Фаўна і жывёльны свет

Земнаводныя

Дата стварэння: 26.09.2024 15:07:52

Дата змены: 05.12.2024 14:40:49


Пазваночныя — падтып хордавых жывёл; дамінуючая (разам з насякомымі) на Зямлі і ў паветраным асяроддзі група жывёл. Пазваночныя з’явіліся не пазней ардовіка (500–450 млн гадоў таму), а ў юры (каля 150 млн гадоў таму) існавалі ўжо прадстаўнікі ўсіх вядомых цяпер іх класаў. Агульны лік сучасных відаў каля 40 тысяч.

На гэты час фаўна пазваночных Беларусі ўключае 512 відаў: 3 віды міног, 65 — рыб, 13 — амфібій, 7 — рэптылій, 342 — птушак і 82 віды млекакормячых.




Земнаводныя, або амфібіі, — адна з найбольш старажытных і прымітыўных груп пазваночных жывёл, што пайшлі ад прэснаводных кісцяпёрых рыб, якія жылі каля 350 млн гадоў таму. Дзякуючы шматлікім набытым асаблівасцям (лёгачнае і развітае скурнае дыханне, трохкамернае сэрца, канечнасці рычажнага тыпу, стадыйнае развіццё-метамарфоза і інш.) гэтая група першай сярод пазваночных асвоіла наземнае асяроддзе.

У наш час на Зямлі сустракаецца каля 7,7 тыс. відаў земнаводных, якіх адносяць да трох атрадаў: Хвастатыя (Caudata, ці Urodela), Бясхвостыя (Anura) і Бязногія (Gymnophiona, ці Apoda). Распаўсюджаны ў розных геаграфічных зонах, за выключэннем толькі найбольш халодных і сухіх рэгіёнаў. Найбольшай разнастайнасцю адрозніваецца фаўна земнаводных (батрахафаўна) трапічных і субтрапічных раёнаў з цёплым вільготным кліматам.

Размнажаюцца ў самых разнастайных прэсных вадаёмах, як буйных (азёры, сажалкі, рэкі), так і зусім невялікіх (дажджавыя лужыны, пазухі лісця, якія запоўнены дажджавой вадой).

Развіццё земнаводных суправаджаецца глыбокім пераўтварэннем усяго арганізма і ахоплівае 4 паслядоўныя стадыі: яйка (ікрынка), лічынка, перыяд метамарфозы, дарослая асобіна.

Яйкі не абаронены шалупайкай або скурай, а толькі пакрыты тонкай абалонкай. З ікрынкі выходзіць лічынка, якая некаторы час (ад некалькіх тыдняў да 2–3 месяцаў) жыве ў вадзе, а пасля метамарфозы ператвараецца ў наземную форму і перасяляецца на сушу.

Самцы бясхвостых амфібій у сезон размнажэння выдаюць гучныя шлюбныя крыкі, якія прывабліваюць іншых асобін (як самак, так і самцоў) у нераставы вадаём. Для многіх відаў характэрны масавыя зборышчы дарослых асобін у нерасцілішча ў сезон размнажэння.

Большасць земнаводных адрозніваецца высокай пладавітасцю. Напрыклад, самкі бясхвостых амфібій, жаб і рапух за сезон размнажэння вымётваюць да 3–5 тыс. ікрынак. Колькасць лічынак, якія нядаўна выйшлі з ікры, у вадаёмах нярэдка складае сотні тысяч асобін.

У воднай фазе жыццёвага цыкла земнаводныя (лічынкі) кормяцца водарасцямі, бентасам і планктонам, у наземных біяцэнозах ядуць дробных беспазваночных (камароў, мух, жукоў, павукоў, малюскаў, чарвей і інш.). Тэмпература цела ў гэтых жывёл нясталая і залежыць ад тэмпературы навакольнага асяроддзя. Аддаюць перавагу зацененым вільготным участкам, актыўны пераважна ў начны халаднаваты час сутак.

У Беларусі распаўсюджаны 13 відаў земнаводных, якія адносяцца да двух атрадаў: Хвастатыя (звычайны і грабеньчаты трытоны) і Бясхвостыя (чырванабрухая жарлянка, шэрая, зялёная і чаротавая рапухі, звычайная квакша, травяная, вострамордая, азёрная, сажалкавая і ядомая жабы, звычайная часночніца).

Нягледзячы на невысокае відавое багацце, у фаўне краіны прадстаўлены вельмі разнастайныя па вонкавым абліччы і паводзінам амфібіі, якія асвоілі шырокі дыяпазон месцаў знаходжання (прыбярэжныя, лугавыя, балотныя і лясныя) і сустракаюцца ў гарадскіх парках, садах і на агародах. Дзякуючы высокай пладавітасці і непатрабавальнасці пры выбары месцаў пасялення земнаводныя з’яўляюцца адной з найбольш масавых і біяцэнатычна важных груп пазваночных жывёл, якія кормяцца шматлікімі беспазваночнымі і служаць кормам для многіх звяроў і птушак.

Часцей за іншых на тэрыторыі Беларусі сустракаюцца вострамордая, травяная, сажалкавая і ядомая жабы, а таксама шэрая рапуха і звычайная часночніца. З-за нізкай колькасці найбольш рэдкія земнаводныя — грабеньчаты трытон і чаротавая рапуха — уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Земнаводныя. Трытон грабеньчаты. Фота С. М. Драбянкова
Земнаводныя. Рапуха зялёная. Фота С. М. Драбянкова
Земнаводныя. Рапуха чаротавая. Фота С. М. Драбянкова
Земнаводныя. Квакша звычайная. Фота С. М. Драбянкова
Земнаводныя. Жарлянка чырванабрухая. Фота С. М. Драбянкова
Земнаводныя. Часночніца звычайная. Фота С. М. Драбянкова
Земнаводныя. Жаба сажалкавая. Фота С. М. Драбянкова
Земнаводныя. Рапуха шэрая. Фота С. М. Драбянкова
Земнаводныя. Жаба травяная. Фота С. М. Драбянкова

Земнаводныя — адна з найбольш уразлівых груп жывёл, якія пакутуюць ад хімічнага забруджвання вадаёмаў, аўтамабільнага руху на дарогах, асушэння балот, урбанізацыі і многіх іншых фактараў, звязаных з гаспадарчай дзейнасцю чалавека.

Практычную каштоўнасць уяўляюць зялёныя жабы (сажалкавая, ядомая і азёрная). Іх мяса (заднія лапкі) гатуецца па спецыяльных рэцэптах у некаторых краінах Азіі, Еўропы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі і лічыцца далікатэсам. Таксіны (атрутныя вылучэнні скурных залоз) некаторых відаў, напрыклад рапух, уваходзяць у склад лекавых сродкаў (кардыятонікі і інш.). Земнаводныя — традыцыйны аб’ект лабараторных даследаванняў.