pdf

БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА

Дата стварэння: 29.01.2024 11:53:39

Дата змены: 16.03.2026 10:35:22


Белару́ская літарату́ра

Адлюстраванне тэмы Вялікай Айчыннай вайны ў творах беларускіх пісьменнікаў.

Аб магчымасці новай вайны і неабходнасці абараняць сацыялістычныя заваёвы беларускія пісьменнікі гаварылі ў 1920–30‑я гг.: Я. Купала (1882–1942) у вершах «А ў Вісле плавае тапелец...», «Піянерскае», «Чырвонай Арміі паходы», Я. Колас (1882–1956) у паэме «На шляхах волі», К. Чорны (1900–1944) у п’есе «Ірынка», Э. Самуйлёнак (1907–1939) у аповесці «Тэорыя Каленбрун» і апавяданні «Герой нацыі», А. Куляшоў (1914–1978) у паэмах «Баранаў Васіль», «Хлопцы апошняй вайны» і інш.

Яшчэ ў 1935 г. Я. Купала выказаў прарочыя словы: «...страшная чорная банда захапіла ўладу ў цэнтры Еўропы. Калі своечасова не пераступіць ёй дарогі, калі не спыніць гэтага разбою сярод белага дня — будзе кроў і агонь... Рэкі крыві і агню!» (Такі ён быў. Мінск, 1975. С. 258).

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны беларускія пісьменнікі выяўлялі ў сваіх творах масавую свядомасць савецкіх людзей, якія ўступілі ў барацьбу з фашызмам і верылі ў перамогу над ворагам. У газетах «Звязда» і «Советская Белоруссия» 23 чэрвеня 1941 г. быў апублікаваны верш Я. Коласа «Шалёнага пса — на ланцуг!». На наступны дзень гэты верш (на беларускай мове) змясціла і газета «Правда». Агульнымі былі пачуцці і думкі, агульнымі былі і словы, што выказвалі іх. «Не будзе беларус рабом нямецкіх баронаў», «Жыла і жыць будзе беларуская зямля!» — так называліся публіцыстычныя артыкулы Я. Купалы і К. Чорнага, надрукаваныя ў пачатковы перыяд вайны. Не выпадкова супадзенне і назваў вершаў М. Танка (1912–1995) і П. Глебкі (1905–1969) — «Мы вернемся!».

Пісьменнікі Савецкай Беларусі занялі свае баявыя месцы ў страі барацьбітоў супраць фашызму. У пачатку вайны амаль усе яны пайшлі на фронт. Адны з іх служылі ў армейскім друку [у газеце «Знамя Советов» на Калінінскім фронце А. Куляшоў, газеце «За Родину» на Заходнім і 2‑м Беларускім франтах К. Кірэенка (1918–1988)], іншыя [К. Чорны, П. Броўка (1905–1980), К. Крапіва (1896–1991), М. Лынькоў (1899–1975), П. Панчанка (1917–1995), М. Танк, А. Астрэйка (1911–1978), А. Бялевіч (1914–1978), В. Вітка (1911–1996), I. Гурскі (1899–1972), М. Лужанін (1909–2001), М. Машара (1902–1976) і інш.] працавалі і друкавалі свае творы ў беларускіх выданнях «Совецкая Беларусь», «За Совецкую Беларусь» (выдавалася Палітупраўленнем Заходняга фронту), «За свабодную Беларусь», «Звязда» (орган ЦК КП(б)‌Б і Мінскага падпольнага абкама КП(б)‌Б), «Раздавім фашысцкую гадзіну», «Партызанская дубінка». На акупіраванай тэрыторыі Беларусі выпускаліся падпольныя газеты (гл. Друк падпольны), рукапісныя часопісы, баявыя лісткі, у якіх прымалі ўдзел пісьменнікі Я. Брыль (1917–2006), М. Васілёк (1905–1960), Я. Зазека (1907–1977), М. Засім (1908–1957), А. Іверс (1912–1979), У. Ляўданскі (1911–1973), С. Майхровіч (1908–1981), М. Пянкрат (1918–2001), П. Сушко (1909–1909), В. Таўлай (1919–1997) і інш.

У барацьбе з ворагам загінулі З. Астапенка (1910–1944), Л. Гаўрылаў (1918–1941), А. Гейнэ (1919–1942), А. Дубровіч (1910–1942), А. Жаўрук (1910–1942), Р. Жалязняк (1914–1942), А. Коршак (1920–1945), С. Крывец (1909–1945), А. Мілюць (1908–1944), А. Пруднікаў (1910–1941), У. Рагуцкі (1910–1941), Р. Суніда (Лынькоў; 1909–1941), М. Сурначоў (1917–1941), М. Сямашка (1914–1941), А. Ушакоў (1912–1941), X. Шынклер (1903–1942).

У гады Вялікай Айчыннай вайны літаратура абвергла старое крылатае выслоўе: «Калі грымяць гарматы, музы маўчаць». Слова пісьменніка стала адным з відаў баявой зброі, яго пяро было прыраўнавана да штыка. Ніколі яшчэ не была такой кароткай часавая дыстанцыя паміж падзеямі і іх вобразным адлюстраваннем у публіцыстычным артыкуле, нарысе, вершы, апавяданні. Агульнае злілося з асабістым у адзінае цэлае і станавілася крыніцай натхнення поруч з інтымнымі перажываннямі. Прычына гэтага ўнікальнага ў гісторыі літаратуры творчага запалу ў тым, што прыйшла пара, паводле слоў К. Чорнага «самага важнага, сапраўды цяпер адзінага, ад чаго залежыць усё іншае. Гэта — жалезная неабходнасць сцерці з твару зямлі лютага крывавага звера» (Збор твораў: у 8 тамах. Мінск, 1975. Т. 8. С. 408).

Перш за ўсё на грозныя падзеі адгукнуліся у сваіх нарысах і публіцыстычных артыкулах Я. Купала, Я. Колас, К. Чорны, М. Лынькоў, А. Куляшоў, П. Броўка, М. Танк, П. Панчанка. Гэта былі ваенныя карэспандэнцыі і газетныя нарысы, разгорнутыя абагульняльныя артыкулы і сатырычныя жанры, літаратурныя партрэты герояў вайны і лістоўкі. Менавіта публіцыстыка першай адлюстравала гераізм савецкіх людзей на фронце і ў тыле ворага, узнавіла карціну нягод, пакут і вялікіх ахвяр народа. У ёй у поўны рост паўставаў вобраз беларускага народа — пераемніка лепшых нацыянальных і рэвалюцыйных традыцый, нашчадка і творцы ўсіх матэрыяльных і культурных каштоўнасцей сваёй зямлі. Публіцыстыка стала не толькі спосабам назапашвання матэрыялу для будучых твораў буйнога жанру, але і своеасаблівай творчай лабараторыяй, у якой выпрабоўваліся многія мастацкія ідэі пісьменнікаў. Адзін і той жа жыццёвы матэрыял лёг у аснову купалаўскіх артыкулаў «Народ — мсціўца» і «Аб народнай вайне» і яго славутага верша-пракламацыі «Беларускім партызанам». У К. Чорнага амаль супадаюць нарыс «Народная нянавісць» і апавяданне «Маленькая жанчына».

Паводле характару вобразнага і стылявога выяўлення бліжэй за ўсё да публіцыстыкі была агітацыйная паэзія пачатковага перыяду вайны. Пераважна гэта былі вершы-заклікі («Не шкадуйце, хлопцы, пораху...» М. Танка, «Смялей у бой!» П. Глебкі, «Мы пойдзем за праўду» А. Бялевіча), у якіх у паэтычнай форме перадаваліся патрыятычныя пачуцці і думкі народных мас. Яны нярэдка былі плакатна-рытарычнымі, але, несумненна, адпавядалі крытычнай сітуацыі пачатку вайны. Шмат агульнага з вершамі-заклікамі было ў масавай партызанскай паэзіі.

Адначасова з вершамі, што заклікалі народ на барацьбу і ўмацоўвалі яго веру ў перамогу («Зноў будзем шчасце мець і волю» Я. Купалы, «Народу-барацьбіту», «Душою і сэрцам мы з вамі, героі» Я. Коласа, «Беларусь» М. Танка, «Наказ на дарогу» П. Глебкі), ствараліся вершы, у якіх выказвалася асабіста ўбачанае і перажытае («Голас дарог» П. Глебкі, «На мінскай шашы» А. Куляшова, «Смерць героя» П. Броўкі). Вобраз Беларусі ў гэтых вершах канкрэтызуецца і напаўняецца глыбокім гістарычным сэнсам: родныя пейзажы і карціны мінулага, жудаснае відовішча ваеннага спусташэння, роздумы аб лёсе Радзімы, яе народа і мовы. У Я. Купалы і Я. Коласа гэта абагульнены паэтычны вобраз малой і вялікай Радзімы, да якога яны звяртаюцца непасрэдна як да асобы («Паўстаў народ» Я. Купалы, «Мая зямля», «Чымган», «Вясною» Я. Коласа). П. Броўку прывабліваюць гераічныя характары беларусаў («Кастусь Каліноўскі», «Надзя-Надзейка»).

Гераічны, аптымістычны пачатак у вершах і баладах А. Куляшова спалучаецца з трагічнымі роздумамі аб стратах («Камсамольскі білет», «Балада аб чатырох заложніках», «Над брацкай магілай», «Ліст з палону»). Прастата і мужнасць — адметныя рысы «ваеннай» музы П. Глебкі («Пасылка», «Партызаны», «Родны хлеб»). Багаты душэўны свет героя раскрываецца ў вершах М. Танка («Беларусь», «Родная мова», «Мы ў свой горад прыйшлі», «Здаецца, усё са мной...»), П. Панчанкі («Айчына мая, радасць мая...», «Герой»), А. Астрэйкі (у партызанскай друкарні ў 1943 выйшаў яго зборнік «Слуцкі пояс»), М. Аўрамчыка (1920–2017), А. Бачылы (1918–1983), А. Бялевіча, В. Віткі, А. Вялюгіна (1923–1994), К. Кірэенкі, М. Лужаніна і інш. Усю разнастайнасць пачуццяў, што перапаўнялі сэрцы людзей у гады вайны, і перш за ўсё пачуццё любові да роднай, шматпакутнай Беларусі, адлюстравала ваенная лірыка беларускіх паэтаў.

Разнастайнай была і жанравая карціна беларускай ваенай паэзіі — ад баявога лозунга і лірычнага паслання да сатырычнага фельетона. Ніводная беларуская газета не абыходзілася без сатыры, да якой ахвотна звярталіся Я. Колас, К. Крапіва, А. Астрэйка, П. Панчанка, М. Танк, В. Таўлай. Асаблівую ролю ў развіцці сатыры адыгрываў К. Крапіва як аўтар вершаў («Фрыцавы трафеі», «Сон Гітлера», «Янка і Карла») і як рэдактар газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Пры ўсіх адрозненнях тэм, вобразаў, жанраў і стыляў лірыка, сатыра і эпас былі падпарадкаваны адзінай мэце — разграміць ворага, вызваліць родны край.

Яркім сведчаннем мастацкай сталасці беларускай паэзіі, яе ўмення перадаць думкі і пачуцці людзей была паэма. Лірычныя перажыванні аўтара ў беларускай ваеннай паэме арганічна спалучаліся з эпічным адлюстраваннем народнай драмы і народнага подзвігу. Псіхалогію чалавека на вайне, тыповыя паводзіны людзей у тыповых ваенных абставінах пранікнёна раскрыў А. Куляшоў у паэме «Сцяг брыгады» (1943). Паэтычная карціна гісторыі беларускага народа створана ў паэме-маналогу П. Броўкі «Беларусь» (1943). Шырокая эпічнасць, заснаваная на бытавой канкрэтыцы, характэрна для паэмы Я. Коласа «Адплата» (1945). Аб барацьбе партызан і падпольшчыкаў Заходняй Беларусі расказвае героіка-рамантычная паэма М. Танка «Янук Сяліба» (1943). Складаныя псіхалагічныя калізіі часоў вайны знайшлі адлюстраванне ў паэме «Эдэм» (1944) З. Астапенкі. Пачуцці чалавека, што апынуўся ў гады вайны далёка ад маці-радзімы, апяваў П. Панчанка ў лірычнай паэме «Маладосць у паходзе» (1946) і патрыятычным цыкле «Іранскі дзённік» (1944–47). Беларуская паэма гэтага перыяду вызначаецца глыбокім лірызмам і імкненнем да філасофска-псіхалагічнага асэнсавання падзей.

Па гарачых слядах вайны стваралі свае апавяданні беларускія празаікі. Большасць з іх пабудавана на дакументальнай аснове і набліжаецца да нарыса: «Бацька», «Аксеніны сляды», «Прасторны дом» К. Чорнага; «Ірына», «Салют», «Васількі», «Астап» М. Лынькова; апавяданні І. Гурскага, У. Краўчанкі (1915–1961), А. Стаховіча (1907–1956), А. Якімовіча (1904–1979). Ваеннае апавяданне расказвае пра мужнасць беларускіх партызан, пакуты жанчын і дзяцей. Яго адметныя рысы — напружанасць сюжэту, драматызм канфлікту, рамантычная прыўзнятасць, лаканізм стылю. У апавяданнях «Смерць», «Вялікае сэрца», «Заўтрашні дзень» К. Чорны імкнецца да глыбокай псіхалагічнай распрацоўкі і філасофска-гістарычнага асэнсавання паводзін чалавека на вайне. Тэма беларускай гісторыі, нацыянальнага характару — адна з асноўных у творчасці гэтага празаіка, аб’ядноўвае ў своеасаблівую трылогію яго раманы «Пошукі будучыні» (1943, апублікаваны ў 1950), «Млечны шлях» (1944, апублікаваны ў 1954), «Вялікі дзень» (1941–44, апублікаваны ў 1947, няскончаны). У іх паэтызуецца чалавек-працаўнік, што сваёй працай упрыгожвае зямлю, асэнсоўваюцца яго філасофскія адносіны да прыроды, гісторыі, вайны і міру. У той жа час раскрываецца псіхалогія паводзін уласніка ў мірных і ваенных умовах, выкрываецца антычалавечая сутнасць фашызму з яго глабальнай праграмай генацыду. Ваенныя раманы К. Чорнага, у якіх увасабляюцца філасофскія развагі пісьменніка над шляхамі беларускага народа і ўсяго чалавецтва ў «эпоху войн і рэвалюцый» — прыкметная з’ява савецкай ваеннай прозы. Спробай адлюстраваць ваеныя падзеі сталі аповесці «Скіп’ёўскі лес» (1944, апублікавана ў 1946, няскончана) К. Чорнага, «Пульс жыцця» (1942) Х. Шынклера, «Шумяць лясы» (1944) А. Стаховіча, «Лясныя салдаты» (1945) І. Гурскага, «Помста» (1945) I. Шамякіна (1921–2004). Псіхалагічную драму «Проба агнём» (1943) стварыў К. Крапіва.

Творчасць беларускіх пісьменнікаў пасляваеннага дзесяцігоддзя была зарыентавана на мастацкае пазнанне гістарычных заслуг і гераічнай ролі беларускага народа ў гады вайны, поўна высокіх дум аб народзе-пераможцу. Гэта шмат у чым вызначыла асноўны тып апавядання і асаблівасці вобразнай сістэмы раманаў «Векапомныя дні» (1948–58) М. Лынькова, «Мінскі напрамак» (1950–52) I. Мележа (1921–1976), «Глыбокая плынь» (1947–48) І. Шамякіна, «Згуртаванасць» (1949–50) М. Ткачова (1918–1979), «У агні» (1952) І. Гурскага, «Расстаёмся ненадоўга» (1953–54) А. Кулакоўскага (1913–1986). Разглядаючы героя з боку яго адносін да агульнанароднай справы, ствараючы збіральны вобраз народа, пісьменнікі актыўна выкарыстоўвалі эпічныя нацыянальныя традыцыі. У рамане І. Мележа прыкметнае месца заняў вобраз рэальнага гістарычнага героя — генерала І. Чарняхоўскага, у рамане М. Лынькова — вобразы К. Заслонава і іншых партызанскіх важакоў. Імкнучыся да панарамнасці карцін, да густой населенасці героямі, выкарыстоўваючы павышаную эмацыянальнасць і ўрачыстую прыўзнятасць апавядання, аўтары ў большасці выпадкаў пакідалі без увагі псіхалагічны аналіз пачуццяў, думак і ўчынкаў удзельнікаў вайны. Многім з названых твораў не хапала і арыгінальнай мастацка-філасофскай канцэпцыі падзей.

У гэтыя ж гады былі створаны апавяданні «Адзін дзень» Я. Брыля, «Такі кароткі водпуск» А. Кулакоўскага, «Першая атака» М. Лупсякова (1919–1972), якія з’явіліся прадвеснікамі мастацкага абнаўлення ваеннай прозы. Той жа працэс набліжэння да праўды жыцця адбываўся і ў паэзіі. Горкія ўспаміны і поўныя ўнутранага драматызму развагі адлюстраваліся ў вершах «Рэпатрыянты», «Трасцянец» М. Танка, «На полі бою», «Навагодняя ёлка» А. Куляшова, «Пад’язджаючы да Мінска», «Песня пра чатыры магілы», «На руінах» П. Панчанкі. Вайна напамінае пра сябе і ў паэмах «Хлеб» (1946) П. Броўкі, «Сям’я» (1946) А. Бялевіча. Мастацкае асэнсаванне ваенных падзей адбываецца ў п’есах «Мілы чалавек» (1945), «З народам» (1948) К. Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» (1948) А. Маўзона (1918–1977), «Брэсцкая крэпасць» (1952) К. Губарэвіча (1907–1987), «Гэта было ў Мінску» (1950) А. Кучара (1910–1996).

Новы павеў у беларускай літаратуры аб вайне з фашызмам з’яўляецца толькі ў сярэдзіне 1950‑х гг., калі ў сувязі з рашэннямі XX з’езда КПСС пачалося абнаўленне грамадскай атмасферы ў краіне і самасцвярджэнне чалавечай асобы, непаўторнасці яе духоўнага свету. Творам гэтага перыяду ўласцівы аўтабіяграфізм пачуццяў і думак, што надавала ім асаблівую дакладнасць і мастацкую пераканаўчасць. Асабістыя ўражанні шматразова ўзмацняюцца за кошт перажытага ўсім народам у лірыцы М. Танка («Дзе яны», «Стары мост», «З гільзы пустой...»), П. Броўкі («Мёртвая вёска», «Вы чулі, як плачуць дрэвы?»), М. Лужаніна («Апошняя куля»), А. Зарыцкага [(1911–1987), «Мая бяссоніца»], С. Дзяргая [(1907–1980), «Акупацыя»], А. Пысіна [(1920–1981), «Іван-чай», «Далёкі тупат кананады...», «Мінута маўчання»]. Сваё слова аб перажытым сказалі «дзеці вайны» — паэты С. Гаўрусёў (1931–1988), Н. Гілевіч (1931–2016), Е. Лось (1929–1977), А. Лойка (1931–2008), А. Вярцінскі (1931–2008), М. Арочка (1930–2013), У. Караткевіч (1930–1984), П. Макаль (1932–1996), Р. Барадулін (1935–2014), Г. Бураўкін (1936–2014), Ю. Свірка (1933–2010), К. Цвірка (н. у 1934). Ажыўленне памяці аб героіцы і трагедыях вайны, паглыбленне грамадзянскай свядомасці, лірызацыя і драматызацыя жанраў адбываецца ў паэме [«Голас сэрца» (1960) П. Броўкі, «Блакада» (1969) Р. Барадуліна, «Сто вузлоў памяці» (1965) Н. Гілевіча, «Мацярык маленства» (1969) В. Макарэвіча (1939–2017), «Штодзённы лістапад» (1960) С. Гаўрусёва, «Навальнічны раён» (1969) Р. Тармолы (1936–2011)].

Сапраўднае мастацкае адраджэнне ў сярэдзіне 1950‑х гг. атрымала проза аб вайне. У ёй усё мацней адчуваецца імкненне сказаць усю праўду пра савецкага чалавека на вайне, глыбока раскрыць псіхалогію яго паводзін, вытокі народнага подзвігу, выявіць агульначалавечы сэнс здзейсненага, паказаць сапраўдныя маштабы народнай трагедыі. Гэта імкненне ўзмацнялася і за кошт звароту да класічных традыцый ў паказе вайны. З вышыні прайшоўшага пасляваеннага дзесяцігоддзя занава ацэньваюць асабіста перажытае І. Шамякін у пенталогіі «Трывожнае шчасце» (1957–65), Я. Брыль у рамане «Птушкі і гнёзды» (1963), А. Карпюк (1924–2003) у аповесці «Данута» (1959), В. Быкаў (1924–2003) у аповесці «Жураўліны крык» (1960), А. Адамовіч (1927–1994) у раманах «Вайна пад стрэхамі» (1960), «Сыны ідуць у бой» (1963), I. Навуменка (1925–2006) у трылогіі «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973). Гэтыя творы сведчылі, што літаратура пра вайну рашуча пазбаўлялася ранейшых дагматычных уяўленняў, прывычных схематызму і ілюстрацыйнасці, што жанравая і стылёвая разнастайнасць станавілася эстэтычным законам яе развіцця і існавання. Пенталогія І. Шамякіна ўразіла чытача праўдзівасцю інтанацый і глыбока рэалістычным бачаннем вайны. Багаты духоўны свет беларуса, які апынуўся па волі злога лёсу ў шматнацыянальным натоўпе ваеннапалонных у самым цэнтры фашысцкай Германіі, узноўлены ў рамане Я. Брыля. З адчуваннем, што аплачаныя дарагой цаной урокі вайны спатрэбяцца будучым пакаленням, жывуць і змагаюцца юныя падпольшчыкі і партызаны А. Адамовіча і І. Навуменкі. Суровая, непрадузятая праўда ў паказе вайны, яе найбольш драматычныя сітуацыі, засяроджанасць на даследаванні глыбінных рухаў у чалавечай душы, маральны максімалізм, мужныя інтанацыі прыцягвалі ўвагу чытача да аповесцей В. Быкава «Здрада» (1961), «Трэцяя ракета» (1962), «Пастка» (1964), «Мёртвым не баліць» (1965), «Праклятая вышыня» (1968).

З сярэдзіны 1960‑х гг. намеціўся новы паварот у адносінах беларускіх пісьменнікаў да падзей ваеннай пары. З аднаго боку, адбывалася паступовае накапленне дакументальнага матэрыялу, якое працягваецца да апошняга часу [«Я з вогненнай вёскі...» (1975) А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка (1922–1994), дакументальныя аповесці I. Новікава (1918–2001), «У вайны не жаночы твар...», «Апошнія сведкі» (1985) С. Алексіевіч (н. у 1948), «Браніслава» (1985) С. Панізніка (н. у 1942)], з другога — імкненне да філасофска-канцэптуальнага асэнсавання асабіста бачанага і перажытага, да вырашэння на матэрыяле вайны вострых праблем сучаснасці. Народная праўда аб вайне патрабавала комплекснага падыходу да прадмета даследавання, творчых намаганняў многіх пісьменнікаў па мастацкім асваенні велізарнага мацерыка, якім з’явіліся 1 418 дзён вайны з фашызмам. Гераізм беларускага народа, які апынуўся ў трагічных умовах акупацыі, яго гістарычная драма, калі вырашалася пытанне аб існаванні цэлай нацыі, заклікала да больш сур’ёзнага і паглыбленага вобразнага даследавання праблемы «чалавек і вайна». Трагічныя бакі існавання нацыі ва ўмовах акупацыі і генацыду раскрывалі, кожны ў адпаведнасці з сваім жыццёвым вопытам і творчымі магчымасцямі, I. Пташнікаў (1932–2016) у аповесцях «Тартак» (1968) і «Найдорф» (1975), Б. Сачанка (1936–1995) у аповесці «Апошнія і першыя» (1966), А. Адамовіч у «Хатынскай аповесці» (1972) і «Карніках» (1980), Л. Арабей (1925–2015) у раманах «Іскры ў папялішчы» (1969), «Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы» (1980), А. Марціновіч (1920–2009) у раманах «Не шукай слядоў сваіх» (1979), «Груша на Голым Полі» (1985), В. Хомчанка (1919–1992) у рамане «Вяртанне ў агонь» (1978), І. Навуменка ў рамане «Смутак белых начэй» (1979), І. Шамякін у аповесці «Гандлярка і паэт» (1976), А. Макаёнак (1920–1982) у п’есе «Трыбунал» (1970).

Аб драматычным лёсе свайго пакалення расказалі беларускія пісьменнікі, чыё дзяцінства прайшло ў гады вайны: М. Стральцоў (1937–1987), I. Чыгрынаў (1934–1996), У. Караткевіч, В. Казько (н. у 1940), В. Адамчык (1933–2001), Я. Сіпакоў (1936–2011), У. Паўлаў (1935–2020), У. Дамашэвіч (1928–2014), П. Місько (1931–2011). Адзін толькі дзень з жыцця маленькага хлопчыка ўспамінае герой аповесці М. Стральцова «Адзін лапаць, адзін чунь» (1970). Дзень за днём, падрабязна і дакладна аднаўляе тагачасны акупацыйны быт І. Чыгрынаў у трылогіі «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983). Толькі асобныя, самыя яркія і самыя ўражальныя эпізоды часоў вайны выхоплівае з мінулага памяць герояў аповесцей В. Казько «Высакосны год» (1974), «Суд у Слабадзе» (1978). Але ва ўсіх гэтых творах змяшчаюцца ўнікальныя сведчанні апошніх відавочцаў самай страшнай з войн. У лепшых творах беларускіх ваенных празаікаў імкненне аднавіць дакладную псіхалагічную карціну паводзін чалавека і народа на вайне спалучаецца з імкненнем да філасофскага асэнсавання праблем, якія хвалююць чалавецтва. У беларускай ваеннай прозе апошніх гадоў нараджаецца і ўмацоўваецца жанр дакументальнай «народнай кнігі», правобразам якой была кніга «Я з вогненнай вёскі...», а таксама філасофска-фантастычны жанр рамана-«папярэджання» [«Катастрофа» (1984) Э. Скобелева (1935–2017); «Апошняя пастараль» (1987) А. Адамовіча].

Эпохай у развіцці беларускай і ўсёй савецкай ваеннай прозы з’явілася творчасць В. Быкава, пісьменніка, нязменна вернага ваеннай тэме, паслядоўнага ў сваім наступленні на «бастыён ісціны». Зварот пісьменніка ў канцы 1960‑х гг. да новага для яго матэрыялу партызанскай і падпольнай барацьбы («Круглянскі мост», 1969; «Сотнікаў», 1970; «Абеліск», 1971) азнаменаваў новы паварот усёй беларускай прозы пра Вялікую Айчынную вайну ў мастацкім асэнсаванні мінулага і сучаснасці. Гэты матэрыял даваў літаратуры вялікі выбар драматычных сітуацый, у якіх ва ўвесь рост паўставаў чалавек на вайне, мацней выяўляўся элемент трагічнага. «Знакі бяды», якія расставіла гісторыя на цяжкіх дарогах народа ў будучыню, знакі папярэджання, якія не павінны ігнараваць цяперашнія пакаленні, пісьменнік паказвае і ў іншых творах «партызанскага цыкла» («Воўчая зграя», 1974; «Пайсці і не вярнуцца», 1978; «Знак бяды», 1982; «Кар’ер», 1986; «У тумане», 1987; «Аблава», 1989), у аповесцях з франтавога жыцця («Дажыць да світання», 1973; «Яго батальён», 1975). У гэтых творах Быкаў застаецца верным сваёй манеры, пазнавальным, але ў той жа час і заўсёды новым, іншым: не спяшаючыся, паслядоўна ён пераварочвае перад чытачом новыя і новыя «франтавыя старонкі» вялікай народнай эпапеі гераічнай трагедыі, даючы яму надзвычай рэдкую магчымасць уважліва ўчытацца ў нягаснучыя радкі аб народным подзвігу, асэнсаваць мінулае ў кантэксце зменлівага свету. Пісьменнік упэўнена вядзе чытача ад бытавой паверхні ваенных падзей у глыбіні маральнай і філасофскай праблематыкі, якія хаваюцца пад гэтай паверхняй. Вайна ў яго творах паказваецца як своеасаблівая «лабараторыя», у якой гісторыя ставіла «эксперыменты» на чалавечнасць чалавека, на яго здольнасць мужна вынесці ўсе выпрабаванні, выжыць у экстрэмальных умовах і перамагчы ворага, што ўвасабляў усё нізкае ў чалавечай прыродзе і перашкаджаў руху чалавецтва па шляху прагрэсу. На найважнейшыя і найвастрэйшыя пытанні сучаснасці, ці варты чалавек лепшай долі, ці здольны ён паўстаць над уласнымі слабасцямі і памылкамі, страсцямі і бясконца растучымі запатрабаваннямі, В. Быкаў адказвае вельмі выразна і недвухсэнсоўна: так, варты! Так, здольны! Адсюль і прыхільнасць пісьменніка да вострых маральна-этычных калізій, якіх з лішкам падаравала практыка XX ст., да тых самых «пагранічных сітуацый», у якія ставіць жыццё яго герояў, раскрываючы кожны раз у іх такія глыбіні, аб існаванні якіх яны і не падазравалі, да мэтанакіраванага даследавання ўсіх важнейших этапаў і паваротаў чалавечых пачуццяў і думак, да пошуку глыбінных заканамернасцей чалавечага быцця, да філасофска насычанай праблематыкі. У творчасці В. Быкава сучаснае чалавецтва сустракаецца з дагэтуль невядомым яму народам, з непаўторным гістарычным вопытам гэтага народа, з нацыянальна-своеасаблівым поглядам на многія праблемы, якія хвалююць сёння людзей Зямлі. Дзякуючы творчасці В. Быкава беларуская ваенная проза выклікала велізарную цікавасць да яе з боку сусветнага чытача і атрымала міжнароднае прызнанне.

У беларускай літаратуры 1980–90‑х гг. пра Вялікую Айчынную вайну намеціўся новы паварот у эстэтычным асэнсаванні мінулага. Ён праявіўся і ў колькасным папаўненні радоў пішучых пра вайну (на Беларусі няма пісьменнікаў, якія так ці інакш не закраналі б у сваёй творчасці гэтай тэмы), і ў якасных зменах. З’явіліся спробы новага прачытання паэтамі ўжо вядомага матэрыялу [«Замошская рота» У. Паўлава, «Поле» П. Макаля, «Балада Брэсцкай крэпасці» Р. Барадуліна, «Іх апошняя воля» А. Вярцінскага, «Смага» У. Скарынкіна (н. у 1939), «Мадонна» Ю. Свіркі]. Да тэмы вайны звяртаюцца паэты, празаікі, драматургі А. Разанаў (1947–2021), Я. Янішчыц (1948–1988), Р. Баравікова (н. у 1947), Т. Бондар (1945–2005), У. Карызна (1938–2026), А. Жыгуноў (н. у 1954), А. Дудараў (1950–2023), А. Наварыч (н. у 1960), У. Някляеў (н. у 1946), многія з іх нарадзіліся пасля вайны.

Новы паварот у эстэтычным асэнсаванні падзей Вялікай Айчыннай вайны ў 1980‑х гг., на думку Т. Багарадавай (н. у 1974), звязаны з прысуджэннем у 1986 г. Ленінскай прэміі В. Быкаву за аповесць «Знак бяды» (1982). Даследчыца адзначае, што кніга стала «этапнай падзеяй для літаратуры СССР, пасля якой многія ветэраны Вялікай Айчыннай звярнуліся да ваеннай тэмы з новым адчуваннем унутранай свабоды, з патрэбай раскрыць самыя глыбокія пласты сваёй памяці».

Другой прычынай для актуалізацыі літаратуры ваеннай тэматыкі стаў выхад кнігі «У войны не женское лицо» (1985) С. Алексіевіч, у якой сабраныя апавяданні жанчын, што ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Назву кнізе далі пачатковыя радкі з рамана беларускага пісьменніка А. Адамовіча «Вайна пад стрэхамі» (1960). Публікацыі кнігі папярэднічала стварэнне аднайменнай серыі сямі дакументальных тэлефільмаў (1981–84) па сцэнарыю С. Алексіевіч рэжысёрам В. Дашуком на кінастудыі «Беларусьфільм». Твор выклікаў вялікі рэзананс і шматлікія дыскусіі, што, несумненна, паўплывала на цікавасць да гэтай тэмы з боку пісьменнікаў.

Аднак перш за ўсё на з’яўленне новай хвалі ваеннай прозы паўплывалі перабудовачныя падзеі, якія далі літаратарам мажлівасць адкрыта гаварыць тое, што раней абмяжоўвалася цэнзурай. Пісьменнікі-ветэраны скарысталі шанец ва ўмовах свабоды слова звярнуцца і да ўласнага ваеннага вопыту, і да гістарычных падзей, якія папярэднічалі вайне, і былі па-свойму не менш трагічнымі. У 1980‑х гг. да ваеннай тэмы звярнуліся аўтары так званай лейтэнанцкай прозы, якія ва ўмовах галоснасці атрымалі магчымасць расказаць пра найбольш трагічныя абставіны ваеннага ліхалецця. Проза гэтага часу вылучаецца найперш аўтабіяграфізмам, натуралістычным апісаннем падзей і гранічнай шчырасцю. У гэты час героямі твораў ваеннай тэматыкі ўсё часцей робяцца жанчыны [раман «Верасы» (1985) А. Савіцкага (1924–2015), «Зеніт» (1987) І. Шамякіна].

Важкім набыткам айчыннай літаратуры ў 2‑й палове 1980‑х гг. становіцца аўтабіяграфічная проза, якая не магла з’явіцца на старонках друкаваных выданняў у ранейшы савецкі час. Гэта найперш мемуары рэпрэсаваных беларускіх аўтараў, якія былі рэабілітаваны ў 1960‑я гг. [«Такія сінія снягі» (1988) С. Грахоўскага, «Аповесць для сябе» (1987, 1988) Б. Мікуліча, «Яжовыя рукавіцы» (1989) П. Пруднікава (1911–2000)].

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што менавіта на мяжы 1980‑х і 1990‑х гг. выходзіць шмат буйных твораў, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай вайны. Відавочна, што некалькі гадоў перабудовы сталі крыніцай творчай інспірацыі для аўтараў усіх узростаў, часам пераасэнсавання і новых магчымасцей для друку таго, што было напісана раней. У гэты час выходзяць «Мая Галгофа» (1990) Я. Бяганскай (1908–1992), «Зона маўчання» (1990) і «З воўчым білетам» (1991) С. Грахоўскага, «Пекла» (1991) П. Пруднікава, «Муштук і папка» (1990) Я. Брыля, «Цыркачка і маёр» (1992), «Клетка для берасцянак» (1993) і «Выканаўца» (1994) А. Асіпенкі (1919–1994), «Палон» (1991) М. Аўрамчыка (1920–2017), «Нямко» (1993) А. Адамовіча, «Засталіся толькі ўспаміны» (1992) Б. Сачанкі, «Обаль» (1989) А. Савіцкага.

Здавалася б, скразная тэма вайны ў беларускай літаратуры павінна была вычарпаць сябе ў ХХІ ст. Аднак гэта не адбылося і таму ёсць некалькі прычын. Першая звязана з тым, што вопыт, які атрымала нацыя ў ХХ ст. (страты Першай сусветнай, грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, траўматычны вопыт, атрыманы савецкімі воінамі-інтэрнацыяналістамі цягам вайны ў Афганістане), аказаўся не проста важным для народа Беларусі, а ў многім нацыятворным. Гэта добра паказана ў кнізе «Народ і вайна» (2015) М. Тычыны (1943–2022), цэнтрам увагі ў якой стала праблема адлюстравання ў памяці народа і ў нацыянальнай літаратуры ваенных падзей. Другая звязана з тым, што на змену пісьменнікам-ветэранам прыйшло пакаленне «дзяцей вайны», у якога была свая памяць, свой уласны вопыт, атрыманы ў гады фашысцкай навалы. Гэта У. Гніламёдаў (1937–2024), В. Казько, В. Якавенка (1936–2018) і інш. Трэцяя прычына звароту — актуальнасць праблемы вайны ў наш час. Цалкам натуральна, што беларускія пісьменнікі спрабуюць комплексна вырашаць праблемы сучаснікаў, ставяць задачы, рашэнне якіх выходзіць за межы ўласна нацыянальнай рэчаіснасці, і актыўна ўдзельнічаюць у выпрацоўцы этычных і эстэтычных каштоўнасцей і прыярытэтаў, неабходных ва ўмовах глабальных геапалітычных выклікаў.

Тэма вайны не адпускае беларускіх пісьменнікаў. Гэта абумоўлена яшчэ і тым, што ў апошнія 80 гадоў тэма Вялікай Айчыннай вайны падымалася не толькі ў літаратуры, але стала стрыжнявой для нацыянальнай культуры, якая прасякнута антываенным пафасам і звязана з агульным адчуваннем вайны як катастрофы, што дагэтуль уплывае на ацэнку сучасных падзей. Як слушна адзначае Т. Багарадава ў манаграфіі «Памяць сэрца: эвалюцыя ўвасаблення ваеннай тэмы пісьменнікамі-ветэранамі і сведкамі Вялікай Айчыннай вайны ў беларускай аповесці (1980–1990‑я гг.)» (2022): «Ацэнка страт беларусаў як нацыі ў ходзе вайны, асэнсаваная ў аўтабіяграфічных аповесцях яе ветэранаў і відавочцаў, аказалася надзвычай уражлівай. З улікам гэтых страт адмоўнае стаўленне беларуса да любой агрэсіі рэалізавалася не толькі ў праўдзівых сюжэтах айчынных пісьменнікаў, але і ў пафасе асуджэння вайны як непапраўнай трагедыі, прычым у маштабах не толькі пэўнай асобы, генерацыі, нацыі, але і ўсёй людской супольнасці, зразуметай у філасофскім плане». На яе думку, «адназначна адмоўнае стаўленне тыповага беларуса ў ХХІ ст. да ваенных канфліктаў зрабілася трывалай пазнакай нацыянальнага характару — найперш праз траўматычны вопыт 1940‑х гг.». Гэта тлумачыць той факт, што ў сучасных чытачоў, у т. л. і спецыялістаў у літаратуры, выклікаюць цікавасць не толькі новыя кнігі, але і перавыданні аўтараў, якія раней адзначыліся творамі пра вайну.

Так, некаторыя крытыкі звязвалі атрыманне В. Казько прэміі імя Е. Гедройца за кнігу «Час збіраць косці» з тым, што ён з’яўляецца аўтарам аповесці «Суд у Слабадзе» (1978), за якую ў 1982 г. атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР імя Якуба Коласа (1982). Ваенныя падзеі, паказаныя вачыма падлетка, сталі — дзякуючы ў т. л. і папулярнасці гэтай аповесці В. Казько — актуальным ракурсам пры асвятленні ваеннай тэмы ў беларускай літаратуры 2000‑х гг. У першую чаргу гэта датычыць твораў аўтабіяграфічнага характару. Больш шырока тлумачыць гэтую літаратурную з’яву М. Тычына, калі піша ў кнізе «Народ і вайна»: «Да пісьменніка прыйшла ўпэўненасць, што яго асабісты жыццёвы вопыт, вопыт духоўнага пазнання свету з’яўляецца тым галоўным, першасным пунктам, ад якога трэба адпраўляцца ў творчым пошуку».

Успаміны дзіцячай пары леглі ў аснову маштабнага рамана У. Гніламёдава «Вайна» (2014), які ўваходзіць у цыкл сямейна-бытавой хронікі разам з раманамі «Уліс з Прускі» (2006), «Расія» (2007), «Вяртанне» (2008), «Валошкі на мяжы» (2014), «Пасля вайны» (2015). Цэнтральнай для гэтага цыклу раманаў, у сюжэтную канву якіх пакладзена гісторыя сям’і з Заходняга Палесся, з’яўляецца постаць Лявона Кужаля, які перажыў цягам жыцця не адно ліхалецце і мае не толькі вопыт выжывання ў цяжкія часы, але і ўменне лаканічна і ёміста выказваць думку народа адносна падзей, з якімі яму даводзіцца сутыкацца. Раман напісаны ў межах трывалай нацыянальнай літаратурнай традыцыі, калі апісаныя падзеі ў цэлым адпавядаюць ходу развіцця гісторыі 2‑й паловы 1940‑х гг. Аднак першыя дні вайны паказваюцца пісьменнікам быццам бы ў запаволеным рэжыме, а апошнія — дынамічна і больш абагульнена. Так, 1945 год паказаны ў рамане «Вайна» праз урыўкі з лістоў Васіля, сына Лявона Кужаля, які дайшоў да Германіі, а перамога адзначана толькі адным фінальным сказам: «Пра Перамогу даведаліся 11 мая».

Раман «Вайна» ствараўся ў першых дзесяцігоддзях новага стагоддзя з улікам раскрытых новых гістарычных фактаў, што значна адбілася на яго змесце. Гэта ў прынцыпе характэрна для ўсёй сучаснай літаратуры, тэматычна звязанай з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Сучасныя пісьменнікі адлюстроўваюць гістарычна абгрунтаваныя погляды на прычыны вайны, асаблівасці яе ходу, ацэнкі тых ці іншых ваенных аперацый і асоб. Але галоўнае, што характэрна для твораў цяперашняга часу, — гэта беларусацэнтрычнасць, калі апісанне і разуменне катаклізмаў ваеннага ліхалецця адпавядае не толькі лініі дзяржаўнай палітыкі СССР, але і ўласна беларускай гісторыі. Невялікая вёска Пруска, паказаная ў раманах У. Гніламёдава ў розныя часы свайго існавання, выклікае цікавасць як архетыповы беларускі топас, а погляды, адчуванні і надзеі яе жыхароў выглядаюць тыповымі для жыхароў Беларусі. Так, значная частка рамана прысвечана таму, як адносяцца сяляне да абяцання нямецкіх акупантаў раздаць зямлю тым, хто мае ў ёй патрэбу. Такім чынам, раман «Вайна» стаў яшчэ адной спробай асэнсаваць прагу беларуса да зямлі і волі.

Нацыянальны характар у рамане выяўляецца пры параўнанні вобразаў беларусаў з вобразамі прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей, у першую чаргу рускіх і немцаў. І калі паралель з першымі сведчыць пра блізкасць менталітэтаў, то супастаўленне з другімі — хутчэй аб іх процілегласці. Менавіта гэты кантраст дапамагае не толькі лепш зразумець беларускага селяніна, але і павучыцца ў яго таму, як паводзіць сябе ва ўмовах ваенных выпрабаванняў: «Акупацыйны рэжым патрабаваў бясспрэчнага выканання сваіх пастаноў, і ў насельніцтва не было ні самай малой магчымасці хоць як супрацьстаяць акупацыйным уладам, не паддавацца, адстойваць свае правы. Лявон вырашыў для сябе, што жыць у гэтай сітуацыі варта так, каб не прыцягваць да сябе чужой увагі, не заводзіць лішніх знаёмстваў і ва ўсіх выпадках трымацца далей і ад немцаў, і ад тых, хто ім служыць, і ад розных выпадковых людзей». Разам з тым, жорсткасць ваеннага часу У. Гніламёдаў звязвае не з нацыянальным характарам немцаў, а з фашызмам, што падкрэсліваецца ў многіх эпізодах, сюжэтна звязаных з постаццю Лявона Кужаля, які, відавочна, з’яўляецца для аўтара і альтэр эга самога пісьменніка, і выразнікам нацыянальнага светапогляду:

«— Жорстка паводзіць сябе чалавек, — уздыхнуў Лявон. — Ён сам па сабе жорсткі, па прыродзе сваёй, а тут яшчэ вайна падаграе…

— Гэта, дзядзьку, фашызм.

— Фашызм».

Безумоўна, каштоўнасць рамана У. Гніламёдава і ў аўтабіяграфічным матэрыяле, які быў скарыстаны аўтарам, і ў паказе нараджэння партызанскага руху ў Заходняй Беларусі, але найперш твор цікавы сучаснікам тымі быційна-філасофскімі высновамі, якімі дзеліцца пісьменнік і якія датычаць не толькі канкрэтна-гістарычнага адрэзку часу. На прыкладзе вобраза Лявона Кужаля як носьбіта ідэалаў і народнай маралі добра прасочваецца тое, як рэалізуецца ў тэксце твора яго выхаваўча- аксіялагічная функцыя. Між тым, аксіялагічны патэнцыял нясуць і аўтарскія рэмаркі, не ўкладзеныя пісьменнікам у вусны галоўнага героя: «Вайна ёсць вайна, яна патрабуе ад чалавека намагання ўсіх сіл, душэўных і фізічных. Тут вельмі важна на нешта абаперціся — на вернага таварыша, на адчуванне чалавечай еднасці ў цяжкай сітуацыі. Гэта адчувалі ўсе».

Вельмі блізкая, па многіх параметрах, да цыклу раманаў У. Гніламёдава трылогія В. Якавенкі «Пакутны век» (2006). Літаратуразнаўца А. Лойка ў прадмове да другога выдання вызначыў гэты твор як «усебеларускі», акрэсліўшы яго як «эпапею нацыянальнай гісторыі, даваеннага часу, 1939 года, Другой сусветнай вайны, паслеваенных падзей і характараў». Часавы ахоп твораў прыкладна такі ж, як і ў пенталогіі У. Гніламёдава — ад эвакуацыі пасля Першай сусветнай вайны да падзей пасляваеннага часу. Аднак у аснову рамана пакладзена не гісторыя сям’і аўтара, а гісторыя сям’і Марыі Дзямковіч, беларускі з Моталя, якую пісьменнік сустрэў у ЗША пад час наведвання краіны ў 1990‑х гг. Першы раман выйшаў у 2003 г. Пазней аповед пра гэтую палескую сям’ю пашырыўся і быў выдадзены як трылогія «Пакутны век». Другое перавыданне кнігі ў 2010 г. папоўнілася новымі раздзеламі. Лёс сям’і Рамановічаў, які склаў адну з сюжэтных ліній твора, даў аўтару мажлівасць паразважаць над характарам палешукоў і занатаваць асаблівасці іх побыту. На старонках твора шмат вядомых гістарычных асоб — Барыс Кіт, Раман Скірмунт, Радаслаў Астроўскі і інш. У цэлым твор адрозніваецца ад эпапеі У. Гніламёдава большым ахопам персанажаў, своеасаблівасцю аўтарскага погляду на тыя ці іншыя падзеі гісторыі і з’яўляеццца творам у вялікай ступені публіцыстычным. Перавагай абодвух твораў з’яўляецца тое, што яны напісаны на біяграфічным матэрыяле, таму падзеі, апісаныя ў іх, выглядаюць рэалістычна, а дзеянні герояў — псіхалагічна матываваныя.

Адной з асаблівасцей твораў, напісаных на мяжы стагоддзяў, стала пэўная падгонка пад факты, якія беларусы напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ведаць не маглі. Так, на старонках некаторых з іх з’яўляюцца празорцы, якія вястуюць пра вайну з фашыстамі, хоць і не моцна дасведчаныя ў палітычных рэаліях. Такое можна назіраць, да прыкладу, у аповесці «Помні Сталінград» (2000) І. Навуменкі. Галоўны герой твора Іван Дрозд — звычайны вясковы хлопец, аўтарытэт якога ў вёсцы, па словах пісьменніка, трымаецца на тым, што «Іван нікога не крыўдзіць, добра гуляе ў валейбол, і ў яго доме звычайна збіраюцца хлопцы, бо ён тут поўны гаспадар». Таму даволі цяжка зразумець, чаму адразу пасля такой характарыстыкі ўзнікае паведамленне: «Сярод дзесяцікласнікаў Іван аказаўся прарокам. Бо толькі адзін ён лічыў, што з Германіяй пачнецца вайна». Галоўны герой прайшоў вайну «ад і да», удзельнічаў у вызваленні Сталінграда, быў паранены, сустрэў на фронце сваё першае каханне. Аднак узнікае ўражанне, што твор напісаны нават не з чужых слоў, а паўтарае нейкія клішэ, чаго не было, напрыклад, у так званай лейтэнанцкай прозе з яе псіхалагізмам і акцэнтаванасцю на праблеме выбару. У аповесці практычна адсутнічаюць дэталі, якія замяняюць апісанні кшталту: «Жудасная карціна! Крык, лямант. Кожны ратуецца як можа». Цікава, што ў «Помні Сталінград», як і ў многіх іншых творах, напісаных у пазнейшы час, а не непасрэдна пасля вайны, пачатак аповесці яшчэ мае нейкія больш-менш мастацкія сцэны, але бліжэй да канца яны знікаюць, змяняючыся простай канстатацыяй: «Армія проста выштурхоўвае немцаў. Вось і Бранск вызвалены. Нашы войскі займаюць Прылукі, Рамны, Пірацін, Лубны. Але Іван Дрозд незадаволены такім ходам падзей. Трэба рабіць немцам тое, што яны рабілі нам у сорак першым». Гэты момант складана вытлумачыць, акрамя як тым, што першыя дні вайны пакінулі ў памяці людзей, народжаных у сярэдзіне 1920‑х гг., незабыўны, ні з чым не параўнальны след.

Тое, чаго не хапае чытачу ў «Помні Сталінград» — запамінальных дэталей і яркіх вобразаў — добра прадстаўлена ў «Перажыўшы вайну: аповесць у абразках памяці» (1988, 2013) Н. Гілевіча, якая чытаецца як сапраўды мастацкі, глыбокі твор, дзе ёсць месца і ўспамінам, і развагам, і самабытным вобразам. Пры гэтым аўтар не проста згадвае сваё мінулае, але і імкнецца адказваць на вострыя пытанні, якія ўзніклі ў чытачоў іншага ўзросту ў сувязі з публікацыямі, што з’явіліся ў канцы ХХ ст. Так Н. Гілевіч расстаўляе кропкі над «і» ў спробах прынізіць партызанскі рух на Беларусі. Форма празаічных мініяцюр (а менавіта з іх складаецца аповесць) аказалася вельмі прыдатнай для сур’ёзнай размовы пра вайну, бо мініяцюра зазвычай успрымаецца пісьменнікамі як жанр лірычны, да таго ж «малафарматчыкі» (па выразе Я. Брыля, аднаго з родапачынальнікаў гэтага жанра) у беларускай літаратуры рэдка браліся за лінейнае выкладанне падзей, тым больш падзей трагічнай афарбоўкі. «Перажыўшы вайну» — твор трагічны ад першай да апошняй старонкі. Нават апошнія словы аповесці не надаюць чытачу аптымізму: «І будзе так праз усё жыццё. Колькі разоў у высокую светлую радасць, што перапаўняе ўсю тваю душу, будзе ўрывацца пачварнасць, каб гэту радасць ачарніць і спаганіць. У сталым веку такое ўварванне ўспрыймаецца спакайней, з разуменнем — “жыццё, яно, брат, такое”, а ў маладосці… а ў маладосці гэта раніць душу вельмі балюча і надоўга».

Пошук формы як неабходнасць данесці праўду пра вайну для маладзейшага пакалення, якое не зведала цяжару вайны, пайшло на карысць літаратуры. Шмат якія сучасныя творы напісаны ў жанры нон-фікшн (немастацкая літаратура), які стаў папулярным ужо ў ХХІ ст., але быў добра вядомы чытачу па такіх творах, як «Блокадная книга» А. Адамовіча [сумесна з Д. Граніным (1949–2017)], «Я з вогненнай вёскі» А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка. У 2015 г. да 40‑годдзя пачатку працы над «Блокадной книгой» (красавік 1975) выйшла выданне на рускай мове, дзе ўпершыню ў Беларусі выкладзена гісторыя яе стварэння. У інтэрв’ю А. Адамовіча «З чаго пайшла, пачыналася “Блакадная кніга”» распавядаецца пра момант і акалічнасці ўзнікнення самога замыслу кнігі і пра працэс яе стварэння. У кнізе таксама публікуюцца тэксты з нататнікаў А. Адамовіча 1975–91 гг. (за выключэннем запісаў 1986, якія прысвечаны чарнобыльскай катастрофе). Палова запісных кніжак першых гадоў працы — адрасы, тэлефоны блакаднікаў, іх расповеды. Пазней яны ўвайшлі цалкам альбо фрагментарна ў тэкст кнігі. На старонках нататнікаў — вобразы людзей, іх характары, знешнасць, часам іх адносіны да ўласных успамінаў, што не менш каштоўна для гісторыі. У занатоўках з 1975 па 1981 г. — гісторыя працы: знаёмства з тэмай блакады, асэнсаванне матэрыялу, вывучэнне праблемы голаду (на падставе кнігі К. Гамсуна «Голад»), пасля — «Ідэя і план кнігі», водзывы чытачоў-блакаднікаў, праца над другой часткай кнігі. Адным з пытанняў, на якое А. Адамовіч шукаў адказ, стала пытанне: за кошт чаго чалавек выжывае? Тэксты ў нататніках да «Блакаднай кнігі» суседнічаюць з запісамі, якія прысвечаны яго «Карнікам». Запісныя кніжкі 1981–83 гг. захоўваюць іншую інфармацыю: аўтарскую ацэнку блакады, блакаднікаў, самога горада, ленінградскай культуры, памяці. У 1983 г. пісьменнік спрабуе разабрацца ў вызначэнні жанра кнігі. Жанр ён вызначае паэтычна — то «жыццё, якое апавядае пра сябе», то «шматгалоснае самадаследаванне». У запісах за 1984–91 гг. пісьменнік зноў вяртаецца ў думках да блакаднага Ленінграда і працы над кнігай. Інтэрв’ю А. Адамовіча і тэксты з яго нататнікаў — гэта не толькі летапіс стварэння кнігі, але ў першую чаргу самабытны, яркі філасофска-мастацкі твор, напісаны ў жанры нон-фікшн, які, безумоўна, стаў узорам для наступнага пакалення беларускіх пісьменнікаў. Аднак і традыцыйнае для айчыннай літаратуры лінейнае пісьмо рэалістычнага кірунку выдатна спраўляецца са сваёй задачай, калі ў аснову апавядальнай канвы пакладзены ўражанні, асабіста перажытыя аўтарам ці яго рэспандэнтам, які меў вопыт ваеннага часу.

Вопыт вайны, пабачанай вачыма дзяцей і падлеткаў, альбо асэнсаваны імі праз апавяданні родных і блізкіх, пакладзены ў аснову твораў, якія склалі серыю «Дзеці вайны», заснаваную выдавецтвам «Чатыры чвэрці».

У серыі шмат кніг, адрасаваных чытачам малодшага ўзросту, у т. л. тых, дзе расказваецца пра жыццё беларускіх дзяцей пад час акупацыі. Сярод іх шмат паэтычных [«Параненая памяць: апавяданні, вершы, эсэ» (2015) А. Зэкава (н. у 1955), «Курганны звон: вершы, балады і паэмы» (2014) Казіміра Камейшы (н. у 1943), «На плошчы памяці маёй: вершы, паэмы, балады» (2014) М. Чарняўскага (н. у 1943), «Нашчадкам: апавяданні, вершы» (2015) Ф. Шкірманкова (1926–2021). Зборнік «Няма даравання вайне» (2014) Ніны Галіноўскай (1935–2025) складаецца з вершаў і паэмы «Пра дзяўчынку Галінку», якая носіць аўтабіяграфічны характар. Паэма, прысвечаная памяці бацькоў і дзяўчат-аднавясковак, прадстаўляе карціны маленства, напісаныя з цеплынёй і ўдзячнасцю блізкім. Твор вылучаецца вельмі жывой паэтычнай мовай, якая павінна добра ўспрымацца школьнікамі малодшага ўзросту. У кнізе В. Гурскага (1922–2015) «Цяжкая дарога» (2010) таксама апісваюцца падзеі вайны на тэрыторыі Беларусі, якая крывавым крылом апякла лёсы не толькі дарослых, але і дзяцей. Аўтар, які сам быў партызанам атрада імя Чапаева аднайменнай брыгады, у сваіх дакументальных нарысах апісвае, як беларускія хлопчыкі і дзяўчынкі дапамагалі бацькам ваяваць з акупантамі, здабываючы звесткі для народных мсціўцаў, удзельнічалі ў баявых аперацыях. У аснову апавяданняў, эсэ і аповесці з кнігі «Хлеб для партызанаў» (2015) М. Пазнякова (н. у 1951) пакладзены ўспаміны бацькоў пісьменніка — непасрэдных яе ўдзельнікаў, а таксама згадкі старэйшых братоў і сясцёр — дзяцей самай крывавай і жахлівай вайны, якія і з’яўляюцца галоўнымі героямі твораў гэтай кнігі. Дакументы і ўспаміны відавочцаў леглі ў аснову кніг «Выжыць на дарозе смерці» (2015) З. Дудзюк (н. у 1950) і «Васілёк» (2015) І. Ярашэвіча (1945–2019), якія апавядаюць пра выпрабаванні, што выпалі на долю дзяцей і падлеткаў у гады акупацыі.

У серыю «Дзеці вайны» ўвайшло шмат кніг, напісаных на дакументальнай аснове, у т. л. мемуараў. Так, кніга «Абпаленая маладосць: дакументальная аповесць» (2015) Т. Майстрэнка (н. у 1950) прысвечана памяці бацькі, мінчука Анісіма Пецярбуржцава. Аўтарка праходзіць яго жыццёвы шлях (з 1939 па 1945), тыповы для людзей таго пакалення. На старонках аповесці — лёсы родных бацькі і гісторыі тых, хто змагаўся з ім побач. Крыніцай для стварэння кнігі сталі мемуары Анісіма Пецярбуржцава, а таксама дакументы з музеяў Смаленска і Смаленскай вобласці. На падставе ўспамінаў напісана аповесць «Валанцёр свабоды», якая разам з апавяданнямі ўвайшла ў кнігу «Партызанская мадонна» (2015) Л. Левановіча (1938–2021). Аповесць расказвае пра жыццё беларуса, які ў маладыя гады паехаў з Заходняй Беларусі ў Аргенціну, дзе ўступіў у Камуністычную партыю, потым ваяваў з фашыстамі ў Іспаніі, актыўна ўдзельнічаў у руху Супраціўлення Францыі, а праз 17 гадоў вярнуўся на радзіму. Героі апавяданняў — ветэраны вайны і сучаснікі, дзяцінства якіх было абпалена Вялікай Айчыннай вайной. Серыя «Дзеці вайны» стала сапраўдным унёскам у справу выхавання маладога пакалення.

Сярод кніг, тэматычна звязаных з Вялікай Айчыннай вайной, варта адзначыць і тыя, якія не маюць на мэце апісанне падзей ваеннай пары, але ўскосна закранаюць той перыяд як лёсавызначальны для іх герояў. Так, жыццё галоўнай гераіні рамана «Любачка» (2013) А. Афяроўскага (н. у 1937) было прадвызначана тым, што маці, вясковая настаўніца нямецкай мовы, нарадзіла яе ад фашысцкага афіцэра, каб выратаваць трох маленькіх сыночкаў. Аднак у цэлым — гэта раман пра жыццё і каханне маладой дзяўчыны, якая падлеткам пайшла з бацькоўскай хаты, пакінуўшы запіску: «Мама, я цябе і маіх брацікаў вельмі люблю, але не хачу быць чужой сярод сваіх. Не шукай мяне, бо ўсё роўна не знойдзеш, тым больш, што я нікому не патрэбна. Дадому ніколі не вярнуся, упэўнена, што неяк выжыву. Ваша Л.». Непрыняцце яе акружэннем звязана з акалічнасцямі нараджэння. Тым не менш гэта не паўплывала на характар гераіні, яна засталася добрым і спагадлівым чалавекам, знайшла сваё каханне і шчасце.

Аповесць «Па што ідзеш, воўча?» (2022) Е. Вежнавец (н. у 1972) — гісторыя беларускі, якая вярнулася з замежжа ў Беларусь. Рына — чалавек своеасаблівы, які вылучаецца ці не ў першую чаргу адсутнасцю эмпатыі, што, на думку аўтаркі, звязана не ў малой ступені з тым, што кровапралітныя войны ХХ ст. пазбавілі тутэйшых жанчын сацыяльнага аптымізму і прывучылі да асцярожнасці. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны пададзены вуснамі вясковай знахаркі Дарафеі, чый жыццёвы і жаночы вопыт такі ж трагічны, як і ўнуччын: «За кожнага забітага немца ўзялі трох непавінных. I хаты спалілі перад зімой. Так яно і павялося. Балота і тое гарэла ў нас пад нагамі. Як ні вясна, марац — немцы блакаду пачынаюць. У 1942, 1943 — блакада! У 1944 — блакада! Мы ўжо і ўцякаць не маглі, ледзь поўзалі па тым балоце. Галодныя, абарваныя. Колькі дзяцей утапілася, колькі старых! А з сорак трэцяга немцы сталі яшчэ і бамбіць, і танкі пускаць. От так, мая дзетка. Парцізанаў было сотні і тысячы. Толькі ў лесе можна было выжыць мужыку. А мы, бабы, старыя і дзеці, для ўсіх былі кормнае быдла». Праз трагедыю, якая прайшла праз усё жыццё беларусаў у ХХ ст., аўтарка імкнецца паказаць нацыянальны характар сучаснікаў, якія ненавідзяць вайну амаль генетычна. Аўтарка пазначыла жанр сваёй аповесці як «балотная казка».

Вайна закранула і перайначыла лёсы гераінь вострапсіхалагічнага рамана Ю. Шаровай (н. у 1979) «Вяртанне Ліліт» (2018). Адна з ліній гэтага шматсюжэтнага фантастычнага твора прысвечана Ліліт, якая паслана ў свет людзей, каб навучыць «дачок Евы падаваць руку адна адной». У адным са сваіх нараджэнняў яна жыве ў ахопленым вайной горадзе Мінску. У мінскім гета гераіня ратуе, а пасля і становіцца маці для шасцігадовай Мірыям, дачкі сваёй сяброўкі Няхамы Сагаловіч, уся сям’я якой гіне ад рук гітлераўцаў. Раман напісаны ў жанры меніпеі (від сур’ёзна-смехавага жанру), старонкі, прысвечаныя ваеннаму адрэзку часу, напісаны ў трагічным ключы.

У літаратуры ХХІ ст. пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны беларускія пісьменнікі змяшчаюць фокус з паказу гераізму ў бок трагічнага асвятлення, скіроўваючы свой позірк на звычайнага беларуса, не вайскоўца. Адметнымі рысамі твораў становяцца паглыблены псіхалагізм, аўтабіяграфічны пачатак, выкарыстоўванне дакументаў, у т. л. мемуараў і ўспамінаў сведкаў ваенных падзей. Літаратура па-ранейшаму ўжывае лінейнае рэалістычнае пісьмо, але вялікую долю тэкстаў складаюць творы нон-фікшн. Тэма мінулай вайны як лёсатворнага фактару ўзнікае і ў літаратурна-мастацкіх творах, якія адносяцца да так званага магічнага рэалізму.