ПАВОДКА, гідралагічная фаза рачнога сцёку, якая характарызуецца павелічэннем расходаў і ўзроўняў вады
pdf

ПАВОДКА

Дата стварэння: 21.05.2025 15:31:57

Дата змены: 12.02.2026 14:30:47


Паво́дка

Параўнальна кароткачасовае і неперыядычнае рэзкае падняцце ўзроўняў і сцёку ракі ад вялікіх дажджоў, пры працяглых адлігах і інш. У адрозненне ад разводдзя паводка не звязана з сезонам, можа быць у кожную пару года.

Найбольшыя па вышыні і працягласці на Беларусі — паводкі ў канцы лета і восенню, калі ідуць зацяжныя дажджы. На паўночным усходзе, дзе даліны рэк глыбокія і вузкія, вышыня падняцця вады пры гэтым на сярэдніх рэках складае 5–6 м, на малых — 3–3,5 м над самым нізкім летнім узроўнем. У асобныя гады на некаторых рэках Беларусі ўзроўні паводкі часам перавышаюць веснавое разводдзе на 1–1,5 м. Працягласць летне-асенніх паводак звычайна 20–30 сутак. Яны здараюцца 1–2 разы за лета і восень, у басейне ракі Заходні Буг, на верхніх прытоках рэк Бярэзіна і Сож бываюць часцей, у басейне ракі Нёман да 5–6 разоў за лета і восень, узроўні вады перавышаюць найбольш нізкі летні ўзровень на 1,5–2,5 м. На поўдні рэспублікі, дзе поймы рэк вельмі шырокія, у час паводкі звычайна падняцце ўзроўняў невялікае (да 1 м), часта адбываецца яшчэ да заканчэння веснавога разводдзя.

Найбольшыя дажджавыя паводкі на рэках Беларусі былі ў 1962 г., самыя катастрафічныя, якія здараюцца прыблізна раз у 100 гадоў, — увосень 1974 г. у басейнах рэк Заходні Буг і Прыпяць.

Зімовыя паводкі часцей бываюць на захадзе, на паўднёвым захадзе (басейн Заходняга Буга) у асобныя зімы нават перавышаюць веснавыя ўзроўні вады. За зімовы перыяд адбываецца 1–2 падняцці ўзроўняў, у асобныя гады — тры. На паўночным усходзе бывае часцей за ўсё адна зімовая паводка за год.

Вялікія паводкі выклікаюць навадненні, менш значныя таксама могуць прычыняць шкоду сельскай гаспадарцы (зносіць сена з лугоў, псаваць пасевы на пойме і інш.). Улік гідралагічных прагнозаў у большасці выпадкаў дазваляе зменшыць шкоду паводкі. Рэжым паводкі на вялікіх рэках мае свае асаблівасці.