Дата стварэння: 07.08.2025 15:05:28
Дата змены: 29.12.2025 09:56:24
Ала́
Рака ў Кіраўскім і Бабруйскім раёнах Магілёўскай вобласці, у Жлобінскім і Светлагорскім раёнах Гомельскай вобласці. Даўжыня 100 км.
Левы прыток ракі Бярэзіна (басейн ракі Дняпро). Асноўныя прытокі: Вялікая Вязанка (злева), Рылейка, Беліца і Любіца (справа).
Плошча вадазбору 1230 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5,9 м³/с. Агульнае падзенне ракі 40 м. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,4 ‰.
Пачынаецца на захад ад вёскі Віленка Кіраўскага раёна, вусце за 2 км на поўнач ад аграгарадка Чыркавічы Светлагорскага раёна. У ніжнім цячэнні ад Алы адыходзіць рака Выдрыца. Верхняе цячэнне ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, ніжняе — Прыдняпроўскай нізіны. Вадазбор у верхняй частцы слабахвалісты, у ніжняй — плоскі, з асобнымі градамі. Лясістасць 22 %.
Даліна пераважна трапецападобная, на асобных участках невыразная, шырынёй 0,8–1 км, месцамі да 3 км.
Пойма двухбаковая, у вярхоўі асушаная і разараная, шырынёй у сярэднім цячэнні 0,5–0,6 км, ніжэй — 1–1,5 км.
Рэчышча каналізаванае на ўсім працягу. Шырыня ў межань у вярхоўі 8–10 м, на астатнім працягу 12–20 м.
Берагі стромкія, абрывістыя, вышынёй 1–3 м, задзернаваныя, у ніжнім цячэнні нізкія.
Максімальны ўзровень веснавога разводдзя ў канцы сакавіка, максімальная вышыня над межанным узроўнем 2,8 м. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 52 % гадавога сцёку.
На рацэ знаходзяцца сажалкі каля вёскі Вілы (плошча 27 га) Кіраўскага раёна і на паўночна-заходняй ускраіне горада Кіраўск (плошча 40 га), у пойме ракі — каля аграгарадка Мышкавічы (плошча 52 га) і вёскі Валосавічы (плошча 32 га) Кіраўскага раёна, каля аграгарадка Міхалёва 1 (плошча 14,5 га) Бабруйскага раёна.
У нізоўі ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння «Выдрыца», у сутоках Бярэзіны і Алы зона адпачынку Белагорскае.
На рацэ размешчаны горад Кіраўск і санаторый сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Рассвет» імя К. П. Арлоўскага.