Дата стварэння: 08.08.2025 14:12:07
Дата змены: 08.01.2026 11:31:22
Сэ́рвач
Рака ў Карэліцкім, Навагрудскім раёнах Гродзенскай вобласці і Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Даўжыня 63 км.
Левы прыток ракі Нёман. Асноўныя прытокі: рэкі Карчоўка, Нёўда, Рута, Сіверга, Петухоўка, Сожанка, Ляхаўка, Альшынка, Атолінка.
Пачынаецца каля вёскі Багушы́ Баранавіцкага раёна, у вярхоўі і сярэдняй частцы цячэ па ўсходніх схілах Навагрудскага ўзвышша, упадае ў раку Нёман у вёсцы Панямонь Навагрудскага раёна.
Плошча вадазбору 770 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,8 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 1,2 ‰. Гушчыня рачной сеткі 0,55 км/км². Лясістасць тэрыторыі вадазбору складае каля 10 % (лясы мяшанага тыпу).
Даліна трапецападобная, у верхнім і сярэднім цячэнні шырынёй 0,3–1,5 км, у нізоўі невыразная. Схілы рачной даліны суглінкавыя або супясчаныя, спадзістыя або ўмерана стромкія, вышынёй 10–15 м, месцамі пакрытыя лесам і хмызняком.
Пойма двухбаковая, часткова забалочаная або лугавая, прарэзана меліярацыйнымі каналамі, шырынёй ад 50 м у вярхоўі да 2–3 км у вусці.
Рэчышча ў верхнім і сярэднім цячэнні звілістае, ніжэй (на працягу 17 км да вусця) каналізаванае. У вярхоўі, каля вёскі Кутаўшчына, рака зарэгулявана плацінай вадасховішча Кутаўшчынскае.
Берагі супясчаныя, радзей тарфяністыя, пераважна стромкія, у нізоўі абвалаваныя.
На перыяд вясновага разводдзя прыпадае 45 % аб’ёму гадавога сцёку. Максімальны ўзровень разводдзя ў пачатку 3‑й дэкады сакавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем у ніжнім цячэнні каля 2 м.
Замярзае ў 2‑й палове снежня, ускрыццё ў сярэдзіне сакавіка.
Прымае сцёк сеткі меліярацыйных каналаў.