Глыбо́кае
Горад, цэнтр Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці, у межах горада — азёры Вялікае і Кагальнае. Знаходзіцца за 187 км на захад ад г. Віцебск, за 170 км ад Мінска, чыгуначная станцыя (на лініі Крулеўшчына — Варапаева), на аўтадарогах Полацк — Вільнюс і Докшыцы — Шаркаўшчына.
У 1939 г. у Глыбокім было 9,7 тыс. жыхароў.
Глыбокае акупіравана 2 ліпеня 1941 г. Ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Глыбокім і раёне загінулі 10 133 мірныя жыхары, у 3 лагерах смерці акупанты загубілі больш за 37 тыс. чалавек, у т. л. у Беразвецкім лагеры смерці больш за 27 тыс. савецкіх і 200 італьянскіх ваеннапалонных. У гета ў Глыбокім загінула больш за 10 тыс. яўрэяў з райцэнтра, навакольных вёсак і суседніх раёнаў, у т. л. каля 4,5 тыс. чалавек (па іншых звестках, 5 тыс. або 3,8 тыс.) у час ліквідацыі гета 18–20 жніўня1943 г. Горад быў разбураны.
У раёне дзейнічалі Глыбоцкі падпольны райкам КП(б)Б і Глыбоцкі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанская брыгада імя К. Я. Варашылава (Вілейскай вобласці), партызанская брыгада імя ЦК КП(б)Б, партызанская брыгада імя К. К. Ракасоўскага (Віцебскай і Вілейскай абласцей), партызанская брыгада «Кастрычнік», партызанская брыгада імя У. І. Леніна (Віцебскай вобласці), партызанскі атрад імя П. К. Панамарэнкі, партызанскі атрад «Трэція»; выдавалася падпольная газета «За свабоднае жыццё», орган Глыбоцкага падпольнага райкама КП(б)Б.
Глыбокае вызвалена 3 ліпеня 1944 г. у ходзе Полацкай аперацыі 1944 г. воінамі 145‑й стралковай дывізіі (генерал-маёр П. А. Дзіброва) 92‑га стралковага корпуса, 39‑й гвардзейскай танкавай брыгады (палкоўнік I. П. Калінін), 34‑га гвардзейскага мінамётнага палка (падпалкоўнік Я. Я. Талстой) 43‑й арміі; 89‑й танкавай брыгады (падпалкоўнік А. М. Ермакоў), 46‑й механізаванай брыгады (генерал-маёр М. Л. Манжурын) 1‑га танкавага корпуса 1‑га Прыбалтыйскага фронту з удзелам 2‑га атрада (камандзір С. I. Котаў) пapтызанскай брыгады «Кастрычнік».
У Глыбокім знаходзяцца:
брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, на якіх пастаўлены помнікі;
мемарыяльны комплекс на месцы пахавання 4,5 тыс. яўрэяў, загубленых у жніўні 1943 г. пры ліквідацыі гета;
мемарыяльны комплекс «Барок» у аднайменным урочышчы на паўночна-заходняй ускраіне горада, дзе знаходзяцца пахаванні больш за 27 тыс. савецкіх і італьянскіх ваеннапалонных — вязняў Беразвецкага лагера смерці.
помнік падпольшчыкам.