Фаўна і жывёльны свет

Беспазваночныя жывёлы

Дата стварэння: 26.09.2024 15:00:47

Дата змены: 05.12.2024 15:55:01


Фаўна беспазваночных жывёл характарызуецца найбольшай разнастайнасцю і колькасцю відаў. Даследавана яна ў значна меншай ступені, чым фаўна пазваночных. Самай вялікай разнастайнасцю ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, вылучаецца тып Членістаногія (больш за 80 % відавой разнастайнасці жывёльнага свету Беларусі), а сярод іх — надклас насякомых, які складае 70 % усіх відаў жывёл.

У Беларусі жыве шмат розных чэрвепадобных жывёл, некаторыя з іх жывуць у глебе, вадзе, вядуць вольны спосаб жыцця. Усім вядомыя дажджавыя чэрві з’яўляюцца незаменнымі глебаўтваральнікамі. Значнасць іх настолькі вялікая, што існуюць цэлыя кірункі навуковых даследаванняў (вермітэхналогіі), мэтай якіх з’яўляецца распрацоўка эфектыўных спосабаў выкарыстання гэтых жывёл для практычнай дзейнасці чалавека. Такія напрамкі актыўна развіваюцца ў Навукова-практычным цэнтры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НПЦ НАН Беларусі) па біярэсурсах.

Дажджавыя чэрві здольны перапрацоўваць розныя адыходы арганічнага паходжання, што робіць іх выдатнымі памагатымі ў справе прадухілення забруджвання навакольнага асяроддзя. Апроч дажджавых чарвей (у Беларусі іх каля 20 відаў) вядома яшчэ каля 100 відаў малашчацінкавых кольчатых чарвей, якія жывуць у розных вадаёмах і адыгрываюць найважнейшую ролю ў кругавароце рэчываў; многія з’яўляюцца найкаштоўнейшым кормам для прамысловых відаў рыб, некаторыя здольны выступаць як індыкатары якасці вады.

Акрамя таго, у вадаёмах Беларусі жыве каля 20 відаў п’явак, большасць з якіх з’яўляюцца драпежнікамі: жывяцца рознымі воднымі беспазваночнымі, некаторыя могуць паразітаваць на рыбах, земнаводных, птушках і толькі нямногія здольны жывіцца крывёй млекакормячых, у т. л. чалавека. Адзін з такіх відаў здаўна выкарыстоўваўся ў медыцынскай практыцы — медыцынская п’яўка. У медыцыне ў цяперашні час выкарыстоўваюць толькі разведзеных у спецыяльных біялабараторыях п’явак, што выключае магчымасць заражэння чалавека ўзбуджальнікамі розных захворванняў. Акрамя таго, медыцынская п’яўка ў цяперашні час з’яўляецца адзіным відам чарвей, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, а таксама ахоўваецца рознымі міжнароднымі пагадненнямі, у прыватнасці, уключана ў дадатак да Канвенцыі CITES, якая рэгулюе міжнародны гандаль відамі дзікай фаўны і флоры, што знаходзяцца пад пагрозай знішчэння.

У 2005 г. у рэках Мухавец і Заходні Буг быў знойдзены понта-каспійскі від — гіпанія, які адносіцца да класа многашчацінкавых чарвей, пераважная большасць якіх насяляе моры. Від рассяляецца спантанна, пераважна пры дапамозе рачных судоў.

Усе вышэйпаказаныя віды чарвей належаць да групы Кольчатыя чэрві, якіх заолагі разглядаюць у якасці вышэйшых, найбольш складана ўладкаваных форм.

Апроч вышэйшых чарвей у Беларусі жыве велізарная колькасць прадстаўнікоў ніжэйшых чарвей (плоскіх і круглых). У цяперашні час у краіне адзначана каля 450 відаў плоскіх і каля 1 100 відаў круглых чарвей.

За невялікім выключэннем аб свабоднажывучых відах ніжэйшых чарвей (відах, якія паразітуюць у беспазваночных, а таксама звязаных з дзікарослымі раслінамі) практычна нічога не вядома, хоць сярод іх могуць быць вельмі перспектыўныя для практычнага выкарыстання, у т. л. здольныя выступаць у якасці агентаў біялагічнай барацьбы са шкоднымі насякомымі.

У якасці прыкладу найбольш практычна важных відаў можна пазначыць прадстаўнікоў класа Трэматоды (у Беларусі вядомы 221 від). Тыповыя прадстаўнікі: пячоначны смактун, ланцэтападобная і кашэчая (сібірская) фасцыёлы. Адмысловай увагі заслугоўваюць крывяныя фасцыёлы, якія выклікаюць шыстасаматыдны цэркарыёз, пашкоджанні скуры чалавека, асабліва ў месцах масавага збору людзей і вадаплаўных птушак, напрыклад у месцах адпачынку, курортных зонах.

Вокладка кнігі «Дождевые черви (Lumbricidae) фауны Беларуси»

Вокладка кнігі «Дождевые черви (Lumbricidae) фауны Беларуси»

Клас Стужачныя чэрві ўключае 143 віды, якія прадстаўлены выключна паразітычнымі ў дарослым стане формамі, таксама паразітычнымі з’яўляюцца асобныя лічынкавыя стадыі. Дадзеная група лічыцца дастаткова добра вывучанай на тэрыторыі Беларусі. Тыповыя прадстаўнікі: цэпені свіны, бычыны, гарбузападобны, эхінакок, рамянец, лянцец шырокі.

Сярод круглых чарвей найбольш вядомы прадстаўнікі тыпу Нематоды, які ў Беларусі прадстаўлены каля 400 відамі. Найбольш поўна вывучаны комплекс нематод, паразітуючых у пазваночных жывёлах, у т. л. у чалавека. У цяперашні час адзначана 325 такіх відаў. Тыповыя прадстаўнікі: аскарыды свіная і чалавечая, дзіцячая вастрыца, трыхінэла, воласагалоў.

Да ліку нямногіх свабоднажывучых ніжэйшых чарвей, якія вывучаны даволі добра, адносяцца прадстаўнікі тыпу Калаўроткі. Цяпер у Беларусі іх адзначана каля 550 відаў.

Да тыпу Малюскі, або мяккацелыя, адносіцца каля 170 відаў з двух класаў: Двухстворкавыя (каля 30 відаў) і Бруханогія (каля 140 відаў). Для большасці відаў характэрна наяўнасць вонкавай ракавіны, якая абараняе мяккае цела ад драпежнікаў. Некаторыя віды могуць уяўляць пагрозу для здароўя чалавека як прамежкавыя гаспадары гельмінтаў. Вінаградны слімак месцамі спецыяльна культывуецца ў якасці крыніцы харчавання. Многія віды смаўжоў уяўляюць пагрозу сельскагаспадарчым культурам; некаторыя з іх паявіліся ў апошнія гады і з’яўляюцца чужароднымі для нашай прыроды — іспанскі, каўказскі чорнагаловы, вялікі прыдарожны і інш. Бяззубка вузкая і перламутраўка тоўстая, якія жывуць у чыстых халодных рэках, скарачаюцца ў колькасці і знаходзяцца пад аховай, а жамчужніца еўрапейская, якая насяляла поўнач Беларусі, з сярэдзіны XIX ст. не выяўлена.

Малюскі. Смоўж чорна-сіні
Малюскі. Смоўж чорнагаловы каўказскі
Малюскі. Перламутраўка тоўстая

У цяперашні час у фаўне Беларусі выяўлена больш як 14 тыс. відаў членістаногіх, якія адносяцца да класаў Ракападобныя, Павукападобныя, Насякомыя і Мнаганожкі. Членістаногія насяляюць усе магчымыя біятопы, сустракаюцца ў водных і наземных экасістэмах, многія з’яўляюцца паразітамі, у т. л. вузкаспецыялізаванымі.

Мнаганожкі. Браняносец звязаны. Фота А. В. Кулака

Пераважная большасць відаў мнаганожак Беларусі адносіцца да класаў губаногіх і двухпарнаногіх. Вывучаны вельмі недастаткова. Губаногія мнаганожкі — драпежнікі, жывяцца рознымі групамі надглебавых беспазваночных. У нашай краіне прадстаўлены нямногім больш чым 10 відамі. Двухпарнаногія мнаганожкі — сапрафагі, перапрацоўваюць ліставы апад; у Беларусі налічваюць 25–30 відаў, з якіх браняносец звязаны ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

У групе Ракападобныя адзначана каля 270 відаў. Гэта своеасаблівыя, з простай будовай арганізма рачкі (напрыклад, віды атрада Жабраногі) — унікальныя ніжэйшыя ракападобныя, якія селяцца пераважна ў перасыхаючых вясновых лужынах і з’яўляюцца фільтратарамі вады. Некаторыя буйныя віды могуць быць драпежнікамі (жывяцца малькамі рыб, апалонікамі малодшых узростаў і інш.).

Найважнейшы элемент прэснаводнага планктону — прадстаўнікі атрада Галінаставусыя (у Беларусі каля 100 відаў). Напрыклад, дафніі (найбольш распаўсюджаны звычайная і даўгахвостая) жывуць пераважна ў тоўшчы вады сярод воднай расліннасці. Жывяцца бактэрыямі, аднаклетачнымі раслінамі і жывёламі, адмерлымі часцінкамі шляхам фільтрацыі вады, якая ажыццяўляецца пры дапамозе грудных канечнасцей. Самі ж з’яўляюцца стартавым кормам для моладзі рыб або адным з асноўных кармавых аб’ектаў для планктонаедных відаў жывёл. Некаторыя віды галінаставусых мэтанакіравана культывуюцца для рыбнай гаспадаркі, у т. л. дэкаратыўнай.

Прадстаўнікі атрада Весланогія — неад’емны кампанент прэснаводных экасістэм Беларусі. Дарослыя асобіны галоўным чынам свабоднажывучыя, але ёсць і паразіты. Могуць быць актыўнымі драпежнікамі (напрыклад, віды роду Цыклоп), фільтратарамі (напрыклад, род Дыяптомус) або дэтрытафагамі. З’яўляюцца найважнейшым элементам жыўлення для многіх відаў водных беспазваночных і планктонаедных пазваночных.

Падклас Вышэйшыя ракі ўключае каля 30 відаў. Найбольш тыповыя прадстаўнікі: вослік вадзяны, макрэц склепавы, бакаплаў звычайны, ракі вузкапальцы і шыракапальцы (апошні ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь).

Акрамя таго, у краіне вядомы чужародныя віды, у прыватнасці амерыканскі паласаты рак. У вадаёмах-ахаладжальніках электрастанцый паспяхова размнажаецца далёкаўсходняя крэветка.

Характэрная асаблівасць класа Павукападобныя — здольнасць вырабляць павуцінне, а таксама наяўнасць атрутных залоз (сярод беларускіх відаў гэта ўласціва толькі павукам). Усе павукападобныя, за выключэннем некаторых кляшчоў і сенакосцаў, — драпежнікі. У Беларусі адзначана больш за 2 тыс. відаў павукападобных, пераважная большасць якіх адносіцца да кляшчоў (сярод іх шмат слаба вывучаных груп, асабліва сярод свабоднажывучых).

Атрад Ілжэскарпіёны ў Беларусі мэтанакіравана не вывучаўся. Чакаецца выяўленне не менш за 40 відаў, хаця пакуль у публікацыях адзначана 9 відаў. Найбольш звычайны прадстаўнік — ілжэскарпіён кніжны, які сустракаецца як у прыродных біятопах, так і ў пабудовах чалавека. Жывіцца пераважна відамі атрада Сенаеды, напрыклад кніжнымі вошамі ў жыллі, рознымі свабоднажывучымі відамі кляшчоў, лічынкамі дробных насякомых і іншымі супастаўнымі па памеры аб’ектамі. Усё гэта робіць від адным з характэрных прадстаўнікоў карыснай фаўны ў жыллі чалавека.

Атрад Павукі — шматлікая і разнастайная група павукападобных. Многія асаблівасці біялогіі павукоў вызначаюцца выкарыстаннем павуціння. Фактычна павук узаемадзейнічае з навакольным асяроддзем праз павуцінне, якое актыўна выкарыстоўваецца пры здабычы ахвяры, пры размнажэнні, ліньцы. У Беларусі адзначана каля 600 відаў павукоў. Адзін з іх — павук сплаўны вялікі — уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Адным з цікавых відаў, які і ў апошні час актыўна рассяляецца па поўдні Беларусі, з’яўляецца паўднёварускі тарантул.

Павукі. Паляўнічы шлякаты. Фота А. В. Кулака
Павукі. Тарантул паўднёварускі. Фота А. В. Кулака
Павукі. Крыжавік чатырохплямісты. Фота А. В. Кулака
Павукі. Павук-аса. Фота А. В. Кулака

Атрад Кляшчы — шматлікая і вельмі разнастайная група павукападобных. Ёсць свабоднажывучыя і паразітычныя формы, якія, у сваю чаргу, могуць выступаць у якасці пераносчыкаў узбуджальнікаў захворванняў чалавека, жывёл і раслін. Па тыпах жыўлення сустракаюцца драпежнікі, расліннаедныя формы, а таксама сапра- і некрафагі. Насяляюць самыя разнастайныя месцы — глебу, навалы арганічнага рэчыва, што раскладаецца, гнілую драўніну, расліны, лішайнікі, навалы водарасцей, ваду і інш.

Мэтанакіраванае вывучэнне кляшчоў у Беларусі пачата пасля таго, як была ўстаноўлена іх практычная значнасць, асабліва медыка-ветэрынарная. Першыя абагульненні зроблены яшчэ ў сярэдзіне XX ст. У Беларусі зарэгістравана каля 1 тыс. відаў кляшчоў. У цяперашні час даследаванні кляшчоў носяць фрагментарны характар і арыентаваны ў першую чаргу на вывучэнне іксодавых кляшчоў і іх ролі ў функцыянаванні ачагоў захворванняў, пераносчыкамі ўзбуджальнікаў якіх яны з’яўляюцца, а таксама кляшчоў, што насяляюць жыллё чалавека. Велізарны пласт відаў, якія насяляюць натуральныя біятопы, практычна не вывучаецца.

Вельмі разнастайнай і ў той жа час не зусім вывучанай групай з’яўляецца клас Насякомыя. Цяпер у краіне зарэгістравана больш за 12 тыс. відаў, якія адносяцца да 28 атрадаў. Чакаецца, што ў перспектыве спіс можа дасягнуць больш за 25 тыс. відаў у першую чаргу за кошт выяўлення прадстаўнікоў атрадаў Двухкрылыя і Перапончатакрылыя.

Прадстаўнікі першаснабяскрылых насякомых. Віды роду Смінтур (найменш вывучаны ў краіне)

Прадстаўнікі першаснабяскрылых насякомых. Віды роду Смінтур (найменш вывучаны ў краіне)

Прадстаўнікі першаснабяскрылых насякомых. Лускаўніца звычайная

Прадстаўнікі першаснабяскрылых насякомых. Лускаўніца звычайная

Да групы насякомых Першаснабяскрылыя адносяцца віды, развіццё якіх прамое, г. зн. адбываецца без метамарфозы. Галоўным чынам гэта зусім дробныя жывёлы з далікатным покрывам, што вымушае іх насяляць біятопы з павышанай вільготнасцю. Рабіліся неаднаразовыя спробы іх мэтанакіраванага даследавання, аднак да гэтага часу беспаспяховыя. Адной з прычын гэтага з’яўляецца складанасць вызначэння відавой прыналежнасці. Па папярэдняй ацэнцы, вядома аб пражыванні ў краіне каля 70 відаў, што складае менш за 20 % ад магчымага іх спісу.

Да першаснабяскрылых адносяцца і прадстаўнікі атрада Шчацінкахвосткі, які прадстаўлены ў фаўне Беларусі трыма відамі. З іх найболей звычайныя і сустракаюцца ў жыллі чалавека 2 віды — лускаўніца звычайная і тэрмобія хатняя (актыўныя ўначы, жывяцца прадуктамі расліннага паходжання, у т. л. могуць пашкоджваць цукар, муку, адсырэлую паперу).

Усе астатнія насякомыя адносяцца да групы так званых крылатых насякомых, шматлікія з іх добра вядомы.

Адны з іх — гэта старажытныя насякомыя з цікавай біялогіяй, лічынкі якіх развіваюцца ў вадзе, — аўсянікі і стракозы. У Беларусі зарэгістравана 56 відаў аўсянікаў і 70 відаў стракоз, многія з іх вельмі рэдкія не толькі ў нашай краіне, але і ў іншых частках Еўропы. Апошнім часам адзначаецца пранікненне на тэрыторыю Беларусі новых відаў стракоз, асабліва ў паўднёвыя і паўднёва-заходнія рэгіёны. Сярод відаў ёсць буйныя і тыя, што выглядаюць вельмі эфектна, як, напрыклад, дазоршчык-імператар, які ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, прыгажуня бліскучая, бабка металічная і інш.

Прадстаўнікі стракоз. Дазоршчык-імператар. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі стракоз. Прыгажуня бліскучая. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі стракоз. Бабка металічная. Фота А. В. Кулака

Не менш вядомы віды, якія адносяцца да атрада Тараканы. У Беларусі зарэгістравана 6 відаў, з якіх 2 шырока вядомы — чорны і рыжы тараканы. Першы від стаў ужо вельмі рэдкім у жылых памяшканнях і, як правіла, сустракаецца ў гаспадарчых пабудовах, нездарма яго другая назва — лазневы таракан. Хутчэй за ўсё, не апошнюю ролю ў выцясненні яго з жылля адыграў рыжы таракан, вядомы таксама пад назвай «прусак»: лічыцца, што ён патрапіў ва Усходнюю Еўропу, у т. л. у Беларусь, у пачатку XVIII ст. з Прусіі. Дарэчы, у шэрагу іншых еўрапейскіх краін рыжы прусак завецца «рускім», таму пытанне, адкуль ён усё ж такі прыйшоў, застаецца адкрытым, бо вядома, што як від ён з’явіўся ў Паўднёва-Усходняй Азіі. У Беларусі сталі рэгістраваць, пераважна ў гасцініцах, яшчэ 2 сінантропныя віды — амерыканскага і туркменскага тараканаў (абодва даўно распаўсюдзіліся амаль па ўсёй планеце, зрабіліся касмапалітамі). Акрамя таго, у фаўне Беларусі ёсць і 2 абарыгенныя віды тараканаў — лапландскі і лясны, якія не здольны жыць у жыллі, але спрадвеку насялялі лясы як мінімум з часоў заканчэння ледніковага перыяду.

Атрад Прамакрылыя аб’ядноўвае адносна буйных насякомых. Характэрная асаблівасць большасці відаў прамакрылых — здольнасць выдаваць гук, напрыклад спевы конікаў і цвыркуноў. На тэрыторыі Беларусі зарэгістравана каля 60 відаў прамакрылых. На Палессі часам сустракаецца пералётная саранча, якая лічыцца злосным шкоднікам мноства раслін у засушлівых раёнах Еўразіі і Афрыкі.

Прадстаўнікі прамакрылых. Цвыркун хатні
Прадстаўнікі прамакрылых. Конік стракаты
Багамол звычайны. Фота А. В. Кулака

Багамол звычайны. Фота А. В. Кулака

У апошнія гады па ўсёй тэрыторыі Беларусі рассяліўся багамол звычайны, які прадстаўляе атрад Багамолы. Від рэгістраваўся яшчэ больш за 100 гадоў таму пад Гомелем. Хутчэй за ўсё, сам факт рассялення багамола з’яўляецца рэакцыяй на кліматычныя змены.

У цяперашні час у Беларусі зарэгістравана 29 відаў насякомых атрада Вяснянкі. Большая частка іх жыццёвага цыкла праходзіць у стадыі лічынкі, якая развіваецца ў вадзе. Як правіла, віды, якія жывуць у Беларусі, развіваюцца на працягу аднаго года, хаця цыкл развіцця можа быць расцягнуты і на некалькі гадоў. Адной з унікальных асаблівасцей вяснянак з’яўляецца тое, што развіццё іх яек і лічынак адбываецца пры вельмі нізкіх для іншых груп насякомых тэмпературах. Фактычна эмбрыянальнае развіццё пачынаецца пры тэмпературы крыху вышэй пункта замярзання вады. У сувязі з гэтым вяснянкі — адны з першых насякомых, якія паяўляюцца на стадыі імага ранняй вясной, што і вызначыла назву атрада на рускай мове.

У Беларусі вядомы 6 відаў атрада Вухавёрткі, або скурыстакрылыя, хаця мяркуецца, што тут іх жыве не менш як 15 відаў.

Скурыстакрылыя. Вухавёртка звычайная
Скурыстакрылыя. Вухавёртка прыбярэжная. Фота А. В. Кулака
Паўцвердакрылыя. Клоп хваёвы падкорны. Фота А. В. Кулака

Паўцвердакрылыя. Клоп хваёвы падкорны. Фота А. В. Кулака

Адной з добра вывучаных у Беларусі груп насякомых з’яўляецца атрад Паўцвердакрылыя, які ўключае больш за 540 відаў клапоў (з іх 2 могуць паразітаваць на чалавеку), каля 450 відаў цыкадавых, больш за 340 відаў тлі, каля 50 відаў лістаблошак. Пераважная большасць відаў жывуць у прыродзе, з’яўляюцца расліннаеднымі насякомымі або драпежнікамі. Сярод іх шмат відаў, якія наносяць значную шкоду сельскай і лясной гаспадарцы, а таксама чужародныя віды, напрыклад буйвалавая цыкада, якая ў апошнія гады актыўна рассялілася да шыраты Мінска. Шмат якія віды клапоў жывуць у вадзе (ранатра, вадзяны скарпіён, грэблякі і інш.) або на яе паверхні (вадамеркі).

Паўцвердакрылыя. Цыкада буйвалавая
Паўцвердакрылыя. Клапы-салдацікі. Фота А. В. Кулака
Паўцвердакрылыя. Рынакорыс чырвоны. Фота А. В. Кулака
Паўцвердакрылыя. Клоп італьянскі. Фота А. В. Кулака
Паўцвердакрылыя. Клоп-вадамерка. Фота А. В. Кулака
Паўцвердакрылыя. Чарапашка маўрская. Фота А. В. Кулака
Паўцвердакрылыя. Калонія тлі і божая кароўка, якая імі жывіцца. Фота А. В. Кулака

Адносна нядрэнна вывучаны ў Беларусі атрад Пухаеды і вошы. Сярод пухаедаў вылучаюцца 2 групы: пер’яеды (паразітуюць у птушак) і валасаеды (развіваюцца галоўным чынам на млекакормячых). Цяпер у групе пухаедаў адзначана каля 140 відаў, і работы па іх вывучэнні працягваюцца. Сярод валасаедаў найбольш шырока распаўсюджаны валасаеды сабачы і кашэчы. Валасаеды жывуць на млекакормячых, жывяцца іх валасамі, арагавелымі часцінкамі скуры, крывёй. Паразітуюць практычна на ўсіх сельскагаспадарчых і прамысловых відах. Могуць выступаць у якасці прамежкавых гаспадароў некаторых відаў цэпеняў, напрыклад гарбузападобнага. У групе вошай вядома 12 відаў, на тэрыторыях, якія мяжуюць з Беларуссю, — каля 30 відаў.

Самы шматлікі і добра вывучаны атрад насякомых — Цвердакрылыя, або жукі. Вядома каля 3,7 тыс. відаў жукоў, якія адносяцца больш як да 100 сямействаў. Некаторыя віды здольны пашкоджваць харчовыя прадукты, драўніну, мэблю, скуру. У той жа час драпежныя віды з’яўляюцца прадстаўнікамі карыснай фаўны, бо знішчаюць шкоднікаў сельскай і лясной гаспадаркі. Шмат якія віды, што жывяцца нектарам кветак, з’яўляюцца апыляльнікамі. Велізарнае значэнне жукоў у прыродзе як дэструктараў адмерлай драўніны, як «санітараў» трупаў жывёл і гною, а таксама глебаўтваральнікаў. Сярод жукоў Беларусі ёсць і рэдкія віды не толькі ў нас у краіне, але і ў Еўропе, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, напрыклад жужалі бліскучы і абрамлены, жук-алень, васковік-пустэльнік, стракач зялёны, вусач дубовы вялікі.

Прадстаўнікі атрада Цвердакрылыя. Бронзаўка вялікая зялёная. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Цвердакрылыя. Стракач зялёны. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Цвердакрылыя. Вусач дубовы вялікі. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Цвердакрылыя. Васковік перавязаны. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Цвердакрылыя. Златка вялікая хваёвая. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Цвердакрылыя. Пчолажук. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Цвердакрылыя. Вусач чорны піхтавы. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Цвердакрылыя. Майскі жук. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Цвердакрылыя. Жужаль блытаны. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Цвердакрылыя. Жужаль шчыгрынавы. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Цвердакрылыя. Божая кароўка сямікрапінкавая. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Цвердакрылыя. Рагачык сціплы. Фота А. В. Кулака

У Беларусі выяўлена каля 20 відаў з больш як 100 магчымых прадстаўнікоў атрадаў Сеткакрылыя і Вярблюдкі. Яны з’яўляюцца прадстаўнікамі карыснай фаўны і здольны знішчаць у вялікай колькасці шкоднікаў сельскай і лясной гаспадаркі. Лічынкі гэтых відаў (напрыклад, вярблюдак) селяцца пад карой або вядуць вольны спосаб жыцця (напрыклад, лічынкі залатавочак, пры гэтым яны маскіруюцца скуркамі з’едзеных імі насякомых, галоўным чынам тлі, якіх носяць на сабе).

Цікавае сямейства ў атрадзе Сеткакрылыя — мурашыныя львы, якія ў дарослым стане нагадваюць стракоз. Для іх лічынак характэрны шырокае сплюшчанае цела, густа пакрытае шчацінкамі, і вялікія вышчарбленыя сківіцы. З’яўляюцца актыўнымі драпежнікамі дробных насякомых, якія падсцерагаюць здабычу ў паверхні глебы ў цэнтры лейкападобных ямак-пастак.

Прадстаўнікі атрада Сеткакрылыя. Лічынка залатавочкі, якая замаскіравана пустымі скуркамі сваіх ахвяр
Прадстаўнікі атрада Сеткакрылыя. Мурашыны леў. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Вярблюдкі. Вярблюдка звычайная. Фота А. В. Кулака

У атрадзе Скарпіёнавыя мухі, або скарпіённіцы, у цяперашні час у Беларусі вядомы 4 віды з 12–15 магчымых. У самцоў скарпіённіц канец брушка з геніталіямі загнуты накшталт тэльсана ў скарпіёнаў (адсюль назва атрада).

Арыгінальнымі насякомымі з’яўляюцца так званыя лядоўнікі і бяскрылыя скарпіёнавыя мухі, якія нярэдка сустракаюцца на снезе падчас адлігі, уяўляючы, такім чынам, унікальную для нашых умоў зімовую фаўну насякомых.

Самец скарпіёнавай мухі
Лядоўнік

Прадстаўнікі атрада Шыцікі (ручайнікі) з’яўляюцца даволі буйнымі насякомымі, якія распаўсюджаны па ўсёй планеце за выключэннем Антарктыкі. Імага нагадвае матылькоў, крылы іх пакрыты не лускавінкамі, а валасінкамі. Лічынкі развіваюцца ў водным асяроддзі. Імага жыве 1–2 тыдні, практычна не жывіцца, у той час як лічынка развіваецца каля года. Характэрная асаблівасць лічынак — фарміраванне рознага роду домікаў, у якіх яны хаваюцца.

Шыцікі недастаткова вывучаны як з пункту гледжання біялогіі асобных відаў, так і паўнаты ўстанаўлення відавога складу. Цяпер у Беларусі зарэгістравана каля 160 відаў шыцікаў, што можа з’яўляцца толькі паловай ад магчымага спісу.

Прадстаўнікі атрада Шыцікі. Шыцік клатрата (лічынка ў доміку)
Прадстаўнікі атрада Шыцікі. Шыцік клатрата (дарослая асобіна)
Прадстаўнікі атрада Шыцікі. Шыцік матылепадобны. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Шыцікі. Шыцік сямейства Фрыганеіды. Фота А. В. Кулака

Багата прадстаўлены ў Беларусі атрад Лускакрылыя, або матылі, — каля 2 тыс. відаў з 2,5–2,7 тыс. магчымых. Асноўная маса новых відаў можа быць выяўлена сярод молепадобных сямействаў матылёў. Яны насяляюць усе магчымыя экасістэмы сушы, а асобныя прадстаўнікі агнёвак на стадыі вусеня жывуць у вадзе. Дзякуючы вялікаму відавому багаццю і велізарнай колькасці асобных відаў, асабліва ў лясах, матылі ўключаны ў трафічныя ланцугі многіх іншых жывёл. Найбольш буйныя сямействы — начніцы, пядзенікі, ліставёрткі.

Імага большасці відаў жывяцца нектарам, выступаючы ў якасці апыляльнікаў. Вядомыя віды, якія сілкуюцца пераспелымі фруктамі, выцякаючым сокам дрэў. Некаторыя віды маюць рудыментарны хабаток або пазбаўлены яго і не жывяцца наогул. Больш за 90 % відаў матылёў у дарослым стане вядуць змрочны і начны спосаб жыцця (пераважная большасць прадстаўнікоў сямействаў совак, пядзенікаў, ваўнянак, чубатак, мядзведзіц і інш.). Прадстаўнікі асобных сямействаў вядуць выключна дзённы спосаб жыцця (мнагакветніцы, блакітніцы, бялянкі, стракаткі і інш.).

Сярод матылёў многія віды вядомы ў якасці сур’ёзных шкоднікаў лесу (няпарны шаўкапрад, залатагузка, зімовы пядзенік, хваёвы коканапрад), садоўніцтва і сельскай гаспадаркі (пладажэркі, баярышніца, капусніца, лугавы матылёк, амерыканскі белы матыль), запасаў збожжа, футравых вырабаў (свірнавая збожжавая моль, агнёўкі мучная і паўднёвая свірнавая, адзежная моль), пчалярства (вялікая і малая васковыя молі). Зялёным насаджэнням у населеных пунктах прычыняюць шкоду многія чужародныя віды лускакрылых (ахрыдскі мінёр, самшытавая агнёўка, амерыканскі белы матыль і інш.).

Некаторыя віды матылёў штогод залятаюць на тэрыторыю Беларусі ў цёплы перыяд, размнажаюцца, а затым мігрыруюць у больш паўднёвыя рэгіёны або гінуць (бражнік-языкан, адмірал, чартапалохаўка і інш.). Адмысловая рыса некаторых бражнікаў — імклівы палёт і завісанне над кветкамі пад час сілкавання, накшталт птушак калібры.

У Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь уключаны 34 віды, у т. л. рэдкія ў шмат якіх рэгіёнах Еўропы, напрыклад бражнік празерпіна, апалон чорны, зярынція звычайная, блакітніца Цялей, мнагавочка блакітнаватая.

Прадстаўнікі атрада Лускакрылыя. Залатагузка. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Лускакрылыя. Матыль амерыканскі белы. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Лускакрылыя. Коканапрад хваёвы. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Лускакрылыя. Мядзведзіца-кая. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Лускакрылыя. Мядзведзіца-гаспадыня. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Лускакрылыя. Мнагавочка блакітнаватая. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Лускакрылыя. Блакітніца ікар. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Лускакрылыя. Бражнік вочкавы. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Лускакрылыя. Бражнік вінны сярэдні. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Лускакрылыя. Крапіўніца. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Лускакрылыя. Лімонніца. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Лускакрылыя. Лунка серабрыстая. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Лускакрылыя. Шаўкапрад няпарны. Фота А. В. Кулака
Прадстаўнікі атрада Лускакрылыя. Мнагавочка шчаўевая. Фота А. В. Кулака

Найважнейшай групай у экалагічным плане з’яўляецца атрад Перапончатакрылыя, які ўключае вялікую колькасць практычна значных відаў. Меданосная пчала, чмялі і іншыя пчаліныя вядомы як найболей эфектыўныя апыляльнікі дзікіх і культурных раслін. Сярод перапончатакрылых ёсць шкоднікі сельскагаспадарчых і лясных культур (напрыклад, пільшчыкі, рагахвосты); паразітоіды, якія стрымліваюць колькасць іншых насякомых, у т. л. якія з’яўляюцца эфектыўнымі агентамі біялагічнай барацьбы са шкоднікамі (трыхаграмы); сацыяльныя віды (мурашкі, восы, чмялі, пчолы). Цяпер у Беларусі вядома каля 2 тыс. відаў перапончатакрылых з 7 тыс. магчымых.

Вокладка кнігі «Аннотированный каталог ос (Hymenoptera, Apocrita, Aculeata) Беларуси» (Минск, 2013)

Вокладка кнігі «Аннотированный каталог ос (Hymenoptera, Apocrita, Aculeata) Беларуси» (Минск, 2013)

Перапончатакрылыя. Лічынкі пільшчыка вярбовага. Фота А. В. Кулака

Перапончатакрылыя. Лічынкі пільшчыка вярбовага. Фота А. В. Кулака

Адносна нядрэнна вывучанымі можна лічыць мурашак — прыкладна 50 відаў у нашай фаўне, пчаліных — каля 350 відаў, вос — прыкладна 400 відаў; некаторых паразітычных перапончатакрылых, напрыклад іхнеўманід — больш за 600 відаў, браканід — каля 440 відаў. Вялікая разнастайнасць паразітычных перапончатакрылых патрабуе больш дэталёвага вывучэння.

У Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь уключана 9 відаў перапончатакрылых, у т. л. чмель Шрэнка, пчала махнаногая серабрыстая, пчала-цясляр звычайная, парнопэс буйны.

Перапончатакрылыя. Пчала-цясляр звычайная. Фота А. В. Кулака
Перапончатакрылыя. Пчала меданосная. Фота А. В. Кулака
Перапончатакрылыя. Чмель палявы. Фота А. В. Кулака
Перапончатакрылыя. Мурашка рыжая лясная. Фота А. В. Кулака
Перапончатакрылыя. Рагахвост яловы вялікі. Фота А. В. Кулака
Перапончатакрылыя. Пільшчык рыжы хваёвы. Фота А. В. Кулака

Надзвычай разнастайным з’яўляецца атрад Двухкрылыя. Колькасць зарэгістраваных у Беларусі відаў набліжаецца да 1,5 тыс. з 60 сямействаў. Сумарна на сумежных з нашай краінай тэрыторыях адзначана каля 10 тыс. відаў, з чаго вынікае, што мы знаходзімся толькі ў самым пачатку на шляху вывучэння гэтай групы.

Сярод двухкрылых найбольш пільная ўвага надавалася практычна значным відам — крывасмактальным формам, шкоднікам сельскагаспадарчых раслін, узбуджальнікам хвароб хатніх жывёл, сінантропным відам як патэнцыйным пераносчыкам розных патагенаў. Вывучэнню двухкрылых Беларусі прысвечана больш за 400 публікацый, каля 95 % з іх маюць практычны характар. Сярод крывасмактальных форм шмат вядомых відаў, напрыклад крывасмактальныя камары, сляпні, мошкі. У той жа час двухкрылыя адыгрываюць найважнейшую ролю ў кругавароце рэчываў, сярод іх ёсць і драпежныя віды (напрыклад, ктыры і зелянушкі), а таксама віды з унікальнай здольнасцю да маскіроўкі і пераймання па афарбоўцы джалячым перапончатакрылым (восам, пчолам і чмялям), напрыклад мухі-сірфіды і львінкі. Сярод двухкрылых шмат відаў, якія актыўна перапрацоўваюць мёртвую арганіку, што дазваляе ўключаць яе ў біялагічны кругаварот.

Двухкрылыя. Ляфрыя гарбатая. Фота А. В. Кулака
Двухкрылыя. Журчалка шаўкавістая. Фота А. В. Кулака
Двухкрылыя. Журчалка роду Спіламія. Фота А. В. Кулака
Двухкрылыя. Пчалавідка лясная. Фота А. В. Кулака
Двухкрылыя. Тахіна гімнасома. Фота А. В. Кулака
Двухкрылыя. Муха-жужала. Фота А. В. Кулака
Двухкрылыя. Мясаедка шэрая. Фота А. В. Кулака

Дадаткам да тыпу членістаногіх адносяць групу Ціхаходкі — малюсенькіх мнагаклетачных з даўжынёй цела 0,1–0,15 мм, супастаўнай з інфузорыяй сярэдніх памераў. Некаторыя віды дасягаюць памеру да 1,5 мм. Ціхаходкі шырока распаўсюджаны ў водных і паўводных месцах пасялення. У Беларусі група мэтанакіравана не вывучалася.

Ціхаходкі ўнікальныя здольнасцю да існавання ў неспрыяльных умовах, што робіць іх аб’ектам эксперыментальнай біялогіі. У прыватнасці, яны здольны пераносіць поўнае высыханне, захоўваючы жыццяздольнасць на працягу двух і больш гадоў. Здольны пераносіць у сухім стане награванне да 150 °C і астуджэнне да −270 °C, вытрымліваць высокія дозы іанізуючай радыяцыі, у т. л. ва ўмовах адкрытага космасу. Улічваючы перыядычныя пераходы ў стан здранцвення або крыптабіёзу, працягласць жыцця ціхаходак можа даходзіць да 100 і больш гадоў. У гэтым жа стане яны адносна лёгка распаўсюджваюцца ветрам на вялікія адлегласці.