pdf

БЯГОМЛЬ

Дата стварэння: 16.06.2023 08:54:50

Дата змены: 31.10.2024 10:01:11


location Google location Yandex

Бягомль (помнік ахвярам фашызму)


БЯГОМЛЬ, гарадскі пасёлак

Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан у гарадскім пасёлку Бягомль.

БЯГОМЛЬ, гарадскі пасёлак

Помнік землякам, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і ахвярам фашызму ў гарадскім пасёлку Бягомль.

БЯГОМЛЬ, гарадскі пасёлак

Помнік ахвярам фашызму ў гарадскім пасёлку Бягомль.

БЯГОМЛЬ, гарадскі пасёлак

Помнік на месцы партызанскага аэрадрома ў гарадскім пасёлку Бягомль.

БЯГОМЛЬ, гарадскі пасёлак

Помнік у гонар вызвалення гарадскога пасёлка Бягомль воінамі 277-й стралковай дывізіі.

БЯГОМЛЬ, гарадскі пасёлак

Помнік партызанскай славы ў гарадскім пасёлку Бягомль.

БЯГОМЛЬ, гарадскі пасёлак

Помнік Герою Савецкага Саюза С. С. Манковічу ў гарадскім пасёлку Бягомль.

Бяго́мль

Гарадскі пасёлак у Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці, на р. Мажанка. За 30 км на паўднёвы ўсход ад г. Докшыцы, за 170 км ад г. Віцебск, за 105 км ад Мінска, 37 км ад чыгуначнай станцыі Параф’янава (на лініі Маладзечна — Полацк); аўтадарогамі звязаны з гарадамі Мінск, Віцебск, Барысаў, Докшыцы.

У 1924–1960 гг. цэнтр Бягомльскага раёна.

Да 1938 г. сяло.

У 1939 г. у Бягомлі было 2 038 жыхароў.


У гады Вялікай Айчыннай вайны

Бягомль акупіраваны 2 ліпеня 1941 г. Ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у раёне загінула 3,3 тыс. чалавек (3,2 тыс. чалавек, паводле актаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў), у т. л. у гарадскім пасёлку 697 мірных жыхароў, большасць якіх, па некаторых звестках, або ўсе — яўрэі. Гітлераўцы стварылі ў Бягомлі гета, пры ліквідацыі якога 2 кастрычніка 1941 г. загубілі 270 вязняў; 16 кастрычніка 1941 г. былі расстраляны 23 яўрэі.

Акупанты размясцілі ў гарадскім пасёлку гарнізон і ператварылі яго ва ўмацаваны пункт з агнявымі кропкамі, акопамі, дзотамі. Яму адводзілася роля апорнага пункта па забеспячэнні ўзаемадзеяння нямецка-фашысцкіх гарнізонаў для барацьбы з партызанскім рухам у паўночна-ўсходніх раёнах Мінскай вобласці.

У Бягомлі і раёне дзейнічалі: Бягомльскае партыйна-камсамольскае падполле, Бягомльскі падпольны райкам КП(б)‌Б і Бягомльскі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада «Жалязняк» (Мінскай вобласці), партызанская брыгада «Дзядзькі Колі», партызанская брыгада М. М. Нікіціна, партызанскі атрад I. М. Кузіна.

Партызаны 20 снежня 1942 г. разграмілі ў гарадскім пасёлку гарнізон ворага і аднавілі савецкую ўладу (гл. Бягомльская аперацыя 1942 г.). Тэрыторыя раёна ўваходзіла ў Барысаўска-Бягомльскую партызанскую зону. У Бягомлі базіраваліся падпольны райкам партыі, штаб брыгады «Жалязняк», дзейнічалі партызанская камендатура, перасоўны шпіталь, друкарня, дзе выдавалася падпольная газета «Советский патриот», орган Бягомльскага падпольнага райкама КП(б)‌Б. Быў адноўлены тэлефонны вузел і наладжана пастаянная сувязь з партызанскімі атрадамі, Барысаўскім падпольным міжрайпартцэнтрам. Тут з сакавіка 1943 г. дзейнічаў партызанскі аэрадром (гл. Партызанскія аэрадромы), на які лётчыкі 101‑га авіяцыйнага палка далёкага дзеяння (камандзір В. С. Грызадубава) сістэматычна дастаўлялі зброю, боепрыпасы, медыкаменты, газеты і іншыя грузы для партызан Барысаўска-Бягомльскай зоны, суседніх раёнаў Віцебскай і Вілейскай абласцей, партызан Літвы; адкуль вывозілі на Вялікую зямлю параненых, хворых, дзяцей.

Акупанты праводзілі карныя аперацыі супраць партызан. У час аперацыі «Котбус» (май — чэрвень 1943) у Бягомлі знаходзіўся штаб партызанскай брыгады «Жалязняк». Самалёты ворага бамбілі пасёлак, пасля шматдзённых баёў карнікі занялі яго, але да канца ліпеня 1943 г. зноў былі выбіты партызанамі брыгады. У час карнай аперацыі «Баклан» (май — чэрвень 1944) 5 чэрвеня пасёлак занялі немцы.

Бягомль вызвалены 1 ліпеня 1944 г. воінамі 277‑й стралковай дывізіі (генерал-маёр С. Т. Гладышаў) 72‑га стралковага корпуса (генерал-маёр А. І. Казарцаў) 5‑й арміі, 7‑й гвардзейскай механізаванай брыгады (палкоўнік М. I. Радзівонаў) 3‑га гвардзейскага механізаванага корпуса (генерал-лейтэнант В. Ц. Абухаў) у складзе конна-механізаванай групы генерал-лейтэнаната М. С. Аслікоўскага 3‑га Беларускага фронту і партызанамі брыгады «Жалязняк» (камандзір I. П. Ціткоў) у ходзе Мінскай аперацыі 1944 г.

У Бягомлі знаходзяцца:

  • брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, на якой пастаўлены помнік;

  • помнік землякам, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і ахвярам фашызму;

  • помнік ахвярам фашызму (на ўшанававанне памяці мірных жыхароў, загубленых у Бягомлі);

  • помнік на месцы партызанскага аэрадрому;

  • помнік у гонар вызвалення Бягомля воінамі 277‑й стралковай дывізіі;

  • помнік партызанскай славы;

  • помнік Герою Савецкага Саюза С. С. Манковічу;

  • мемарыяльная дошка падпольшчыкам.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2009 г. № 355 гарадскі пасёлак Бягомль узнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».


Літаратура
  1. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1985.

  2. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.

  3. Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя: у 10 т. Т. 10. Кн. 2: Віцебская вобласць / Рэдкал.: У. У. Андрыевіч [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2019.

  4. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Докшыцкага раёна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2004.

  5. Памяць. Беларусь. Рэспубліканская кніга / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1995.

  6. Памяць Беларусі: Рэспубліканская кніга / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2005.

  7. Численность населения СССР на 17 января 1939 года. По районам, районным центрам, городам, рабочим посёлкам и крупным сельским населённым пунктам. – Москва: Госпланиздат, 1941.

  8. Свидетельствуют палачи: уничтожение евреев на оккупированной территории Беларуси в 1941–1944 гг.: документы и материалы / сост.: В. И. Адамушко, И. П. Герасимова, В. Д. Селеменев. – Минск: Национальный архив Республики Беларусь, 2009.

  9. Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область: Сборник архивных документов и материалов / Редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. – Минск: Национальный архив Республики Беларусь; – Москва: Фонд «Историческая память», 2021.

  10. Холокост в Беларуси: трагедия и память: документы и материалы / сост.: В. Д. Селеменев (руководитель) [и др.]. – Минск: Колорград, 2022.

  11. Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944) / А. Л. Манаенков (руководитель) [и др.]. – Минск: Беларусь, 1983.

  12. Ботвинник М. Б. Памятники геноцида евреев Беларуси. – Минск: Беларуская навука, 2000.

  13. Шомоди В. Э. Маршрутами народной славы: учебное пособие для педагогов и воспитателей. – Минск: Университетское, 2001.

  14. Винница Г. Р. Холокост на оккупированной территории Восточной Белоруссии в 1941–1944 годах: монография. – Минск: Ковчег, 2014.