Фаўна і жывёльны свет

Іхтыяфаўна

Дата стварэння: 26.09.2024 15:05:46

Дата змены: 05.12.2024 11:55:21


Пазваночныя — падтып хордавых жывёл; дамінуючая (разам з насякомымі) на Зямлі і ў паветраным асяроддзі група жывёл. Пазваночныя з’явіліся не пазней ардовіка (500–450 млн гадоў таму), а ў юры (каля 150 млн гадоў таму) існавалі ўжо прадстаўнікі ўсіх вядомых цяпер іх класаў. Агульны лік сучасных відаў каля 40 тысяч.

На гэты час фаўна пазваночных Беларусі ўключае 512 відаў: 3 віды міног, 65 — рыб, 13 — амфібій, 7 — рэптылій, 342 — птушак і 82 віды млекакормячых.




Рыбы з’яўляюцца найбольш старажытнай і найбольш шматлікай групай пазваночных жывёл, якая ўключае каля 35 тыс. відаў. Яны з’яўляюцца жыхарамі воднага асяроддзя, для якіх характэрна жабернае дыханне, рух з дапамогай плаўнікоў. Рыбы насяляюць салёныя воды мораў і акіянаў, а таксама прэсныя вадаёмы і вадацёкі.

Сучасны склад фаўны рыб Беларусі налічвае 65 відаў, якія адносяцца да 54 родаў, 20 сямействаў і 12 атрадаў класа Лучапёрыя (Actinopterygii).

Найбольш прадстаўнічым з’яўляецца атрад Карпападобныя, які налічвае 34 віды. Даволі вялікае прадстаўніцтва маюць атрады Акунепадобныя і Ласосепадобныя — адпаведна 11 і 6 відаў рыб.

Асаблівае становішча сярод рыб займаюць так званыя далёкаўсходнія расліннаедныя віды — стракаты і белы (звычайны) таўсталобікі і белы амур. У натуральных вадаёмах Беларусі ў сілу сваіх біялагічных асаблівасцей гэтыя віды рыб не размнажаюцца, і іх колькасць у вадаёмах падтрымліваецца шляхам штучнага ўзнаўлення і рэгулярнага зарыблення. Да гэтай жа групы адносяць канальнага соміка, адзіная папуляцыя якога існуе ў вадаёме-ахаладжальніку Бярозаўскай ДРЭС (г. Белаазёрск, Бярозаўскі раён Брэсцкай вобласці) ва ўмовах павышанай тэмпературы вады, якая антрапагенна падтрымліваецца, а таксама вясёлкавую стронгу, якая штучна разводзіцца і трапляе ў натуральныя вадацёкі з рыбаводных гаспадарак.

Новыя неабарыгенныя віды рыб. Бычок заходні тупаносы. Фота М. В. Плюты

Новыя неабарыгенныя віды рыб. Бычок заходні тупаносы. Фота М. В. Плюты

Даследаванні, праведзеныя беларускімі іхтыёлагамі за апошнія 25 гадоў, дазволілі папоўніць склад абарыгеннай фаўны рыб краіны двумя відамі, якія раней не былі выяўлены (джгір Балона, балтыйская шчыпоўка), і відам, пражыванне якога знаходзілася пад сумненнем (белаперы пячкур). У р. Вілія пацверджана пражыванне атлантычнага ласося і кумжы, якія лічыліся зніклымі са складу фаўны Беларусі. Таксама выяўлены 9 новых (неабарыгенных) відаў рыб: голая пугалоўка, ігла чарнаморская, малая паўднёвая колюшка, заходні тупаносы бычок, бычок-ганец, бычок-кругляк, чарнаморска-азоўская цюлька, амурскі чабачок і ратан-галавешка.

Новыя неабарыгенныя віды рыб. Пугалоўка голая. Фота В. В. Лукіна
Новыя неабарыгенныя віды рыб. Пухлашчокая іголка-рыба. Фота В. В. Лукіна

У водных аб’ектах Беларусі 8 з 18 чужародных відаў рыб, якія адзначаюцца цяпер, валодаюць высокай ступенню негатыўнага ўздзеяння на водныя экасістэмы краіны: белы амур, белы і стракаты таўсталобікі, амерыканскі сомік, сярэбраны карась, сазан (карп), ратан-галавешка і бычок-пясочнік. У асноўным гэта чужародныя віды рыб, уселеныя ў водныя аб’екты Беларусі непасрэдна чалавекам, патэнцыял уздзеяння на навакольнае асяроддзе ў якіх вышэйшы, чым у відаў, якія праніклі ў вадацёкі краіны самастойна па гідраграфічнай сетцы з тэрыторыі Украіны па Дняпры.

У апошні час назіраецца змена дамінантных аб’ектаў промыслу, якая выяўляецца ў паніжэнні ў прамысловых уловах долі так званых малакаштоўных відаў рыб (плоткі, гусцяры, чырванапёркі і інш.) і павелічэнні долі каштоўных відаў (ляшча, сазана, сярэбранага карася і інш.). Гэта абумоўлена павелічэннем аб’ёмаў зарыблення каштоўнымі ў прамысловых адносінах усяленцамі, ужываннем селектыўных прылад лоўлі (скарачэнне неваднай лоўлі і павелічэнне сеткавай), а таксама арыентацыяй на вылаў буйной рыбы.

Каштоўныя віды рыб. Стронга вясёлкавая. Фота В. К. Рызеўскага
Каштоўныя віды рыб. Лешч
Каштоўныя віды рыб. Судак

У бліжэйшай будучыні прагназуецца далейшае павелічэнне колькасці чужародных відаў рыб у складзе фаўны Беларусі за кошт укаранення ў абарыгенныя экасістэмы понта-каспійскіх відаў рыб, якія падымаюцца з Чорнага мора па Дняпры, і асобных завезеных чалавекам відаў-інтрадуцэнтаў. На гэтым фоне, у сувязі з пацяпленнем клімату і антрапагенным ператварэннем рэк у ланцуг вадасховішч, вобласць распаўсюджвання і колькасць холадалюбівых рачных відаў рыб будзе паступова скарачацца.

Перакрыццё вадацёку несанкцыянаванай плацінай. Фота В. К. Рызеўскага

Перакрыццё вадацёку несанкцыянаванай плацінай. Фота В. К. Рызеўскага

Даследаванні стану папуляцый. Ужыванне электралоўлі пры адлове прахадных ласосяў. Фота В. К. Рызеўскага

Даследаванні стану папуляцый. Ужыванне электралоўлі пры адлове прахадных ласосяў. Фота В. К. Рызеўскага

Павелічэнне антрапагеннай нагрузкі на водныя экасістэмы, перакрыццё вадацёкаў рознага роду плацінамі прыводзіць да змен у структуры іхтыяцэнозаў і папуляцый, а таксама колькасці асобных відаў.

У сувязі з гэтым апошнім часам вялікая ўвага надаецца вывучэнню структуры і дынамікі іхтыяфаўны ў вадаёмах Беларусі. Гэта неабходна для вырашэння адной з найважнейшых праблем сучаснай іхтыялогіі — распрацоўкі навуковых асноў павышэння прадуктыўнасці водных экасістэм з захаваннем іх экалагічнай устойлівасці ва ўмовах нарастаючага антрапагеннага ўздзеяння.

Створана сетка іхтыялагічнага маніторынгу па наступных напрамках: маніторынг за станам і выкарыстаннем прамысловых відаў рыб і маніторынг за станам рэдкіх і знікаючых відаў рыб, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Рэгулярна праводзяцца даследаванні стану папуляцый прахадных ласасёвых відаў рыб (кумжы і атлантычнага ласося) з ужываннем сучасных метадаў адлову і мечання.

Устаноўлены прычыны дэградацыі пойменных нерасцілішч рыб у басейнах буйных рэк Беларусі. У мэтах павышэння эфектыўнасці натуральнага ўзнаўлення рыб распрацаваны рэкамендацыі па рэабілітацыі праблемных нерасцілішч прамысловых відаў.

Даследаванні стану папуляцый. Правядзенне абловаў пры вывучэнні іхтыяфаўны прыбярэжных згуртаванняў. Фота І. А. Ермалаевай
Даследаванні стану папуляцый. Мечанне прахадных ласосяў. Фота В. К. Рызеўскага