Фаўна і жывёльны свет
- Фаўна: разнастайнасць і дынаміка
- Беспазваночныя жывёлы
- Пазваночныя жывёлы
- Ахова жывёльнага свету. Рэдкія і ахоўныя віды жывёл. Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь
- Інвазіўныя віды. Чорная кніга
- Асноўныя пагрозы і ахова біялагічнай разнастайнасці
Фаўна: разнастайнасць і дынаміка
Дата стварэння: 09.10.2024 13:58:31
Дата змены: 05.12.2024 10:58:21
Жывёлы — вельмі разнастайная група жывых арганізмаў, якая па колькасці відаў шматразова перавышае расліны і грыбы. На фоне адносна добрай вывучанасці асобных груп жывёл, асабліва тых, што ўключаюць віды, прадстаўнікі якіх маюць буйныя або сярэднія памеры ці маюць важнае практычнае значэнне (напрыклад, пазваночныя, малюскі, збольшага насякомыя, плоскія чарвякі), пра многія віды і групы жывёл у Беларусі амаль нічога не вядома. У цэлым у Беларусі вядома каля 15–16 тыс. відаў, чаканы спіс відаў жывёл можа складаць не менш як 35 тысяч.
Беларусь насяляюць прадстаўнікі ўсіх асноўных груп жывёл. У вадаёмах, глебе, лясах ёсць і вельмі прымітыўныя аднаклетачныя формы (амёбы, інфузорыі, жгутыканосцы і інш.), якія практычна ніколі спецыяльна не вывучаліся. Выключэннем з’яўляюцца толькі віды, што выклікаюць розныя захворванні чалавека і жывёл. Цяпер у Беларусі вядома каля тысячы відаў такіх прымітыўных жывёл.
Усе астатнія віды жывёл Беларусі, за рэдкім выключэннем, адносяцца да чарвякоў, членістаногіх, малюскаў і пазваночных.
Кожная з гэтых груп адрозніваецца сваімі асаблівасцямі і ўключае вялізную колькасць надзвычай цікавых з біялагічнага пункту гледжання відаў, многія з іх маюць практычнае значэнне і ўсе без выключэння адыгрываюць найважнейшую ролю ў існаванні прыроды і падтрыманні ў здаровым стане навакольнага асяроддзя.