АРЭСА, Раса, рака ў Старадарожскім і Любанскім раёнах Мінскай вобласці і Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці
pdf

АРЭСА

Дата стварэння: 22.05.2025 09:09:25

Дата змены: 23.06.2025 11:55:30


Арэ́са

Іншая назва: Раса.

Рака ў Старадарожскім і Любанскім раёнах Мінскай вобласці і Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці. Даўжыня 151 км.

Левы прыток ракі Пціч. Асноўныя прытокі: Асвіца, канава Добрынка, Таліца, канал Каладнянскі, без назвы ля вёскі Шыпілавічы Любанскага раёна, канал Юркавіцкі, канал Мар’інскі (правыя), Солан, Нешчанка, канал Сарачынскі, пратока з возера Вячэра, канал Чабускі, канал Цахмінскі, без назвы ля вёскі 6‑я Брыгада, канал Слаўкавіцка-Ямінскі (левыя).

Пачынаецца за 2 км на паўднёвы захад ад вёскі Ляўкі Старадарожскага раёна, вусце за 0,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Бубнаўка Акцябрскага раёна. Працякае па Цэнтральнабярэзінскай раўніне, ніжняя плынь у Прыпяцкім Палессі.

Плошча вадазбору 3 620 км². Залесенасць 54 %. У створы Арэса — вёска Андрэеўка Акцябрскага раёна (9 км ад вусця) сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 16,8 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады вясновага разводдзя — 69,9 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады летне-асенняй межані — ​5,8 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады зімовай межані — 8,6 м³/с. Агульнае падзенне ракі 37,2 м. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,26 ‰. Сярэдняя вышыня вадазбору 147 м.

Даліна на вялікім працягу слаба выражана, месцамі шырынёй 0,3–1 км.

Пойма пераважна двухбаковая, ніжэй ад аграгарадка Падарэссе Старадарожскага раёна, шырыня 0,1–1 км.

Рэчышча каналізавана на працягу 114,2 км: выток — 0,9 км на паўночны захад ад вёскі Пад’яменец (18,4 км); ад аграгарадка Горкі (абодва населеныя пункты Старадарожскага раёна) да вадасховішча Любанскае (13,3 км); ад вадасховішча Любанскае да вусця (82,5 км). Шырыня ракі ад 5–10 м у вярхоўі да 30–35 м у ніжнім цячэнні.

Берагі стромкія, абрывістыя, радзей спадзістыя і забалочаныя.

Вясновае разводдзе пачынаецца ў 2‑й дэкадзе сакавіка і доўжыцца 40‒80 сутак. Максімальнае перавышэнне ўзроўню вады ў разводдзе над межанным 3,4 м, сярэдняе 1,5‒2,5 м. Летне-асеннія паводкі праходзяць штогод, летне-асенняя межань працягваецца каля 5 месяцаў. На перыяд вясновай паводкі прыпадае 43 %, летне-асеннюю межань — 34, зімовую — 23 % аб’ёму гадавога сцёку.

Арэса замярзае ў 2‑й палове снежня, крыгаход у 2‑й дэкадзе сакавіка.

Назіранні за станам паверхневых вод вядуцца на гідралагічным пасту ў вёсцы Андрэеўка Акцябрскага раёна.

У верхнім цячэнні знаходзіцца горад Любань, вышэй па цячэнні — сажалкі рыбгаса «Любань» і Любанскае вадасховішча, ніжэй ад плаціны якога сцёк ракі на значным працягу зарэгуляваны.

У міжрэччы рэк Пціч і Арэса знаходзіцца зона адпачынку «Арэса».

Рака набыла шырокую вядомасць пасля апублікавання паэмы Я. Купалы «Над ракой Арэсай».