Дата стварэння: 01.03.2023 15:22:36
Дата змены: 11.09.2024 14:50:23
«Кле́тка ма́лпы» («Affenkäfig»)
Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан і цывільнага насельніцтва ў Гарадоцкім, Мехаўскім раёнах Віцебскай вобласці, часткова ў Невельскім раёне Калінінскай вобласці РСФСР у лістападзе 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Паміж штабам аховы тылу групы армій «Цэнтр» і камандаваннем 11‑й арміі гітлераўцаў 9 лістапада 1942 г. была дасягнута дамоўленасць аб правядзенні «...аперацыі супраць партызан, якія сваімі дзеяннямі на захад ад дарогі Віцебск — Невель прычыняюць шмат непрыемнасцей».
Праводзілася сіламі 12‑й танкавай дывізіі, 2‑га батальёна 406‑га палка 201‑й ахоўнай дывізіі, паліцэйскімі з мясцовых гарнізонаў.
Танкавыя падраздзяленні гітлераўцаў з дэсантам карнікаў выступілі 11 лістапада адначасова з г. Невель, в. Турычына (каля чыгуначнай лініі Невель — Полацк, Расія) і чыгуначнай станцыі Бычыха (на лініі Віцебск — Невель). Расчышчаючы завалы і мінныя палі, яны пачалі сцягваць кальцо акружэння вакол лагераў партызанскай брыгады 4‑й Беларускай. Пад ахову партызан ішло насельніцтва з вёсак, якія аказаліся на шляху карнікаў. Да вечара 11 лістапада праціўнік дасягнуў рубяжа партызанскай абароны на захад ад вёсак Харына і Хватыння Невельскага раёна Калінінскай (цяпер Пскоўскай) вобласці (Расія), на усход ад лініі паміж вёскамі Беладзедава (цяпер не існуе) Гарадоцкага і Халамер’е Мехаўскага (цяпер Гарадоцкага) раёнаў Віцебскай вобласці.
Пастаянна манеўруючы ў лясіста-балоцістай мясцовасці, партызаны пазбягалі прамых сутыкненняў з варожымі танкамі і ўрэшце замацаваліся ў цяжкадаступным для войск праціўніка лясным масіве паміж участкам чыгункі Невель — станцыя Дрэтунь (Полацкі раён Віцебскай вобласці) і возерам Ардова ў Невельскім раёне на мяжы з Беларуссю.
Гітлераўцы, не дасягнуўшы намечанай мэты, прыступілі да рабавання, знішчэння вёсак, а таксама старых, жанчын з малалетнімі дзецьмі, якія там засталіся. На працягу 5 дзён фашысты расстралялі больш за 1 200 жыхароў, знішчылі 58 вёсак, у т. л. Ахрамеева, Вусце, Гумнічына, Петрачыха, Падранда, Рудзіха, Янава, якія пасля вайны не адрадзіліся, і інш.
У справаздачы аб карнай аперацыі «Зімовы лес» (снежань 1942 — студзень 1943), якая часткова праводзілася ў той жа мясцовасці, камандзір 286‑й ахоўнай дывізіі генерал-маёр І.‑Г. Рыхерт дакладваў: «У канцы аперацыі было амаль немагчыма адшукаць жывёлу і прадукты харчавання, таму што вёскі тут амаль поўнасцю разбураны праведзенай 12‑й танкавай дывізіяй аперацыяй “Аффенкефіг”».