Бяго́мль
Гарадскі пасёлак у Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці, на р. Мажанка. За 30 км на паўднёвы ўсход ад г. Докшыцы, за 170 км ад г. Віцебск, за 105 км ад Мінска, 37 км ад чыгуначнай станцыі Параф’янава (на лініі Маладзечна — Полацк); аўтадарогамі звязаны з гарадамі Мінск, Віцебск, Барысаў, Докшыцы.
У 1924–1960 гг. цэнтр Бягомльскага раёна.
Да 1938 г. сяло.
У 1939 г. у Бягомлі было 2 038 жыхароў.
Бягомль акупіраваны 2 ліпеня 1941 г. Ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у раёне загінула 3,3 тыс. чалавек (3,2 тыс. чалавек, паводле актаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў), у т. л. у гарадскім пасёлку 697 мірных жыхароў, большасць якіх, па некаторых звестках, або ўсе — яўрэі. Гітлераўцы стварылі ў Бягомлі гета, пры ліквідацыі якога 2 кастрычніка 1941 г. загубілі 270 вязняў; 16 кастрычніка 1941 г. былі расстраляны 23 яўрэі.
Акупанты размясцілі ў гарадскім пасёлку гарнізон і ператварылі яго ва ўмацаваны пункт з агнявымі кропкамі, акопамі, дзотамі. Яму адводзілася роля апорнага пункта па забеспячэнні ўзаемадзеяння нямецка-фашысцкіх гарнізонаў для барацьбы з партызанскім рухам у паўночна-ўсходніх раёнах Мінскай вобласці.
У Бягомлі і раёне дзейнічалі: Бягомльскае партыйна-камсамольскае падполле, Бягомльскі падпольны райкам КП(б)Б і Бягомльскі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада «Жалязняк» (Мінскай вобласці), партызанская брыгада «Дзядзькі Колі», партызанская брыгада М. М. Нікіціна, партызанскі атрад I. М. Кузіна.
Партызаны 20 снежня 1942 г. разграмілі ў гарадскім пасёлку гарнізон ворага і аднавілі савецкую ўладу (гл. Бягомльская аперацыя 1942 г.). Тэрыторыя раёна ўваходзіла ў Барысаўска-Бягомльскую партызанскую зону. У Бягомлі базіраваліся падпольны райкам партыі, штаб брыгады «Жалязняк», дзейнічалі партызанская камендатура, перасоўны шпіталь, друкарня, дзе выдавалася падпольная газета «Советский патриот», орган Бягомльскага падпольнага райкама КП(б)Б. Быў адноўлены тэлефонны вузел і наладжана пастаянная сувязь з партызанскімі атрадамі, Барысаўскім падпольным міжрайпартцэнтрам. Тут з сакавіка 1943 г. дзейнічаў партызанскі аэрадром (гл. Партызанскія аэрадромы), на які лётчыкі 101‑га авіяцыйнага палка далёкага дзеяння (камандзір В. С. Грызадубава) сістэматычна дастаўлялі зброю, боепрыпасы, медыкаменты, газеты і іншыя грузы для партызан Барысаўска-Бягомльскай зоны, суседніх раёнаў Віцебскай і Вілейскай абласцей, партызан Літвы; адкуль вывозілі на Вялікую зямлю параненых, хворых, дзяцей.
Акупанты праводзілі карныя аперацыі супраць партызан. У час аперацыі «Котбус» (май — чэрвень 1943) у Бягомлі знаходзіўся штаб партызанскай брыгады «Жалязняк». Самалёты ворага бамбілі пасёлак, пасля шматдзённых баёў карнікі занялі яго, але да канца ліпеня 1943 г. зноў былі выбіты партызанамі брыгады. У час карнай аперацыі «Баклан» (май — чэрвень 1944) 5 чэрвеня пасёлак занялі немцы.
Бягомль вызвалены 1 ліпеня 1944 г. воінамі 277‑й стралковай дывізіі (генерал-маёр С. Т. Гладышаў) 72‑га стралковага корпуса (генерал-маёр А. І. Казарцаў) 5‑й арміі, 7‑й гвардзейскай механізаванай брыгады (палкоўнік М. I. Радзівонаў) 3‑га гвардзейскага механізаванага корпуса (генерал-лейтэнант В. Ц. Абухаў) у складзе конна-механізаванай групы генерал-лейтэнаната М. С. Аслікоўскага 3‑га Беларускага фронту і партызанамі брыгады «Жалязняк» (камандзір I. П. Ціткоў) у ходзе Мінскай аперацыі 1944 г.
У Бягомлі знаходзяцца:
брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, на якой пастаўлены помнік;
помнік землякам, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і ахвярам фашызму;
помнік ахвярам фашызму (на ўшанававанне памяці мірных жыхароў, загубленых у Бягомлі);
помнік на месцы партызанскага аэрадрому;
помнік у гонар вызвалення Бягомля воінамі 277‑й стралковай дывізіі;
помнік партызанскай славы;
помнік Герою Савецкага Саюза С. С. Манковічу;
мемарыяльная дошка падпольшчыкам.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2009 г. № 355 гарадскі пасёлак Бягомль узнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».