Інфармацыйная прастора

Друкаваныя СМІ

Дата стварэння: 23.07.2024 11:10:51

Дата змены: 26.12.2024 17:02:26

Эвалюцыя друкаванай перыёдыкі ў 1990‑х і 2000‑х гадах

Сістэмная перабудова друку ў Рэспубліцы Беларусь пачалася з 1991 г. Адбылася рэарганізацыя рэдакцый дзяржаўных друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. Былая «цэнтральная прэса» (газеты «Правда», «Известия», «Труд» і інш.), а таксама газеты і часопісы былых саюзных рэспублік сталі замежнымі. Многія друкаваныя выданні зачыніліся. Традыцыйныя («Советская Белоруссия», «Звязда», «Знамя юности», «Чырвоная змена» і інш.) і зноў створаныя («Народная газета», «Рэспубліка», штотыднёвік «7 дней» і інш.) грамадска-палітычныя рэспубліканскія газеты атрымалі статус цэнтральных і сталі стрыжнем новай інфармацыйнай прасторы краіны.

У кароткі час склалася новая сістэма СМІ: сталі стварацца легальныя і нелегальныя выданні нацыянальна-дэмакратычных арганізацый, рухаў, маладзёжных аб’яднанняў, розных палітычных партый. З’явіліся новыя грамадска-палітычныя выданні «Белорусская деловая газета», «Белорусский рынок», «Свобода», «Народная воля», «Ганцавіцкі час» і інш.), заснавальнікамі якіх з’яўляліся недзяржаўныя арганізацыі і прыватныя асобы. Масава ўтвараліся недзяржаўныя эканамічныя, дзелавыя, навуковыя, літаратурна-мастацкія, ваенныя, маладзёжныя, дзіцячыя, рэкламныя, экалагічныя і іншыя газеты і часопісы. Узрасла колькасць прэсы, якая выдаецца на беларускай і замежных (польскай, англійскай, нямецкай і інш.) мовах.

Змены адбыліся і на ўзроўні рэгіянальнай прэсы. Пачалі выходзіць абласныя газеты «Магілёўскія ведамасці», «Народнае слова» (г. Віцебск), «Народная трыбуна» (г. Брэст). У 1991 г. з’явіліся новыя гарадскія газеты «Жодзінскія навіны», «Гомельскія ведамасці» і «Віцьбічы». Многія раённыя выданні змянілі свае назвы, выключыўшы з іх савецкую тэрміналогію і камуністычную сімволіку: «Сцяг Леніна» — «Бярэзінская панарама» (г. Беразіно), «За Савецкую Радзіму» — «Шлях перамогі» (г. Вілейка), «Сцяг Кастрычніка» — «Узвышша» (г. Дзяржынск), «Ленінскім курсам» — «Крупскі веснік» (г. Крупкі), «Свята камунізму» — «Маладзечанская газета» (г. Маладзечна), «Маяк камунізму» — «Маяк» (г. Бяроза), «Запаветы Леніна» — «Драгічынскі веснік» (г. Драгічын), «За перамогу камунізму» — «Слонімскі веснік» (г. Слонім), «Серп і молат» — «Лоеўскі край» (г. Лоеў) і г. д.

Рынак беларускіх газет і часопісаў стаў фарміравацца з улікам запытаў аўдыторыі і ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі. Змест новай беларускай прэсы пачаў насіць асветніцкі і нацыянальна афарбаваны характар, ён быў накіраваны на вяртанне беларускіх гістарычных каштоўнасцей, фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці праз прапаганду роднай мовы, літаратуры і мастацтва.

Беларускія журналісты за работай у прэс-цэнтры на Алімпіядзе ў Афінах у 2004 г.

Беларускія журналісты за работай у прэс-цэнтры на Алімпіядзе ў Афінах у 2004 г.

Да 2000 г. у беларускай прэсе скончыўся трансфармацыйны перыяд і настаў час адноснай стабільнасці. Асноўнай місіяй нацыянальных СМІ стала садзейнічанне актыўнаму ўдзелу грамадзян у вырашэнні жыццёва важных для грамадства і дзяржавы праблем, фарміраванне грамадскай свядомасці, удзел у рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі.

У гэты перыяд вызначальным у арганізацыі працы рэдакцый стаў эканамічны фактар. Асноўнымі задачамі для рэдакцый з’яўляліся павышэнне самафінансавання і дасягненне самаакупнасці. У 2005–2008 гг. была праведзена работа па тэхнічным перааснашчэнні рэдакцый дзяржаўных газет і часопісаў.

На 1 студзеня 2009 г. у Рэспубліцы Беларусь было зарэгістравана 137 дзяржаўных выданняў (10 абласных, 9 гарадскіх і 118 раённых аб’яднаных газет), заснавальнікамі якіх выступалі абласныя, гарадскія і раённыя выканаўчыя камітэты.

У 2010 г. Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь вызначыла курс на аб’яднанне дзяржаўных газет у буйныя медыяарганізацыі. У лістападзе 2012 г. на базе аднайменнай газеты і рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і мастацтва» быў арганізаваны выдавецкі дом «Звязда», у сферу кампетэнцыі якога ўвайшлі беларускамоўныя выданні культурна-асветніцкай тэматыкі (газеты «Звязда», «Літаратура і мастацтва», часопісы «Полымя», «Нёман», «Маладосць» і інш.), а таксама кніжнае выдавецтва.

Шэраг задач перад друкаванымі СМІ паставіла Праграма развіцця дзяржаўных друкаваных сродкаў масавай інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2012–2015 гады (зацверджана пастановай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ад 3 жніўня 2012 № 9).

Працягвалася ўзбуйненне рэдакцый друкаваных СМІ. Важнай падзеяй у інфармацыйнай сферы краіны стала стварэнне ў пачатку 2014 г. новага медыяаб’яднання на базе ўстановы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Рэдакцыя газеты “Советская Белоруссия”». У холдынг увайшлі 5 рэспубліканскіх газет: «Советская Белоруссия», «Белорусская нива», «Рэспублiка», «Знамя юности» і «Народная газета». Пры аб’яднанні газеты захавалі свае брэнды.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка і журналісты ў полі ў час жніва ў Аршанскім раёне. 18 жніўня 2017 г.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка і журналісты ў полі ў час жніва ў Аршанскім раёне. 18 жніўня 2017 г.

Да 2014 г. агульны разавы тыраж газет і часопісаў дасягнуў 12 млн экзэмпляраў. Сярэдні разавы тыраж замежнай друкаванай прадукцыі ў краіне склаў каля 1 млн экзэмпляраў. Зменшылася колькасць найменняў газет.

У 2011–2014 гг. сегментам друкаваных СМІ, які актыўна развіваецца, сталі часопісы. У маі 2012 г. упершыню за ўсю гісторыю беларускай журналістыкі колькасць часопісаў, якія выдаюцца ў краіне, перавысіла колькасць газет.

Выдаюцца навуковыя, навукова-папулярныя, дзелавыя, грамадска-палітычныя, пазнавальныя (для сумеснага чытання) часопісы, часопісы «з асаблівым адрасам» (для сацыяльных груп), забаўляльныя, даведачна-рэкамендацыйныя і рэкламныя, выданні змешанага тыпу.


Сістэма галіновай і карпаратыўнай прэсы

У Рэспубліцы Беларусь захавалася сістэма галіновай прэсы (газеты «Медицинский вестник», «Транспортный вестник», «Железнодорожник Белоруссии», «Строительная газета», «Белорусская лесная газета», «Настаўніцкая газета», «Белорусская военная газета. Во славу Родины», «На страже» і г. д., часопісы «Милиция Беларуси», «Спецназ», «Таможенный вестник», «Банковский вестник», «Вестник Высшего Хозяйственного Суда», «Налоговый вестник» і інш.).

Газеты і часопісы прадпрыемстваў і арганізацый з’яўляюцца падсістэмай карпаратыўнай перыёдыкі. Больш за 100 сярэдніх і буйных прадпрыемстваў маюць уласныя газеты і часопісы.

На 10‑й Міжнароднай спецыялізаванай выставе «СМІ ў Беларусі» прайшла прэзентацыя часопіса «Журналист». 3 мая 2006 г.

На 10‑й Міжнароднай спецыялізаванай выставе «СМІ ў Беларусі» прайшла прэзентацыя часопіса «Журналист». 3 мая 2006 г.

Вялікую групу друкаваных выданняў складаюць газеты і часопісы навукова-даследчых арганізацый і ўстаноў адукацыі. У гэтую сістэму арганічна ўпісана студэнцкая прэса.

Штогод з 1997 г. Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь праводзіцца міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі», на якой прадстаўлены ўвесь дыяпазон нацыянальных і шырокае кола замежных друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. Газеты, часопісы і журналісты друкаваных СМІ ўдзельнічаюць у Нацыянальным конкурсе друкаваных СМІ «Залатая Літара» ў 24 агульных і персанальных намінацыях.

Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі». Прыз пераможцы творчага агляду атрымаў генеральны дырэктар БелТА Д. Жук. 5 мая 2005 г.
Адкрыццё ХХІІ Міжнароднай спецыялізаванай выставы «СМІ ў Беларусі». Май 2018 г.
Пераможцам XIV Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая Літара» стала І. Кандаурава (у намінацыі «Лепшы рэпарцёр раённых, гарадскіх, карпаратыўных і шматтыражных друкаваных СМІ»). Мінск, 3 мая 2018 г.

Усямернае садзейнічанне ў павышэнні прафесійнага ўзроўню, стымуляванні творчай дзейнасці журналістаў і іншых работнікаў, занятых у працэсе вытворчасці друкаваных СМІ, аказвае грамадскае аб’яднанне «Саюз журналістаў Беларусі».

Газеты і часопісы выйшлі на якасна новы ўзровень выканання. На 1 студзеня 2019 г. у поўнакаляровым фармаце штотыднёва або 2 разы на тыдзень выходзіла больш за 70 газет (у 2013 — 44). Большасць рэгіянальных выданняў пастаянна альбо перыядычна выпускаюцца ў колеры, амаль палова газет друкуецца ў два колеры. Многія чорна-белыя выданні да значных падзей выходзяць у каляровым выкананні. Павялічаны аб’ём рэгіянальных газет. Аб’ём большасці газет ад 16 да 24 палос, а больш за 20 газет — 32 паласы на тыдзень. Штотыднёвікамі застаюцца 24 выданні.

Перспектыўным напрамкам развіцця традыцыйных друкаваных СМІ з’яўляецца забеспячэнне шырокай прысутнасці электронных версій газет і часопісаў у інтэрнэце і сацыяльных сетках. Найважнейшай задачай дзяржаўных друкаваных СМІ стала развіццё мультымедыйнага складніка іх дзейнасці.

Рынак друкаваных СМІ характарызуецца высокай насычанасцю і канкурэнтнасцю. На 1 сакавіка 2023 г. у рэспубліцы зарэгістравана 955 друкаваных сродкаў масавай інфармацыі (375 газет, 565 часопісаў, 14 бюлетэняў, адзін каталог), з іх дзяржаўных — 401 (200 газет, 191 часопіс, 10 бюлетэняў), недзяржаўных — 553 (175 газет, 374 часопісы, 4 бюлетэні).


Агульнанацыянальныя і рэгіянальныя друкаваныя СМІ

Журналісты падчас наведвання БелАЭС. Кастрычнік 2018 г.

Журналісты падчас наведвання БелАЭС. Кастрычнік 2018 г.

Лаўрэаты рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі пытанняў работы арганізацый, якія ўваходзяць у склад канцэрна «Белнафтахім». Снежань 2018 г.

Лаўрэаты рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі пытанняў работы арганізацый, якія ўваходзяць у склад канцэрна «Белнафтахім». Снежань 2018 г.

У аснову развіцця друку ў рэспубліцы пакладзена функцыянаванне самастойных друкаваных выданняў, якія канкурыруюць і адначасова ўзаемадзейнічаюць. Дзейнічае тэрытарыяльны прынцып, у адпаведнасці з якім друк падзяляецца на рэспубліканскі (цэнтральны), рэгіянальны (абласны, гарадскі) і мясцовы (раённы, карпаратыўны).

Рэспубліканская (цэнтральная) прэса ўключае:

  • рэспубліканскія (цэнтральныя) грамадска-палітычныя газеты і часопісы: «СБ. Беларусь сегодня», «Рэспубліка», «Народная газета», «Сельская газета», «Знамя юности», «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Беларуская думка», «Информационный вестник Администрации Президента Республики Беларусь», «Планета» і інш.;

  • рэспубліканскія ведамасныя і галіновыя выданні: «Настаўніцкая газета», «Медицинский вестник», «Вестник Белнефтехима», «Железнодорожник Белоруссии», «Транспортный вестник», «Республиканская строительная газета», «Белорусская лесная газета», «Беларускі час», «На страже», «Белорусская военная газета. Во славу Родины», «Спортивная панорама», «Банковский вестник», «Энергетика Беларуси», «Налоговый вестник», «Таможенный вестник» і інш.;

  • рэспубліканскія штотыднёвікі і рэкламныя выданні: «7 дней», «Экономическая газета», «Из рук в руки», «Агробизнес», «Автобизнес» і інш.;

  • рэспубліканскія навуковыя выданні: «Журнал Белорусского государственного университета», газета «Веснік БДМУ», часопіс «Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» і інш.;

  • рэспубліканскія літаратурна-мастацкія часопісы: «Полымя», «Маладосць», «Нёман» і інш.;

  • рэспубліканскія (цэнтральныя) дзіцячыя выданні: газета «Зорька»; часопісы: «Вясёлка», «Бярозка», «Качели», «Рюкзачок», «Отличник», «Юный спасатель» і інш.

Рэспубліканскія грамадска-палітычныя выданні аб’яднаны ў 2 выдавецкія дамы — «Беларусь сегодня» і «Звязда».

Выдавецкі дом «Беларусь сегодня», акрамя газеты «СБ. Беларусь сегодня», уключае газеты «Рэспубліка», «Сельская газета», «Знамя юности», «Народная газета», «СБ. Тенденции», «TheMinskTimes», часопіс «Спецназ», выданні Саюзнай дзяржавы «Союз» і «Союзное вече», штотыднёвік «Вести потребкооперации». У склад холдынга таксама ўваходзіць радыёпраграма «Альфа Радыё», у рамках інтэрнэт-рэсурсу sb.by працуе інтэрнэт-тэлебачанне.

«СБ. Беларусь сегодня» («СБ», раней — «Советская Белоруссия») — лідар сярод штодзённых грамадска-палітычных газет Беларусі. Выходзіць 5 разоў на тыдзень. Па чацвяргах выходзіць у фармаце штотыднёвіка «СБ. Тенденции». Па пятніцах у якасці бясплатнага дадатку да «СБ» выходзіць газета «Союз. Беларусь — Россия» — выданне Савета Міністраў Саюза Беларусі і Расіі.

«Народная газета» выходзіць штотыдзень па пятніцах і складаецца з двух сшыткаў. Асноўны сшытак (40 палос) уключае два блокі інфармацыі: першы — самыя цікавыя навіны і падзеі, інтэрв’ю і каментарыі экспертаў, аўтарскія калонкі, другі — культурна-забаўляльная інфармацыя з ТБ-праграмай. Другі сшытак — гэта штотыднёвае выданне Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі — «Союзное вече» (выходзіць бясплатным дадаткам да газеты).

«Рэспубліка» — грамадска-палітычная газета, спецыялізуецца на актуальных пытаннях развіцця краіны ў эканамічнай сферы. Выходзіць 5 разоў на тыдзень на рускай і беларускай мовах. Па серадах выходзіць спецыяльны выпуск для дзелавых людзей «Правительственный вестник», у якім публікуюцца нарматыўныя прававыя дакументы, а таксама іншая актуальная інфармацыя.

«Сельская газета» (раней — «Белорусская нива») адрасавана ў асноўным чытачам беларускай глыбінкі. Галоўныя тэмы: вёска і яе адраджэнне, аграрная эканоміка, традыцыі, культура. Выходзіць 3 разы на тыдзень.

«Знамя юности» — грамадска-палітычны штотыднёвік для моладзі (выходзіць з красавіка 1938). Асвятляе надзённыя праблемы моладзі краіны — адукацыя, занятасць, прафарыентацыя, жыллёвыя ўмовы маладых сямей, здароўе, сацыяльныя льготы, падтрымка сельскай моладзі, выхаванне патрыятызму, павышэнне прэстыжнасці працы моладзі, вольны час, спорт, мода і інш.

На 1 сакавіка 2023 г. РВУ «Выдавецкі дом “Звязда”» аб’ядноўваў 5 друкаваных выданняў: газеты «Звязда», «Літаратура і мастацтва», часопісы «Беларусь. Belarus», «Родная прырода», «Алеся».

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка ўручыў медаль Францыска Скарыны першаму намесніку галоўнага рэдактара газеты «Звязда» М. Міхаевічу. 17 снежня 2002 г.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка ўручыў медаль Францыска Скарыны першаму намесніку галоўнага рэдактара газеты «Звязда» М. Міхаевічу. 17 снежня 2002 г.

Лепшым рэпарцёрам прызнаны рэдактар аддзела газеты «Звязда» Я. Пясецкі.

Лепшым рэпарцёрам прызнаны рэдактар аддзела газеты «Звязда» Я. Пясецкі.

Грамадска-палітычная газета «Звязда» — найстарэйшае ў Беларусі выданне, размяшчаецца інфармацыя, якая асвятляе пытанні палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага характару. Заснавальнікі — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Выходзіць 5 разоў на тыдзень на беларускай мове.

Флагманамі рэспубліканскіх выданняў для дзяцей і падлеткаў з’яўляюцца газета «Зорька» і часопіс «Вясёлка».

«Зорька» — найстарэйшае выданне для дзяцей і падлеткаў Рэспублікі Беларусь.

Дзіцячы часопіс на беларускай мове «Вясёлка» заснаваны ў 1957 г.

Рэгіянальныя друкаваныя СМІ:

  •  у Брэсцкай вобласці выходзяць абласная газета «Заря», гарадскія газеты «Брестский вестник» і «Вечерний Брест», а таксама 16 раённых газет;

  • у Віцебскай вобласці выходзяць абласная газета «Витебские вести», гарадскія газеты «Витьбичи», «Вечерний Витебск», «Новополоцк сегодня», а таксама 20 раённых газет;

  • у Гомельскай вобласці выходзяць абласная газета «Гомельская праўда», гарадскія газеты «Гомельские ведомости» і «Маяк» і 21 раённая газета;

  • у Гродзенскай вобласці выходзяць аб’яднаныя ў холдынг газеты «Гродзенская праўда», «Гродненский вестник» і «Рекламка. Рекламное приложение к газете “Гродзенская праўда”», а таксама 17 раённых газет;

  • дзяржаўныя СМІ Мінскай вобласці ўключаюць абласную газету «Мінская праўда», у склад якой увайшлі рэдакцыі раённых газет «Прысталічча» (Мінскі раён), «Узвышша» (Дзяржынскі раён), «Чырвоная зорка» (Уздзенскі раён), і 19 раённых выданняў;

  • у сістэму друкаваных СМІ Магілёўскай вобласці ўваходзяць 4 абласныя газеты — «Магілёўскія ведамасці», «Могилёвская правда», «Зямля і людзі» (аграпрамысловая), «Днепровская неделя» (рэкламная), 2 гарадскія — «Вестник Могилёва» і «Бабруйскае жыццё» і 21 раённая.

Стэнд газеты «Гомельская праўда», які прысвечаны яе 100‑годдзю, на ХХІ Міжнароднай спецыялізаванай выставе «СМІ ў Беларусі». Май 2017 г.
У студэнцкім медыяцэнтры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Жнівень 2016 г.

Дзяржаўная рэгіянальная прэса дамінуе на інфармацыйным полі гарадоў і раёнаў. У некаторых раённых цэнтрах акрамя афіцыйнай раённай прэсы выходзяць альтэрнатыўныя выданні грамадска-палітычнага, рэкламнага, культурнага зместу.

Дзяржава стварае неабходныя ўмовы для развіцця рэгіянальнага друку. Сумесныя намаганні заснавальнікаў газет і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь накіраваны на паляпшэнне паліграфічнага выканання рэгіянальнай прэсы, тэхнічнага абсталявання рэдакцый. Усе рэдакцыі маюць сучасныя настольна-выдавецкія комплексы, аўтамабілі, практычна ўсе газеты пераведзены на двухколерны і поўнакаляровы друк. Многія маюць перыядычнасць выхаду больш за 2 разы на тыдзень.

Раённы друк займае найважнейшае месца ў рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі.


Замежныя друкаваныя СМІ ў Беларусі

На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь распаўсюджваюцца замежныя газеты і часопісы, якія дапаўняюць асартымент айчыннай прэсы, а таксама запаўняюць яе тэматычныя прабелы. На 1 студзеня 2019 г. выдадзена 1 766 дазволаў на распаўсюджванне друкаваных СМІ, зарэгістраваных у замежных дзяржавах. З іх 1 257 — расійскім газетам і часопісам, 405 — украінскім, а таксама 37 выданням ЗША, 18 — Вялікабрытаніі, 22 — Казахстана, 12 — Германіі, 2 — Францыі, 2 — Італіі, 3 — Нідэрландаў, 3 — Літвы, 3 — Польшчы, 1 — Латвіі, 1 — Харватыі. Прэса выходзіць на беларускай, рускай, нямецкай, англійскай, польскай мовах.

У агульным аб’ёме замежных выданняў, якія распаўсюджваюцца ў Рэспубліцы Беларусь, больш за 70 % складаюць расійскія газеты і часопісы. На медыйным полі Беларусі прысутнічаюць расійскія газеты «Собеседник. Еженедельная газета», «Литературная газета», «Парламентская газета», «Мой друг компьютер», шмат часопісаў. Выпускаюцца беларускія дадаткі або версіі («Аргументы и факты в Белоруссии») і інш.


Выданні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі

Прэзентацыя выдавецкіх праектаў БелТА па заказе Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы на Дні беларускага пісьменства ў Барысаве. 7 верасня 2008 г.

Прэзентацыя выдавецкіх праектаў БелТА па заказе Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы на Дні беларускага пісьменства ў Барысаве. 7 верасня 2008 г.

Штотыднёвая газета Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі «Союзное вече» выдаецца як дадатак да «Народнай газеты».

Выданне Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы — газета «Союз. Беларусь — Россия» — выходзіць штотыднёвым дадаткам да газеты «СБ. Беларусь сегодня» (у Расійскай Федэрацыі — да «Российской газеты») са снежня 1999 г.

«Союзное государство» — беларуска-расійскі штомесячны ілюстраваны грамадска-палітычны часопіс. Выдаецца з 2006 г.


Распаўсюджванне друкаванай перыёдыкі

У Рэспубліцы Беларусь склалася зладжаная сістэма распаўсюджвання і дастаўкі друкаванай перыёдыкі насельніцтву. Традыцыйна падпіску і дастаўку газет і часопісаў насельніцтву ажыццяўляюць рэспубліканскія ўнітарныя прадпрыемствы «Белпошта» і «Белдрук» (раней — «Белсаюздрук»). У Дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў (у частцы распаўсюджвальнікаў) на 1 сакавіка 2023 г. таксама ўключаны 458 суб’ектаў, сярод якіх буйныя гандлёвыя сеткі, прыватныя кампаніі, індывідуальныя прадпрымальнікі.

У снежні 2006 г. быў створаны Саюз выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў друку (СВРД).