Партыза́нскi полк «Трына́ццаць»
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Дарагабужскага, Касплянскага, Руднянскага, Прачысценскага, Слабодскага і Дзямідаўскага раёнаў Смаленскай вобласці РСФСР, Мсціслаўскага, Крычаўскага, Чавускага, Быхаўскага, Прапойскага, Бялыніцкага, Бярэзінскага, Шклоўскага, Круглянскага раёнаў Магілёўскай вобласці і Крупскага раёна Мінскай вобласці БССР.
Створаны ў чэрвені 1942 г. на базе партызанскага атрада «Трынаццаць».
У лістападзе 1941 г. у Дарагабужскім раёне з ліку мясцовых жыхароў і савецкіх воінаў, якія не выйшлі з варожага тылу, арганізаваўся атрад С. У. Грышына, у красавіку 1942 г. перайменаваны ў атрад «Трынаццаць». Назва дадзена па прапанове С. У. Грышына ў гонар папулярнага мастацкага фільма «Трынаццаць» (1936), дзе 13 герояў бясстрашна змагаліся з басмачамі.
У чэрвені 1942 г. атрад наладзіў сувязь са штабам партызанскага руху пры Ваенным савеце Заходняга фронту (гл. Заходні штаб партызанскага руху) і па яго загадзе быў разгорнуты ў полк у складзе трох батальёнаў (1‑га, 2‑га і 3‑га). У канцы ліпеня 1942 г. былі сфарміраваны разведвальна-дыверсійны атрад Ф. І. Цысара і атрад І. С. Полбіна, у верасні першы быў расфарміраваны, другі пасля баёў з карнікамі выйшаў у савецкі тыл. У сакавіку 1943 г. у полк уключаны асобны дыверсійны атрад «Перамога».
Партызаны дзейнічалі ў аператыўным тыле нямецкіх 4‑й і 9‑й армій, вялі абарончыя, сустрэчныя і наступальныя баі з ворагам, у т. л. у раёне Дзямідава (верасень 1942), Касплі, Манастыршчыны (сакавік 1943).
З красавіка 1943 г. полк дзейнічаў на тэрыторыі Беларусі.
У чэрвені 1943 г. з Горацкага партызанскага атрада і асобных партызанскіх груп быў сфарміраваны батальён 4‑ы (гл. Партызанская брыгада «Звязда»), у жніўні ён вылучаны з палка для фарміравання партызанскай брыгады 17‑й. У маі і чэрвені 1943 г. арганізаваны атрады 1‑ы і «Беларусь», рэарганізаваныя ў жніўні і верасні адпаведна ў батальёны 5‑ы і 6‑ы. У верасні 1943 г. арганізаваны атрад «За Радзіму», у кастрычніку пасля баёў з карнікамі расфарміраваны, асабовы састаў перададзены 6‑му батальёну.
Партызаны ў маі 1943 г. разграмілі чыгуначную станцыю Чавусы, у жніўні — верасні 1943 г. на чыгуначных участках Магілёў — Крычаў, Орша — Крычаў падарвалі больш за 2 тыс. рэек. У кастрычніку 1943 г. ва ўмовах блакады партызаны 19 дзён вялі цяжкія абарончыя баі ў Быхаўскім і Прапойскім раёнах.
Загадам Цэнтральнага штаба партызанскага руху 23 кастрычніка 1943 г. полк, які налічваў 2 169 партызан (без атрада «Перамога»), быў падпарадкаваны Беларускаму штабу партызанскага руху, у канцы кастрычніка — пачатку лістапада перабазіраваўся ў Бялыніцкі раён.
У красавіку — верасні 1943 г. і красавіку — маі 1944 г. партызаны палка разграмілі каля 20 варожых апорных пунктаў.
Полк 1 чэрвеня 1944 г. быў разгорнуты ў асобае партызанскае злучэнне «Трынаццаць»; 1‑ы батальён пераўтвораны ў партызанскую брыгаду 1‑ю, 2‑і — у партызанскі атрад 11‑ы, 3‑і — у партызанскую брыгаду 3‑ю, 5‑ы — у партызанскую брыгаду 5‑ю, 6‑ы — у партызанскі атрад 12‑ы, атрад «Перамога» — у партызанскі атрад 13‑ы.
Камандзіры палка: С. У. Грышын, С. В. Пахомаў (выконваў абавязкі); камісар I. А. Стралкоў; начальнікі штаба: I. В. Узлоў (загінуў), С. П. Скварцоў.
Камандзіру палка С. У. Грышыну прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У 1966 г. каля в. Дабужа Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці быў насыпаны Курган Бессмяротнасці, на вяршыні якога пастаўлены абеліск, у гонар прарыву нямецкай блакады партызанамі палка восенню 1943 г.