Фаўна і жывёльны свет

Паўзуны

Дата стварэння: 26.09.2024 15:09:56

Дата змены: 19.12.2024 16:33:05


Пазваночныя — падтып хордавых жывёл; дамінуючая (разам з насякомымі) на Зямлі і ў паветраным асяроддзі група жывёл. Пазваночныя з’явіліся не пазней ардовіка (500–450 млн гадоў таму), а ў юры (каля 150 млн гадоў таму) існавалі ўжо прадстаўнікі ўсіх вядомых цяпер іх класаў. Агульны лік сучасных відаў каля 40 тысяч.

На гэты час фаўна пазваночных Беларусі ўключае 512 відаў: 3 віды міног, 65 — рыб, 13 — амфібій, 7 — рэптылій, 342 — птушак і 82 віды млекакормячых.




Паўзуны, або рэптыліі, — старажытная і разнастайная група пазваночных жывёл, якая ўключае сучасных чарапах, кракадзілаў, яшчарак, змей, дзюбагаловых і амфісбен. На гэты час вядома каля 9,4 тыс. відаў гэтай групы.

Аднымі з першых паўзуноў былі катылазаўры, якія з’явіліся ў сярэднім карбоне палеазойскай эры. Найстаражытныя рэптыліі — дыназаўры — дасягнулі росквіту ў эпоху мезазою і доўгі час дамінавалі на сушы, у вадзе і ў паветры. Дыназаўры, якія вымерлі ў канцы мелавога перыяду, далі пачатак птушкам — групе жывёл, якая ў цяперашні час працвітае.

Фарміраванне ўсіх сучасных груп паўзуноў адбывалася ў мезазоі. Найбольш прагрэсіўная група — змеі — сфарміравалася ў мелавым перыядзе мезазойскай эры.

У сучасных паўзуноў спалучаюцца рысы проста арганізаваных па будове амфібій і больш прагрэсіўных вышэйшых пазваночных жывёл — птушак і млекакормячых.

Цела паўзуноў пакрыта шчыльнымі рагавымі або касцянымі лускамі або шчыткамі; у некаторых груп (чарапах, кракадзілаў) цела абаронена трывалым вонкавым панцырам. Тэмпература цела рэптылій нясталая і залежыць ад умоў навакольнага асяроддзя. У сувязі з гэтым у якасці месца знаходжання выкарыстоўваюць асветленыя сонцам участкі, якія дазваляюць ім хутка прагравацца і захоўваць актыўнасць на працягу ўсяго дня.

Пладавітасць большасці відаў невысокая; у прыплодзе звычайна ад ⁠7⁠–⁠10 да 30 яек. У сезон размнажэння самка робіць гняздо ў цёплым грунце, куды адкладае яйкі. Працягласць інкубацыйнага перыяду — 2–3 месяцы. У некаторых відаў вядома жыванараджэнне. У гэтых рэптылій аплодненыя яйкі застаюцца ў палавых шляхах самкі, праходзяць усе стадыі развіцця. Клопат пра патомства ў паўзуноў за рэдкім выключэннем адсутнічае.

У Беларусі сустракаюцца 7 відаў паўзуноў: адзін від чарапах — еўрапейская балотная чарапаха, 3 віды яшчарак — вераценніца ломкая, порсткая і жывародная яшчаркі, а таксама 3 віды змей — звычайны вуж, звычайная мядзянка і звычайная гадзюка.

Паўзуны. Яшчарка жывародная. Фота С. М. Драбянкова

Паўзуны. Яшчарка жывародная. Фота С. М. Драбянкова

Паўзуны. Гадзюка звычайная. Фота С. М. Драбянкова

Паўзуны. Гадзюка звычайная. Фота С. М. Драбянкова

Часцей сустракаюцца порсткая і жывародная яшчаркі, а таксама звычайны вуж. Да найбольш рэдкіх прадстаўнікоў герпетафаўны (фаўна паўзуноў) аднесены звычайная мядзянка і балотная чарапаха, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Паўзуны. Чарапаха балотная. Фота С. М. Драбянкова
Паўзуны. Вераценніца ломкая. Фота С. М. Драбянкова
Паўзуны. Вуж звычайны. Фота С. М. Драбянкова
Паўзуны. Мядзянка звычайная. Фота С. М. Драбянкова

Яшчаркі і змеі жывуць на узлессях, зарастаючых высечках, прасеках, каля абочын аўтамабільных дарог, на балотах і лугах. Балотная чарапаха вядзе водны спосаб жыцця і далёка ад вадаёмаў аддаляецца рэдка. Невялікія папуляцыі гэтага віду захаваліся ў Палессі, у натуральных, не кранутых гаспадарчай дзейнасцю ландшафтах.

Яшчаркі ядуць дробных беспазваночных жывёл (насякомых, павукоў, малюскаў, чарвей і інш.). Рацыён змей прадстаўлены пазваночнымі жывёламі розных груп. Устаноўлена пэўная харчовая спецыялізацыя змей: вуж паядае пераважна жаб, гадзюка — мышападобных грызуноў, мядзянка — яшчарак. Балотная чарапаха, якая ўвесь цёплы сезон насяляе вадаёмы, корміцца воднымі арганізмамі — дробнымі беспазваночнымі, лічынкамі земнаводных і зрэдку раслінамі.

У садах, на палях і агародах яшчаркі выконваюць карысную ролю, бо зніжаюць колькасць шкодных беспазваночных. Прыкметную карысць на сельгасугоддзях прыносіць звычайная гадзюка, якая палюе на мышападобных грызуноў.

Яд звычайнай гадзюкі выкарыстоўваецца ў вытворчасці каштоўных лекавых сродкаў («Випросал В», «Випраксин», «Випратокс» і інш.).

Звычайная гадзюка — адзіны атрутны від змей у Беларусі, які патэнцыйна небяспечны для чалавека і жывёл. Аднак смяротныя выпадкі пасля яе ўкусу адзначаліся вельмі рэдка і толькі пры некваліфікаваным лячэнні.