pdf

МАЙ

Дата стварэння: 14.10.2024 10:29:45

Дата змены: 27.01.2026 11:25:26


Май (лац. Maius, верагодна, па імені багіні Маі)

Пяты месяц каляндарнага года (31 суткі), апошні месяц вясны.

Сярэдняя месячная тэмпература паветра ў маі па рэспубліцы складае 13,0 °С, што на 6–8 °С вышэй, чым у красавіку. Халадней за ўсё ў маі на паўночным захадзе Беларусі ў раёне Свянцянскага ўзвышша (11,9 °С), цяплей — на паўднёвым захадзе ў Гомельскім Палессі (14 °С). У асобныя гады тэмпература ў маі можа адхіляцца ад кліматычнай нормы. Так, на 2–5 °С халадней, чым звычайна, было ў 1952, 1955, 1965, 1974, 1980 і 1999 гг., на 2–4 °С цяплей — у 1949, 1963, 1967, 1975, 1983, 1993, 1996 і 2003 гг. Самы халодны май быў у 1980 г. (8,3 °С), самы цёплы — у 1963 г. (16,4 °С).

Сярэдняя сутачная тэмпература паветра пераходзіць праз 10 °С у бок павышэння у першыя 5 дзён месяца, за выключэннем Брэсцкай і Гомельскай абласцей, дзе пераход ажыццяўляецца ў канцы красавіка. Заканчэннем вясны і пачаткам лета лічыцца пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз 14 °С, які адбываецца ў 2‑й дэкадзе мая на поўдні рэспублікі, у 3‑й дэкадзе мая — у яе цэнтральных і паўночных раёнах.

Тэмпература паветра днём вагаецца ад 17 да 20 °С, у асобныя спякотныя дні падымаецца вышэй за 25–28 °С. Начная тэмпература паветра 6–9 °С. Абсалютны максімум тэмпературы паветра (34,3 °С) зарэгістраваны 29 мая 1892 г. у горадзе Брэст; абсалютны мінімум (−6,4 °С) — ноччу 8 мая 1953 г. на метэаралагічнай станцыі Вілейка.

У маі ў сярэднім адзначаецца 1–2 дні з замаразкамі ў паветры (на вышыні 2 м), 1–4 дні з замаразкамі на паверхні глебы і 2–5 дзён з замаразкамі на вышыні 2 см. Іх імавернасць рэзка памяншаецца бліжэй да 3‑й дэкады месяца. Начныя замаразкі ў паветры спыняюцца на поўдні Беларусі ў канцы красавіка, у цэнтральных і паўночных раёнах рэспублікі — у 1‑й палове мая. Замаразкі на глебе адзначаюцца 2–3 тыдні пасля іх спынення ў паветры. Замаразкі ў маі на ўсёй тэрыторыі рэспублікі назіраюцца 6 разоў у 10‑годдзе (у асобныя гады магчымыя ў 1‑й палове чэрвеня).

Сярэдняя працягласць сонечнага ззяння за месяц ад 236 да 259 гадз.

Максімум атмасфернага ціску на ўзроўні метэастанцыі адзначаны 28 мая 1968 г. у горадзе Полацк (Віцебская вобласць) — 1023 гПа (767 мм рт. сл.) пры норме для дадзенага пункта 1015,3 гПа (761 мм рт. сл.). Мінімальны атмасферны ціск назіраўся 5 мая 1998 г. у горадзе Навагрудак (Гродзенская вобласць) — 951,9 гПа (714 мм рт. сл.) пры норме для дадзенай метэастанцыі 1016 гПа (762 мм рт. сл.).

У маі выпадае ад 49 мм (гарадскі пасёлак Брагін, Гомельская вобласць) да 72 мм (Навагрудак) атмасферных ападкаў, у сярэднім бывае 11–14 дзён з дажджом. У дажджлівыя гады колькасць ападкаў можа павялічвацца да 110–230 мм, у засушлівыя — памяншацца да 3–20 мм. За апошнія 60 гадоў найбольш дажджлівым у рэспубліцы быў май 2005 г., калі пры кліматычнай норме 58 мм выпала 116 мм ападкаў (200 % нормы). Самы сухі быў май 1971 г., выпала 26 мм ападкаў (45 % нормы). Максімальная колькасць ападкаў за май (228 мм, больш за 3,5 месячных норм) зарэгістравана ў 1967 г. у горадзе Лепель (Віцебская вобласць) пры норме для дадзенага пункта 62 мм. Мінімум ападкаў (3 мм) зафіксаваны ў 1971 г. у гарадскім пасёлку Лынтупы (Віцебская вобласць) і на метэастанцыі Нарач, у 1949 г. на метэастанцыі Палеская і ў гарадскім пасёлку Талачын (цяпер горад, Віцебская вобласць). Сутачны максімум ападкаў (107,9 мм, 171 % месячнай нормы) адзначаны 28 мая 1996 г. у горадзе Баранавічы (Брэсцкая вобласць).

Для мая характэрна актыўная навальнічная дзейнасць. За месяц у сярэднім адзначаецца 4–5 дзён з навальніцай (максімальная колькасць дзён 10–16). Максімум дзён з навальніцай (15) быў зарэгістраваны ў 1967 г. у горадзе Магілёў, гарадскім пасёлку Жыткавічы (цяпер горад, Гомельская вобласць), гарадах Лепель і Сянно (Віцебская вобласць), гарадскім пасёлку Езярышча (Віцебская вобласць); у 1975 г. у горадзе Ганцавічы (Брэсцкая вобласць) і на метэастанцыі Палеская; у 1963 г. у горадзе Пінск (Брэсцкая вобласць).

Туманы ў маі назіраюцца 1–2 дні за месяц, у асобныя гады — 4–8 дзён. Максімальная колькасць дзён з туманам (12) зафіксавана ў 1971 г. на метэастанцыі Ганцавічы. Найбольшая працягласць туманаў (43 гадз) зарэгістравана ў 1962 г. у Навагрудку.

Град у маі назіраецца не кожны год (у сярэднім адзін раз у 2–3 гады), але ў асобныя гады можа адзначацца да 6 дзён.

Наймацнейшы парыў ветру (30 м/с) зафіксаваны 29 мая 1975 г. у гарадскім пасёлку Шаркаўшчына (Віцебская вобласць).