Дата стварэння: 21.05.2025 15:53:36
Дата змены: 06.10.2025 14:48:09
Пі́на
Рака ў Іванаўскім і Пінскім раёнах Брэсцкай вобласці. Даўжыня 40 км.
Левы прыток ракі Прыпяць. Асноўныя прытокі: канал Завішчанскі, рэкі Ленушка і Ніўка (правыя) і рэкі Няслуха, Піліпаўка, Струга, Самароўка і Ляхавіцкі канал (левыя).
Пачынаецца ад шлюза каля вёскі Пераруб Іванаўскага раёна, на думку іншых даследчыкаў, бярэ пачатак каля вёскі Ду́бае Пінскага раёна, цячэ па нізіне Прыпяцкага Палесся, вусце ў межах Пінска. Рака лічыцца часткай Дняпроўска-Бугскага канала.
Плошча вадазбору 2 460 км². Азёрнасць вадазбору каля 1 % (найбуйнейшыя азёры — Пясчанае, Скорань, Завішчанскае). Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,6 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,01 ‰. Хуткасць цячэння нязначная. У межах Пінска назіраецца адваротнае цячэнне (у перыяд межані).
Даліна невыразная, зліваецца з прылеглай мясцовасцю.
Рэчышча ракі слабазвілістае, шырынёй 30–40 м, было значна зменена ў час будаўніцтва і рэканструкцыі Дняпроўска-Бугскага канала (паглыблена на мялі́нах, лукавіны выпрастаны). Воднасць ракі падтрымліваецца перакідам часткі сцёку з Прыпяці праз сістэму Выжэўскага і Белаазёрскага каналаў. Для падтрымання суднаходнага рэжыму рака зарэгулявана шлюзамі, на асобных участках абвалаваная.
Берагі нізкія, месцамі забалочаныя.
На перыяд вясновага разводдзя (з пачатку сакавіка, доўжыцца ў сярэднім 65–80 сутак; ускладняецца нераўнамернасцю снегараставання і выпадзеннем дажджоў) прыпадае 38,5 %, на летне-восеньскую межань — 32,8 %, на зімовую — 28,7 % аб’ёму гадавога сцёку.
Гідралагічныя назіранні на рацэ вядуцца з 1922 г., і на 1 студзеня 2023 г. дзейнічалі 3 пасты: два з іх у Ду́бае (26 км ад вусця) і адзін у Пінску (1,5 км ад вусця). Таксама дзейнічае пункт назіранняў за станам паверхневых вод па гідрахімічных паказчыках (11,2 км вышэй ад Пінска).
У створы Піна — Ду́бае (26 км ад вусця) сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 1,34 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады вясновага разводдзя — 4,11 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады летне-восеньскай межані — 0,29 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады зімовай межані — 0,88 м³/с.
На Піне размешчаны філіял РТУП «Беларускае рачное параходства» рачны порт Пінск. Судны параходства ажыццяўляюць перавозку грузаў і пасажыраў. У горадзе для пасажырскіх перавозак выкарыстоўваецца цеплаход «Пінск». Таксама на беразе ракі знаходзіцца санаторый «Жамчужны».