Дата стварэння: 22.05.2025 09:06:43
Дата змены: 23.06.2025 11:47:17
Друць
Рака ў Талачынскім раёне Віцебскай вобласці, Круглянскім, Бялыніцкім, Магілёўскім, Быхаўскім, Кіраўскім і Клічаўскім раёнах Магілёўскай вобласці і Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці. Даўжыня 285,76 км.
Правы прыток ракі Дняпро. Асноўныя прытокі: Крывая, Няропля, Вабіч, Арлянка, Балонаўка, Грэза (левыя), Аслік, Малыш, Даўжанка, Дабрыца (правыя).
Пачынаецца за 1 км ад вёскі Раздольная Талачынскага раёна, вусце — на паўднёвай ускраіне горада Рагачоў.
Плошча вадазбору 5 020 км². Вадазбор у вярхоўі ў межах Аршанскага ўзвышша, далей — на ўсходняй частцы Цэнтральнабярэзінскай раўніны.
Рака прымае сцёк з меліярацыйных каналаў. У створы Друць — вёска Гарадзішча Магілёўскага раёна (118 км ад вусця), сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 16,4 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады вясновага разводдзя — 207 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады летне-асенняй межані — 6,7 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады зімовай межані — 7,9 м³/с. У створы Друць — Чыгірынская ГЭС (70 км ад вусця) сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 18,1 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады вясновага разводдзя — 153 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады зімовай межані — 8,4 м³/с.
Агульнае падзенне ракі 105,2 м. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,4 ‰. Плошча меліяраваных зямель у басейне Друці: 1) па пасту ў вёсцы Гарадзішча Магілёўскага раёна — 388 км² (даўжыня адкрытай меліярацыйнай сеткі — 1 830 км, даўжыня закрытай меліярацыйнай сеткі — 14 325 км), 2) па пасту Чыгірынская ГЭС — 437 км² (даўжня адкрытай меліярацыйнай сеткі — 2 551 км, даўжыня закрытай меліярацыйнай сеткі — 15 936 км). Гушчыня рачной сеткі 0,39 км/км².
Даліна да ўпадзення ракі Крывая невыразная, ніжэй — трапецападобная, шырыня 1,5–2,5 км. Схілы прарэзаныя, вышынёй 8‒30 м, да гарада Бялынічы адкрытыя, пад раллёй, ніжэй па цячэнні ў асноўным пад лесам. Левы схіл больш спадзісты, правы ўмерана стромкі, нярэдка абрывісты.
Пойма адкрытая, лугавая, пераважна двухбаковая (на асобных участках у нізоўі левабярэжная, у верхнім цячэнні часткова затоплена Цяцерынскім, у ніжнім — Чыгірынскім вадасховішчамі). Паверхня поймы ў прырэчышчавай частцы роўная, месцамі ўзгорыстая, перасечаная старыцамі, асушальнымі канавамі, лагчынамі.
Рэчышча каналізавана ў вярхоўі на двух участках у Талачынскім раёне на працягу 15,6 км (у 1967–1968 — 0,4 км ніжэй ад моста на аўтамабільнай дарозе Мінск — Масква да аграгарадка Друцк, 8,6 км; у 1985–1989 — 0,8 км на ўсход ад вёскі Навасёлкі да сажалкі каля горада Талачын, 7 км), праведзена паўторнае рэгуляванне ў 1988 г. (ад вёскі Слабодка да аграгарадка Райцы, 3,2 км), у 2005 г. (ад заходняй ускраіны вёскі Слабодка да 1 км на паўднёвы захад ад яе ж, 1,5 км); на астатнім працягу моцна звілістае, свабодна меандруе, ніжэй ад упадзення ракі Вабіч разгалінавана на пратокі і рукавы са шматлікімі старыцамі і залівамі. Шырыня ракі ў межань у вярхоўі 10‒20 м, ніжэй — 30‒50 м, у межах вадасховішчаў каля — 900 м. Рэчышча ў вярхоўі зарастае воднай расліннасцю па ўсёй шырыні, ніжэй па цячэнні — толькі каля берагоў.
Берагі пераважна стромкія, месцамі абрывістыя, вышыня 1‒2,5 м, на лукавінах 3‒5 м, у вусцевай частцы спадзістыя, вышыня да 1 м. Дно роўнае, пясчанае, радзей камяністае.
Добра выражана вясновае разводдзе (доўжыцца 7–10 сутак), на якое прыпадае 45 % гадавога сцёку. Максімальны ўзровень у пачатку красавіка, сярэдняя вышыня над межанню 2,5‒2,8 м. Летняя межань перарываецца дажджавымі паводкамі (у сезон да 5 разоў), якія звычайна на 1,2‒2 м ніжэй за вясновыя.
Замярзае ў сярэдзіне снежня, ускрываецца ў канцы сакавіка. Вясновы крыгаход каля трох сутак.
Рэжым ракі Друць вывучаецца з 1931 г., назіранні вяліся на 9 гідралагічных пастах, з якіх 2 дзеючыя — у вёсцы Гарадзішча Магілёўскага раёна і на Чыгірынскай ГЭС.
Рака суднаходная ніжэй ад плаціны вадасховішча Чыгірынскае (за 84 км ад вусця) у паўнаводдзе. На Друці стаяць гарады Талачын і Рагачоў (за 2 км ад упадзення ў Дняпро), Круглае і Бялынічы.
На Друці знаходзяцца зоны адпачынку: рэспубліканскага значэння «Чыгірынка», мясцовага — «Маліна» ў Круглянскім, «Друць» у Бялыніцкім, «Лужкі» ў Рагачоўскім раёнах і інш.