Фаўна і жывёльны свет

Асноўныя пагрозы і ахова біялагічнай разнастайнасці

Дата стварэння: 26.09.2024 15:24:11

Дата змены: 05.12.2024 15:46:00


Змена клімату і звязаная з гэтым тэндэнцыя да зніжэння вільготнасці асяроддзя пражывання, якая пагаршаецца асушваннем пераважнай часткі балотных і забалочаных зямель, вядзе да дэградацыі папуляцый больш вільгацелюбівых, затым і мезафітных відаў раслін, а ў канчатковым выніку — да ксерафітызацыі расліннага покрыва, наданню яму і спадарожнаму насельніцтву жывёл больш «паўднёвага» экалагічнага аблічча (астэпаванню). Варта чакаць, што сучаснае пацяпленне клімату прывядзе да змен структуры фаўністычных комплексаў у бок павышэння ўдзелу ў іх складзе элементаў паўднёвага паходжання, а павелічэнне колькасці экстрэмальных кліматычных анамалій, якія прагназуюцца, у сваю чаргу ўскладніць адаптацыю да іх раслін і жывёл.

Пад уплывам глабальных змен клімату ў Беларусі, як і ў іншых краінах Еўропы, адзначаецца скарачэнне арэалаў барэальных відаў раслін і жывёл, паяўленне шэрага новых відаў, тыповых для стэпавай і лесастэпавай зоны.

З прычыны таго, што значная частка рэдкіх відаў раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, знаходзіцца на тэрыторыі краіны ў краявых частках арэала ці ізалявана ў адрыве ад асноўнага арэала, мае месца скарачэнне колькасці іх папуляцый. Асабліва гэта датычыцца відаў пойменных, прыбярэжных і водна-балотных месцаў знаходжання (пухірнік ягадны, касач сібірскі, каменяломнік балотны і зярністы, пустапялёснік зялёны, фіялка багнавая, шпажнік чарапіцавы і інш.).

Абвастрэнне канкурэнцыі паміж абарыгеннымі і чужароднымі відамі з’яўляецца вельмі істотнай пагрозай біяразнастайнасці. Умешванне чалавека і паяўленне інвазіўных або інтрадуцыраваных відаў парушае падзел экалагічных ніш абарыгенных відаў, якія склаліся эвалюцыйна, а таксама механізмы папуляцыйнага рэгулявання, што можа прывесці да зніжэння колькасці і нават да поўнага знікнення некаторых відаў. Прыкладамі такіх узаемавыключальных адносін сярод відаў фаўны Беларускага Палесся з’яўляюцца: канкурэнтнае выцясненне еўрапейскай норкі (від, верагодна, знікне ў бліжэйшыя некалькі гадоў), чорнага тхара і гарнастая амерыканскай норкай; канкурэнтны ціск інтрадуцыраванага янотападобнага сабакі на папуляцыі абарыгенных куньіх (чорны тхор, лясная куніца, барсук); прамое ўздзеянне названых відаў на кармавую базу некаторых відаў драпежных птушак. Усяленне (інвазія) у вадаёмы новых відаў рыб (напрыклад, понта-каспійскага комплексу), якія распаўсюджваюцца ў басейне Дняпра, можа прывесці да значнага пагаршэння стану папуляцый абарыгенных відаў. Сярод раслін найбольш агрэсіўныя чужародныя віды з высокай канкурэнтнай здольнасцю (баршчэўнік Сасноўскага; сумнік канадскі; дурнічнік эльбскі; дуб чырвоны; клён ясенелісты, або амерыканскі; рабінія псеўдаакацыя, або белая акацыя і інш.) прыводзяць да прыгнечання ці выцяснення абарыгенных відаў.

У цэлым чужародныя (інвазіўныя) віды ўяўляюць сур’ёзную пагрозу перш за ўсё для абарыгеннай флоры лясоў і адкрытых месцаў знаходжання, фаўністычных комплексаў водных і прыбярэжных экасістэм і прыводзяць да абвастрэння міжвідавых канкурэнтных адносін.

Забруджванне прыродных месцаў знаходжання, якое выклікана прамысловасцю, сельскай і камунальнай гаспадаркай, прыводзіць да іх трансфармацыі, парушэння ўмоў існавання, часта робяць іх непрыдатнымі для жыццезабеспячэння папуляцый. Забруджванні, якія прадуцыруюцца гарадамі і прамысловымі цэнтрамі, асабліва моцна выяўляюцца ў адносінах да рачных экасістэм у сувязі са скідам у іх сцёкавых вод, якія нават пасля біялагічнай ачысткі выклікаюць узмоцненае эўтрафаванне водных экасістэм з наступнай трансфармацыяй відавой разнастайнасці флоры і фаўны.

Радыяцыйнае забруджванне тэрыторый у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС не аказвае прамога негатыўнага ўздзеяння на склад і багацце расліннага і жывёльнага свету, аднак яго апасродкаваны ўплыў вялікі. Як правіла, на забруджаных тэрыторыях рэзка змяншаецца ўздзеянне розных антрапагенных фактараў (асабліва фактару трывогі), што прыводзіць да росту колькасці папуляцый шэрага рэдкіх і гаспадарча значных відаў жывёл. Прыкметныя змены біялагічнай разнастайнасці на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях звязаны таксама з дынамікай месцаў знаходжання, якая абумоўлена расліннымі сукцэсіямі (працэс самаразвіцця), што адбываюцца ў выніку спынення гаспадарчай дзейнасці.

Урбанізацыя і інтэнсіўнае развіццё сістэмы транспартных камунікацый выклікаюць пагрозу для каштоўных прыродных комплексаў, найбольш відавочна праяўляюцца ў тэрытарыяльнай экспансіі гарадскіх паселішч. З пачатку 1990‑х гг. адзначаецца актывізацыя індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва ў прыгарадах Мінска, абласных цэнтраў і буйных гарадоў, якая ажыццяўляецца з адабраннем прыродных і паўпрыродных тэрыторый, а таксама сельскагаспадарчых ўгоддзяў, што слаба выкарыстоўваюцца. Часта назіраецца прамое знішчэнне прыродных экасістэм, дэградацыя месцаў пасялення раслін і жывёл.

Пагроза разнастайнасці жывёл і іх папуляцыям ад транспарту і дарожна-транспартнага будаўніцтва праяўляецца пераважна ў форме парушэння шляхоў міграцыі жывёл, якія стварыліся гістарычна. Гэта прыводзіць да гібелі жывёл у працэсе сутачных і сезонных перамяшчэнняў.

Значныя змены натуральнага гідралагічнага рэжыму назіраюцца як у выніку прыродных фактараў, так і антрапагенных — інтэнсіўнага выкарыстання водных рэсурсаў для гаспадарчых патрэб, правядзення гідрамеліярацыйных і супрацьпаводкавых мерапрыемстваў, збудавання польдэрных сістэм, будаўніцтва дамб, дарог і іншых гідратэхнічных збудаванняў і транспартных камунікацый.

Найбольш значныя змены навакольнага асяроддзя, якія вызначаюць сучасны стан біялагічнай разнастайнасці, адбыліся ў 1960–70‑х гг. у выніку шырокамаштабнай асушальнай меліярацыі забалочаных тэрыторый і будаўніцтва гідратэхнічных збудаванняў. Асушальная меліярацыя і абвалаванне пойм істотна ўплываюць на ландшафтна-геахімічную абстаноўку, прыводзяць да значнага пераразмеркавання рачнога сцёку, змены хуткасці цячэння і гідраграфічнай сеткі. Негатыўнае ўздзеянне асушальнай меліярацыі выяўляецца ў скарачэнні плошчы натуральных біяцэнозаў рачных далін — пойменных лугоў і балот, старычных азёр, вільготных дубовых і чорнаальховых лясоў, якія з’яўляюцца месцам пасялення вялікай групы рэдкіх і пагражальных відаў жывёл і раслін. Змена ўзроўняў (павелічэнне вышыні) і працягласці вясновых паводак у міждамбавай прасторы неспрыяльна адбіваецца на разнастайнасці і багацці водна-балотных і лугавых птушак: прыводзіць да недахопу месцаў для гнездавання, да падтаплення гнёздаў, згубы кладак і птушанят. У сувязі з асушваннем і трансфармацыяй нізінных балот у сельскагаспадарчыя ўгоддзі захоўваецца тэндэнцыя скарачэння месцаў росту такіх рэдкіх відаў раслін, як ліпарыс Лёзеля (ласняк), меч-трава звычайная, тлушчанка звычайная і інш. На верхавых і пераходных балотах назіраецца тэндэнцыя скарачэння распаўсюджвання шэрага прымеркаваных да іх таксама і ахоўных відаў раслін (бяроза карлікавая, вярба чарнічная, пуханос альпійскі і інш.).

Пагроза інтэнсіфікацыі водаспажывання найбольш актуальная для ракі Прыпяць. Дапушчальны памер выкарыстання водных рэсурсаў для патрэб гаспадаркі не павінен перавышаць 10–25 % усіх водных рэсурсаў ракі, для Прыпяці гэты паказчык складае каля 12 % сярэдняга шматгадовага сцёку. Большая частка вады выкарыстоўваецца для патрэб рыбнай гаспадаркі (40 %) і прамысловасці. Павышэнне водаспажывання ў басейне Прыпяці можа аказаць негатыўныя экалагічныя вынікі для рачной сістэмы. Незваротнае водаспажыванне ў басейне ракі Прыпяць складае каля 5 % сярэднегадавога сцёку.

Суднаходства і звязаныя з ім работы па выраўноўванні і паглыбленні рэчышч рэк прыводзяць да змены гідраграфічнай сеткі, пераважаючых глыбінь, ізаляцыі пойменных вадаёмаў ад рэчышч у выніку намыва грунту, уплываюць на характар донных грунтоў. Гэта вядзе да скарачэння месцаў нерасту і нагулу каштоўных гаспадарчых і ахоўных відаў рыб, пашкоджання і знішчэння рэдкіх відаў водных раслін у выніку выкарыстання маторнага транспарту.

Пірагеннае ўздзеянне. Выпальванне сухой расліннасці прыводзіць як да станоўчых, так і да адмоўных наступстваў для стану біяразнастайнасці тэрыторый. З аднаго боку, зімовыя і раннія вясновыя выпальванні ва ўмовах залішняга ўвільгатнення на балотах і поймавых лугах перашкаджаюць іх зарастанню хмызнякамі і трыснягом і спрыяюць павелічэнню долі асаковых асацыяцый, што паляпшае ўмовы пасялення для шэрага рэдкіх і ўразлівых відаў жывёл. У той жа час, выгаранне верхніх глебавых пластоў ва ўмовах паніжэння ўзроўню грунтавых вод прыводзіць да негатыўных змен расліннасці, рэзкага пагаршэння ўмоў пасялення для многіх відаў жывёл. Выпальванне ў цэлым прыгнятальна дзейнічае на рост травастою: познія вясновыя выпальванні карэнным чынам (на 50–70 %) змяняюць відавы склад травяных фітацэнозаў, прыводзяць да карэннай перабудовы яго структуры, замене іншым, пірагенным згуртаваннем, фларыстычна значна збедненым, нізка прадуктыўным і няўстойлівым, спрыяюць развіццю пустазелля; парушаецца структура згуртаванняў глебавых беспазваночных, у 1,5–3 разы зніжаецца багацце біяцэнатычна значных груп. Пажары згубныя для норных млекакормячых (мышападобных грызуноў, насякомаедных) і наземных жывёл (амфібій, рэптылій), якія павольна перасоўваюцца, таксама знішчаюць гнёзды птушак, што гняздзяцца на зямлі (пастушкоў, бажанавых, качак, луней, кулікоў, вераб’іных — усяго больш за 40 відаў).

Лясныя пажары прыводзяць да карэнных змен месцаў знаходжання і да страты шматлікіх элементаў біяразнастайнасці ў выніку прамога знішчэння раслін і жывёл. Пажары, асабліва верхавыя і ўстойлівыя нізавыя, наносяць значную шкоду рэсурсам ягад і грыбоў. Выгаранне верхніх пластоў торфу на балотах прыводзіць да значных выкідаў у атмасферу парніковых газаў. Большасць буйных пажараў адбываецца на тарфяных балотах з парушаным гідралагічным рэжымам.

Негатыўнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе турысцка-рэкрэацыйнай дзейнасці. Праяўляецца ў форме дэградацыі натуральнай расліннасці і глебавага покрыва, забруджвання прылеглых тэрыторый адходамі, шумавога забруджвання, павелічэння фактару турботы. Выкарыстанне ААПТ у турыстычных і рэкрэацыйных мэтах, якое ўзрасло апошнім часам, патрабуе вырашэння як мінімум дзвюх праблем: прадухілення гаспадарчага націску і захавання гэтых тэрыторый, у т. л. для мэт турызму; іх ахова ад саміх турыстаў і адпачываючых. Недастатковая дзейснасць у рэгуляванні рэкрэацыйнай нагрузкі негатыўна адбіваецца на стане цэлага шэрага папуляцый раслін і жывёл, а дрэнна арганізаваныя патокі людзей могуць стаць фактарам разбурэння прыродных месцаў знаходжання.

У апошнія дзесяцігоддзі ў выніку змены характару сельскагаспадарчай дзейнасці значна скарацілася плошча пойменных лугоў і балот, якія выкошваюцца. На нізінных балотах і на многіх пойменных лугах назіраецца зарастанне адкрытых участкаў хмызнякамі. Частка сенажацей, якія раней існавалі, зарасла драбналессем і ўжо перададзена ў распараджэнне лясгасаў. Зарастанне хмызнякамі адкрытых балотных, пойменных і лугавых тэрыторый прыводзіць да знікнення шэрага рэдкіх відаў флоры і фаўны, якія насяляюць толькі адкрытыя ўчасткі (вяртлявая чаротаўка, драч, балотная сава і інш.). У выніку перавыпасу жывёлы часта назіраецца пашавая дыгрэсія натуральных раслінных згуртаванняў, якая выяўляецца ў змене складу расліннасці лугоў.

Лясная расліннасць, флора і фаўна перажываюць значныя змены ў сувязі з інтэнсіфікацыяй лясной гаспадаркі. У выніку павелічэння плошчы штучных лесапасадак збядняецца генафонд лесаўтваральных парод, спрашчаецца відавы склад раслін і жывёл, паніжаецца ўстойлівасць лясоў да хвароб і шкоднікаў. Істотнымі фактарамі негатыўнага ўздзеяння лесакарыстання на жывёльны і раслінны свет з’яўляюцца суцэльналесасечныя высечкі, якія пераважаюць падчас галоўнага карыстання лесам, высечка старых дуплістых дрэў падчас высечак догляду і санітарных. Ад высечак пакутуюць перш за ўсё векавыя дубровы, хвойнікі і пойменныя алешнікі, якія вельмі важныя для падтрымання відаў, што знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення (напрыклад, вялікага арляцу, арлана-белахвоста). У той жа час у лесаўпарадкавальнае праектаванне, асабліва для ААПТ, усё шырэй укараняюцца метады эколага-арыентаванага лесаўпарадкавання, што дае магчымасць знізіць негатыўны ўплыў лесакарыстання на жывёльны і раслінны свет.

Прамысловая і аматарская нарыхтоўка дзікарослых ягад, асабліва журавін, і іншай сыравіны, калі яна вядзецца без дастатковага планавання і кантролю, у некаторых выпадках прыводзіць да перапромыслу рэсурсаў, адбываецца скарачэнне кармавой базы для розных відаў дзікіх жывёл. У парушэнне дзеючага заканадаўства, некаторыя рэдкія расліны нарыхтоўваюцца насельніцтвам у лекавых, дэкаратыўных і харчовых мэтах (кадзіла сармацкае, цыбуля мядзвежая, венерын чаравік сапраўдны і інш.).

Нерацыянальнае вядзенне паляўнічай гаспадаркі прыводзіць да празмернага зніжэння шчыльнасці, у асобных выпадках нават да знікнення лакальных папуляцый каштоўных паляўнічых відаў жывёл. Асобую асцярогу выклікае стан абарыгенных папуляцый лася, казулі і глушца. Акрамя таго, шэраг відаў (янотападобны сабака, амерыканская норка), экалагічна неабгрунтавана інтрадуцыраваных у Беларусь для ўзбагачэння паляўнічай фаўны, стаў адной з прычын зніжэння колькасці некаторых рэсурсных відаў (качкі-крыжанкі і інш.). Да зніжэння колькасці каштоўных паляўнічых птушак прыводзіць вясновае паляванне на іх.

Нерацыянальнае вядзенне рыбалоўства (празмерны вылаў рыбы рыбаловамі-аматарамі, невыкананне навукова абгрунтаваных норм вылаву рыбы) месцамі прыводзіць да скарачэння рыбных рэсурсаў, змены відавога складу і структуры (узроставай, размерна-вагавай) іхтыякомплексу. Сур’ёзную шкоду наносіць незаконная лоўля рыбы ў перыяд нерасту. Зарыбленне натуральных вадаёмаў неўласцівымі відамі можа прывесці да знікнення характэрнай флоры і фаўны. У выніку гідрамеліярацыйнай дзейнасці, асабліва супрацьпаводкавых мерапрыемстваў, страчаны многія нерасцілішчы каштоўных відаў рыб.

Сельскагаспадарчае прыродакарыстанне з’яўляецца самым старажытным інтэнсіўным відам гаспадарчай дзейнасці, які істотна змяніў прасторавую структуру, будову і функцыянальныя асаблівасці прыроднага расліннага покрыва Беларусі. Узворванне зямель памяншае колькасць прыродных месцаў знаходжання шматлікіх відаў раслін і жывёл — насельнікаў прыродных адкрытых прастораў, што ў выніку прыводзіць да паніжэння іх колькасці, скарачэння зон распаўсюджвання, фрагментацыі арэалаў. У прыватнасці, у выніку сельскагаспадарчага асваення на мяжы знікнення ў Беларусі аказаліся рэліктавыя папуляцыі звычайнага хамяка, рабога сусліка, пацярпелі папуляцыі шэрага відаў птушак (шэрая курапатка, драч, вялікі кулён, вялікі грыцук і інш.). Механізаваны сенакос без выканання правіл захавання жывёл (без прымянення спецыяльных прылад, што адпужваюць, і без захавання правіл правядзення сенакосу ад цэнтра да перыферыі) прыводзіць да гібелі і зніжэння колькасці лугавых відаў жывёл. Часта нерацыянальнае сельскагаспадарчае выкарыстанне зямель вядзе да развіцця эразійных працэсаў, што асабліва характэрна для тарфяных глеб, дзе назіраецца памяншэнне таўшчыні пласта торфу ад 0,5 да 1,2 см у год.

Рост фактару турботы, які выкліканы павелічэннем шчыльнасці насельніцтва, рэкрэацыйнай нагрузкай, развіццём транспарту і пашырэннем дарожнай сеткі, зборам ягад і грыбоў, вясновым паляваннем і паляваннем з ганчакамі, вядзе да зніжэння колькасці відаў жывёл, чуллівых да прысутнасці чалавека. Частае наведванне насельніцтвам, асабліва ў суправаджэнні сабак, асобных значных для жыццезабеспячэння жывёл участкаў, перашкаджае размнажэнню жывёл, прыводзіць да гібелі маладняку і пакідання гэтых месцаў дарослымі жывёламі. Сур’ёзны ўклад у стварэнне неспрыяльнай шумавой абстаноўкі ў перыяд размнажэння (наседжвання кладак) відаў птушак, якія рана гняздзяцца, уносіць вясновае паляванне на вадаплаўных (гусей, качак).