Фаўна і жывёльны свет

Млекакормячыя

Дата стварэння: 26.09.2024 15:18:42

Дата змены: 05.12.2024 15:35:56


Пазваночныя — падтып хордавых жывёл; дамінуючая (разам з насякомымі) на Зямлі і ў паветраным асяроддзі група жывёл. Пазваночныя з’явіліся не пазней ардовіка (500–450 млн гадоў таму), а ў юры (каля 150 млн гадоў таму) існавалі ўжо прадстаўнікі ўсіх вядомых цяпер іх класаў. Агульны лік сучасных відаў каля 40 тысяч.

На гэты час фаўна пазваночных Беларусі ўключае 512 відаў: 3 віды міног, 65 — рыб, 13 — амфібій, 7 — рэптылій, 342 — птушак і 82 віды млекакормячых.




Сучасная фаўна млекакормячых Беларусі пачала фарміравацца ў канцы апошняй ледавіковай эпохі — каля 17 тыс. гадоў таму. Цыклічнасць у зменах клімату і ландшафтна-раслінных умоў месцаў пасялення жывёл прывяла да перавагі на тэрыторыі Беларусі відаў млекакормячых шырокага еўрапейска-сібірскага тыпу арэала. Сучасная адносна маладая фаўна млекакормячых (тэрыяфаўна) мае змешанае паходжанне з прадстаўніцтвам відаў розных прыродных зон. Гэта абумоўлена геаграфічным становішчам краіны і натуральна-гістарычнымі ўмовамі: чаргаваннем разнастайных ландшафтаў пры змене прыродных зон (тундравай, лясной і стэпавай) у розныя перыяды часу пасля адыходу апошняга валдайскага (паазерскага) абледзянення.

З распаўсюджваннем шыракалістых лясоў на тэрыторыю Беларусі ў дадатак да барэальнай таежнай фаўны ранняга галацэну праніклі найбольш характэрныя віды заходняга паходжання: звычайны вожык, малая кутора, большасць відаў сонь, земляная палёўка, лясная куніца, еўрапейская норка, еўрапейскі зубр, цяпер ужо зніклы тур, высакародны алень, еўрапейская казуля, дзік.

Характэрныя віды заходняга паходжання. Зубр еўрапейскі. Фота М. У. Кудзіна
Характэрныя віды заходняга паходжання. Тураподобная жывёла (быкі і каровы Хека). Фота В. В. Шакуна

Даволі вялікую групу тэрыяфаўны краіны складаюць віды, якія маюць шырокае распаўсюджванне ў Еўропе і Азіі. Да іх адносяцца звычайная і малая буразубкі, звычайная кутора, звычайная вавёрка, палёўка-эканомка, воўк, звычайны ліс, барсук, выдра, гарнастай, ласка, буры мядзведзь, лось. Менш за ўсё прадстаўлены віды стэпавага і лесастэпавага паходжання: распаўсюджаны паўсюдна заяц-русак, а таксама рэдкія і знікаючыя звычайны хамяк, рабы суслік, якія існуюць невялікімі адасобленымі калоніямі-папуляцыямі ў паўднёва-заходняй частцы Беларусі. У недалёкім мінулым сустракаўся вымерлы продак сучаснага каня — дзікі конь, або тарпан.

Тарпанападобныя коні. Фота В. В. Шакуна

З-за параўнальна аднастайнага раўнінна-ляснога ландшафту Беларусі, а таксама ўплыву антрапагенных фактараў сучасная тэрыяфаўна не мае ярка выяўленых зоагеаграфічных адрозненняў для яе раяніравання. Аснову відавой разнастайнасці млекакормячых складаюць лясныя віды, на фармаванне колькаснага і якаснага складу якіх уплываюць структура і плошча лясных масіваў. Таксама вялікае значэнне ў падтрыманні біялагічнай разнастайнасці маюць экатонныя сістэмы берагоў вадацёкаў і вадаёмаў. Яны служаць месцамі пасялення і шляхамі міграцыі шматлікіх млекакормячых (ад паўводных і каляводных да лясных і нават стэпавых відаў). Па біямасе, колькасці жывёл, іх відавой разнастайнасці гэтыя экасістэмы з’яўляюцца самымі багатымі тэрыторыямі.

Тэрыяфаўна Беларусі знаходзіцца ў пастаянным дынамічным працэсе і цяпер уключае 82 віды, што складае каля 1,5 % сусветнай фаўны млекакормячых. Яны прадстаўляюць 7 атрадаў, з якіх найбольш прадстаўнічыя атрад Грызуны (26 відаў), найменш — атрады Зайцападобныя (2 віды) і Няпарнакапытныя (2 віды).

Большасць млекакормячых Беларусі адносіцца да ліку звычайных і шматлікіх відаў. З іх 20 відаў з’яўляюцца рэдкімі, знаходзяцца пад пагрозай знікнення і ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: кажаны (еўрапейская шыракавушка, малая вячэрніца, начніца Брандта, начніца Натэрэра, сажалкавая і вусатая начніцы, паўночны кажанок, шэры вушан), барсук, буры мядзведзь, гарнастай, рысь, еўрапейская норка, рабы суслік, вавёрка-палятуха, звычайны хамяк, арэшнікавая і садовая соні, вялікая соня і еўрапейскі зубр.

За апошняе дзесяцігоддзе адбыліся істотныя змены ў структуры тэрыяфаўны Беларусі: некаторыя віды перасталі сустракацца. З прычыны мэтанакіраванай дзейнасці чалавека паявіліся новыя віды звяроў, якія маюць важнае рэсурснае значэнне як аб’екты палявання, але таксама здольныя адыгрываць істотную экасістэмную ролю.

Пражыванне шэрага відаў (хахулі, янота-паласкуна, еўрапейскай норкі, ляснога ката) даўно не пацвярджалася, што можа сведчыць аб іх поўным знікненні. Групоўкі хахулі і янота-паласкуна пасля акліматызацыйных работ, праведзеных у сярэдзіне XX ст., дасягалі істотных шчыльнасцей у месцах усялення на тэрыторыі Прыпяцкага Палесся. Аднак у далейшым іх колькасць скарачалася і ўжо на працягу апошніх 40–50 гадоў гэтыя віды не рэгіструюцца. Асноўнымі прычынамі гэтага, хутчэй за ўсё, з’яўляюцца працяглыя шматснежныя зімы, паводкавыя з’явы на Палессі і вялікі прэс драпежніцтва. У той жа час існуе верагоднасць выяўлення янота-паласкуна на мяжы з Польшчай, дзе магчыма яго экспансія з захаду.

Сучасны стан папуляцыі еўрапейскай норкі невядомы. Дадзеныя пра колькасць раней вядомых лакальных папуляцый у вярхоўях рэк Ловаць, Лучоса і Сцвіга адсутнічаюць. Пражыванне гэтага віду ў Беларусі з 2004 г. навукова не пацверджана. Асноўная прычына знікнення еўрапейскай норкі — канкурэнтныя адносіны з акліматызаванай амерыканскай норкай у змененых антрапагенных умовах сумеснага пасялення.

Конь Пржавальскага і тарпанападобны конь з’яўляюцца патэнцыйна новымі і біяцэнатычна значнымі відамі тэрыяфаўны Беларусі. Пражыванне іх на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка і Налібоцкай пушчы патрабуе маніторынгавых работ і паглыбленых тэрыялагічных даследаванняў.

Коні Пржавальскага. Фота А. І. Казарэза

Новы паляўнічы від — еўрапейскі муфлон — шырока разводзіцца ў няволі, у т. л. у некаторых вялікіх па памерах паляўнічых вальерах, і дасягнуў высокай колькасці.

Муфлон еўрапейскі. Фота В. В. Шакуна

Асабліва неабходна адзначыць паяўленне новага чужароднага віду, які быў выяўлены ў апошні час на тэрыторыі краіны, — звычайнага шакала. Імклівае пашырэнне з 2011 г. яго арэала сведчыць аб высокай экалагічнай пластычнасці і патэнцыйнай інвазійнай здольнасці, што трэба ўлічваць ва ўмовах нашай краіны.

Асобна неабходна адзначыць шматвяковую значную ролю млекакормячых у жыцці чалавека. Традыцыйна многія віды здабываліся для атрымання ежы і адзення, прыручаліся для розных патрэб. Археалагічныя знаходкі касцей дзікіх жывёл, пачынаючы з каменнага веку, на тэрыторыі буйных паселішч Беларусі пацвярджаюць, што асноўнымі паляўнічымі аб’ектамі былі лось, алень, казуля, дзік, зубр, тур, воўк, ліс і інш.

У пералік паляўнічых жывёл Беларусі ўключаны 21 від звяроў. Найбольш значнымі ў эканамічным плане для паляўнічай гаспадаркі з’яўляюцца капытныя — лось, высакародны алень, казуля і дзік. Колькасць дзіка ў краіне з 2013 г. зменшана больш чым у 40 разоў прыкладна да 2 тыс. асобін. Гэтая мера была неабходна ў сувязі з паяўленнем і распаўсюджваннем захворвання ў свіней — афрыканскай чумы.

Асноўныя паляўнічыя аб’екты. Казуля еўрапейская. Фота В. В. Шакуна
Асноўныя паляўнічыя аб’екты. Дзік. Фота В. В. Шакуна

У той жа час колькасць і выкарыстанне ўсіх іншых асноўных рэсурсна-значных паляўнічых жывёл прадаўжае расці, захоўваючы пры гэтым станоўчую тэндэнцыю на працягу апошніх 20 гадоў. Колькасць лася з 2005 г. вырасла ў 2,6 раза і ў 2021 г. склала 44,9 тыс. асобін, высакароднага аленя — у 7,3 раза — 36,5 тыс. асобін, казулі — у 2,2 раза — 124,8 тыс. асобін.

Пры гэтым здабыча лася з 2005 г. вырасла ў 6,1 раза і ў цяперашні час складае 5,5 тыс. асобін, высакароднага аленя — у 15 разоў — 4,2 тыс. асобін, казулі — у 6 разоў — 22,5 тыс. асобін. Тым не менш на фоне павелічэння папуляцый дзікіх капытных доля выкарыстання іх рэсурсаў застаецца вельмі нізкай — толькі 11–18 % ад агульнай колькасці.

Адным са значных фактараў з’яўляецца высокая колькасць ваўка ў паляўнічых угоддзях Беларусі. Яго здабыча дасягнула прыкметнай велічыні — больш за 2 тыс. асобін у год. Неадназначна ацэньваецца і ўплыў рысі і мядзведзя на некаторыя рэсурсныя віды млекакормячых.

Воўк. Фота В. В. Шакуна

Маніторынг і далейшае развіццё даследаванняў стану папуляцый відаў млекакормячых Беларусі з’яўляюцца неабходнай і абавязковай умовай для іх паспяховага захавання і гаспадарчага выкарыстання.