаў: Яўген Радкевіч, у далейшым даследчык гісторыі беларускага радыёвяшчання, загадчык кафедры тэлебачання і радыёвяшчання факультэта журналістыкі, Васіль Слушнік, Іван Садоўскі, Ніна Чайка, Вячаслаў Булацкі, Алена Сцяпанава, Валянціна Стэльмах, Яўген Казюкін, Уладзімір Субат, Таццяна Харавец і інш.
1981 год увайшоў у гісторыю як год поўнай радыёфікацыі: налічвалася больш за два мільёны радыёпрыёмнікаў і 2,5 млн радыёкропак. Радыё мела 4 вяшчальныя праграмы, працавалі 6 рэдакцый абласнога, 115 раённага, 12 гарадскога і 32 фабрычна-заводскага радыё.
У пачатку 1990‑х гг. на ўсіх праграмах аб’ём рэспубліканскага вяшчання складаў больш за 35 гадзін у суткі, астатні час ішлі трансляцыі праграм Усесаюзнага радыё. Акрамя таго, у кожным рэгіёне штодня на працягу адной гадзіны гучалі перадачы мясцовага радыё.
У 1988 г. у эфір выходзіць праграма «Мікрафон перабудовы», якая ўздымала такія надзённыя тэмы, як ліквідацыя прывілеяў для партыйных і савецкіх чыноўнікаў, барацьба з карупцыяй, рост нацыянальнай самасвядомасці, захаванне гістарычнай памяці. У 1991 г. за падрыхтоўку праграмы журналісты Яўген Казюкін, Таццяна Малмыга, Уладзімір Дзюба, Валянціна Стэльмах, Надзея Чэрня, Анатоль Чачотка і Уладзімір Ядранцаў былі ўганараваны прэміяй прафсаюзаў Беларускай ССР у галіне літаратуры, мастацтва, архітэктуры, журналістыкі, самадзейнай творчасці. Мастацкаму кіраўніку, галоўнаму дырыжору хору Дзяржаўнага камітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні В. У. Роўду і галоўнаму рэжысёру Рэспубліканскага радыё В. Д. Анісенку была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларускай ССР 1990 г. у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.
Станаўленне радыёвяшчання незалежнай Беларусі
Сістэма ўсесаюзнага радыёвяшчання перастала існаваць 1 студзеня 1992 г. Рэспубліканскае радыё пачало працаваць па самастойных праграмах — Радыё‑1 і Радыё‑2. У новых сацыяльна-палітычных умовах яно захоўвае дзесяцігоддзямі напрацаваныя традыцыі — аператыўнае інфармаванне радыёслухачоў аб актуальных пытаннях палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця, дзяржаўнага будаўніцтва, кантроль над трансляцыйнай сеткай і інфармацыйнымі патокамі. У вячэрні эфір выйшла інфармацыйна-аналітычная перадача «Постфактум». «Радыёфакт» і «Постфактум» застаюцца самымі папулярнымі праграмамі Першага канала Беларускага радыё.
У 1992 г. Дзяржаўны камітэт Рэспублікі Беларусь па тэлебачанні і радыёвяшчанні спыніў сваю дзейнасць, на яго базе створана Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Беларусі (Белтэлерадыёкампанія), у склад якой уваходзілі Першая і Другая праграмы Рэспубліканскага радыё.
У 1994 г. Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія была ліквідавана, яе функцыі перадаваліся зноў створанаму Дзяржаўнаму камітэту Рэспублікі Беларусь па тэлебачанні і радыёвяшчанні.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 жніўня 1994 г. № 27 Дзяржаўны камітэт па тэлебачанні і радыёвяшчанні быў ліквідаваны, замест яго створана Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь (НДТРК). Яе задачы: забеспячэнне аб’ектыўнага асвятлення сацыяльна-палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця рэспублікі, яе ўнутранай і знешняй палітыкі; садзейнічанне прапагандзе ідэй гуманізму, дэмакратыі, забеспячэнню правоў чалавека; стварэнне, камплектаванне і захоўванне нацыянальных і сусветна значных культурных і мастацкіх каштоўнасцей.
Новыя сацыяльна-палітычныя ўмовы пацягнулі за сабой развіццё рынку радыёпраграм, адкрыццё новых радыёстанцый розных форм уласнасці. Мянялася і традыцыйная радыёжурналістыка, прыёмы, метады, тэхналогіі радыёвытворчасці.
Рэспубліканскае радыё апрабавала і новыя формы вяшчання. У 1996 г. галоўная рэдакцыя вяшчання для моладзі арганізавала і правяла першы ў гісторыі радыёмарафон, прысвечаны 10‑годдзю чарнобыльскай катастрофы, які доўжыўся 18 гадзін — з 6 раніцы да 12 ночы.
У 2000 г. на Першай праграме Рэспубліканскага радыё ў эфір выходзіла каля 90 цыклавых перадач. Істотную жанрава-тэматычную разнастайнасць у эфір Беларускага радыё ўносіла праграма Радыё‑2. Яго рэдакцыя сінтэзавала лепшыя традыцыі маскоўскага «Маяка» і радыёстанцыі «Юность». Геаграфія канала ахоплівала ўсе рэгіёны краіны.
Развіццё FM-радыёстанцый, у т. л. камерцыйных
Першай зарэгістраванай беларускай камерцыйнай радыёстанцыяй можна лічыць «Аўтарадыё». Важны этап у развіцці беларускай вяшчальнай прасторы — з’яўленне ў эфіры незалежнай камерцыйнай радыёстанцыі «Радыё РОКС-М», першай FM-станцыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
«Радыё Бі-Эй» з’явілася ў беларускім эфіры 24 сакавіка 1993 г. — гэта першая беларуская музычна-забаўляльная камерцыйная радыёстанцыя.
Радыё «101,2 FM» выйшла ў эфір 21 ліпеня 1995 г., першапачатковы аб’ём вяшчання складаў 10 гадзін (з 8:00 да 18:00), магутнасць перадатчыка дазваляла ахапіць толькі Мінск (10–20 км навокал). Радыё «101,2 FM» — першая беларускамоўная радыёстанцыя ў FM-дыяпазоне. Вяшчанне радыёстанцыі было спынена 31 жніўня 1996 г.
Радыёстанцыя «Мір» адкрыта 26 мая 1997 г. Заснавальнік — Нацыянальнае прадстаўніцтва Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» у Рэспубліцы Беларусь.
28 чэрвеня 1998 г. (у Дзень моладзі) у эфір выйшла радыё «Стыль». Заснавальнікі — Дзяржаўны камітэт па справах моладзі Рэспублікі Беларусь і Беларускі патрыятычны саюз моладзі. Знайсці свой фармат вяшчання і стройную канцэпцыю ўдалося толькі амаль праз 5 гадоў, калі з’явілася радыёстанцыя «Пілот-FM».
Радыёстанцыя «Сталіца» выйшла ў эфір 21 верасня 1998 г. Яе з’яўленне было прадвызначана сітуацыяй, якая склалася на радыёрынку Рэспублікі Беларусь: папулярнасць музычна-інфармацыйнага вяшчання, яго даступнасць (магчымасць праслухоўваць радыё ў любым месцы, у прыватнасці ў аўтамабілі).
Новы праект Беларускага радыё ствараўся на матэрыяльна-тэхнічнай базе Мінскага абласнога радыё. З’яўляючыся правапераемнікам абласнога радыё, радыёстанцыя «Сталіца» павінна была фарміраваць свой эфір такім чынам, каб сумясціць музычна-забаўляльнае вяшчанне з выключна інфармацыйным, паколькі пэўныя фрагменты эфіру гучалі адразу на хвалях уласна «Сталіцы» і Першага канала. «Сталіца» стала адзінай музычна-інфармацыйнай радыёстанцыяй, якая вяшчала на беларускай мове і ахоплівала вяшчаннем усю Беларусь.
На хвалях «Сталіцы» ў ліпені 2003 г. з’явіўся новы праект Беларускага радыё — «Радыус FM», а «Сталіцы» была прапанавана іншая частата.
Радыёстанцыя «Альфа Радыё» пачала вяшчанне 21 сакавіка 1999 г. у Мінску. «Альфа Радыё» стваралася не толькі як вяшчальная арганізацыя. Гэта быў брэнд з усімі атрыбутамі. Са з’яўленнем у эфіры гэтай радыёстанцыі скончыўся перыяд творчых пошукаў і станаўлення сістэмы камерцыйнага радыёвяшчання ў Рэспубліцы Беларусь. Усе наступныя радыёстанцыі ствараліся згодна з тыпавымі бізнес-праектамі, адрозніваліся толькі разнавіднасцямі музычнага фармату.
Радыёстанцыя «Мелодыі Веку» загучала ў эфіры 7 верасня 2000 г. Адна з першых у краіне, якая пачала вяшчанне ў фармаце «Рэтра». Гэта быў першы вопыт у Беларусі стварэння радыёхолдынга.
Радыё «Юністар» (зона прыёму — 150 км ад Мінска) выйшла ў эфір 22 снежня 2000 г. Фармат станцыі — HotAC, перадае найлепшыя рускамоўныя (1/3) і замежныя (2/3) песні 1980‑х і 1990‑х гг., хіты новага тысячагоддзя.
Рэтрансляцыя «Рускага радыё» ў Мінску пачалася 23 лютага 2001 г., з 25 сакавіка — і ў абласных цэнтрах: Брэсце, Гродне, Гомелі, Магілёве, Віцебску. Ініцыятарам рэтрансляцыі стала кіраўніцтва «Радыё РОКС»; для вяшчання выкарыстоўваецца таксама матэрыяльна-тэхнічная база гэтай радыёстанцыі. Асноўная частка вяшчання — рэтрансляцыя маскоўскай радыёстанцыі; у Беларусі рыхтуюцца навіны, праграма віншаванняў, рэклама.
Маскоўская радыёстанцыя «Хіт-FM» з’явілася ў мінскім эфіры 1 верасня 2002 г. Радыёстанцыя выкарыстоўвае для эфіру толькі папулярныя музычныя кампазіцыі ў суадносінах 60 % — замежныя хіты, 40 % — рускамоўныя.
Лічбавая трансфармацыя радыёвяшчання
У пачатку 2000‑х гг. умовы існавання радыёстанцый кардынальна змяніліся, вырасла канкурэнцыя, укараняліся лічбавыя тэхналогіі. У эфіры павялічылася доля забаўляльных і інтэрактыўных перадач. Ва ўсе сферы жыцця пачалі актыўна ўкараняцца інтэрнэт-тэхналогіі.
У 2016 г. Беларусь адмовілася ад праваднога радыё. Поруч са звыклымі радыёстанцыямі свае паслугі для распаўсюджвання аўдыёпраграм і падкастаў актыўна прапануюць стрымінгавыя платформы, мабільныя музычныя праграмы і сацыяльныя сеткі.
Аснова вяшчальнай палітыкі Беларускага радыё ў пачатку 2000‑х гг. — масавасць, даступнасць, аператыўнасць, актуальнасць. Адбыліся структурныя змены — замест галоўных рэдакцый утвораны дырэкцыі, сфарміраваны медыяхолдынг «Беларускае радыё», які стаў часткай найбуйнейшага медыяхолдынга «Белтэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь». На базе Радыё‑1 створаны Першы нацыянальны канал, на базе Радыё‑2 — канал «Культура». У холдынг уваходзяць таксама радыёстанцыі «Сталіца», міжнародная радыёстанцыя «Беларусь», з 2003 г. — зноў створаная радыёстанцыя «Радыус FM».
Пераход у 2003 г. Беларускага радыё на лічбавую тэхналогію вытворчасці дазволіў больш эфектыўна і якасна ажыццяўляць запісы перадач. З 2005 г. усе каналы і радыёстанцыі Беларускага радыё транслююцца ў рэжыме рэальнага часу ў інтэрнэце.
Найбуйнейшы радыёканал Беларусі — Першы нацыянальны канал Беларускага радыё. У аснове вяшчальных прыярытэтаў — аператыўнасць, масавасць, даступнасць. Асноўнымі задачамі канала з’яўляюцца:
-
асвятленне ўнутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь з дапамогай аператыўнага інфармавання слухачоў аб асноўных падзеях у палітычным, эканамічным, грамадскім і культурным жыцці краіны;
-
прапаганда нацыянальных культурна-гістарычных традыцый, агульначалавечых каштоўнасцей;
-
фарміраванне пазітыўнага ўнутранага і знешняга іміджу Рэспублікі Беларусь як дзяржавы з высокім эканамічным, навукова-тэхнічным, культурным і чалавечым патэнцыялам;
-
вытворчасць уласнага інфармацыйнага, грамадска-палітычнага, літаратурна-мастацкага і музычна-пазнавальнага прадукту;
-
папулярызацыя творчасці беларускіх аўтараў і выканаўцаў.
FM/УКХ-перадатчыкі забяспечваюць ахоп 100 % тэрыторыі рэспублікі і прыгранічных раёнаў Расіі, Украіны, краін Еўрасаюза. Эфірнае FM-вяшчанне канала і анлайн у інтэрнэце вядзецца кругласутачна. Першы нацыянальны канал Беларускага радыё — адзіны радыёканал у Беларусі, які транслюецца ў сацыяльным пакеце лічбавага тэлебачання Multiplex‑1 DVB-TMPEG‑4.
На канале выходзіць больш за 60 праграм рознай жанравай і тэматычнай накіраванасці. Канал развівае супрацоўніцтва з радыёкампаніямі краін — членаў Еўрапейскага і Азіяцкага вяшчальных саюзаў (EBU, ABU). Геаграфія наведванняў сайта — каля 90 краін свету.
На старонках канала ў сацыяльных сетках Facebook, Twitter, «ВКонтакте», «Одноклассники», Instagram публікуюцца аператыўныя навіны, анонсы радыёперадач, аўтарскія радыёблогі. Канал прысутнічае ў мабільных дадатках: Tunelnradio, VTuner, RadioFreeHQ, BelarusRadiolive і інш.
Першы нацыянальны канал — шматразовы пераможца Нацыянальнага конкурсу «Брэнд года» ў спажывецкай і прафесійнай намінацыях (у 2009 — «Брэнд-Спадчына»).
Канал «Культура» сфарміраваны ў 2002 г. на базе Радыё‑2; стаў першым спецыялізаваным каналам ва ўсёй рускамоўнай прасторы. У аснове канцэпцыі развіцця — ідэя папулярызацыі нацыянальнай культуры ў кантэксце сусветнага культурнага працэсу. Вяшчанне «Культуры» вядзецца 24 гадзіны ў суткі. Тэхнічна канал забяспечваюць 65 перадатчыкаў, якія пакрываюць 99 % тэрыторыі краіны трансляцыямі ў FM-дыяпазоне. Акрамя таго, «Культуру» можна пачуць у інтэрнэце па ўсім свеце. Усе праграмы — уласнай вытворчасці, у сетцы вяшчання 82 арыгінальныя праекты.
Канал «Культура» — адна з нямногіх радыёстанцый Беларусі, якая захавала традыцыйныя перавагі і ўнікальныя рысы радыё ў першую чаргу ў стылі вяшчання і ў праграмнай палітыцы. Канал імкнецца пашыраць доступ да вяшчання за кошт прысутнасці ў інтэрнэце, шырока выкарыстоўвае сацыяльныя сеткі, мабільныя платформы для ўзмацнення сваіх пазіцый у эфіры.
У канцы 1990‑х гг. самай папулярнай FM-радыёстанцыяй была радыёстанцыя «Сталіца». Яна кругласутачна вяшчае на ультракароткіх хвалях па ўсёй рэспубліцы. «Сталіцу» можна слухаць таксама ў рэжыме рэальнага часу ў інтэрнэце ў любым пункце зямнога шара. Радыё «Сталіца» і дагэтуль адзіная ў краіне цалкам беларускамоўная радыёстанцыя FM-фармату.
Холдынг «Беларускае радыё» 12 ліпеня 2003 г. папоўніўся радыёстанцыяй «Радыус FM». У яе распараджэнне былі прадастаўлены 27 перадатчыкаў, што дазволіла ахапіць вяшчаннем больш за 90 % тэрыторыі рэспублікі, а таксама быць пачутай у прыгранічных раёнах Польшчы, Літвы, Латвіі, Расіі і Украіны. Інтэрнэт дазваляе слухаць радыёстанцыю ў любой частцы зямнога шара.
Штодзённае вяшчанне «Радыус FM» складае 24 гадзіны ў суткі. Спачатку радыёстанцыя вяшчала ў музычным фармаце АС (AdultContemporary), г. зн. сучасная музыка для дарослых. А ў 2017 г. змяніла яго на CHR (Contemporary Hit Radio) — сучасныя сусветныя хіты, актуальныя навіны.
Структурным падраздзяленнем холдынга «Беларускае радыё» з’яўляецца радыёстанцыя «Беларусь». Яна створана на базе галоўнай рэдакцыі вяшчання на замежныя краіны, пазыўныя якой прагучалі ў міжнародным эфіры ў 1962 г. Першапачаткова перадачы выходзілі ў эфір толькі на беларускай мове. У 1998 г. радыё пачулі на рускай і англійскай мовах, з 2006 г. — на польскай, з 2010 г. — на французскай і іспанскай, з 2013 г. — на кітайскай, з 2017 г. — на арабскай мовах. У цяперашні час радыёстанцыя «Беларусь» кругласутачна вяшчае на 9 мовах, праграмы даступныя на сайце ў рэжыме рэальнага часу, а таксама праз спадарожнік HotBird. Аснову вяшчання складаюць выпускі навін і інфармацыйна-аналітычныя праграмы, радыёсустрэчы з дзяржаўнымі, палітычнымі, грамадскімі і рэлігійнымі дзеячамі, навукоўцамі, пісьменнікамі і музыкантамі, майстрамі мастацтва і народнай творчасці, спартсменамі.
У маі 2004 г. загаварылі «Радыё Мінск» (заснавальнік — Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт) і «Новае радыё» (заснавальнік — выдавецкі дом «Проф-Прэс» Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі), у верасні ў эфіры прагучалі пазыўныя радыёстанцыі «Мінская хваля» (заснавальнік — Мінскі абласны выканаўчы камітэт).
«Радыё АНТ» пачало вяшчанне 1 верасня 2007 г. Пазіцыянавала сябе як першае мужчынскае радыё. Яго заснавальнікам выступіла ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал». З 2017 г. «Радыё АНТ» стала вяшчаць пад назвай «Цэнтр FM».
У 2011 г. «Радыё-Мінск» стала часткай медыяхолдынга «Мінск-Навіны», куды таксама ўваходзяць газеты «Минский курьер», «Вечерний Минск» і дзіцячы часопіс «Качели».
Заснавальнік радыёстанцыі «Пілот FM» — УП «Рэдакцыя праграмы радыёвяшчання “Стыль”» ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», выкарыстоўваючы магчымасці пашырэння аўдыторыі і рэкламных даходаў, стварыў радыёпраграму «Душэўнае радыё», якая выйшла ў эфір 7 мая 2014 г. Прыклад з яго ўзяло даччынае радыёвяшчальнае УП «Новае радыё», зарэгістраваўшы радыёстанцыю «Народнае радыё» (тэставае вяшчанне пачалося ў лютым 2015).
ТАА «Ваша Тэлебачанне» з’яўляецца заснавальнікам радыёстанцый «Гумар FM» (2014), «Relax FM» (2017), «Аўтарадыё» (2018).
Радыё «Легенды FM» (2017) — структурнае падраздзяленне ТАА «МедыяГрупаГраўцова».
На 1 кастрычніка 2019 г. у Дзяржаўным рэестры сродкаў масавай інфармацыі было зарэгістравана 176 радыёпраграм. З іх у FM-дыяпазоне — 51 радыёпраграма (23 — у Мінску). Рэгіянальныя радыёстанцыі карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ў абласных і раённых цэнтрах. Пасля ліквідацыі праваднога вяшчання колькасць рэдакцый раённага радыё скарацілася.
Беларускае радыё ў рэгіёнах
Радыёвяшчанне ў Брэсцкай вобласці прадстаўлена радыёстанцыямі «Радыё Брэст», «Горад FM» і «Баранавічы FM», а таксама радыёпраграмай «Бярозаўскае раённае радыё». Выпуск навін з іншых раёнаў ажыццяўляецца ў эфіры «Радыё Брэст» адзін раз на тыдзень.
У сістэму радыйных СМІ Віцебскай вобласці ўваходзяць 7 дзяржаўных радыёпраграм: «Радыё Віцебск», «Вектар FM» (г. Наваполацк), «Пастаўскае мясцовае радыё», «Чашніцкае раённае радыё», «Лепельскае мясцовае радыёвяшчанне», «Глыбоцкае мясцовае радыёвяшчанне», «Шаркаўшчынскае раённае радыёвяшчанне» і 5 недзяржаўных радыёпраграм: «Рэтра FM» (г. Віцебск), «Рэтра FM» (г. Полацк), «Еўропа плюс Віцебск», «Еўропа плюс Полацк», «Радыё Скіф» (г. Орша).
У Гомельскай вобласці вяшчанне ажыццяўляюць 4 дзяржаўныя радыёстанцыі: «Радыё Гомель+», «Гомель FM», «Радыё 107,4 FM» («Гомельскае гарадское радыё»), «Праўда радыё» і 2 недзяржаўныя: «Нэлі-Інфа» (г. Мазыр) і «Радыё Ранак» (г. Светлагорск).
У 2016 г. у выніку ліквідацыі праваднога радыё ў рэгіёне створана карэспандэнцкая сетка з цэнтрам на базе тэлерадыёкампаніі «Гомель».
У Гродзенскай вобласці функцыянуюць абласная радыёстанцыя «Радыё Гродна», радыё «MFM» (Гродзенскі раён), радыёстанцыі «Тваё радыё» і «Лідар FM» (г. Ліда). Захавалі вяшчанне таксама 11 раённых радыёпраграм. У Іўеўскім, Карэліцкім, Ашмянскім, Слонімскім і Шчучынскім раёнах з мэтай інфармавання слухачоў наладжана супрацоўніцтва з «Радыё Гродна».
У Магілёўскай вобласці 3 праграмы радыёвяшчання: дзяржаўныя — «Радыё Магілёў» і радыёпраграма г. Бабруйск «Радыё Зефір» і недзяржаўная — «Вясёлка Плюс» (г. Магілёў).
У Мінскай вобласці працуе 21 радыёстанцыя: адна абласная — «Мінская хваля» і 20 раённых, яны знаходзяцца ў складзе рэдакцый газет і тэлеканалаў. У лістападзе 2018 г. пачало вяшчанне радыё «Маладзечна FM».
Згодна з маніторынгавымі даследаваннямі інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2018) доля актыўнай аўдыторыі радыёслухачоў (слухаюць больш за адну гадзіну ў дзень) у апошнія 3 гады скарацілася і складае 13,2 % насельніцтва. Паводле даных Цэнтра сацыялагічных даследаванняў БДУ (2020), радыё ў якасці крыніцы сацыяльна-палітычных навін называюць 7,5 % апытаных. Спектр цікавасці зрушыўся ў бок музыкі і забаў. Аднак з той ці іншай перыядычнасцю радыё слухаюць больш за трэць жыхароў краіны (34,9 %). Гэта сведчыць пра тое, што радыё застаецца адной з самых папулярных крыніц інфармацыі.