Карма́
Гарадскі пасёлак, цэнтр Кармянскага раёна Гомельскай вобласці, прыстань на р. Сож. За 94 км на поўнач ад г. Гомель, за 278 км ад Мінска, 55 км ад чыгуначнай станцыі Рагачоў (на лініі Магілёў — Жлобін); аўтадарогамі Карма звязана з Чачэрскам, Гомелем, Магілёвам, Рагачовам, Слаўгарадам.
У 1939 г. у Карме было 2 436 жыхароў.
Нямецкія войскі 12 жніўня 1941 г. прарвалі фронт абароны 13‑й арміі на Сожы.
Карма акупіравана 15 жніўня 1941 г. Ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гарадскім пасёлку і раёне загінулі 1 173 чалавекі, з іх у Карме больш за 830 чалавек, у т. л. больш за 700 вязняў гета, расстраляных 7–8 лістапада 1941 г.
На тэрыторыі раёна ў маі 1942 г. быў створаны Кармянскі партызанскі атрад, які пазней аформіўся ў партызанскую брыгаду 1‑ю Гомельскую.
У раёне таксама дзейнічалі Кармянскае партыйна-камсамольскае падполле, Кармянскі падпольны райкам КП(б)Б і Кармянскі падпольны райкам ЛКСМБ; партызанская брыгада «Бальшавік», партызанская брыгада «Уперад» (Гомельскай вобласці), партызанская брыгада 1‑я Гомельская, партызанская брыгада 10‑я Журавіцкая, партызанская брыгада 14‑я Цемналеская; асобны партызанскі атрад Добрушскі.
Карма вызвалена 25 лістапада 1943 г. войскамі 121‑й гвардзейскай [генерал-маёр Л. Д. Чырваній (Л. Д. Чарваній, Л. Д. Чырвоній)] і 283‑й (палкоўнік В. А. Канавалаў) стралковых дывізій 80‑га стралковага корпуса (генерал-маёр І. Л. Рагуля) ва ўзаемадзеянні з 117‑й танкавай брыгадай (палкоўнік А. С. Варанкоў) 3‑й арміі (генерал-лейтэнант А. В. Гарбатаў) Беларускага фронту ў ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 г.
У гарадскім пасёлку знаходзяцца:
брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан; падпольшчыкаў; магіла ахвяр фашызму — 1,5 тыс. мірных жыхароў Кармы і іншых населеных пунктаў Гомельскай вобласці, закатаваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941–1943 гг.; адзіночныя магілы невядомых салдат; на магілах пастаўлены помнікі;
мемарыяльны комплекс «У гонар землякоў, якія змагаліся на палях Вялікай Айчыннай вайны», створаны на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан;
помнік у гонар воінаў-вызваліцеляў (танк Т‑34 на пастаменце);
помнік ахвярам фашызму — вязням гета.