Фаўна і жывёльны свет
- Фаўна: разнастайнасць і дынаміка
- Беспазваночныя жывёлы
- Пазваночныя жывёлы
- Ахова жывёльнага свету. Рэдкія і ахоўныя віды жывёл. Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь
- Інвазіўныя віды. Чорная кніга
- Асноўныя пагрозы і ахова біялагічнай разнастайнасці
Птушкі
Дата стварэння: 26.09.2024 15:13:21
Дата змены: 19.12.2024 16:38:09
Пазваночныя — падтып хордавых жывёл; дамінуючая (разам з насякомымі) на Зямлі і ў паветраным асяроддзі група жывёл. Пазваночныя з’явіліся не пазней ардовіка (500–450 млн гадоў таму), а ў юры (каля 150 млн гадоў таму) існавалі ўжо прадстаўнікі ўсіх вядомых цяпер іх класаў. Агульны лік сучасных відаў каля 40 тысяч.
На гэты час фаўна пазваночных Беларусі ўключае 512 відаў: 3 віды міног, 65 — рыб, 13 — амфібій, 7 — рэптылій, 342 — птушак і 82 віды млекакормячых.
Арніталагічныя фаўністычныя даследаванні з’явіліся адным з нямногіх першых самастойных напрамкаў айчыннай заалагічнай навукі. Выдатны вучоны і асветнік граф К. Тызенгаўз яшчэ ў канцы XVIII ст. у радавым маёнтку ў г. Паставы (Віцебская вобласць) стварыў арніталагічны музей, які ў тыя часы лічыўся найбуйнейшым ва Усходняй Еўропе.
Планамерныя даследаванні фаўны птушак актывізаваліся пасля ўтварэння ў 1921 г. Беларускага ўніверсітэта, а затым у 1929 г. — Акадэміі навук БССР.
З часу выхаду ў 1967 г. манаграфіі А. У. Фядзюшына і М. С. Долбіка «Птицы Белоруссии» вядзецца ўлік відавога складу птушак на тэрыторыі Беларусі ў яе сучасных межах. У 1960‑я гг. спіс хаця б аднойчы сустрэтых у межах краіны птушак уключаў 284 віды; на мяжы XXI ст. іх ужо налічвалася 309 відаў дзякуючы актыўнаму рассяленню і з’яўленню новых відаў.
Да сярэдзіны 2018 г. поўны спіс відаў птушак Беларусі налічваў 332 віды, па стане на канец 2022 г. нацыянальны спіс уключаў 342 віды птушак, рэгістрацыя якіх афіцыйна зацверджана Беларускай арніта-фаўністычнай камісіяй.
У сістэматычным плане птушкі адносяцца да 20 атрадаў, 62 сямействаў. Пры гэтым з усёй колькасці зарэгістраваных відаў 238 адносяцца да тых, што гняздзяцца на тэрыторыі краіны, у т. л. 16 відаў, гнездаванне якіх адзначалася толькі ў мінулым стагоддзі. Сярод апошніх — стрэпет, дроп і саджа, якія зніклі ў канцы XIX — 1‑й палове XX ст. Іншыя віды сустракаюцца транзітна ў перыяды сезонных міграцый або выпадкова залятаюць з суседніх рэгіёнаў.
У апошнія гады ўзрастае цікавасць да назіранняў за птушкамі ў прыродзе. За мяжой даўно сфарміраваўся цэлы напрамак — бёрдвотчынг (ад англ. bird watch — назіранне за птушкамі). Паўсюдна, у т. л. у Беларусі, выдаюцца маляўніча ілюстраваныя вызначальнікі птушак, розныя агляды, якія прызначаны не толькі для спецыялістаў, але і для шырокага круга аматараў.
Найбольш шматлікія і шырока распаўсюджаныя птушкі на тэрыторыі нашай краіны — віды атрада Вераб’інападобныя, колькасць некаторых прадстаўнікоў гэтай групы даходзіць да 8–10 млн пар, якія гняздзяцца. Сярод найбольш масавых: берасцянка, палявы і дамовы вераб’і, вялікая сініца, палявы жаўрук, вясковая ластаўка, малінаўка, звычайны шпак і шэраг іншых. У прадстаўнікоў іншых атрадаў колькасць адзначана толькі для шызага голуба (каля 1,5 млн пар), які жыве ў цесным суседстве з чалавекам.
Разам з масавымі відамі птушак сустракаюцца лакальна распаўсюджаныя, што адзначаюцца нерэгулярна, а таксама вельмі рэдкія. Напрыклад, колькасць некаторых відаў лічыцца адзінкавымі парамі альбо не перавышае некалькіх дзясяткаў пар: белавокі нырок, савук-луток, пардва, бажан, чорнаваллёвы гагач, чырванашыйная коўра, арол-маркут, чырвоны каршун, стэпавы лунь, сокал-шулёнак, чорнагаловая чайка, клуша, сіпуха, сіні сіваграк, караткапальцы паўзунок і інш. Для шэрага відаў птушак па тэрыторыі Беларусі праходзіць мяжа вобласці іх распаўсюджвання. Напрыклад, скапа і даўгахвостая кугакаўка гняздзяцца толькі на поўначы краіны, а белая сініца, сірыйскі дзяцел, валасяніца-белашыйка адзначаюцца толькі на поўдні. Каля 60 відаў адносяцца да катэгорыі нерэгулярна сустракаемых — так званых залётных, з іх 12 відаў адзначаліся толькі ў XX ст.
Большасць відаў птушак, якія гняздзяцца ў Беларусі, з’яўляюцца пералётнымі: пакідаюць тэрыторыю, каб правесці зіму ў больш цёплых краях. Акрамя таго, не менш як 90 відаў птушак сустракаюцца ў Беларусі толькі ў перыяд міграцыі ці зімоўкі, а таксама выпадкова залятаюць на тэрыторыю краіны. Рэгулярна і з адносна высокай колькасцю на пралёце адзначаецца толькі каля трэці з іх. Найбольш масавыя з мігруючых водна-балотных птушак: гусі (белалобая і гусь-гуменніца), качкі (качка-крыжанка, качка-чырка, качка-свіцьва, качка-шылахвостка, чубаты нырок і інш.), чайкі (чайка-рыбачка і шызая, чайка-клыгун і чайка-рагатуха), шэраг арктычных відаў кулікоў (баталён, кулік-цякун, вялікі кіркун, белахвосты пясочнік і інш.), большасць з якіх падчас сезонных міграцый толькі транзітам пралятаюць праз тэрыторыю Беларусі.
Зімой сярод птушыных пераважаюць прадстаўнікі атрада Вераб’інападобныя, некаторыя віды не ляцяць у цёплыя краі; асабліва прыкметны сярод іх крумкачовыя (шэрая варона, крумкач, каўка, сойка звычайная, сарока). Аселымі або ажыццяўляючымі качаванні таксама з’яўляюцца ўсе віды дзятлаў (акрамя круцігалоўкі) і сініц, паўзункі, папаўзні. У месцах, дзе можна знайсці зярняты злакаў, насенне і плады дрэў і хмызнякоў або багацце насення пустазелля, застаюцца зімаваць вераб’і, зелянушкі, стрынаткі, шчыглы, чыжы, гілі. Не ляцяць на зіму большасць курыных, совападобных і некаторыя дзённыя драпежныя птушкі. Акрамя таго, зімой з’яўляюцца госці з больш паўночных рэгіёнаў, таму іх можна ўбачыць толькі ў марозны перыяд (амялушкі, чачоткі, сняжуркі, рагатыя жаўрукі). У апошнія гады на фоне агульнага пацяплення клімату і антрапагеннай змены тэмпературнага рэжыму вадаёмаў усё больш масава застаюцца зімаваць на тэрыторыі Беларусі раней строга пералётныя водныя птушкі — качкі, лебедзі і нават чайкі.
У 2‑й палове XX ст. на тэрыторыі Беларусі з’явіліся 25 новых відаў гнездавых птушак, якія не рэгістраваліся раней. З канца XX ст. значна пашырылі вобласць распаўсюджвання 33 віды птушак, да таго ж больш за палову з іх прыкметна павялічылі колькасць. З сярэдзіны XX ст. з дадзенай групы відаў 69,2 % рассяляліся ў паўночным кірунку і толькі 30,8 % — у паўднёвым, што сведчыць пра зменлівасць і пастаянную дынаміку складу арнітафаўны як найбольш пластычнага элемента фаўны пазваночных жывёл у цэлым.
Каля ⅔ паўднёвых відаў, якія прасоўваюцца на поўнач, прадстаўлена тыповымі насельнікамі лесастэпавай і стэпавай зон. Да таго ж большасць відаў, што рассяляюцца, звязана з вадаёмамі і забалочанымі тэрыторыямі. У пэўнай ступені іх з’яўленне выклікана тым, што пацяпленне клімату ўзмацняе арыдызацыю паўднёвых участкаў іх арэалаў і вымушае некаторых птушак перамяшчацца ў больш увільготненыя і халаднаватыя шыроты. Аднак у той жа перыяд некаторыя паўночныя віды птушак пашырылі свой арэал на поўдзень (вялікі баклан, лебедзь-клікун, клуша). Таму кліматычныя змены не могуць лічыцца адзінай і прамой прычынай пашырэння арэалаў распаўсюджвання птушак.
Тэндэнцыя паступовага росту колькасці відаў, якія гняздзяцца, захоўваецца і ў наш час. З пачатку XXI ст. па 2018 г. у спіс арнітафаўны ўключаны 23 новыя віды, сярод якіх рэдка хто залятае на тэрыторыю краіны. За апошнія 5 гадоў дзякуючы актывізацыі назіранняў за птушкамі ў прыродзе і мечанню птушак, у т. л. з дапамогай спадарожнікавых перадатчыкаў, спіс арнітафаўны Беларусі папоўнілі яшчэ 10 залётных відаў (стрынатка-рэмез, палярная чайка, бурая пячураўка, шэры жаўрук, егіпецкая гусь, арлан-даўгахвост, сіняхвостка, таўстадзюбая пячураўка, дэлавэрская чайка, арол-шуляк).
Паяўленне новых відаў на тэрыторыі Беларусі не з’яўляецца раўнамерным па інтэнсіўнасці. Колькасць новых відаў, якія рэгіструюцца, рэзка павялічылася з пачатку 1970‑х гг., заставалася высокай да 1980‑х гг., а затым пайшла на спад (да 2005). Сярод відаў, якія з’явіліся на гнездаванні, у 2‑й палове XX ст. каля трэці відаў (9 з 25) можна цяпер ужо аднесці да звычайных, што стабільна рэгулярна гняздзяцца ў межах ізноў знойдзенай часткі арэала. Еўрапейскі юрок, лебедзь-шыпун, шэрая гусь, сірыйскі дзяцел, чайка-клыгун і чайка-рагатуха, жоўтая пліска, вялікі баклан, вялікая белая чапля ўжо сталі характэрнымі элементамі фаўны Беларусі.
Больш за палову відаў-усяленцаў канца XX ст. адзначаюцца на гнездаванні лакальна, з колькасцю, якая адносна невысокая або значна вагаецца: кулік-селянец, кольчатая туркаўка, чапля-кваква, белашчокая рыбачка, вусатая сініца. Для некаторых са спарадычна распаўсюджаных відаў (кулік-марадунка, крывок, вялікі зуёк) у апошнія дзесяцігоддзі азначыліся неспрыяльныя тэндэнцыі. Аднак для шэрага лакальна сустракаемых відаў за некалькі апошніх гадоў зафіксаваны і станоўчыя тэндэнцыі: шчурка-пчалаедка, хадулачнік, чорнагаловая чайка. З відаў-усяленцаў перыяду апошніх двух дзесяцігоддзяў, якія гняздзяцца, устойлівую тэндэнцыю папуляцыйнага росту дэманструюць лебедзь-клікун і чорнагаловы ерчык.
Важным фактарам, які ўплывае на распаўсюджванне і пераразмеркаванне відаў, выступае трансфармацыя чалавекам прыродных месцаў знаходжання і стварэнне новых (напрыклад, сельгасугоддзі, урбанізаваныя тэрыторыі, лясныя культуры з перавагай хвойных парод дрэў і інш.). Скарачэнне долі натуральных ландшафтаў непазбежна прыводзіць да збяднення біялагічнай разнастайнасці аж да вымірання асобных відаў, у т. л. птушак. Прагрэсіруючаму распаўсюджванню некаторых відаў птушак спрыяе іх сінантрапізацыя — прыстасаванне да пасялення ў цесным суседстве з чалавекам з выкарыстаннем кармоў антрапагеннага паходжання. Схільнасць да сінантрапізацыі і ўзмацненне залежнасці ад чалавека дэманструюць прадстаўнікі самых розных атрадаў і груп птушак: гусепадобныя (лебедзь-шыпун, качка-крыжанка), буслападобныя (белы бусел, шэрая чапля), чайкавыя (чайка-рагатуха, чайка-клыгун, шызая чайка і чайка-рыбачка, рачная крычка), крумкачовыя (шэрая варона і сарока), шэраг дробных вераб’іных (чорны свіргуль, чорны дрозд, вялікі голуб, еўрапейскі юрок), нават совападобныя (вушатая сава, шэрая кугакаўка) і сокалападобныя (сокал-пустальга, шуляк-галубятнік і шуляк-карагольчык). На ўрбанізаваных тэрыторыях у новых для сябе ўмовах птушкі сталі дамінуючай групай пазваночных жывёл.
Прыкладзеныя намаганні па ахове відаў таксама аказалі ўплыў на паяўленне і павелічэнне колькасці ў Беларусі некаторых птушак, такіх, напрыклад, як лебедзь-шыпун, вялікі баклан, шэрая гусь.
Найбольш важнае значэнне для захавання відавога багацця птушак Беларусі ў цяперашні час набываюць нізінныя, верхавыя балоты і пойменныя лугі, дзе жыве значная частка сусветнай або еўрапейскай папуляцыі відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай глабальнага знікнення: вяртлявая чаротаўка (каля 40 % сусветнай папуляцыі), вялікі арлец (15), вялікі кулён (5), вялікі грыцук (5), дубальт (6 %). З-за скарачэння маштабаў традыцыйнага выкарыстання нізінных балот і пойменных лугоў для сенакосу і выпасу жывёлы, а таксама парушэння гідралагічнага рэжыму хуткімі тэмпамі ідзе зарастанне гэтых тэрыторый хмызнякамі і трыснягамі, што абумоўлівае памяншэнне колькасці рэдкіх відаў птушак, якія з’яўляюцца індыкатарамі стану месцаў знаходжання, што яны насяляюць. Так, у перыяд 1990–2014 гг. на 20 % скарацілася колькасць вялікага арляца, на 40 — вяртлявай чаротаўкі, на 20–50 — дубальта, на 30 — вялікага грыцука, больш чым на 80 % — сіняга сіваграка. Негатыўныя працэсы трансфармацыі прыродных экасістэм могуць прывесці да скарачэння колькасці раней звычайных і нават масавых відаў рачных (качка-крыжанка, качка-чырка) і нырковых (нырок-сівак) качак.
Сур’ёзнай праблемай для захавання біяразнастайнасці і падтрымання стабільнасці папуляцый многіх відаў вадаплаўных і водна-балотных птушак у Беларусі і Еўропе ў цэлым з’яўляецца няўзгодненасць падыходаў па вядзенні палявання, адсутнасць пагадненняў аб рэгуляванні тэрмінаў палявання і аб’ёмаў здабычы паміж краінамі, на тэрыторыі якіх размешчаны месцы гнездавання, міграцыі і зімоўкі.
Нягледзячы на прынятыя меры аховы, колькасць многіх відаў птушак, якія знаходзяцца пад пагрозай глабальнага знікнення, прадаўжае зніжацца. Для прадухілення далейшай дэградацыі экасістэм і знікнення ўнікальных відаў неабходна надаць першарадную ўвагу рэалізацыі практычных мерапрыемстваў планаў кіравання асабліва ахоўнымі прыроднымі тэрыторыямі (ААПТ) і планаў дзеянняў па захаванні гэтых відаў.